З гісторыі Першамайскай школы
Першамайская школа (раней Блудзенская) вядзе свае вытокі яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. У сувязі з тым, што сяло мела чыгуначную станцыю і дэпо, на пачатку XX стагоддзя ў Блудні існавала двухкласнае міністэрска-прыходскае вучылішча. Пры ім была вучэбная майстэрня, дзе моладзь знаёмілася са слясарнай справай. Адтуль выходзілі слесары, машыністы, памочнікі машыністаў. Да нас дайшлі і прозвішчы настаўнікаў Блудзенскага вучылішча, усяго іх было трое. Гэта старэйшы настаўнік - Ф. Супруковіч, другі настаўнік - А. Шышко і трэці настаўнік - П. Тур.
3 пачаткам першай сусветнай вайны навучальны працэс спыніўся. Жыхары Блудня ўцяклі ў бежанцы, а само сяло было спалена амаль дашчэнту, засталося ўсяго некалькі хат. І толькі пасля вайны, пасля таго, як вярнуліся бежанцы і стала нанава адбудоўвацца вёска, ізноў адчынілася школа. Адбылося гэта ў 1922-23 гг. Пад памяшканне для яе ўзялі ўцалелую, пабудаваную яшчэ да вайны хату (яна захавалася да сённяшняга дня), званую Карусёвай. Чаму Карусёвай? Бо такое імя насіў яе былы гаспадар. Ля дзвярэй новаадчыненай школы прымацавалі шыльдачку з надпісам "Повшэхна школа седэм класов". Вядомыя прозвішчы першых настаўнікаў той школы: Пракаповіч (дырэктар) і Навакоўскі разам з жонкамі.
Трэба яшчэ адзначыць, што навучанне ў школе было бясплатнае і нават прымусовае. Тыя бацькі, што адмаўляліся адпраўляць дзяцей у школу, павінны былі плаціць штрафы.
Умовы навучання з пачатку адкрыцця школы былі цяжкія. З-за адсутнасці парт вучні сядзелі на калодачках, а пісалі на падлозе. Але з цягам часу абсталяванне набывалася, колькасць вучняў таксама павялічвалася. I ўжо тры школьныя пакойчыкі не маглі іх умясціць, нягледзячы на тое, што заняткі вяліся ў дзьве змены. Тады пад школу ў дадатак узялі яшчэ адну хату - Русіну. Але і гэтага аказалася мала. Таму ў 1929 г. на сродкі дзяржавы пачалося будаўніцтва новай цаглянай школы, а ў 1930 г. у ёй ужо пачаліся заняткі. Гэта была 7-класная агульнаадукацыйная школа. Першым яе загадчыкам стаў Захажэўскі, а затым - Калінскі. Пад канец 1938-39 навучальнага года школу перавялі на 6-гадовае навучанне. Здарылася гэта таму, што не ўсе дзеці хацелі і маглі скончыць 7 класаў. Калі хто-небудзь усё ж такі хацеў набыць сямікласную адукацыю, трэба было два гады займацца ў шостым класе па ўскладненай праграме, пасля чаго выдавалася пасведчанне аб заканчэнні сямі класаў. Але такіх вучняў было няшмат.
У школе на той момант працавала шэсць настаўнікаў: Калінскі, Рываньска, Кляма, Жачэк, Захажэўскі, Бабкоўскі (святар, выкладаў 3акон Божы).
Пасля верасня 1939 года, з прыходам новай улады, школа была перайменавана ў няпоўную сярэднюю Блудзенскую школу. Першым яе дырэктарам стаў А.Ф. Ізбыцкі. У школе тады ўжо працавала дванаццаць настаўнікаў. Заняткі працягвадіся да 1941 года.
У час нямецкай акупацыі будынак школы быў заняты пад камендатуру. А пад школу немцы адвялі вясковую хату. Навучанне ў ёй вялося на ўкраінскай мове, бо ў студзені 1942 года Бярозаўскі раён адышоў да Рэйхскамісарыята Ўкраіна. Настаўнікаў было двое: Макарэвіч В.Я. і Барушка С.Ф. Жыхары Блудня з неахвотай адпраўлялі дзяцей у тую школу і праіснавала яна нядоўга.
У 1944 годзе, адразу пасля вызвалення раена ад немцаў, заняткі ў школе аднавіліся. Першым дырэктарам пасляваеннага часу стаў Рудзін, у 1945 г. яго змяніў Н.Ф. Ярмошын, у 1946 г. дырэктарам стаў Н.С. Шпак і працаваў да 1954 г. Затым пасаду дырэктара займалі: Е.Ф. Соладаў, з 1959 па 1973 гг. В.В. Савельеў, з 1973 па 75 гг. - А.А. Марчук, з 1975 па 94 гг. - С.С. Палейка, з 1994 і па сённяшні дзень - Н.Н. Паўловіч.
У 1971 годзе Першамайская сярэдняя школа пераехала ў новы трохпавярховы будынак.
За 50 год у школе атрымалі адукацыю болей за 1500 выпускнікоў, з ліку якіх у далейшым выйшла шмат выдатных дзеячоў у розных галінах грамадскага жыцця.
М. Сінкевіч
|