Этналінгвістычны змест моўнай
адзінкі сарока
У сучаснай лінгвістыцы асноўнай становіцца ідэя антрапацэнтрычнасці мовы. Лінгвістыка не можа абмяжоўвацца выяўленнем разнастайных характарыстык моўнай сістэмы і аналізуе мову ў чалавеку і чалавека ў мове. Антрапацэнтрычны погляд на мову прыводзіць да ўзнікнення многіх новых накірункаў у лінгвістыцы, сярод якіх знаходзіцца і этналінгвістыка.
 Сарока. Фота А. Дуброўскага. |
У апошнія дзесяцігоддзі да ліку найбольш актуальных праблем трэба аднесці ўзаемасувязь мовы і нацыянальнай культуры. З'яўляецца вялікая колькасць даследаванняў, прысвечаных этнічным характарыстыкам маўлення, этнічнай семантыцы, семіятычнаму характару мовы і культуры, асаблівасцям нацыянальнай маўленчай карціны свету. Усе гэтыя даследаванні можна аб'яднаць тэрмінам этналінгвістыка – параўнальна маладая дысцыпліна, якая сфарміравалася на памежжы лінгвістыкі, фалькларыстыкі, міфалогіі, этнаграфіі.
Гаворачы пра аб'ект этналінгвістычных даследаванняў, трэба адзначыць, што асаблівая ўвага надаецца моўным фактам культуры – абрадавай тэрміналогіі, лексіцы і фразеалогіі вераванняў, забарон, магічных дзеянняў, устойлівым слоўным формулам у іх адносінах да невербальных катэгорый культуры. Цікавасць для этналінгвістыкі выклікае і паўсядзённая лексіка, якая пры функцыянаванні ў мове культуры атрымлівае "культурную семантыку", "культурную канатацыю". Напрыклад, лексічная адзінка "сарока", акрамя непасрэднага тлумачэння семантыкі на прадметна-паняційным узроўні (1. "Птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем". 2. "перан. Пра балбатлівага, шумнага чалавека". [20]) павінна "загаварыць" і ў кантэксце больш шырокім і тым самым праявіць нацыянальна-культурную семантыку. А гэта – народныя прыкметы, павер'і, прыказкі, прымаўкі, параўнанні, фразеалагізмы, загадкі, прыгаворкі, гульні, танцы, забаўлянкі, варажба, гаданне, замаўлянне, парады. Названыя тэксты малога жанру былі ў розныя часы занатаваны на тэрыторыі Бярозаўшчыны і памежнай тэрыторыі. На аснове сабранага матэрыялу і паспрабуем выявіць этналінгвістычны змест лексічнай адзінкі "сарока".
Беларусам вядомыя і іншыя назвы гэтай птушкі: на Століншчыне яе называюць скірга, на Гомельшчыне – даўгахвостка, чэкаўка. [7, с. 58] У розных рэгіёнах Беларусі слова "сарока" мае зусім іншыя паняцці: сарока "стужка (у 2-ім знач.)" [19, с. 369], "аладка" [6: 200], "шампіньён" [17, с. 30]; сарокі "летнія чырвонабокія яблыкі" [17, с. 297]; сарока "жаночы галаўны ўбор"; [21, с. 723] сарока "выпечка з цеста ў форме птушкі, якая пячэцца да вяселля".
Ад аналізуемай лексемы бярозаўцы ўтвараюць адзінкавыя словы: сорочын (сорокін) "належыць сароцы"; сорочы "1. Які мае адносіны да сарокі. 2. Падобны, або такі, як у сарокі". Небагата слоў і ў іншых гаворках: сароччы, сарачыны "які належыць сароцы". [7, с. 167]
Пры тлумачэнні этымалогіі слова лінгвісты адзначаюць агульны корань ва ўсіх славянскіх мовах: ва ўкраінскай і рускай сорока, цслав. cврака, балг. cврака, славен. sráka, чэш., слвц. straka, польск. sroka. Параўноўваюць з літоўскім šárka "сарока" і часта тлумачаць уплывам царкоўнаславянскага сьръчати "падаваць гук". Фасмер М. прыводзіць і ст.-інд çãrf, што абазначае "нейкая птушка". Варыянт *sorka параўноўвае з лац. cornix "варона", corvus "воран". [21, с. 723]
Пакінула свой "след" сарока і ў анамастыцы (раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны). Так, частку вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна (мікратапонім) называюць Ісорокі. На тэрыторыі Беларусі зафіксаваны самыя разнастайныя ўласныя назвы з коранем "сарок". Гэта: антрапонімы (прозвішчы): Сарока, Сарочык, Сарокін, Сарочанка, Сарачук, Сарочкін, Сарочык, Сарачынскі, Саракач [2]; гідронімы (назвы водных аб'ектаў): воз. Сарокі (Паст. Віц.), р. Сарачанка (прав. прыт. Віліі, Астр. Гродз.), азёры Сарачынскія (Астр. Гродз.), воз. Сарачынскае (Чашн. Віц.), воз. Сароч'е (Гродз.). [3]; тапонімы (назвы населеных пунктаў): Сарокі (Лід., Шчуч., Гродз.; Валож., Мін.; Віц., Глыбоц., Паст., Пол., Міёр. Віц.); Сарокаўшчына (Уздз., Мін.), Сарочына (Маладз., Мін.; Міёр., Паст., Ушацк., Чашн., Віц.; Бых., Крыч., Маг.), Сарокіна (Брасл., Віц.), Сарокіна ІІ (Брасл., Віц.), Сарокіна ІІІ (Брасл., Віц.), Сарокішкі (Ашм., Гродз.), Сарочча (Астр., Гродз.), Сарочыцы (Маст., Гродз.), Сарочынская Камуна (Бых., Маг.). [16]
Своеасаблівы код, умоўны знак гісторыі занатаваны на Бярозаўшчыне і ў мянушцы Сорока. У гэтай мянушцы адлюстраваны якасці пэўнага чалавека, яго даўняя гісторыя: так гавораць пра асобу, звычайна жанчыну, якая а) "шмат гаворыць", б) "непаседа, пабягуха". Названыя якасці леглі ў аснову прыказак: Жанкі як сарокі; Шчабеча, як сарока на плоце; Шчабеча як сарока; Стракоча як сарока; Застракатала як сарока на дождж. [12]
Вынікам багатага жыццёвага вопыту ў абагульненні з'яў навакольнай рэчаіснасці з'явіліся загадкі. На Бярозаўшчыне пра сароку загадвалі: Довша затыка за хлів. Існуюць і такія загадкі пра сароку: Белы бок і чорны бок па-нямецку кверху скок!; Ляціць – вышэй лесу, упадзе – ніжэй травы; Пунька маленькая, а хвост доўгі; Даўжэй клеці зашчэпка (завал); Пунька маленькая, а мост доўгі; Ляцела сарока, за ёю сорак. Колькі ляцела? (двое); Здольнасць сарокі разносіць навіны (Сарока на хвасце прынесла) выкарыстана ў загадцы: Сарока-белабока да хаты прыляцела, у парозе села, з-за мяжы і з усёй краіны прынесла навіны (газета). [8] У рускіх пра сароку існуе загадка: Бела – как снег, // Зелена – как луг, // Черна – как жук, // Поет – как бык, // Повертка в лес. [18, с. 183]
У метафарычнай мове ўстойлівых адзінак выяўляюцца самыя разнастайныя знешнія і сімвальныя ўласцівасці сарокі: сарока-балбатунка як вястунка; складнасць/няскладнасць у мове; схільнасць да крадзяжу; знешні выгляд – чорныя плямы, якія не знікнуць ніколі; адмоўнае значэнне: Трашчыць сарока – чуваць далёка; Адна сарока з куста (кала) – другая на куст (кол); Над нашым арлом і сарока з калом; Угледзеўся як сарока на костку; Зляцеліся як сарокі; Жыве (стаіць) як сарока на калу; Галава як сарочча гняздо; Выскачыла як сарока на вербе; У роце як сарокі начавалі; Адна сарока, адна марока, сорак сарок, сорак марок; Сарока на хвасце прынесла; Сарока ляцела, а сабака (сучка) на хвасце сядзела; Сарока стракоча – бяды хоча; На хвост сарокі начапі; Тады хіба перастане, як сарока бела стане; [4, с. 187] Сарока шчабеча – (то) гасцей кажа; Сарока з кала – дзесяць на кол; Сарока з куста (кала) – сорак на куст (кол); Сарока – калу, а кол – усяму сялу; Як адна сарока хвост задзярэ, то за ёю ўсе; Нарабіў, як вароне (сароцы) на хвасце панесці; Бі сароку і варону – даб'ешся да белага лебедзя; Жыве з сарокамі, жыве і з варонамі; [12] Ах ты сарока кароткахвостая! Адна сарока з кала, а другая – на кол; Глядзі, каб сарокі не ўхапілі і не панеслі; Тады хіба перастане, як сарока бела стане. [13]
Як і на іншай славянскай тэрыторыі, на Бярозаўшчыне святкуюць Сорокосвятыі (Саракі) – 22 сакавіка. У гэты дзень варылі галушкі, якіх трэба было з'есці сорак штук, пяклі з цеста птушак і каржы. З птушкамі хадзілі сустракаць вясну. Да ўсходу сонца трэба было выразаць арэхавы кій, з якім потым хадзілі "гукаць" (шукаць яйкі балотных птушак). Лічылася, што з такім кіем яйкі будуць добра шукацца.
З Соракасвятымі звязаны пэўныя парады і прыкметы: калі на Саракі прылятаюць сарокі, то будзе цёпла. [5, с. 146] На Саракі сарока сваё гняздо будуе – сорак галінак у яго кладзе. На Саракі сорак саракоў птушак прылятае. [5, с. 95] Снегапад хутка пачнецца і мяцеліца прыйдзе, калі сарокі пад стрэхі лезуць. [5, с. 45]
Першага лістапада, у дзень провадаў восені і сустрэчы зімы, сустракалі сароку ля канюшні, каб дамавік-канюшнік свае чары на сароку-балбатуху перанёс, каб не круціў грывы ў кабыл ды жарабцоў, на дыбы іх не ставіў. [5, с.142]
Сімволіка сарокі амбівалентная: яна як адмоўная, так і станоўчая. Сарока – абярэг ад нячыстай сілы, ведзьмаў; абярэг у ткацтве: забітую сароку вешалі ў хляве; клалі пад курыцу, што сядзіць на яйках; клалі на кросны, калі не ўдавалася работа; сарока ўпамінаецца ў замовах. Аднак сарока і ўвасабленне душы чараўніцы.
Станоўчая функцыя сарокі прасочваецца ў назве галаўнога жаночага ўбору, у песні-забаўлянцы "Сарока-варона дзеткам кашу варыла" і ў абрадавай вясельнай птушцы "сароцы". Вытокі шанавання гэтай птушкі сягаюць у родава-матрыярхальныя культы.
У в. Серадава Івацэвіцкага раёна да вяселля разам з караваем пяклі і сароку, якая мела форму птушкі. Як спякуць каравай, з сарокай пачынала танцаваць старшая каравайніца. Моладзь старалася выбіць сароку з рук каравайніцы, за што апошняя павінна была даць выкуп. Танец доўжыўся да таго часу, пакуль сароку не разрывалі на кускі. (Запісана ад Кот Ніны Васільеўны ў 2006 годзе)
Песенька-забаўлянка ў розных варыянтах вядомая па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прыведзены тэкст запісаны ў в. Здзітава Бярозаўскага раёна:
Сорока-ворона діткам кашку варыла,
На прыпычку студыла,
У горшэчок злывала,
Діток кормыла:
Гэтой мал,
Гэтой круп надраў,
А гэтой водічку носыў,
А гэтой кашкі попросыў,
А гэтой – шугі-шугі!
Сарока выкарыстоўвалася палешукамі як абярэг у ткацтве: "як не ўдаетца работа, вазьмеш сароку, перекрясьти сарокай на кросны и кажы: " И з Богам и з Госпадам кладу сароку"". [15, с. 179] Зблытаныя ніткі называліся "сороччымы лапкамы". Ахоўная сімволіка сарокі выступае і ў замовах: "сарока з колу злятае – з маёй кароўкі ўрокі знімае"; "Сарокі-варокі, вазьміце прыстыкі і ўрокі, нясіце гэтай кароўцы з усіх старон малокі". [10, с. 82] Тая ж сімволіка сарокі як істоты-ахоўніцы выступае і ў павер'і: "Кажуць, што чорт надта сарокі баіцца, дзе яна е, туды ён не пойдзе". [9, с. 121] Сароку вешалі на дварэ, каб яна адпуджвала драпежных птушак (каршуна, варону) ад свойскіх, асабліва ад птушынай моладзі; на Гродзеншчыне пер'е забітай у першы дзень сакавіка сарокі клалі пад курыцу, што сядзіць на яйках, ад урокаў; Забітую сароку вешалі ў хляве, каб ласка не мучыла кароў і коней або каб ведзьма не мела доступу да кароў, не адбірала ў іх малака.[1, с. 452]
Сарока – прадказальнік здарэнняў, змены надвор'я, з'яўлення гасцей. На Бярозаўшчыне верылі, што, калі сарока адгукаецца, седзячы на плоце, трэба чакаць прыемнага госця, калі сакоча, пралятаючы паўз вокны, прадказвае нямілага госця. А яшчэ беларусы верылі, што "калі сарока верашчыць на плоце, то будуць госці, а калі ездзіць на свінні, то будзе многа парасят. Калі закрычыць пад вокнамі – неспадзяваныя госці". [9, с. 121] Матыў сарокі-вяшчункі істотны і ў мове прыказак.
Сарока – сімвал самой нячыстай сілы [11, с. 140], увасабленне душы чараўніцы. На Віцебшчыне існавала павер'е пра ведзьму, якая клала сваё цела пад ступу, а сама вылятала сарокай праз комін. [14, с. 74]
На Беларусі вераць, што часам сарока насылае дамавікоў, якія начамі ездзяць верхам на конях. Каб засцерагчыся ад гэтага, трэба забіць сароку і павесіць яе ў стайні над коньмі. А каб поўсць на конях не курчылася і каб зад каля хваста іх не непакоіў, трэба такім самым чынам выкарыстаць забітага крата.
Адмоўная функцыя сарокі праяўляецца і ў павер'і: "Каб валасы добра раслі, трэба стрыгчы іх у пятніцу на маладзіку; абрэзаныя ці вычасаныя валасы абавязкова трэба паліць, бо калі іх сарока занясе ў сваё гняздо, валасы на галаве перастануць расці і пачнуць выпадаць". [9, с. 121]
Даводзіцца, на жаль, канстатаваць, што нацыянальная мова з яе генетычнай народна-культурнай асновай для сённяшняй беларускай пасіўнай большасці паступова страчвае свой глыбока этнічны сімвальны сэнс: мала каго цікавіць, што якраз мова сведчыць пра нашу нацыянальную свядомасць, што іменна ў мове кожны народ адметны, арыгінальны, непаўторны; што толькі мова, свая, а не чужая, – ёсць сродак этнічнай ідэнтыфікацыі чалавека, беларусаў у тым ліку.
Спіс скарачэнняў:
Віц. – Віцебская вобласць і раён; Брасл. – Браслаўскі, Глыбоц. – Глыбоцкі, Міёр. – Міёрскі, Паст. – Пастаўскі, Пол. – Полацкі, Ушацк. – Ушацкі, Чашн. – Чашніцкі раёны;
Гродз. – Гродзенская вобласць і раён; Астр. – Астравецкі, Ашм. – Ашмянскі, Лід. – Лідскі, Маст. – Мастоўскі, Шчуч. – Шчучынскі раёны;
Маг. – Магілёўская вобласць і раён; Бых. – Быхаўскі, Крыч. – Крычаўскі раёны;
Мін. – Мінская вобласць; Валож. – Валожынскі, Маладз. – Маладзечанскі, Уздз. – Уздзенскі раёны.
Літаратура
- Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.] ; рэд. В. Аўтушка. Мн., 2004.
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М. В. Бірыла. Мн., 1969.
- Блакітная кніга Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал. Н. А. Дзісько [і інш.]. Мн., 1994.
- Выслоўі. Беларуская народная творчасць / склад., сістэматызацыя тэкстаў, уступ. артыкул і камент. М. Я. Грынблата ; рэд. тома А. С. Фядосік. Мн., 1979.
- Дзень за днём: прыкметы надвор'я, а таксама народны каляндар-месяцаслоў / Сабр. і апрац. А. Русецкі. Мн., 2000.
- Дыялектны слоўнік Брэстчыны / М. М. Аляхновіч [і інш.] ; пад. рэд. Г. М. Малажай, Ф. Д. Клімчук. Мн., 1989.
- Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік / В. Дз. Астрэйка [і інш. ]; навук. рэд. Л. П. Кунцэвіч, А.А. Крывіцкі. Мн., 1999.
- Загадкі. Беларуская народная творчасць / склад. М. Я. Грынблат [і інш.]. – выд. 2-е ; рэд. тома А. С. Фядосік. Мн., 2004.
- Зямля стаіць пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер'і. Кн. 1. / уклад., прадм., пераклад, бібл. У. Васілевіча. Мн., 1996.
- Замовы. Беларуская народная творчасць / Уклад., сістэм. тэкстаў, уступ. арт. і камент. Г. А. Барташэвіч ; рэдкал. : А. С. Фядосік (гал. рэд.) [і інш.]. Мн., 2000.
- Коваль У. У. Народныя ўяўленні, павер'і і прыкметы / У. У. Коваль. Гомель, 1995.
- Лепешаў І. Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. Мн., 2002.
- Ліцвінка В. Д. Слова міма не ляціць / В.Д. Ліцвінка, Л.А. Царанкоў. Мн., 1985.
- Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / Т. В. Валодзіна [і інш.] ; навук. рэд. А. С. Фядосік. Мн., 2004.
- Павлова М.Р. Магические приговоры в тексте // Славянское и балканское языкознание. М., 1993.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў…(па абласцях) / Я. Н. Рапановіч. Мн., 1977 – 1986.
- Раслінны свет: Тэматычны слоўнік / В. Дз. Астрэйка [і інш.] ; навук. рэд. Л. П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі. Мн., 2001.
- Сахаров И. П. Русское народное чернокнижие / И. П. Сахаров. Спб., 1997.
- Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча : у 5 т. / уклад. Ю. Ф. Мацкевіч [і інш.] ; рэд. Ю. Ф. Мацкевіч. Мн., 1979 – 1984. –Т.5.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы : у 5 т. / рэдкал.: К. К. Атраховіч (агульн. рэд.) [і інш]. Мн., 1984. Т. 5.
- Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: в 5 т. / М. Фасмер; ред. Б. А. Ларина. М., 1987. Т.5.
Лена Леванцэвіч
|