Да 600-годдзя Сяльца
Аспекты рэлігійнага жыцця сяла Сялец
Старажытныя жыхары Сяльца з моманту прыняцця хрысціянства былі праваслаўнымі вернікамі. Калі быў пабудаваны першы правасяаўны храм - драўляная Пакроўская царква на сучаснай Папоўшчыне, пытанне яўна рытарычнае. (Папоўшчына - прадмесце каля могілак справа, месца, якое яшчэ і сёння завецца "цвінтар".) Гэтая царква згарэла ў 1915 годзе пад час ваенных дзеянняў. Доўгі час яна была ўніяцкаю. Сёння што-небудзь гаварыць аб яе лёсе ў XIX стагоддзі надзвычай цяжка. Сучасная праваслаўная Успенская царква была пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Месцам яе ўзвядзення стаў разбураны ў час падаўлення паўстання К.Каліноўскага касцёл. Дата ж адкрыцця таго касцёла вядомая - 1471 год.
Працэс разбурэння каталіцкага храма і будаўніцтва на яго месцы праваслаўнай царквы адлюстраваны ў дзвюх паданнях, якія перадаюцца жыхарамі сяла з пакалення ў пакаленне.
Першае паданне гаворыць, што мясцовы ксёндз быў звязаны з паўстанцамі. Неўзабаве рускія ўлады яго выкрылі. І ён пайшоў на адчайны крок - зачыніўся ў храме, падпаліў яго і згарэў разам з ім.
У другім паданні распавядаецца, як па заданню рускіх улад мясцовы жыхар, заўважаны ў крадзяжы снапоў з ксяндзовага поля, дзеля непрыцягнення да адказнасці, згадзіўся запхнуць пад страху хаты ксяндза пару стрэльб. Пасля чаго ксёндз быў арыштаваны і павешаны. Храм разабралі. Але паўстанцы вельмі жорстка адпомсцілі за гэта. Касінеры, прыйшоўшы з Гута-Міхаліна, павесілі праваслаўнага святара і яго цяжарную жонку.
Як бы там ні было, новая царква стала ўзводзіцца тады ж - у 1863 (ці 64-м) годзе. Трэба адзначыць, што 1863-64 гг. - гэта той час, калі па загаду генерала Мураў'ёва на Беларусі пачалося будаўніцтва новых і рэстаўрацыя старых праваслаўных храмаў. Толькі ў Гродзенскай губерніі на гэтую справу было выдаткавана больш за 178 тысяч рублёў. Знешні выгляд усіх гэтых цэркваў вельмі падобны. Завяршылася ж будаўніцтва сялецкай царквы ў 1870 годзе.
Пабудова новага каталіцкага касцёла замест знішчанага пачалася ў 1908 годзе, а першае набажэнства праведзена ў 1912 г. Вернікі-католікі доўгі час не маглі атрымаць дазвол на будаўніцтва. Існуюць розныя версіі, як гэта нарэшце адбылося, але іх агульны змест зводзіцца да аднаго. Вернікі звярнуліся да цара Мікалая II, а той з нагоды нараджэння сына і даў дазвол. Удзячныя жыхары назвалі новы храм у гонар царэвіча - касцёл Алексіего (Аляксееўскі касцёл).
Надзвычай цікавым для нас сёння з'яўляецца матэр'ял, апублікаваны ў 1912 годзе ў газеце "Наша ніва" №32. Яго аўтар, нехта Відавокі, піша аб нашым сяле, а таксама ўзгадвае і будоўлю касцёла. "У самым мястэчку Сяльцы есць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касцёл у стылю готыка - раманскім; ...Будуе гэты касцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус."
Варта дадаць, што не толькі праваслаўныя і каталіцкія храмы былі на тэрыторыі Сяльца. Пасля Другой сусветнай вайны разабралі разбураную снарадам сінагогу. (Яўрэі стала пражывалі ў на-шым мястэчку болей 500 гадоў.) У першай палове XVII стагоддзя, пад час Рэфармацыі, праз дзейнасць Радзівілаў нядоўга існаваў кальвінісцкі збор (царква).
Варта дадаць, што не толькі праваслаўныя і каталіцкія храмы былі на тэрыторыі Сяльца. Пасля Другой сусветнай вайны разабралі разбураную снарадам сінагогу. (Яўрэі стала пражывалі ў нашым мястэчку болей 500 гадоў.) У першай палове XVII стагоддзя, пад час Рэфармацыі, праз дзейнасць Радзівілаў нядоўга існаваў кальвінісцкі збор (царква).
Што тычыцца нашага стагоддзя, праваслаўная царква функцыянавала пры Польшчы (1921-1939 гг.), у час нямецкай акупацыі і пры Савецкай уладзе. Касцёл жа быў зачынены Саветамі і ператвораны ў склад для зерня, газавых балонаў. Сёння ён адрамантаваны і працуе ізноў.
Застаецца адзначыць, што не трэба ўсю віну ўскладаць на ўладу. Разбурэнне цвінтара старой праваслаўнай, затым уніяцкай і зноў праваслаўнай царквы, выпас жывёл, затоптванне магіл пахаваных там святароў (кажуць, усяго было 7 магіл, а яшчэ магіла 3-гадовай княжны Гагарынай Тамары - дачкі земскага начальніка ў Сяльцы ў 1908-1911 гг.(?) князя Гагарына А.В.). А лёс яўрэйскіх могілак (дзе тыя надмагільныя камяні-помнікі, га?), як і агароджы вакол каталіцкіх могілак. А наўмысны падпал капліцы там жа? Гэтыя варварскія ўчынкі цяжкім камянём ляжаць на душах самых жыхароў. Улады тут ні пры чым. Ім было ўсёроўна, але не людзям, веруючым. Чаму ж яны былі абыякавыя, калі не сказаць больш?..
Сёння ідзе працэс адраджэння традыцый. Ідзе цяжка. Часцей больш па форме, чым па зместу. Паэт, што напісаў наступныя радкі, дзесьці мае рацыю:
А вера лупіць у набат
І рэхам коціцца: пачуйце!
А міма храма люд цячэ Без шчасця, радасці і веры. Зразумела, што час адбіўся на псіхалогіі людзей. Яе можна адлюстраваць наступным сказам: "Бога няма і можна рабіць усё." За прайшоўшыя дзесяцігоддзі яна развілася, пусціла карані. Ці чакаць нам якіх змен? Спадзяемся на час.
М. Пейган
|