Александр Савіч
Матэрыялы Расійскага Дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі як крыніцы па гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гг.
Істотнае ўдасканаленне айчыннай гістарыяграфіі гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гг. на працягу 1990-2000-х гадоў з пункту гледжання крыніцазнаўства адбывалася за кошт увядзення ва ўжытак дакументаў айчынных архіваў, якія раней знаходзіліся на сакрэтным захаванні і ў сувязі з лібералізацыяй айчыннага архіваводства сталі даступнымі для вывучэння, а таксама матэрыялаў польскіх архіваў, у якіх актыўна працавалі беларускія гісторыкі. Аднак пазбаўленымі іх ўвагі засталіся расійскія архівы, у першую чаргу відавочна з-за арганізацыйна-фінансавых цяжкасцей, з-за чаго адпаведныя масівы дакументальных крыніц не былі інтэграваны ў навукова-даследчыцкі працэс вывучэння гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гг. Таму на сучасным этапе развіцця айчыннай гістарыяграфіі заходнебеларускай гісторыі актуалізацыю набываюць дакументы архіваў Расійскай Федэрацыі, якія павінны садзейнічаць істотнаму ўдакладненню разнастайных фактаў заходнебеларускай тэматкі. У першую чаргу гэта тычыцца Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДзАСПГ), які ў розныя гады меў назвы Архіў Камінтэрна, Цэнтральны партыйны архіў Інстытута марксізма-ленінізма пры ЦК КПСС і інш. Знаёмства з фондамі і дакументамі гэтай установы, велізарная колькасць якіх не атрымала ўвагі з боку гісторыкаў, дазваляе істотна пашырыць крыніцавую базу гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гг., значна ўдакладніць яе разнастайныя аспекты, асабліва праблематыку камуністычнага руху. Гэта тычыцца матэрыялаў вопісу Цэнтральнага бюро літоўска-беларускіх арганізацый фонда ЦК КПСС (Ф. 17. Воп. 63), Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду (КУНМЗ) (Ф. 529. Воп. 1-4), Кампартыі Заходняй Беларусі (Ф. 495. Воп. 129), Камуністычнай партыі Польшчы (Ф. 495. Воп. 124) і яе Прадстаўніцтва пры Выканкаме Камінтэрна (Ф. 495. Воп. 123) і інш.
Неабходна адзначыць, што не губляюць сваёй актуальнасці матэрыялы вопісу 162 "Протоколы заседаний Политбюро ЦК ВКП(б). "Особая папка"" фонда 17 ЦК КПСС, часткова апублікаваныя ў выглядзе асобнага зборніка1. Прынцыпова неабходна дадаць, што названыя матэрыялы ўяўляюць сабой не арыгіналы поўных пратаколаў пасяджэнняў Палітбюро ЦК УКП(б), а іх копіі, адпаведным чынам апрацаваныя, што відавочна зніжае іх рэпрэзентатыўныя магчымасці, але не пазбаўляе высокай ступені навукова-даследчыцкай прываблівасці2.
Асабліва актуальнай і перспектыўнай для далейшага навуковага асэнсавання з'яўляецца тэма арганізацыі беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў наладжванні антыпольскага змагання ў 1919-1923 гг. Недастаткова даследаваная, гэтая тэма мае крыніцавы падмурак для паглыбленага асэнсавання на падставе ўважлівага вывучэння фондаў Цэнтральнага бюро літоўска-беларускіх арганізацый Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў (РКП(б)). У вопісе 63 фонда ЦК КПСС утрымліваюцца 132 адзінкі захавання за 1918-1923 гг. Аснову матэрыялаў складаюць пратаколы ўсерасійскіх, абласных, губернскіх канферэнцый камуністаў Літвы і Беларусі, пасяджэнняў бюро Літоўска-Беларускіх секцый пры ЦК РКП(б), абласных, губернскіх і павятовых камітэтаў бальшавіцкай партыі, цыркуляры, даклады, справаздачы і перапіска з кампартыямі Літвы і Беларусі, з аддзеламі ЦК партыі, партыйнымі, савецкімі, вайсковымі арганізацыямі. Дакументы раскрываюць партыўную, агітацыйна-прапагандысцкую, культурна-асветніцкую, выдавецкую дзейнасць беларуска-літоўскіх секцый РКП(б), дзейнасць па падрыхтоўцы і расстаноўцы кадраў, змяшчаюць інфармацыю аб колькасці беларускага і літоўскага насельніцтва на тэрыторыі РСФСР па губерніях, ілюструюць асаблівасці і канкрэтыку фінансава-гаспадарчых пытанняў. Асабліва прыцягваюць увагу рознага кшталту спісы выхадцаў з беларуска-польска-літоўскага памежжа, якія разглядваліся ў якасці кандыдатаў на партыйна-дзяржаўныя пасады, кіраўнікоў, арганізатараў і ўдзельнікаў антыпольскай барацьбы, а таксама арыгіналы афіцыйных дакументаў у выглядзе мандатаў, пасведчанняў, рэгістрацыйных карткаў беларусаў і літоўцаў - членаў і кандыдатаў РКП(б).3
Так, напрыклад, архіўныя справы захоўваюць цэлыя спісы па некалькі дзясяткаў і нават сотняў чалавек, у асноўным чырвонаармейцаў, якія аказаліся запатрабаваныя ЦК ЛітБел. У прыватнасці, датаваная вераснем 1919 г. - студзенем 1921 г. архіўная справа паказвае вялікую зацікаўленасць правядзення адпаведных антыпольскіх мерапрыемстваў, змяшчае ліст В. Міцкевіча-Капсукаса ва ўлікова-размеркавальны аддзел ЦК РКП(б): "Ввиду крайней необходимости в партийных работниках для освобождения Литвы и Белоруссии из под польской оккупации прошу откомандировать в распоряжение последнего следующих лиц…". Да ліста дадаецца спіс з 16 чалавек з беларускімі, літоўскімі і польскімі прозвішчамі4. Наступны спіс са 157 чырвонаармейцаў з указаннем вайсковых частак і месца нараджэння, часу ўступлення ў партыю. Паводле дакумента, фігуранты гэтага спіса - ураджэжнцы Гродзенскага, Лідскага, Ваўкавыскага, Шаўлінскага, Вількамірскага і іншых паветаў беларуска-польска-літоўкага этнакультурнага памежжа. Як правіла, у спісах пераважалі асобы з беларускімі прозвішчамі, у прыватнасці, у чарговым спісе з 21 чалавека, у якім дадаткова ўказана родная мова, 13 чалавек паказалі роднай беларускую мову5.
Сярод інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў дакументах вопісу Літоўска-Беларускіх бюро, прысутнічаюць звесткі аб разнастайнай дзейнасці па вырашэнні арганізацыйна-кадравых пытанняў, каардынацыі дзеянняў разнастайных партыйных і дзяржаўных савецкіх органаў у рэчышчы беларуска-літоўскага супрацоўніцтва вядомых дзеячаў літоўскага камуністынага руху, такіх як А. Ангарэціс, В. Міцкевіч-Капсукас, В. Сербента, Федаровіч і інш6.
Арганізацыйна-кадравыя аспекты дзейнасці Літоўска-Беларускіх секцый РКП(б) асаблівую цікавасць уяўляюць для навуковага асэнсавання ўзаемаадносін паміж камуністычнмі беларускімі і літоўскімі грамадска-палітычнымі сіламі па арганізацыі антыпольскага змагання ў 1919-1923 гг. У гэтым сэнсе неабходна мець на ўвазе мэтанакіраванае жаданне савецкіх партыйна-дзяржаўных дзеячаў штучна ўзмацняць кадры літоўскага руху за кошт прадстаўнікоў іншых этнасаў, у першую чаргу беларусаў, якіх з-за меўшых яшчэ тады месца традыцый выяўлення свайго этнічнага паходжання як літоўцаў-беларусаў лёгка запісвалі ў літоўцаў балцкага паходжання. Відавочна, што многія з былых беларусаў, якія на пабытовым узроўні валодалі элементарнымі навыкамі маўлення па-літоўску, сталі з цягам часу прадстаўнікамі адпаведнай грамадска-палітычнай плыні. У прыватнасці, як пацвярджэнне гэтага можна прывесці прыклад У. Міхайлоўскага, 1889 года нараджэння, г. Сувалкі, які ў анкеце для членаў і кандыдатаў у члены РКП(б) сваю нацыянальнасць красамоўна назваў "літовец-беларус".7 Справадліва выклікаюць сумненні адносна літоўскасці многіх іншых фігурантаў справаў, прозвішчы, імёны і імёны па бацьку якіх з'яўляюцца відавочна не літоўскімі, а хутчэй беларускімі. Напрыклад, нацыянальнасць і родная мова ўраджэнца Свянцянскага ўезда Віленскай губерні Кіпрыяна Пятровіча Басяка 1886 г. нараджэння паказаны як "літовец" і "літоўская".8 Гэта тычыцца і В. Сербенты, асабістая анкета якога падае яго дадзеныя па ўсходнеславянскай традыцыі "Сербента (Тайра) Виталий Андреевич 1895 г. рожд., Литва, Сувалк. губ. Мариямпольск. уезда, гмина Гудель, дер. Рековяшки", але "литовец" і "родной язык - литовский".9 Магчыма і нядзіўна, што з цягам часу, скарыстаўшыся магчымасцю, В. Сербента вырашыў вярнуцца ў звыклы для яго этнакультурны асяродак, прыехаў у Беларусь і займаў у БССР высокія партыйна-навуковыя пасады.10
Пра адпаведную практыку верагодна мэтанакіраванай этнічнай трансфармацыі з-за патрэб бальшавіцкай справы можна гаварыць і ў дачыненні да этнічных палякаў, якія па заданні партыі пераўтвараліся ў літоўцаў. Так, паводле М. Арэхвы з'явіўся "молодой литовский коммунист П. Банулявичус. Что он тогда прибыл в Вильнюс из Литвы это точно. Но по национальности он был поляк"11
Вялікае значэнне ў крыніцавай структуры заходнебеларускай тэматыкі маюць матэрыялы Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве (Ф. 529. Воп. 1-4), у якім была наладжана падрыхтоўка кадраў дзяржаўных і партыйных органаў, а таксама ўдзельнікаў камуністычнага падполля Заходняй Беларусі. Існавалі асобныя нацыянальныя сектары, у тым ліку беларускі, польскі, яўрэйскі і літоўскі.
Актуальнасць і навуковая значнасць адпаведных дакументаў пацвярджаецца адсутнасцю манаграфічнага даследавання па гісторыі Беларускага сектара КУНМЗа. Сярод вялікага масіва дакументаў прыцягваюць увагу справаздачы, даклады аб рабоце Беларускага сектара, пратаколы студэнцкіх сходаў, спісы выкладчыкаў і студэнтаў з указаннем асноўных біяграфічных звестак, інфармацыя пра арганізацыю вучэбнай і ідэйна-палітычнай работы, пра паспяховасць і прафесійную прыгоднасць навучэнцаў12.
Знаёмства з дадзенымі дакументамі дазваляе скласці сістэмнае ўяўленне адносна дзейнасці КУНМЗ і яго Беларускага сектара па падрыхтоўцы патрэбных спецыялістаў, пачынаючы ад арганізацыі ўступнай кампаніі па прыёме ва ўстанову, забеспячэння матэрыяльна-тэхнічных умоў навучання і побыту студэнтаў, пражывання і працы выкладчыкаў, арганізацыйных і вучэбна-метадычных аспектаў, палітыка-прапагандысцкіх прыярытэтаў вучэбна-выхаваўчай дзейснасці ўстановы. У прыватнасці, фонды ўтрымліваюць правілы і ўмовы прыёму ў КУНМЗ на 1928-1929 навучальны год, у якіх прыведзены звесткі пра асноўныя падыходы да набору ва ўстанову, так званую "развёрстку", паводле якой прымаліся заявы па нацыянальных сектарах ад адпаведных рэгіёнаў краіны (на Беларускі сектар прымаліся кандыдаты ад партарганізацый: ЦК УКП(б), Смаленскай, Вялікалукскай, Бранскай, а таксама Сібрайкаму). Крыніцы вызначаюць пэўны аб'ём ведаў па асобных прадметах, патрэбных для паступлення, у тым ліку па гісторыі партыі і Камінтэрна, нацыянальнага рабочага руху і СССР, хіміі, матэматыцы, фізічнай геаграфіі, рускай і роднай мовах і інш13.
Апрача гэтага, прыцягваюць ўвагу шматлікія звесткі пра супрацоўнікаў і выкладчыкаў Беларускага сектара, сярод якіх у розныя гады знаходзім А. Ангарэціса, Г. Гарэцкага, П. Горына-Каляду, У. Дубоўку, М. Кудзельку (Міхася Чарота), Ф. Турука, П. Зяньковіча, Паўлюкевіча і інш14. Тут дарэчы будзе адзначыць слабое забеспячэнне кадрамі выкладчыкаў літоўскага сектара, у прыватнасці ў 1928 г. з-за выбрання аднаго з яго супрацоўнікаў Федаровіча (відавочна беларуса) на пасаду вызваленага сакратара Баўманскага райкама партыі літоўскі сектар апынуўся на мяжы "поўнага развалу".15 Пры гэтым варта асабліва адзначыць інфармацыю пра тое, што выкладанне адбывалася на родных мовах навучэнцаў, "вследствие чего непосредственное16 наблюдение за работой преподавателей крайне затруднено, предметные комиссии играют совершенно исключительную роль, являясь единственным средством объединения разноязычных преподавателей и контроля над их работой".17 Натуральна, што на Белсектары выкладанне прадметаў і вядзенне дакументаводства ажыццяўлялася на беларускай мове. Неабходна адзначыць, што пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу кіраўніцтва Белсектара вялікую ўвагу надавала пастаноўцы нацыянальна-культурнай беларускай справы, аб гэтым, як сведчаць матэрыялы архіва, клапаціліся самі навучэнцы Белсектара. Так, 4 красавіка 1925 г. у час агульнага сходу группы "А" І курса Беларускага сектара КУНМЗ сумесна з выкладчыкамі была ўхвалена неабходнасць больш пільнай увагі да беларусізацыі навучання і выхавання18.
Паколькі на Белсектары атрымлівалі адукацыі выхадцы з Беларусі - прадстаўнікі розных этнічных груп, то дакументы ўтрымліваюць змястоўную інфармацыю як пра арганізацыю этнакультурнага жыцця, так і пра канфліктныя выпадкі на міжэтнічнай глебе. Так, на агульным сходзе Белсектара 26 чэрвеня 1925 г. апрача іншых пытанняў разглядвалася заява студэнткі Лібман, якая скардзілася на тое, што студэнты-беларусы "…относятся к ней не по товарищески, а со взглядами как к еврейке. Вообще отношение ко мне со стороны студентов юдофобское, и обращение ко мне самое грубое. …некоторые т.т. обращаются к тов. Либман с шутками, а тов. Либман принимает их за антисемитизм".19
Што тычыцца непасрэдна заходнебеларускай тэматыкі, то яна вельмі часта праяўляла сябе тым, што многія ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху пасля вяртання з Заходняй Беларусі атрымлівалі накіраванне ў КУНМЗ, і наадварот, выпускнікі ўстановы накіроўваліся на працу ў камуністычнае падполле "крэсаў". Навучэнцы Белсектара, многія з якіх былі выхадцамі з Заходняй Беларусі, цікавіліся становішчам на радзіме, выступалі на мітынгах, сходах, актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні заходнебеларускіх рэалій, хадайнічалі перад рознымі інстанцыямі аб арганізацыі адпаведных кампаній. Так, напрыклад, у 1924 г. "студэнты-закардоньнікі з тав. прывітаньнем" Ласевіч, Карповіч, Дрозд, Дробыш, Дабравольскі, Васілевіч звярнуліся ў ЦК КПЗБ з просьбай "дапамагчы нашаму таварышу Юрэчка вырвацца з панскіх лапаў праз абмен разам з дэпутатам Баранам і інш. таварышамі. …Мы ведаем т. Юрэчку як шчырага працаўніка, стойкага рэвалюцыянера, якім ён сябе і выявіў".20
Прыцягвае ўвагу, у прыватнасці, інфармацыя аб адным з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Л. Родзевічу, які ў 1924 г. быў студэнтаў 1 курса Белсектара КУНМЗ і па просьбе студэнцкай тройкі разам з іншымі аднагрупнікамі па спісе атрымаў ад выкладчыка кароткую характарыстыку аб яго вучэбных поспехах. У матэрыялах фонда знаходзім інфармацю аб ім ад лектара гісторыі Ф. Турука, які наступным чынам характарызаваў свайго вучня: "успевает, недостаточно активен, самостоятельную работу выполняет".21
Больш змястоўнымі і разгорнутымі былі характарыстыкі на членаў партыі, якія складаліся рознымі інстанцыямі КУНМЗа. Ілюстрацыяй можа быць дакумент пад назвай "Список членов и кандидатов РКП(б) второго курса Белсектора Ком-го Ун-та Нац. Мен. Запада с указанием характеристики академич. проверки в 1923/1924 уч. году". Адпаведная характарыстыка была складзена т.зв. "кружковой тройкой" у час акадэмічнай праверкі па выніках навучальнага года:
- ВАЛЕТКО Иван Тимофеевич. Чл. с 1918 г. Успешность вполне удовлетворительная, активен, способен в парт. отношении. Обязанности рядового члена выполняет вполне хорошо. Руководил политкружком на курсе, хороший коллективист и товарищ, дисциплинирован, настойчивое и серьезное отношение к парт. работе.
- КРАВЧЕНКО Илья Петрович. Канд. с 1922 г. Успешность удовлетворительная, активен, способен, вполне усидчив. Парт. работу выполняет, дисциплинирован. Уравновешен. Усидчив. Хороший коллективист, парт. работу выполняет с должным вниманием.
- КОХАНОВИЧ Арсений Матвеевич. Чл. с 1919 г. Успешность хорошая, активен, способности есть, средняя усидчивость, аккуратное выполнение парт. работы, дисциплинирован вполне, коммунистическая психология здоровая, партийную работу выполняет с выдержанностью.
- ВОРОНИЧ Андрей Фомич. Чл. с 1920 г. Успешность удовлетворительная, активен, способен, достаточная усидчивость, партийную работу вполняет - партийный организатор, дисциплинирован, хороший коллективист, выдержанно выполняет партийную работу.
- РОМАШ Антон Федорович. Чл. с 1920 г. Успешность удовлетворительная, активен, средне способен, достаточная усидчивость, парт. работу выполняет по заданиям, дисциплинирован, но вследствие нервности допускается нетактичность, хороший товарищ, выполняет парт. работу настойчиво.
- ЧЕРНУШЕВИЧ Митрофан Иванович. Чл. с 1918 г. Успешность удовлетворительная, активен, способен, усидчив, парт. работу выполняет активно, дисциплинирован, вполне оформившаяся коммунистическая психология, работу партии ведет аккуратно и настойчиво.
- САДОВСКИЙ Василий Федорович. Чл. с 1923 г. Успешность удовлетворительная, активен, способен, усидчивость непостоянная, парт. работу выполняет, дисциплинирован, коллективист, уклонов не наблюдается, аккуратно проводит партийную работу.
- МОРОЗ Куприян Иванович. Канд. с 1923 г. Успеваемость удовлетворительная. Не вполне активен, способность средняя, усидчивость достаточная, как рядовой кандидат работу партии выполняет по заданиям парткружка. Дисциплинирован, уживчив, хороший товарищ. Выполняет аккуратно парт. работу.22
Натуральна, што для даследчыкаў гісторыі рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі асабліва прыцягвальным бачыцца фонд 495, дзе прадстаўлены вопісы з матэрыяламі па гісторыі камуністычнага руху ў Польшчы і ў якім апрача іншых знаходзім вопіс 129 "Компартия Западной Белоруссии. 1921-1938 гг." Па стане на 10 лістапада 1956 г. у гэты вопіс было ўнесена 709 спраў, у тым ліку дзве т.зв. "літарных". Паводле апісання вопісу, 23 жніўня 1961 г. 631 справа была перададзена ў Беларускі філіял Інстытута Маркса-Энгельса-Леніна (Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ), дзе відавочна склала з цягам часу аснову фонда 242п сучаснага Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
На бягучы момант вопіс КПЗБ у РДзАСПГ змяшчае семдзесят спраў, якія несумненна выклікаюць вялікую цікавасць самім фактам іх астаўлення ў Маскве. Так, сярод адзінак захавання вопісу, назвы і змест якіх дастаткова традыцыйна адлюстроўваюць розныя бакі арганізацыйна-палітычнай бальшавіцка-камінтэрнаўскай дзейнасці КПЗБ23, знаходзім дакументы, якія дазваляюць істотна ўдакладніць найважнейшыя тэмы заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху, асобныя гістарычныя факты якіх савецкая гістарыяграфія перакруціла з ног на галаву. Так, напрыклад, паказваючы дзеянні камуністаў-беларусаў па адстойванні нацыянальных беларускіх інтарэсаў ва ўмовах акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі, савецкія гісторыкі называлі іх раскольнікамі і здраднікамі, а гісторыя адпаведнай нацыянальнай фракцыі ў КПЗБ - "сэцэсіі", якая паўстала восенню 1924 г., і сёння яшчэ не атрымала свайго прадметнага аб'ектыўнага даследавання24. Дзеячы гэтай нацыянальнай фракцыі ў КПЗБ рашуча адмаўлялі кіраўніцтва КПП і польскіх камуністаў рэвалюцыйна-вызваленчым рухам Заходняй Беларусі, у якасці галоўнай задачы бачылі неадкладную неабходнасць стварэння незалежнай ад Варшавы, беларускай не толькі па назве, а па сутнасці Кампартыі Заходняй Беларусі, небезпадстаўна выкрываючы іх шавіністычныя імперскія памкненні: "Нужно было дать отпор этому трудно скрываемому польскому шовинизму и империализму, который не может утерпеть даже до революции и отравляет мысли революционеров нашего края".25
Як сведчаць выяўленыя дакументы, прадстаўнікі названай нацыянальнай фракцыі яшчэ нават летам 1925 г. не гублялі надзеі аднавіць адносіны супрацоўніцтва з Камінтэрнам, нягледзячы на тое, што яго Выканкам у пачатку вясны 1925 г., відавочна пад ціскам польскіх камуністаў і прапольску арыентаваных функцянераў КПЗБ, рашуча асудзіў іх дзеянні як раскольніцкія26. Так, удзельнікі т.зв. "сэцэсіі", якія, як паказвае дакумент, стварылі часовы ЦК КПЗБ, на шляху да прымірэння з кампартыяй і Камінтэрнам 30 чэрвеня 1925 г. звярнуліся з тлумачальнай запіскай у Выканкам Камінтэрна, ЦК РКП(б) і ЦК КПБ, у якой даводзілі сваю пазіцыю. Сярод іншага, знаходзім там выказванне аб лаяльным стаўленні групоўкі да вышэйшага бальшавіцка-камінтэрнаўскага кіраўніцтва. Ад Выканкама Камінтэрна, ЦК РКП(б) і ЦК КПБ "раскольнікі" чакалі справядлівага і ўзважанага арбітражнага рашэння, якое не адбылося з-за дэструктыўных паводзін польскіх функцыянераў: "Мы ждали ещё в январе, что наш представитель будет вызван в Москву, что там мирно, по партийному будет разрешен наш начавшийся спор. Но, к сожалению, вышло нечто другое. Один из тех тупоголовых эмиссаров, против деятельности которых мы выступили, привёз нам после ІІІ Съезда (ІІІ з'езд КПП, адбыўся ў студзені 1925 г., рашуча асудзіў "сэцэсію" як раскольніцкую групоўку і заклікаў з ёй змагацца ўсімі сіламі і сродкамі. - А.С.) приказ довольно строго об исключении нашем из партии и о принудительном выселении нас из Западной Белоруссии".27
Але найбольш важнымі і актуальнымі з улікам адсутнасці ў гістарычнай навуцы адпаведных звестак з'яўляюцца падрабязнасці недабразычлівых адносін польскіх эмісараў да беларусаў і дзеянні камуністаў-палякаў, якія падрывалі камуністычны руху Польшчы. "Объяснительная записка временного Ц.К. К.П.З.Б." адназначна паказвае мэтанакіраванасць дзеянняў "польскага шавінізму" па шальмаванні і дыскрэдытацыі беларускіх камуністаў і беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Польскія камуністы ў сваім імкненні не дапусціць усталявання беларускага ўплыву на "крэсах" не грэбавалі відавочна дэструктыўнымі для ўсяго камуністычнага руху прыёмамі, у тым ліку не дазвалялі друкаваць беларускія ўлёткі, забаранялі распаўсюджваць літаратуру беларускіх выдавецтваў, стрымлівалі арганізацыю падпольных друкарняў КПЗБ і нават разбуралі іх28. (Дадзеная інфармацыя пацвярджаецца і дакументамі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь).29 Дакумент падкрэслівае настойлівае жаданне польскіх камуністаў як мага больш трывала кантраляваць Заходнюю Беларусь, стрымліваючы пры гэтым найбольш радыкальныя крокі беларусіх камуністаў, якія б падарвалі польскі ўплыў на "крэсах".
Велізарны пласт разнастайных дакументаў фонда 495 па гісторыі Камуністычнай партыі Польшчы і яе Прадстаўніцтва пры Выканкаме Камінтэрна маюць адпаведна вопісы 124 і 123.
Дакументы Прадстаўніцтва КПП пры Выканкаме Камінтэрна ахопліваюць перыяд 1921-1938 гг. і прадстаўлены 258 адзінкамі захавання. У іх змешчаны пратаколы пасяджэнняў прадстаўніцтва па арганізацыйных пытаннях, фінансавыя справаздачы па гадах, даведкі і пасведчанні, выдадзеныя супрацоўнікам прадстаўніцтва і палітэмігрантам, якія пражывалі ў СССР, паведамленні аб з'ездах і пленумах КПП, аб унутрыпартыйнай і фракцыйнай барацьбе, тэзісы і даклады па розных пытаннях дзейнасці КПП і яго прадстаўніцтва пры Выканкоме Камінтэрна, яго перапіска з Камінтэрнам, ЦК РКП(б) і Польскім бюро РКП(б), губкамамі, МОПРам, Прафінтэрнам, Сялянскім Інтэрнацыяналам, ДПУ, МЗС, іншымі савецкімі міністэрствамі і ведамствамі. Дакументы адлюстроўваюць інфармацыю аб пераводзе членаў КПП у РКП(б), аб прызнанні палітэмігрантамі асоб, якія прыехалі з Польшчы, аб накіраванні на падпольную працу ў Польшчу, лячэнне і вучобу, аб аказанні матэрыяльнай дапамогі сем'ям палітзняволеных, перапіска з рэдакцыямі газет і выдавецтваў аб выданні матэрыялаў і артыкулаў і інш. Акрамя гэтага, у вопісе змешчаны матэрыялы ў выглядзе справаздач, паведамленняў, зводак аб эканамічным і палітычным становішчы Польшчы, аб падзеях грамадска-палітычнага жыцця, правядзенні масавых кампаній і інш.
Заходнебеларуская тэматыка непасрэдна адлюстравана ў перапісцы Прадстаўніцтва КПП з Прадстаўніцтвам КПЗБ пры КПБ па розных пытаннях, якая, у прыватнасці, паведамляе аб пераводзе членаў КПЗБ у УКП(б), аб прызнанні палітэмігрантамі прыбыўшых з Заходняй Беларусі (Справа 143), перапіска прадстаўніцтва КПП з прадстаўніцтвам КПЗБ па гаспадарчых і фінансавых пытаннях (справы 159 і 220), аб дзейнасці арганізацый КПЗБ (справа 245). У справе асэнсавання арганізацыі і ходу шматлікіх праверак і чыстак, якія папярэднічалі рэпрэсіям, вялікае значэнне маюць матэрыялы ў выглядзе дакладных запісак і заключэнняў, статыстычных звестак Прадстаўніцтва КПП аб праверцы палітэмігрантаў з Заходняй Беларусі (справы 228, 235, 248), матэрыялы на былых удзельнікаў партызанскага руху (справа 249).
Насцярожанасць і трывога ідзе ад матэрыялаў прадстаўніцтва сярэдзіны 1930-х гадоў аб актыўнай перасылцы і разглядзе на ўзроўні розных інстанцый асабістых матэрыялаў дзеячаў беларускага руху ў Польшчы. Такім, у прыватнасці, з'яўляецца "Решение комиссии по проверке студентов КУНМЗа Представительства ЦК КПЗБ тт. Глебова, Мотылевой при участии зав. Белсектором КУНМЗа т. Конокотина и т. Петрова от 28.І.-36 г. Ольшевская Ольга - Считать проверенной. Оставить в КУНМЗе". І ў гэтай жа справе маем тэкст тэлеграмы - "молнии": "Минск ЦК КПбБ Кавцевичу. Юрку (А. Альшэўскі, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. - А.С.) задержите до особого распоряжения связи оформлением тчк Подробности письмом Кима Москва Моховая 16 Идельчик". "В связи с разработкой дела ЯСИНСКОГО "Стах" (верагодна, С. Будзінскі, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. - А.С.), просьба прислать нам дополнительно его дело… 21.VІІІ-36 г. Мотылева".30 Відавочна, што апошнія дзве з прыведзеных вытрымак справы з'яўляюцца красамоўнай ілюстрацыяй ажыццяўлення праверкі адпаведных асобаў, якая скончылася трагічна: як вядома А. Альшэўскі і С. Будзінскі ў 1937 г. былі растраляны па абвінавачанні ў варожай дзейнасці.
Недастатковая ўвага айчынных гісторыкаў да пытанняў агульнапольскага рэвалюцыйнага руху патрабуе пільнага погляду на пытанні функцыянавання верхніх эшалонаў польскага камуністычнага руху, які, як было адзначана вышэй, акрамя дэклараваных прыярытэтаў пралетарскага інтэрнацыяналізму, яскрава выяўляў прапольскія нацыянальна-патрыятычныя памкненні. Польскія камуністы шырока выкарыстоўвалі свае арганізацыйныя магчымасці, звязаныя з існаваннем польскай секцыі ў Камінтэрне і магчымасцю патрэбнай пастаноўкі адпаведных пытанняў непасрэдна ў Маскве. Як паказваюць матэрыялы РДзАСПГ, кантралюючы сітуацыю ў БССР і Заходняй Беларусі праз Польсекцыю і Прадстаўніцтва КПП пры Выканкаме Камінтэрна, Цэнтральны камітэт па справах палітэмігрантаў пры ЦК МОПРа, польскія функцыянеры неаднойчы мэтанакіравана падвяргалі апале ўдзельнікаў беларускага, у тым ліку камуністычнага руху, якія былі заўважаны ў кантактах з прадстаўнікамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.31 Многія члены КПЗБ не атрымлівалі вельмі патрэбнай ім у сярэдзіне 1930-х гадоў салідарнай падтрымкі з боку аднапартыйцаў па розных прычынах. "Отказать в признании политэмигрантами: 1) СТАТКЕВИЧУ Андрею Васильевичу, который несмотря на то, что сравнительно долго работал в КПЗБ (с 1928 г.) и около года просидел в тюрьме, по своей работе заслуг для признания полит. эмигрантом не имеет. 2) ГУРСКОМУ Антону Ивановичу, который несмотря на то, что отсидел в польских тюрьмах 7½ лет, плохо держался при аресте в 1928 г., проявил себя как недисциплинированный член партии и революционный деятель, за что исключен из рядов КПЗБ".32
Значна асвятляюць дакументы архіва і працэдуру шматлікіх праверак і чыстак, якім падвяргаліся рэвалюцянеры пасля вяртання з заходнебеларускага падполля. Вусныя і пісьмовыя справаздачы, апытанні і допыты, вочныя стаўкі, абвінавачванні з выкрыццём памылак і шкодных, амаральных паводзін у партыйнай дзейнасці і асабістым жыцці і побыце як у СССР, так і ў падполлі, пры арышце, у час следства і знаходжання ў польскай турме асабліва ўзмацніліся ў 1930-я гг. Удзельнікі гэтых драматычных сцэн супрацьстаяння ўдзельнікаў "разборак" вымушаны былі, з аднаго боку, даказваць сваю невінаватасць, маючы на ўвазе, што прынцыпова важна, сваіх саратнікаў, якія, даючы паказанні на карысць абвінавачанага, могуць быць абвінавачваны ўслед за ім у пакрыванні здрады; з другога боку, ва ўмовах паступовага і няўхільнага ўзрастання напружанасці і падазронасці партыя і адпаведныя структуры контрразведвальнага характару для нівілявання "правакацыі", якая ахапіла арганізацыі КПЗБ у сярэдзіне 1930-х гадоў, абавязаны былі праяўляць "класавую свядомасць і пільнасць". Яркай ілюстрацыяй складанага працэса ўзаемаадносін абвінавачаных і выкрывальнікаў з'яўляецца справа па праверцы Прадстаўніцтвам і Палітбюро ЦК КПП членаў КПЗБ Каўнера і М.М. Словіка33.
У час такіх праверак па лініі розных інстанцый накіроўваліся запыты з просьбай прадставіць дакументальнае пацвярджэнне адпаведных фактаў, якія адбываліся нават у пачатку 1920-х гадоў. У прыватнасці, Л. Аранштам, які ў 1923-1926 гг. знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Заходняй Беларусі па лініі "актыўнай разведкі", фігуруе ў справе аб праверцы палітэмігрантаў у 1937 г. як адказны сакратар ЦК па справах палітэмігрантаў пры выканкаме МОПРа і аўтар ліста ў Беларускае аддзяленне названай арганізацыі ад 4 снежня 1924 г. У ім Л. Аранштам, на падставе паведамленняў літоўскай і польскай секцыі Камінтэрна, выкрывае беларускіх партызан як крэатуру беларускіх нацыяналістаў, створаную пры падтрымцы літоўскіх уладаў, кіраўнікі гэтых атрадаў - белагвардзейцы, вельмі блізкія літоўскай ахранцы. Дакумент звяртае ўвагу на тое, што "…положение с партизанами настолько запутано, в особенности в западной Белоруссии, многие из этих партизан действовали против нас… Одновременно необходимо поставить в известность соответствующие органы для учреждения за всеми прибывшими партизанами САМОГО СТРОГОГО НАДЗОРА...".34
Асабліва гэта тычылася дзейнасці БРА і яе членаў, якія ў пачатку 1930-х гадоў атрымалі статус галоўнай крыніцы нацыянал-апартунізму ў шэрагах КПЗБ. У 1937 г. інфармацыя аб іх была ў чарговы раз запатрабавана для новага вітка рэпрэсій, а персанальныя дакументы Л. Родзевіча, А. Капуцкага, С. Клінцэвіча і інш. выклікалі ўвагу ў адказных асоб адпаведных органаў35.
У матэрыялах архіва знаходзім выніковыя звесткі статыстыкі і аналітыкі аб праверцы ў СССР эміграцыі з Польшчы на 1 сакавіка 1937 г., якая для многіх фігурантаў мела трагічныя наступствы. Так, сярод правераных па КПЗБ 1988 асоб, 146 чалавек было прызначана да высылкі з падтрымкай сувязі з партыяй, без сувязі з партыяй - 971, арыштавана - 151, справы па 208 накіраваны ў адпаведныя органы, памерла - 18 і г.д.36 Больш падрабязная карціна прадстаўлена ў выглядзе аналітычнай інфармацыі "Общие вводы о политэмиграции из Западной Белоруссии" ад 30 чэрвеня 1937 г. пад грыфам "сакрэтна", падрыхтаванай Глебавым (Я.І. Шаломаў), паводле якой "К числу сомнительных и подозрительных отнесены по следующим причинам и следующее количество (сюда входят не арестованные органами НКВД): а) Имевшие связь с белорусскими националистическими контрреволюционными деятелями, в том числе и по их инициативе, приехавшие в СССР - 187 чел. б) Бывшие ученики белорусских гимназий в Польше, присланные в СССР националистами контрреволюц. - 68 чел. в) Сыпачи, т.е. лица выдававшие коммунистов во время ареста или следствия в Польше - 46 чел. г) Подозреваемые в контрреволюцион. шпионско-троцкистской деятельности - 4 чел. д) сомнительные и подозрительные по различным причинам - 169 чел."37
Прыведзеныя дадзеныя, найперш, акцэнтуюць увагу на дзеячах беларускага нацыянальнага руху, як найбольш небяспечных для савецкай улады, але, ад сябе дадамо, і ў дачыненні да акупацыйных намераў Польшчы. Нігілізм у дачыненні да беларускіх нацыянальна арыентаваных дзеячаў узмацняецца наступнай інфармацыяй аб спосабах перакідкі неблаганадзейных элементаў у СССР. "Наиболее широким каналом, через который враждебные элементы проникали в компартию и в СССР, были национальные белорусские организации, белорусская легальная радикальная пресса и белорусские гимназии в Польше. …Установлено, что многих из посылаемых в СССР белорусские националисты даже не прикрывали личиной "преследования в Польше", а просто посылали в СССР под предлогом "продолжать учебу". Агенты польской контрразведки и сотрудничавшие с ней белорусские националисты проникали в белорусские гимназии, вели идеологическую обработку учащейся молодежи и поддававшихся их обработке проталкивали в компартию и комсомол, а также и в СССР. С этой целью в свое время существовала даже …так наз. "польская дорога", через которую бывшие послы и работники т.н. нац. центра сами направляли этих людей в СССР. Следует отметить, что руководство КПЗБ не только не проверяло отправляемых в СССР людей, участвовавших в Польше в нац.-освободительном движении, а передоверило это дело бывшему "нац. центру" и дало ему полномочия решать вопрос об отправке в СССР лиц, связанных с нац. движением. Как впоследствии органами НКВД БССР установлено, эта т.н. "польская дорога" была целиком в руках польской контрразведки". Аўтар гэтага дакумента не стрымаўся ад магчымасці ўзмацніць "злачыннасць" "беларускіх буржуазных нацыяналістаў" іх сувяззю і падтрымкай з боку нацдэмаў у БССР, з дапамогай якіх яны ўладкоўваліся на працу, вучобу, прасоўваліся на больш адказныя пасады ў БССР.38
Як паказваюць матэрыялы справы, падрыхтоўка такога кшталту дакументаў грунтавалася на атрыманых яшчэ ў першай палове 1930-х гадоў звестках, калі прадстаўнікі беларускай навукова-культурнай інтэлігенцыі падпадалі пад прыцэл пільных таварышаў за іх сувязь з беларускімі дзеячамі. Так, Леў Буран, які ў 1934 г. у "Маскве работает аспирантом КУНМЗа… будучи в крае, в свое время работал по линии нац.-освободительного движения. Будучи в СССР, БУРАН, насколько известно, поддерживал тесную связь с бывшими послами Сейма, прибывшими впоследствии в СССР и осужденных теперь за контрреволюционную деятельность. …БУРАН проходит по следственным материалам вышеуказанной нацдемовской группы и в лучшем случае, если сам может и не принимал активного участия в контрреволюционной работе, то вне всякого сомнения многое знал о контрреволюционной деятельности Дворчанина и др. и это скрыл. …мы решили БУРАНА с аспирантуры КУНМЗа снять и считаем также необходимым поставить вопрос о его партийности". Аўтарка гэтай запіскі ў Польскую секцыю Выканкама Камінтэрна ад 13 сакавіка 1934 г. "Елена" ("Езерская", сапр. Р. Вольф), рэпрэсаваная і растраляная ў 1937 г., напэўна добра разумела наступствы такога хадайніцтва, аднак на той момант яна была сярод тых, хто прымаў кадравыя рашэнні і "чысціў" шэрагі "моцна засмечанай дробнабуржуазнымі элементамі" КПЗБ. А наступствы па такой справе не маглі быць іншымі, як у дачыненні да І. Кузміча, які 11 верасня 1933 г. быў арыштаваны ў Мінску "вместе с контрреволюционной группой как их агент в КПЗБ".
Такім чынам, фонды Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі ўтрымліваюць велізарную колькасць дакументаў, якія з'яўляюцца змястоўнымі крыніцамі па гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гг. Знаёмства з дакументамі розных фондаў РДзАСПГ дазваляе зрабіць выснову аб высокай ступені іх рэпрэзентатыўнасці адносна навуковага асэнсавання палітыкі бальшавіцка-камінтэрнаўскага кіраўніцтва ў дачыненні Заходняй Беларусі, гісторыі яе рэвалюцыйнага руху, пытанняў падрыхтоўкі кадраў, арганізацыі і функцыянавання камуністычнага руху, у тым ліку матэрыяльна-фінансавых аспектаў, па праблемах ўзаемаадносін у ім розных нацыянальна арыентаваных партыйных арганізацый, палітычных дыскусій і фракцыйнай барацьбы. Асаблівую актуальнасць маюць дакументы, якія садзейнічаюць стварэнню сістэмнай карціны арганізацыі і ажыццяўлення шматлікіх праверак і чыстак, якім падвяргаліся члены КПЗБ на розных узроўнях партыйных і дзяржаўных органаў.
Примечания
- Материалы особой папки Политбюро ЦК РКП(б) - ВКП(б) по вопросу советско-польских отношений. 1923 - 1945. - М.: Институт славяноведения и балканистики РАН, 1997. - 74 с.
- Российский государственный архив социально-политической истории (РГАСПИ). - Ф. 17. Оп. 162. Д. 1. Протоколы №№9-90 заседаний Политбюро ЦК РКП(б) за 31 мая 1923 г. - 15 мая 1924 г. Копии. 55 л.; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 162. Д. 2. Протоколы №№1/1-оп-94/73-оп заседаний Политбюро ЦК РКП(б) за 3 июня 1924 г. - 10 декабря 1925 г. Копии. 207 л.; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 162. Д. 3. Протоколы №№1/1-оп-56/43-оп заседаний Политбюро ЦК РКП(б) за 7 января - 30 сентября 1926 г. Копии. 126 л. і інш.
- РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 1. Переписка Центрального Бюро Литовско-Белорусских секций при ЦК с компартиями Литвы и Белоруссии, с отделами ЦК и др. о командировании на нелегальную работу в Литву и Белоруссию, об отправке беженцев-литовцев на родину, об обмене заложниками; анкеты, списки литовцев-членов РКП(б) и др. Август 1918 г. - Январь 1921 г. 207 л.; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 4. Отчеты, доклады Центрального Бюро Литовско-Белорусских секций при ЦК РКП(б) о партийной, агитационно-пропагандистской, культурно-просветительской, издательской деятельности бюро, о работе литовских совпартшкол, литовского подотдела Наркомнаца и др. Октябрь 1919 г. - Октябрь 1921 г. 67 л.; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 5. Переписка Бюро Литовско-Белорусских секций ЦК РКП(б) с отделами ЦК, партийными, советскими организациями и отдельными лицами о перемещении работников, посылке на учебу; списки членов и кандидатов РКП(б) 35 стрелковой дивизии, уроженцев Литвы и Белоруссии; мандаты и удостоверения, выданные Бюро и др. Январь 1919 г. - Декабрь 1920 г. 373 л.; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д.16. Регистрационные, личные карточки, анкеты на членов РКП(б) уроженцев Литвы и Белоруссии, удостоверения, мандаты, отзывы на отдельных лиц; списки членов РКП(б), мобилизованных на партийную работу в Литву и Белоруссию и др. Сентябрь 1919 г. - Январь 1921 г. 356 л. и др.
- РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д.16. Л. 23.
- Там сама. Л. 17-21, 24.
- РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 1; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 4; РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 5; РГАСПИ. Ф. 17. Оп. 63. Д. 16.
- РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д.16. Л. 35.
- РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д. 1. Л. 25.
- РГАСПИ. - Ф. 17. Оп. 63. Д.16. Л. 31об.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. - Мінск : БелЭН, 1993-2003. - Т. 6. Кн. 1 : Пузыны - Усая / Беларус. Энцыкл. ; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; маст. Э.Э. Жакевіч. - 2001. - С. 292.
- НАРБ. - Ф. 1440. Оп. 3. Д. 1103. Рецензии на работы Б.С. Клейна, С.А. Ваупшасова, И.Г. Новикова (документальная повесть о В.З. Хоружей), Максима Горецкого ("Виленские коммунары"), А. Синилова, А.И. Дробинского ("От Гомеля до Эстремадуры" о Н.Н. Дворникове), А.Ф. Хацкевича (о польских интернационалистах), В.П. Ласковича (о С.С. Панковой), Г.М. Муха-Мухновского ("Пути-дороги"), А. Омельяновича "Зауэр 1149" (о провокаторе Я. Стрельчуке на польском языке) и другие. 1959-1973. Л. 9.
- РГАСПИ. - Ф. 529. Оп. 1. Д. 232. Отчеты, доклады о работе Белорусского. сектора КУНМЗ и протоколы студенческих собраний (подлинники и копии). 13.02.1924 - 30.11.1924. 72 л.; РГАСПИ. - Ф. 529. О. 1. Д. 233. Списки студентов Белорусского сектора КУНМЗ с отметками об успеваемости (подлинники). 14.06.1924 - 19.06.1924. 5 л.; РГАСПИ. - Ф. 529. О. 1. Д. 234. Протоколы приемной комиссии и студенческих собраний Белорусского сектора КУНМЗ. Списки студентов и отчеты о работе сектора (подлинники и копии). 08.02.1925 - 28.12.1925. 59 л.; РГАСПИ. - Ф. 529. О. 1. Д. 235. Протоколы заседаний мандатной комиссии по утверждению характеристик на студентов Белорусского сектора КУНМЗ, характеристики и списки студентов (подлинники и копии). 11.06.1926 - 15.10.1926. 35 л.;
- РГАСПИ. - Ф. 529. Оп. 1. Д. 46. Правила, условия приёма КУМНЗ на 1928-1929 уч. год, развёрстка, запросы и заявления поступающих. Подлинники и копии. 04.04.1928 - 15.09.1928. 58 л.
- РГАСПИ. - Ф. 529. Оп. 1. Д. 9. Переписка ректората КУМНЗ с ЦК РКП(б), с советскими учреждениями и разными лицами по вопросам приёма студентов и укомплектования преподавательского состава университета. 18.01.1922 - 04.12.1924.73 л.; РГАСПИ. - Ф. 529. О. 1. Д. 232.
- РГАСПИ. - Ф. 529. Оп. 1. Д. 9. 54.
- Тут і далей падкрэслена алоўкам у дакуменце.
- РГАСПИ. - Ф. 529. Оп. 1. Д. 9. Л. 55об.
- Там сама. Д. 234. Л. 6.
- Там сама. Л. 11.
- Там сама. Д. 233. Л 5.
- Там сама. Л. 2.
- Там сама. Л. 4.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 129. Д. 102. Документальный материал общества политэмигрантов Западной Белоруссии (2-й экз.). 03.01.1926. 49 л.; РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 129. Д.107. Резолюция 3 конференции КП Западной Белоруссии. 1926. 39 л.; РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 129. Д. 121. Постановления, проекты постановлений Политсекретариата ИККИ (1-й экз). 01.1927. 6 л.; РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 129. Д. 123. Воззвание ИККИ о расколе в КП Западной Белоруссии. 1927. 4л.
- Савіч, А.А. "Сэцэсія" ў КПЗБ у айчыннай гістарыяграфіі / А.А. Савіч // Весн. Брэсц. ун-та. Сер. гуманiт. i грамад. навук. Фiласофiя i логiка. Гiсторыя. Псіхалогiя. Права. Педагогiка. - 2007. - № 3 (30). - С. 23-31; Савіч, А.А. Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі (1921-1939 гады): гістарыяграфія праблемы: манаграфія / А.А. Савіч; навук. рэд. А.А. Каваленя. - Брэст: БрДУ імя А.С. Пушкіна, 2012. - С. 193-194.
- РГАСПИ. - Ф. 495. О. 129. Д. 71. Объяснительная записка, письмо временного ЦК КП Западной Белоруссии (2-й экз.). 30.06.1925. Л. 8.
- Борьба трудящихся Западной Белоруссии за свое социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Документы и материалы: Сб.: В 2 томах; Т. 1. 1921-1929.; сост. В. Н. Жигалов [и др.]; под ред. В. И. Гурского [и др.]. - Минск : Госиздат БССР, 1962. - С. 263-264, 276.
- РГАСПИ. - Ф. 495. О. 129. Д. 71. Л. 1, 20.
- Там сама. Л. 15-16.
- НАРБ. - Фонд 242п. Оп. 2. Д. 12. Переписка секретного отдела Центрального Бюро КП(б) Белоруссии с (уполномоченным отдела в Бресте) о положении в Брестской организации КП(б)Б (17.02. - 17.07.1921 г.). Л. 22-23.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 228. Переписка Представительства КПП при ИККИ с Представительством КПЗБ и КПЗУ о переводе в ВКП(б), о признании политэмигрантами лиц, прибывших из Западной Белоруссии, о проверке студентов Белорусского сектора КУНМЗа, о помощи семьям коммунистов, находящихся в польских тюрьмах и по др. вопросам. 7 января 1936 г. - 28 ноября 1936 г. Л. 24, 41, 46.
- РГАСПИ. Ф. 495. О. 123. Д. 228; Там же. Д. 248. Докладная записка, заключения и статистические сведения Представительства КПП при ИККИ о проверке политэмигрантов из Западной Белоруссии. 1 марта 1937 г. - 26 июня 1937 г. 41 л.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 228. Л. 84.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 229. Постановление комиссии Представительства и Политбюро ЦК КПП по делу членов КПЗБ Ковнера (Яшки), Леонтьева (Словика) и др., с приложениями. 19.04.1936. 43 л. РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 249. Докладная записка и заключения, составленные Представительством КПП и Представительством КПЗБ на бывших участников партизанского движения на территории Западной Белоруссии в 1923-1925 гг., с приложениями. 22.03.1937-05.04.1937. Л. 30.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 254. Списки документов КПП, КПЗУ и КПЗБ, присланных в Представительство КПП при ИККИ, коды и шифры для переписки с ЦК КПП, КПЗУ и КПЗБ. 03.01.1937 - 13.06.1937. Л. 53.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 248. Л. 1.
- Там сама. Л. 12-13.
- Там сама. Л. 13-14.
- РГАСПИ. - Ф. 495. Оп. 123. Д. 206. Переписка Представительства КПП при ИККИ с Представительством КПЗБ о переводе членов КПЗБ в ВКП(б), об устройстве политэмигрантов из Западной Белоруссии и студентов Белорусского сектора КУПМЗ на работу, о присылке материалов 13 пленума ИККИ и 6 съезда КПП и по др. вопросам. 01.01.1934 -22.12.1934. Л. 19, 27, 28.
|