Дзейнасць Пінскага Богаяўленскага брацкага манастыра
ў XVII – XX ст.ст.

Пінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр узнік на мяжы XVI – XVII ст. Па адных звестках, ён ужо існаваў у 1596 г. і яго архімандрыт Елісей прымаў удзел у Берасцейскім царкоўным саборы [3, c. 96]. Аднак, больш дакладным з'яўляецца факт, што абіцель была заснавана, дзякуючы клопатам шляхцянкі Раісы Макараўны Гарабурды (ці Яніны Галабурдзінай), жонкі слонімскага суддзі, ў пачатку XVII ст. Яна мела драўляныя жылыя будынкі на ўчастку зямлі, які называўся "Палазоўшчына". Сюды Раіса Макараўна пасяліла манахаў Лешчанскай абіцелі, якая па загаду караля Жыгімонта ІІІ была перададзена уніятам. Потым яна пабудавала келлі для інакаў.

У 1614 г. каля келляў была ўзведзена драўляная царква ў імя Богаяўлення. Царква з’явілася на сродкі той жа Р.М. Гарабурды і пінскага праваслаўнага брацтва. Акрамя храма, манастырскі комплекс уключаў будынак (ці некалькі будынкаў) з келлямі, каморай і сенцамі, дзе захоўваліся "аператы церковные" [1, с. 90]. Невядома, ці былі ў абіцелі гаспадарчыя пабудовы. Увесь комплекс быў абнесены драўляным тынам з варотамі.

Па недахопу звестак, цяжка меркаваць аб тым, што ўяўляў сабой манастырскі храм. Вядома, што быў ён драўляным. Наконт наогул цэркваў г. Пінска, даследчык дойлідства Ю.А. Якімовіч зазначаў, што сярод іх былі простыя збудаванні без вярхоў і купалоў, якія напаміналі звычайныя мяшчанскія дамы, і, верагодна, ў такім стылі і была пабудавана царква Богаяўленскага манастыра [14, с. 261].

З'яўленне ў горадзе новага праваслаўнага манастыра выклікала незадавальненне уніятаў. 13 верасня 1614 г. епіскап Пінскі і Тураўскі Паісій Сахоўскі, сабраўшы прыхільнікаў уніі і сваіх прыгонных, учыніў напад на манастыр. Па сведчанню "вознага енерала повету Пинского Пронка Денисовича Калаура", ён бачыў месца "где церковь стояла и только штандаре застали, а церковь уся зобрана и збурона, и в чотырох кельях видел двери, защепки, скобли и пробое свежо повырубованы и попсованы, а в комори, где были аператы церковные – в сенях до оное входечи – двери выломаны и посечоны, и на чернцох и на дойлиде также и на дьяку раны, крыж деревеный, што был на церкви, и образ, што был над дверми церковными, пощепано..." [1, с. 90].

Амаль знішчыўшы абіцель, епіскап Паісій, упэўнены ў сваёй беспакаранасці, падаў судовы іск супраць Крыштафа Міхайлавіча Гарабурды і яго жонкі Раісы Макараўны, на зямлі якіх размяшчаліся манастырскія будынкі. Іх абвінавацілі ў тым, што яны свавольна без епіскапскага благаславення пабудавалі праваслаўную царкву і манастыр [1, с. 65-66]. Гэта абвінавачванне было безгрунтоўным, так як ў адпаведнасці з пастановай сойма Рэчы Паспалітай 1609 г., забаранялася сілком схіляць праваслаўных да уніі і адбіраць цэрквы, пабудаваныя землеўладальнікамі на ўласнай зямлі. У пастанове адзначалася: "чтобы те духовные начальники, которые приняли унию с римским костёлом, тем, которые не желают соединяться с ними, и взаимно, с другой стороны, эти, находящимся в унии, никоим образом... не причиняли друг другу притеснения и раздражения, но оставались в мире на владычествах, при монастырях, церквах и в церковных имениях как в Короне, так и Великом Княжестве Литовском" [2, с. 167].

Судовы працэс, які пачаўся ў 1614 г., цягнуўся 4 гады. 2 жніўня 1616 г. выйшаў дэкрэт Трыбунальнага суда, у якім абвяшчалася, што за свавольнае будаўніцтва "церкви Богоявления и монастыря на Полозовщине в Пинске" Р.М. Гарабурда павінна выплаціць 10 000 польскіх злотых [1, с. 67-74].

Перагляд справы адбыўся ў Віленскім Трыбунальным судзе. Тут 28 ліпеня 1617 г. было прынята рашэнне аб перанясенні справы на сойм [1, с. 87-95]. Канчатковае каралеўскае рашэнне было абвешчана на сойме 6 сакавіка 1618 г. Справа была вырашана не на карысць Р.М. Гарабурды: епіскапу Пінскаму і Тураўскаму Паісію перадавалася пабудаваная Гарабурдой праваслаўная царква; яму ж падпарадкоўвалася ўсё праваслаўнае духавенства Пінскай епіскапіі; Р.М. Гарабурда павінна была выплаціць 40 000 польскіх злотых і 3 000 коп літоўскіх грошай [1, с. 95-100].

Канчатковая кропка ў гэтай справе была пастаўлена 16 сакавіка 1618 г., калі была заключана "мировая сделка" Р.М. Гарабурды з епіскапам Паісіем [1, с. 101-103]. У пагадненні казалася, што пасля каралеўскага рашэння аб Палазоўскай царкве епіскап Паісій "... вшелякие презыски, на мне одержаные, опустивши скасовал, ... прето и я Гарабурдиная... церковь мою на кгрунте моем шляхецком Полозовским зо всим навсе в месте Пинском лежачую из кгрунтом моим шляхецким Полозовским его милости отцу владыце Пинскому..., которого пляцу 12 прутов есть,... и на потом их милости епископов Пинских здаю и вливаю..." [1, с. 102]. Такім чынам, Богаяўленскі манастыр спыніў сваё існаванне.

Значныя змены ў становішчы праваслаўнай царквы адбыліся ў 1632 – 1633 гг. На сойме 1632 г. была створана камісія, якая павінна была вырашыць спрэчныя пытанні паміж праваслаўнымі і уніятамі. Камісія выпрацавала "Артыкулы супакаення абывацеляў Кароны і Вялікага княства Літоўскага рускага народа грэчаскай рэлігіі". 1 лістапада 1632 г. кароль Уладзіслаў IV Ваза зацвердзіў згаданыя "Артыкулы супакаення " [11, с. 200-203]. Праваслаўнай царкве вярталіся правы і рэлігійная свабода, прызнавалася яе іерархія на чале з Кіеўскім мітрапалітам.

У гэты час можна казаць пра пэўную стабілізацыю манастырскага жыцця. Фундаваліся новыя абіцелі, аднаўляліся старыя. Асаблівую дзейнасць у гэтым накірунку разгарнулі брацтвы. Адметнай у гэтым сэнсе была дзейнасць пінскага праваслаўнага брацтва. Яно ўзнікла ў канцы XVI ст. І ставіла сваёй мэтай ахову веры бацькоў. Брацтва карысталася правам стаўрапігіі, атрыманым ад канстанцінопальскага патрыярха [7]. Гэта аб’яднанне праваслаўных мела свой статут, які вызначаў усе бакі жыцця брацтва. Яго члены павінны былі рэгулярна наведваць богаслужэнні, утрымліваць прытулак для хворых і састарэлых, школу, клапаціцца аб дзецях і ўдовах памёрлых таварышаў. Брацтва мела сваю казну, якая складалася з узносаў яго членаў. Кіравалася яно агульным сходам, які абіраў 12 старэйшых братоў і святароў. Братчыкі бралі абавязак захоўваць свае справы ў тайне.

У склад брацтва ўваходзілі прадстаўнікі гарадскога самакіравання, значная частка пінскіх купцоў і багатых рамеснікаў. Ахвяраванні ад мяшчан і шляхты ў выглядзе зямельных надзелаў, дамоў, грашовых сум, падтрымка з боку гарадскога самакіравання – усё гэта надало яму значную грамадскую вагу. У 1633 г. члены брацтва дабіваюцца ад караля Уладзіслава IV дазволу на будаўніцтва манастыра і заснаванне пры ім семінарыі, школы і шпіталя [10, с. 381-383].

Падобныя граматы брацтва атрымала ў 1669, 1676 і ў 1744 г. У дакуменце 1669 г. гаварылася: "...Братству дозволено строить церкви деревянные и каменные; монахов закона св. Василия Великого честных людей содержать, набоженство употреблять, крестное хождение отправлять, училища свободных наук для обучения детей языкам латинскому, греческому, польскому и русскому, иметь; во все время двух, Богоявленского и Федоровского, праздников мед варить и через две недели продавать; всякими доходами, церкви и училищу и богадельням пожалованными, пользоваться в вечные времена... Братство тех церквей... поступать имеет порядками, от престола патриарха константинопольского братству пожалованными, без всякого препятствия." [13, с. 198-199].

Клопатамі брацтва Богаяўленскі манастыр быў адбудаваны. Цяпер будынкі абіцелі размяшчаліся ў канцы горада, каля ўмацаванняў, на месцы, якое звалася "Церлякоўшчына". Абіцель кіравалася ігуменамі, а з 1799 г. архімандрытамі [5, с. 145-149]. У другой палове XVII-XVIII ст. ігумены, пад кіраўніцтвам кіеўскага мітрапаліта, загадвалі праваслаўнымі цэрквамі і абіцелямі былой праваслаўнай Пінскай епархіі і карысталіся тытулам Тураўскага і Давыд-Гарадоцкага афіцыяла [13, с. 195].

Згодна з вышэйзгаданым каралеўскім прывілеем 1633 г., пінскае брацтва атрымала права на фундаванне пры манастыры адукацыйных устаноў [10, с. 382]. Пры Богаяўленскай абіцелі пачынаюць працаваць школа і вучылішча. У вучылішчы выкладаліся старабеларуская, польская, лацінская і грэчаская мовы, а таксама сем так званых свабодных мастацтваў.

Богаяўленскі манастыр утрымліваўся за кошт брацтва і забяспечаных гараджан. Вядомы асобныя ахвяраванні, якія рабіліся на карысць абіцелі і брацтва. Так у 1615 г. нейкая Заляталава запісала манастыру паўлана зямлі; у 1640 г. Раіна (Рэгіна) Гойская Саламярэцкая, смаленская кашталянша, ахвяравала "на братство Богоявления при церкви Св. Духа один пляц с домом подле церкви Воскресенской, а другой дом и пляц, заселённый мещанами, за монастырём Пречистой, которые прежде имели быть отданы монастырю Варваринскому" [5, с. 145]. У 1656 г. па завяшчанню Соф‘і Валадковіч царкве Богаяўлення і брацтву адыходзілі: двор Саленікоўскі, агарод, паў-лана зямлі, якія размяшчаліся ў Пінску [10, с. 270-275]. Дзякуючы ахвяраванням, з цягам часу абіцель становіцца ўладальніцай пэўнай маёмасці. У 1766 г. яна валодала 17 дзесяцінамі зямлі, 13 дамамі ў Пінску і 740 злотымі прыбытку ў год [7].

Эканамічнае становішча манастыра ўмацоўвалася дзякуючы таму, што ён і яго падданыя перыядычна карысталіся ільготамі ў выплаце падаткаў [5, с. 146-148]. Так, у 1699 г. пінскі стараста князь Януш Антоній Карыбут-Вішнявецкі вызваліў манастырскіх людзей ад чыншу ў пінскі замак, а ў 1704 г. наогул ад усіх подацей у замак. Падобнае права (вызваленне ад гіберны ў замак на 3 гады) манастырскія падданыя атрымалі ад графа Міхаіла Агінскага, які тады з'яўляўся пінскім старастай, ў 1752 і 1756 г. А ў 1775 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вызваліў манастыр ад усялякіх падаткаў.

Неаднаразова Богаяўленская абіцель цярпела страты ад пажараў, якія знішчалі яе будынкі. У 1648 г. у час казацка-сялянскай вайны Пінск быў спалены. Агонь знішчыў і Богаяўленскі манастыр. Аднак ужо ў 1650 г. ён адбудоўваецца нанава, абносіцца новай агароджай. У ім, акрамя Богаяўленскага храма, з'яўляецца зімовая трапезная царква ў гонар Мікалая Цудатворца.

Чарговы пажар нанёс страты манастыру ў 1758 г. Настаяцель Феафан Яворскі выклапатаў у караля Аўгуста ІІІ прывілей на ўзнаўленне абіцелі, які быў выдадзены 14 ліпеня 1759 г. [8, с. 82]. Аднак, хутчэй за ўсё, калі і было праведзена аднаўленне абіцелі, то толькі частковае. Па ведамасці 1766 г. у манастыры былі дзве драўляныя цэрквы, адна з якіх старая. У адной з цэркваў размяшчалася тры прастолы – Богаяўлення, Дабравешчання Багародзіцы і Нараджэння Іаана [9, с. 69].

Аднак не толькі пажары наносілі шкоду Богаяўленскаму манастыру. Манахі цярпелі розныя прыцясненні з боку уніяцкага і каталіцкага духавенства і шляхты. Ігумен Карыон Вялічковіч, які кіраваў абіцеллю з 1706 г., скардзіўся на пінскага уніяцкага епіскапа Феафіла Гадзебскага за тое, што апошні забраў шмат рэчаў з Богаяўленскай абіцелі. Скаргі аб розных крыўдах паступалі ад манастырскіх ігуменаў Варфаламея Назарэўскага, Іосіфа Храноўскага, Феафана Яворскага, Уладзіміра Журакоўскага [5, с. 146-148; 6, с. 363-366,380-382].

Скаргі ігуменаў не заставаліся па-за ўвагай кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. У 1722 г. Богаяўленскі, а разам з ім Купяціцкі і Навадворскі, манастыры атрымалі ахоўны ліст ад караля Аўгуста ІІ. А ў 1757 г. за манастыр заступіўся канцлер Вялікага княства Літоўскага князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі.

У канцы XVIII ст. у Богаяўленскім манастыры адбылася значная падзея. 1 ліпеня 1791 г. у ім пачала працу Пінская генеральная кангрэгацыя, на якую прыбыло 96 дэлегатаў: 24 манахі, 21 святар, 51 свецкая асоба. Аднак ігумен манастыра Георгій Яноўскі адмовіўся прыняць удзел у рабоце кангрэгацыі [8, с. 82]. Мэтай сходу праваслаўнага духавенства і вернікаў было стварэнне ў Рэчы Паспалітай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, незалежнай ад Святога Сінода Расійскай імперыі. Рашэнні кангрэгацыі былі зацверджаны соймам, а ў 1792 г. выйшаў закон "Упарадкаванне царкоўнай іерархіі грэка-усходняга абраду" [12, с. 434 - 435].

Але другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай перашкодзілі рэалізацыі згаданых рашэнняў.

З уключэннем беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі Богаяўленская абіцель трапляе пад начала Святога Сінода. Манастыр атрымлівае сродкі на аднаўленне. Але 22 траўня 1799 г. пажар, якім быў ахоплены Пінск, знішчыў манастырскія будынкі. Манахі былі пераведзены ў Дзятлавіцкі Спаса-Праабражэнскі манастыр.

У 1800 г. Богаяўленскі манастыр аднаўляе дзейнасць у чарговы раз. Годам раней была зачынена Мінская Петра-Паўлаўская абіцель. Рашэннем Святога Сінода мінскія манахі пераводзіліся ў г. Пінск. Пад манастыр былі перададзены будынкі былога езуіцкага калегіума і касцёла. Апошні з 1786 г. належаў уніятам, а ў 1795 г. быў пераўтвораны ў праваслаўны саборны храм у гонар Нараджэння Багародзіцы [4, с.13].

З аднаўлення Богаяўленская абіцель лічылася першакласнай, мела павялічаны штат і забеспячэнне.У ёй пражывала 13 манахаў. Па штату 1797 г. манастыр атрымліваў 1753 руб. і больш 1000 руб. з зямель, пляцаў і дамоў [4, с.13].

У 1842 г. манастыр становіцца другакласным. На яго забеспячэнне выдзялалася 2220 руб. і 16 чалавек штатных служкаў з казённых сялян. Акрамя таго, за ім лічылася 670 дзесяцін зямлі ў Мінскім і Пінскім паветах [5, с.145].

З 1848 г. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічала духоўнае вучылішча, пераведзенае сюды з Лядзенскай абіцелі. У пінскім манастыры дзейнічаў адзін мураваны храм у гонар Раства Багародзіцы, у якім размяшчаліся мошчы праваслаўнага іерэя Андрэя, знойдзеныя ў другой палове XVII ст. [3, с. 96]. Манастырскі храм двойчы гарэў – у 1906 і 1909 гг. Пасля аднаўленча-будаўнічых работ адбылося яго асвячэнне ў жніўні 1909 г.

Хутка, пасля Першай сусветнай вайны, Пінскі Богаяўленскі манастыр быў скасаваны. У 1919 г. яго будынкі перадаваліся католікам. Такім чынам спыніў сваю дзейнасць манастыр, які ў свой час з'яўляўся цэнтрам праваслаўя на Піншчыне. На сённяшні час у Пінску захаваўся будынак калегіума, а касцёл, які з'яўляўся праваслаўным манастырскім храмам, быў зруйнаваны ў сярэдзіне 50-х гадоў ХХ ст.

Літаратура
  1. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 6. Вильна,1869.
  2. Беднов В.А. Православная церковь в Польше и Литве (по Volumina Legum). Минск, 2002.
  3. Материал для историко-топографического исследования о православных монастырях в Российской империи. / сост. Зверинский В.В. Ч. 1. Санкт-Петербург, 1890.
  4. Миловидов А.И. Пинский Богоявленский второклассный монастырь. Минск, 1900.
  5. Николай, архимандрит. Историко-статистическое описание Минской епархии. Санкт-Петербург, 1864.
  6. Памятники православия и русской народности в Западной России в XVII–XVIII в. Т. 1. Ч. 1. Киев, 1905.
  7. Пирог С. Центр православия на Полесье // Заря. 1992. 11 апреля.
  8. Православные монастыри Беларуси. Минск, 2003.
  9. Слюнькова И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Москва, 2002.
  10. Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметом. Минск, 1848.
  11. Уния в документах: сб. / сост. В.А. Теплова, З.И. Зуева. Минск, 1997.
  12. Філатава А. Пінская кангрэгацыя 1791 г. // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 тамах. Т. 2. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. Мінск, 2006. С. 434–435.
  13. Чистович И. Очерк истории западно-русской церкви. Ч. 2. Санкт-Петербург, 1884.
  14. Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI–середины XVII в. Минск, 1991.

Алена Дзянісава