Жаночы грэка-каталіцкі манастыр у Зарэччы
як яшчэ адна спроба фармавання нацыянальнай свядомасці Палешукоў
Палессе заўсёды прываблівала, і паспяхова працягвае вабіць, любога даследчыка, які мае пэўны сентымент да гэтага загадкавага рэгіёна. Штораз спрабуючы разгадаць чарговую палескую таямніцу, "гінеш" у гэтых не толькі прыродных джунглях, але і ментальных. Так, сапраўды, не ведаеш, што больш таямнічым здавалася такім вандроўнікам-навукоўцам як Фердынанд Антоні Асендоўскі, на пачатку дваццатага стагоддзя: ці гэтыя славутыя палескія балоты, лясы, рэкі, ці не менш славутыя Палешукі, са сваёй адметнай мовай, бытам, традыцыямі, вераваннямі. У Палессі заварожвае і прываблівае ўсё, і нават зараз, пасля асушэння балотаў, знішчальнай урбанізацыі, непазбежнага вымірання вёсак, асіміляцыі і згубы традыцый, штосьці застаецца, хаця б фрагментарна, і магчыма яшчэ не катастрафічна позна вярнуць Палессе да жыцця. Што ж крыецца за яго маўчаннем? Усё ж такі хацела б скіраваць беларускага чытача да кнігі "Палессе" [4] славутага польскага пісьменніка (які нарадзіўся ў Віцебску), навукоўца (хіміка, географа, філолага), журналіста, палітыка, белага партызана, і нават агента японскай выведкі, Фердынанда Антонія Асендоўскага. Кнiга выйшла ў серыі "Цуды Польшчы" у трыццатыя гады ХХ стагоддзя. Гэта - нататкі аўтара, з дасканалай фіксацыяй этнаграфічных матэрыялаў, з багатай факталогіяй, а таксама з каштоўнымі ілюстрацыямі з разнастайных прыватных збораў і шматлікіх навуковых асяродкаў міжваеннай Польшчы. Аўтар зрабіў спробу не толькі ўсебаковага апісання быту Палешукоў (хаця менавіта гэтыя даследаванні з'яўляюцца каштоўнейшай крыніцай і для сённяшніх навукоўцаў), але, акрамя гістарычнага экскурсу дадзенага рэгіёну, паспрабаваў адшукасць і вытокі ідэнтычнасці жыхароў Палесся. Сапраўды, варта пазнаёміцца з "Палессем" Асендоўскага, каб пабачыць, якімі былі гэтыя землі да ўсіх "перапяціяў" дваццатага стагоддзя. Гэты артыкул прысвечаны аднаму з аспектаў палескай рэчаіснасці ў міжваенны час, які, магчыма, не стаў заўважаны востраму воку Фердынанда Антонія Асендоўскага, пад час ягоных падарожжаў па гэтым краi. Як узгадвалася вышэй, Палессе - вельмi загадкавае, і кожны даследчык мае ўласнае шчасце знайсці і адкрыць сваю таямніцу.
Міжваенны час Беларусі звязаны і з тым, што на тых тэрыторыях, якія ўвайшлі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай, дзяржаўнымі і царкоўнымі ўладамі былі рэалізаваныя спробы адраджэння уніяцкай Царквы, якая, нагадаю, у 1839 годдзе была ліквідавана царскімі ўладамі. Спецыфіка гэтых працэсаў у каталіцкай Царкве палягае ў тым, што "адраджэнне Уніі" было не толькі рэлігійным крокам, але і палітычным. З аднаго боку, дзяржаўныя ўлады разлічвалі праз усходні абрад на хутчэйшае вяртанне праваслаўных вернікаў далучаных тэрыторый ў каталіцкую Царкву, з іншага боку, Ватыкан, ствараючы каталіцкія асяродкі усходняга абраду, намагаўся падрыхтаваць святарскія кадры для далейшай місіі на Усход, у савецкую Расiю. Аднак гэта не азначае, што новаствораныя уніяцкія парафіі ў ІІ Рэчы Паспалітай, большасць з якіх былі створаны на Палессі, былі без нацыянальных адметнасцяў, ці ў іх выключна вялася палітыка паланізацыі. Уніяцкія парафіі, каб пазбегнуць нацыянальных уплываў з Украіны, юрыдычна падпарадкоўваліся не уніяцкаму мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму, а рымска-каталіцкім біскупам, у тым ліку і пінскаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму. Архiпастар Лазінскі быў гарачым прыхільнікам адраджэння Уніі, і ў межах ягонай пінскай дыяцэзіі працэс заснавання новых уніяцкіх асяродкаў быў больш дынамічны, чым у віленскай ці падляшскай дыяцэзіях, якія таксама закранула неаунія. Уніяцкія святары ў першую чаргу звярталі ўвагу на нацыянальную прыналежнасць сваіх вернікаў, за што не раз мелі клопат з дзяржаўнымі ўладамі за сваю беларускую дзейнасць, як ў выпадку а. Льва Гарошкі, а. Вячаслава Аношкі, а. Зянона Шымкевіча, ці за сваю украінскую дзейнасць - як а. Зянон Каленюк, а. Іван Тыляўскі, што працавалі на Палессі. Прыходзіцца чытаць у рапартах, якія пісалі прадстаўнікі адміністрацыйных уладаў да палескага ваяводы, каб святароў беларусаў скіраваць у тыя мясцовасці Палесся, дзе перавышае украінскае насельніцтва, і наадварот, украінскіх святароў скіраваць у парафіі, дзе вернікі, па нацыянальнай прыналежнасці беларусы, каб пашкодзіць іх сістэматычнай працы на ніве нацыянальнага адраджэння [1, c. 193-198]. Цікавым застаецца і той факт, што мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі юрыдычна быў пазбаўлены магчымасці працы на Палессі і на беларускіх тэрыторыях ІІ Рэчы Паспалітай, аднак пэўныя сляды яго працы на Палессі відаць. Чаму менавіта тут? Ці не з той прычыны, што Палешукі тоесна блізкія як да беларусаў, так і да украінцаў. Шмат хто з сённяшніх даследчыкаў-навукоўцаў, асабліва філолагаў, будзе апеляваць тым, што мова, на якой размаўляюць Палешукі, бліжэй да украінскай, і гэты факт ніхто не аспрэчвае. Хаця увогуле беларуская і украінская мовы настолькі блізкія і роднасныя, што цяжка знайсці ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне яшчэ такі ж падобны прыклад для параўнання. Гэта і тое, што 60 адсоткаў лексікі да сённяшняга дня ў гэтых мовах такiя ж самыя, да і ўвогуле дзве суседнія мовы развіваліся да Люблінскай уніі як адна, і толькі тое, што частка тэрыторыі цяперашняй Украіны адышла да Кароны, спавадавала адгалінаванне і самастойнае развіццё двух моў. Ніхто не аспрэчыць і той факт, што самі Палешукі часам і сёння падкрэсліваюць сваю адметнасць, называючы сябе не беларусамі, не украінцамі, а тутэйшымі. Аднак на працэсы самаідэнтыфікацыі магчыма ўплываць. Зыходзячы з гэтага, мітрапаліт Шаптыцкі, не гледзячы на перашкоды з боку польскай дзяржавы, рабіў спробы ўплыву украінскага кліру на Палешукоў. Магчыма, такія захады абудзілі бы ці ўзмацнілі бы ў Палешуку украінскую нацыянальную тоеснаць.
Прыкладам такой дзейнасці ёсць заснаванне ў вёсцы Церабень, што недалёка ад Пінска, жаночага манастыра, манахіні якога былі украінкамі.
Заснаванне Супольнасці Сясцёр Місіянерак "Дзеці Марыі" непасрэдна звязана з асобаю украінскага грэка-каталіцкага святара Зянона Каленюка, які з канца 1928 г. займаў пасаду дыяцэзіяльнага візітатара парафій усходняга абраду Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. У свой час Зянон Каленюк быў душпастарам сясцёр- студытак у Яктараве на Львоўшчыне. Пасля пераводу яго ў парафію ў Разгурч пад Стрыем а. Каленюк запрасіў да сябе трох манахіняў-студытак, якія згодна з жаданнем мітрапаліта А. Шаптыцкага ў 1925 г. прынялі назву "Дзеці Марыі" і гэтак далі пачатак новай манаскай Супольнасці. У хуткім часе сёстры разам з а. Каленюком пераехалі ў парафію ў Верынь, дзе для іх быў узведзены манастырскі будынак. 8 снежня 1926 г. новая манаская супольнасць была афіцыйна зацверджана царкоўнымі ўладамі, а 12 студзеня 1927 г. былi зацверджаны і іх дзённыя абавязкi, характар і мэты працы. Напачатку Супольнасць Сясцёр Місіянерак "Дзеці Марыі" не мела задачу працаваць сярод праваслаўных і выпадкова знайшла сябе на гэтай місійнай ніве.
Пінскі рымска-каталіцкі біскуп З. Лазінскі выказаў дыяцэзіяльнаму усходне-каталіцкіх парафіяў а. Зянону Каленюку жаданне запрасіць для місійнай працы на Палессі жаночую манаскую супольнасць усходняга абраду. Айцец Каленюк прапанаваў для гэтых мэтаў нядаўна створаную пры яго ўдзеле Супольнасць Сясцёр Місіянерак "Дзеці Марыі".
Часткова за свае грошы, часткова за ўзятыя крэдыты ў Земскім банку ў Львове і Кааператыўным банку ў Пінску, а таксама на ахвяраванні мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага сёстры набылі 72 га зямлі за 16 кіламетраў ад Пінска. Зямля была набыта сярод палескіх балот на востраве р. Струмень, у мясцовасці, якая называлася Зарэчча (в. Церабень) [5, s. 76].
У красавіку 1929 г. восем манахіняў і дзве паслушніцы атрымалі ад рымска-каталіцкага біскупа З. Лазінскага трэцюю частку кошту падарожжа і прыехалі ў Пінск, дзе яны пасяліліся пры касцёле св. Карла Барамея. Каб пакрыць выдаткі, звязаныя з утрыманнем, заняліся шыццём.
У Зарэчча грэка-каталіцкія манахіні пераехалі ў ліпені таго ж 1929 году. Пасяліліся яны ў трох старых паляшуцкіх хатах. У частцы адной хаты была зроблена капліца, у якой максімальна магло змясціцца каля 30 чалавек, са сціплым алтаром і з некалькімі абразамі. Другая частка хаты была аддадзена святару пад жыллё. Іншыя дзве хаты служылі трапезнай і месцам жылля для манахіняў. Сёстры Супольнасці "Дзеці Марыі" мелі сваю гаспадарку, гадавалі жывёл, працавалі на зямлі, лавілі рыбу – каб забяспечыць сваё сціплае існаванне і выплаціць значныя пазыкі, узятыя для набыцця зямлі ў гэтым палескім кутку.
Адмысловым клопатам Сясцёр Місіянерак "Дзеці Марыі " была рэлігійная адукацыя і выхаванне дзяцей. Сёстры навучалі катэхізму, падрыхтоўвалі дзяцей да споведзі і прычасця. Таксама вучылі маладых дзяўчат ткаць і вышываць, працаваць па гаспадарцы. Займаліся апекай сіротаў, збіраліся закласці сірацінец, але для гэтага не хапала сродкаў. Пасля набыцця зямлі яны мелі даўгі: 7600 злотых у банку ў Вільні, 10000 злотых у Львоўскім банку, 9000 злотых былі вінаваты прыватнай асобе, а таксама ад усёй сумы мусілі выплаціць працэнты каля 1500 злотых [5, s.77]. Сёстры лячылі хворых, клапаціліся пра пакінутых, выраблялі рэчы для аздобы святыняў. Місійная дзейнасць грэка-каталіцкіх сясцёр таксама ахоплівала навакольныя вёскі – Церабень, Лемяшэвічы, Чарнова, Хрыстабаловічы, Баўгары, Горнава і Крывічы, куды яны прыходзілі для працы з сялянамі.
Летам 1933 г. капуцын усходняга абраду а. Кірыл Тэрнэўзэн з Любешава, які працаваў таксама ў Пінску, дапрацаваў канстытуцыю Супольнасці Сясцёр "Дзеці Марыі". Паводле канстытуцыі, убогасць, паслушэнства і чысціня – гэта першыя абеты ў Супольнасці. У канстытуцыі былі наступныя палажэнні: "Сёстры будуць займацца катэхізацыяй дзяцей і вяскоўцаў у дамах, якія спецыяльна будуць прызначаныя для дашкольнага навучання, таксама будуць рыхтываць да грамадскага і хрысціянскага жыцця дзяўчат. Клапаціцца пра выхаванне сірот у дамах, спецыяльна пабудаваных для гэтых патрэб. Сёстры будуць вучыць дзяўчат весці гаспадарку, працаваць на зямлі. Таксама падчас катэхітычнай працы будуць падрыхтоўваць дзяцей да споведзі і святой камуніі. Будуць дапамагаць святару ў парафіяльнай працы. Даглядаць хворых, а таксама рыхтаваць паміраючых да пабожнай смерці і прыняцця святога прычасця. Будуць сачыць за чысцінёй, парадкам і аздабленнем царквы ці капліцы" [5, s.77].
У 1934 г. у манастыры было 12 сясцёр – украінак з Галіцыі, а таксама 4 паслушніцы з Палесся з в. Крывічы. Паводле архіўных дадзеных [2, арк. 20] :
- Пятроў Агата, дачка Аляксея і Марыі, нарадзілася 14 мая 1899 г. у в. Верань Жыдачыўскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Замейка Ганна, дачка Мікалая і Марыі, нарадзілася 29 ліпеня 1902 г. у в. Поўня Стрыйскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Саварын Кацярына, дачка Матвея і Марыі, нарадзілася 30 жніўня 1902 г., украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Жылко Таццяна, дачка Сцяпана і Кацярыны, нарадзілася 7 чэрвеня 1901 г. у в. Дуліба Стрыйскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Банась Марыя, дачка Іллі і Еўдакіі, нарадзілася 16 верасня 1898 г. у в. Воля-Даўгалуцкая Стрыйскага павета украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Сянюк Яўгенія, дачка Пятра і Кацярыны, 20 верасня 1896 г. у в. Шчапятын Рава-Рускага павету, украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Когут Цэцылія, дачка Данілы і Ганны, нарадзілася 14 лютага 1903 г. у в. Новіца Калушскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Паслаўская Надзея, дачка Міхаіла і Параскевы, нарадзілася 7 жніўня 1894 г. у в. Кацункоўцы Тарнопальскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 1 мая 1929 г.
- Брыль Марыя, дачка Андрэя і Анастасіі, нарадзілася 1905г. у в. Казоўка Тарнопальскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 20 кастрычніка 1934 г.
- Гойсак Ганна, дачка Панцялеймона і Тэклі, нарадзілася 22 снежня 1907 г. у в. Смарчавіцы Гарліцаўскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 27 ліпеня 1934 г.
- Яворская Ганна, дачка Лукі і Яўгеніі, нарадзілася 5 сакавіка 1908 у в. Ташчоўка Скалатскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 18 кастрычніка 1934 г.
- Зарэмба Вольга, дачка Якава і Марыі, нарадзілася 1913 г. у в. Паўлаў Бяла-Падляскага павета, украінка, грэка-каталічка, прыехала 19 мая 1934 г.
У спісе касцёлаў і духавенства Пінскай Дыяцэзіі за 1939 год ёсць спіс сясцёр Супольнасці "Дзеці Марыі", паводле якога можна зрабіць высновы, што ў 1939 г. у Зарэччы працавалі сястра Ганна Замейка, сястра Надзея Паслаўская, сястра Агата Пятроў, сястра Макрына Брыль, сястра Еўфрасіня Кушвара, а таксама паслушніцы Цэцылія Когут, Кацярына Саварын, Таццяна Жыўка. Ігуменней Супольнасці на той час была сястра Марыя Банась [3, s.172].
Варта сказаць тут і пра духоўнага апекуна Супольнасці Сясцёр Місіянерак "Дзеці Марыі" святара а. З. Каленюка. Нарадзіўся Зянон Каленюк 20 сакавіка 1887 г. у вёсцы Даўгалукі Стрыйскага павета Станіслаўскага ваяводства. Скончыў гімназію і грэка-каталіцкую семінарыю. У 1932 г. а. З. Каленюк біскупам Пінскай дыяцэзіі З. Лазінскім быў прызначаны парахам у грэка-каталіцкай парафіі ў Зарэччы Лемяшэвіцкай гміны Пінскага павета. Пра заснаванне уніяцкай парафіі адміністрацыйныя ўлады не былі паведамлены [2, арк.13]. Айцец Каленюк спалучыў працу параха парафіі ў Зарэччы і функцыю візітатара уніяцкіх парафій на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі [2, арк.16]. Таксама а. Каленюк выкладаў у рымска-каталіцкай семінарыі ў Пінску. Набажэнствы а. Зянон Каленюк праводзіў не толькі ў в. Церабень, дзе знаходзілася манастырская капліца, але таксама ў суседніх вёсках. Так, напрыклад, паведамляў палескаму ваяводзе пінскі стараста В. Болдак: "8 мая 1932 г. а. Калянюк правёў літургію ў в. Хойна Лемяшэвіцкай гміны. На набажэнстве прысутнічалi каля 200 асоб, пераважна з вёсак Стайкі і Жытча. Пасля літургіі а. Каленюк паклікаў прысутных пацалаваць крыж, што было сімвалам прыняцця уніі. Крыж пацалавалi каля ста чалавек, пераважна з в. Стайкі. Цікавы той факт, што сярод жыхароў в. Жытча, якія былі на набажэнстве, большасць належыць да баптыстаў" [2, арк. 1]. Таксама стараста пінскі В. Болдак адзначаў, што жыхары вёсак Хойна і Стайкі звярталіся ў Курыю Пінскай дыяцэзіі, каб у в. Хойна накіравалі на пастаянную працу уніяцкага святара [2, арк. 2].
Мясцовая адміністрацыйная ўлада была занепакоена украінскай дзейнасцю а. З. Каленюка. Так, у адміністрацыю Палескага ваяводства ішлі рапарты, што а. Каленюк і манахіні карыстаюцца украінскай мовай, што а. Каленюк пастаянна атрымлівае украінскія часопісы: "Мета", " Руський Голос" і "Земля і Воля". Паведамлялася, што а. Каленюк збіраў сялян, зачытваў ім артыкулы з часопісаў, дзе тлумачылася, якім чынам трэба дабівацца зніжэння падаткаў [2, арк 19].
З архіўных матэрыялаў вядома, што ў 1934 г. парафія ў Зарэччы была невялікай і налічвала 50 вернікаў. Але ў капліцу на малітву прыходзілі не толькі уніяты, але і праваслаўныя. Як паведамляе аўтар артыкула "Місіянеркі "Дзеці Марыі" ў часопісе "Oriens" (1934 г., нумар 3) А. Смеян, некаторыя праваслаўныя хацелі б далучыцца да каталіцкай Царквы, але іх стрымлівала тая акалічнасць, што няма храма, а была толькі капліца: "Сёстры нічога не маюць і могуць у любую хвіліну са сваім парахам з'ехаць, а што мы будзем рабіць, калі станем уніятамі? Іншая справа, калі б была святыня", – гэтак абгрунтоўвалі вяскоўцы сваё стаўленне да Уніі [5, s. 77]. Сёстры-манахіні гэтую праблему разумелі, але перад тым як распачаць пабудову храма, яны павінны былі разлічыцца з даўгамі.
Прыход Саветаў, а пасля вайна з немцамі прыпынілі дзейнасць адзінага на Палессі жаночага унiяцкага манастыра. У савецкія часы на месцы, дзе некалі знаходзіўся манастыр Сясцёр Місіянерак "Дзеці Марыі", пачалі здабываць пясок, што пераўтварыла востраў на рацэ Струмень у кар'ер, які запоўніла вада. Падчас палявых даследаванняў вясковыя старажылы в. Церабень расказалі пра тое, што некалькі грэка-каталіцкіх сясцёр, магчыма, да сярэдзіны 1980-х гг. жылі ў Пінску. Палявыя даследаванні ў Пінску пацвердзілі гэтую інфармацыю, паводле якiх стала вядома, што манахіні жылі ў доме на вуліцы Мінскай у Пінску каля касцёла св. Карла Барамея. Жыхыры, якія цяпер жывуць на гэтай вуліцы, памятаюць чатырох манахінь (а імёны толькі дзвух – Кацярына і Люцыя), расказалі, што яны працавалі прыбіральшчыцамі ў гідрамеліаратыўным тэхнікуме і гадавалі жывёлаў, адна з сясцёр заўсёды насiла манаскі габіц. Праўдападобна, што гэта была с. Кацярына Саварын, якая пахаваная на могілках пад Пінскам у вёсцы Сэрнычкі. Апошняя з манахінь Люцыя (напэўна с. Цэцылія Когут) памерла ў 1990 годзе. Можна зрабіць здагадку, што пасля вайны ў Пінску існаваў патаемны грэка-каталіцкі жаночы манастыр.
Літаратура
- Гарошка Л. Праз навальніцы й нягоды. Успаміны з гадоў 1930-1944. Фрагменты // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк,1999.
- ДАБВ ф. 1, воп.10, спр. 2337.
- Elenchus ecclesiarum et cleri dioecesis Pinscensis, Pinsk 1939.
- Ossendowski F.A. Polesie. Poznań,1934.
- Smiejan A. Misjonarki Dzieci Marii // Oriens. nr 3. 1934.
Анастасiя Iльiна
|