Выбраныя артыкулы з газеты
"Наша Ніва" за 1910-1912 гг.

* * *

М. Здзітава, Слонімск. павету, Гродз. губ. Наш беларус, дзякуючы таму, што ён цёмны, ня можэ сабе памагчы у малой бядзе, адно чэшэ патыліцу і ўздыхае, а як прыйдзе вялікая бяда, то ён на Бога жаліцца, што яго за грахі пакараў. С трох старон нашэ Здзітава акружаюць голые сыпучые пяскі, каторые разносяцца ветрам і засыпаюць сенажаці і агароды. Калісьціка на тых пясках, як кажуць старые людзі, рос лес, але здзітаўцы яго да шчэнту зрубалі, і цяпер на гэтым мейсцы пустыня - Сахара. Як падыймецца вецер, то за пяском сьвету Божаго не відаць, хоць на двор не выхадзі: вочы засыпе. Дзе колькі лет таму назад сеялі жыта, садзілі бульбу, цяпер там голы пясок і нічога не расьце; грудавые сенажаці каля тых пяскоў да шчэнту засыпаны, ано ад пяску бялеюць. Многа раз я ім раіў, каб яны прыгаворам прасілі начальства безплатна выслаць ім шэлюгі (такая верба) засадзіць ёй свае пяскі, дык яны, парадзіўшыся, сказалі, што німа дзе ім авечэк выпусьціць і што як убачыць казна, што у іх расьце шэлюга, адбярэ пад лес гэтые пяскі, і яны тады бяз іх прападуць: казна ня пусьціць жывёлы на іх жэ зямлю.

Ці ёсць такіе цёмные людзі у другіх старонках, як у нас? Гэтай вясны засыпало пяском поля і сенажацей больш, як 200 дзесяцін. А ўсё гэта ад таго, што наш народ цёмны. Пара нашаму народу прабудзіцца, пара пусьціць розум па галаве. У другіх старонках народ змагаецца с прыродай і з усяго умее карыставаць, а у нас адно стогне, скрабе патыліцу і залівае горэ манаполькай. Гэтак жыць ня можна, не на тое галава на вязох, каб на ёй шапку насіць, а каб думаць.

Здзітавец
"Наша Ніва" №21/4, 1912 год

* * *

М. Здзітово, Слонімск. пав. Гродзенск. губ., Нашы здзітоўцы з даўных часоў лічацца горкімі п'яніцамі; на іх нешчасьце у сяле ёсць манаполька, каторая апошніе гады стала таргаваць 12 тысяч рублёў у год. Вясельля спраўляюць тут 5-6 дзён і праз гэты час выпіваюць за 30-40 руб. гарэлкі. Іншы гаспадар у даўгі ўлазіць, а бярэ гарэлку: на хрэзьбіны ідзе так сама вядро-два гарэлкі, а як здарыцца ў хаці якая хвароба, то німа за што паслаць па доктара, і завуць знахароў, шэптуноў. Даўней здзітоўцы далей суседняго села нідзе не бывалі, а як даведаліся аб Амэрыцы, маладзеж і хто толькі меў сілу і здароўе пакідалі свой родны кут, жонку, дзяцей, гаспадарку, ды махнулі за морэ. Ведама, без гаспадара гаспадарка, як кажуць, плачэ, а жонка, робячы адна, ад цяжкай працы траціць здароўе, сілы і ў свой чарод плачэ. Глядзіш, маладзіца, каторая была, як рыжок, за 3-4 гады саўсім далася: адно косьці і скура. Бедные дзеці марнеюць.Чэкае бедная сем'я гаспадара і недажджэцца; дзеці выглядаюць бацькі у вакно і не дачэкаюцца. Так праходзіць колькі лет. Праўда, Амэрыка дае добрые заработкі, калі хто пападзе на добрую работу, шануе сябе, не п'янствуе; тады толькі можэ ён высылаць грошы да дому. Але бывае і так, што п'яніца прапівае у Амэрыцы грошы, а жонка і дзеці чэзнуць з голаду. Грошы сваіх на дарогу у Амэрыку часьцей за ўсё не маюць і пазычаюць на 36 працэнтоў.

Ні мала і такіх ёсць, што, вярнуўшыся з Амэрыкі, ўсе асьмакі, што цяжкім трудом зарабілі, прапіваюць і ізноў уцекаюць у Амэрыку, а сям'ю пакідаюць на Божую волю; жаль агартае глядзець на гэта. Калі-ж наш беларус прыйдзе да розуму, калі ён пачне жыць, як жывуць разумные людзі?

Стары дзед Міхась
"Наша ніва" №8/4, 1912 год

* * *

З Нашаго жыцьця

Хатнія парадкі

Жыцьцё нашэ так ідзе, што яно не дастаўляе нам шчасьця і радасці. Іншы нарэкае на Бога, другі на сваю долю, а трэці сам не знае на што. Адзін вучоны чэлавек казаў, што кожны каваль свайму шчасьцю. Я думаю, што гэта праўда. Нам німа што нарэкаці на Бога а трэба пашукаці прычыну нашай нядолі у чом другом. Перш наперш нашэ нешчасце крыецца у нашай цемнаце і нашай бяспечнасьці: усе жджом ад Бога паправунку нашаго жыцьця. "Калі Бог не дасць шчасьця, то чэлавек нічога не парадзіць", гаворыць наш беларус. Загляніця толькі ў яго хату, ў яго душу, прыглянцеся да яго сямейнаго жыцьця і вы, дарагі чытачу, скажэця, што так жывуць дзікуны. Гаспадыня - цэнтр сямейнаго жыцьця, кіраўнік парадку, строю, ладу, спакойнасьці, любові, пашаны. А ці яна такая? Яна неахайна, ўсё цела яе, асабліва рукі, гразные. У хаці непарадак: лавы, стол, услон, тоўстым слоем гразі пакрыты; хата тры дні часта густа ня мецена, нямытые гаршчкі, міскі, ложкі на лаві цэлы дзень стаяць; адзежа - гандаракі, спадніцы, радюжкі не прыбраны на лавах валяюцца. Дзеці чорные, замурзаные, абарваные. Сама яна цэлы дзень сварыцца з мужыком, дзяцьмі, праклінае іх; мужык не раз яе бье, ды яна не перэстае лаяцца, бо так рабіла яе матка. Ад такой маткі выходзяць сварлівые дзеці і як вырастуць, то робяцца зьвермі, не уважаюць ні бацьку, ні мацеры, ні суседоў, ані старшых бо яны без ўсякаго стыда і павагі. Глядзіш, вышлі сельскіе хуліганы. Што на гэта маці гэтых дзяцей скажэ? Адна ў яе отказка: "Пан Бог пакараў за якіесь грахі". Я не магу здзівавацца, што малые дзеці 7-8 лет заражэны злом зладзейства, ашуканства, лганё, ня ўбойства ўжо увайшло у іх душу і трудна іх перэрабіць г. зн. перэўспітаць. Заложэнные у іх сэрцы благіе прывычкі, наклоннасьці разрастаюцца і выходзіць чэлавек благі. Жыцьцё быстра цячэ і робіцца ўсё трудней і трудней, і каб палепшыць яго, конешне трэба над усім задумывацца, учыцца. Цяпер я скажу пра селякоў, як яны жывуць, каратаюць свой век. Загляніця на яго надворак ў яго клуню і вы, мой дарагі чытачу, не ўбачыця таго, што называецца культурным палепшэнем. Гдзе ня кінь вокам, ўсюды бедната. Сам гаспадар у абарванай сермязі, замузаны, і яда яго - картоплі с постам і чорны хлеб. На мяса, ён кажэ, ў яго німа грошы, на манапольку-ж ён не шкадуе астатняго рубля. У вольны час, калі ў яго німа работы сядзіць у жыда ў карчме і пляце, сам не знае што, або ў карты грае. Так праводзіць наш селянін сваё жыцьцё. Ён жджэ, штобы Пан Бог яму ўсё даваў. Святкаваць ён любіць, для чаго напрыдумлаў многа сьвят.

Што ж трэба зрабіць, каб наш беларус жыў разумна? На гэта ёсьціка адзін адказ. Яму трэба асьветы, навукі, каб ён знаў, хто ён такі.

Стары дзед Міхась
"Наша ніва" №6/2, 1914 год

* * *

В. Спорово, Гродз. губ. Слон. пав. Пескоўскай вол. Нашы селяне часта жаляцца на беднату ды на нехват зямлі. Зямлі мала, гэта праўда. Але беднаці сваёй то вінаваты самі селяне, бо блізка палавіна вёскі займаецца прадажай гарэлкі, працуючы такім спосабам на сваю згубу, ды ешчэ гарэлку прадаюць... ну, згадайце хто?...- дзеўчаты! С кожным годам пашыраецца пьянство і ўсё больш і больш у нас пьяніц. Проці гэтаго што сіл змагаецца сьвяшчэнік Войтовіч, прамаўляючы да сумленьня селян у цэркві, але што можэ зрабіць адзін чэлавек? Каб у суседняй вёсцы Здзітово зачыніць манапольку, то тады пьянство у Спорове і Здзітове зменшылося бы на палавіну. Адна гэта Здзітоўская манаполька выбірае з двух вёсак у год 22 тысячы рублёў. Сколькі-ж на гэты тысячы лягло поту, сьлёз і здароўя?..

Здзітовіч
"Наша ніва" №26/398-399, 1910 год

* * *

З нашаго жыцьця

Да беларусоў-перакінчыкоў
пісьмо у Рэдакцію.

Як можна назваць таго сына, каторы адрэкаецца ад сваей роднай маткі? Мы скажэм: "кепскім сынам". Такога сына чураюцца і ад яго адварачываюцца, бо ён, калі ад сваей маткі адрокся, то ад усяго добраго адрачэцца і да таго прыхіліцца, дзе угледзіць сабе карысць; у яго німа ўжо сумленьня і годнасьці. Такі сын для сваей выгоды гатоў прадаць так сама і чужую бацькоўшчыну.

У адным № "Крестьянина" за гэты год я прачытаў заметку аднаго беларуса з Могілёўскай губ. і дзіву даўся. У гэтай заметцы беларус, трохі навучыўшыся чытаць па расейску і гаварыць папалам з грэхам, сьмяецца над сваей роднай мовай, каторай навучыла яго матка, значыць, сьмяецца і над сваей маткай. Пісулька яго была напісана нелагічна, відаць, што яму цяжка выкладаць свае думкі і вучыцца па ветру нос держаць. Хто чуў, каб англічанін, паляк, жыд, расеец, немец, француз, турак сьмеяўся над сваей мовай; кожны з іх умее гаварыць сваей роднай мовай; яна напамінае яму яго родны кут, ён гардзіцца сваей бацькаўшчынаю. Мова людзей збліжае, зрадняе, дае яму самапазнаньне. Наша беларуская мова даўная; на ей пісаліся каралеўскіе граматы, царскіе указы, ў судох рэшэньня. Досіць заглянуць у старые архівы, каб гэтаму даць веры. Можна знаць усе мовы, але у чэлавека толькі адна родная маці і толькі адна родная мова.

Стыдна тым людзям і таму могілеўскаму беларусу, каторы адрэкаецца ад сваей мовы. Яны здрайцы сваей бацькоўшчыны, а здрайца ведама які чэлавек, яму цэна зломаны грош.

Не чурайцеся, беларусы, сваей роднай мовы, не рабіцеся здрайцамі сваей бацькоўшчыны, а заставайцеся яе вернымі сынамі, тады і чужынцы будуць нас шанаваць.

Верны сын беларусі дзед Міхась
Гродзеншчына
"Наша ніва" №22/4, 1912 год

* * *

З нашаго жыцьця

Кажэ наша беларуская прыказка: "Дзяды зажылі ня мала бяды, а ўнукі дачэкалі мукі". Дзяды нашы жылі ў сваіх курных хатах, займаліся гаспадаркай, а аб Амэрыцы ня ведалі і ня чулі. Хлеба было шмат, і неяк ім жылося спакойна. С кожным годам стала жыць трудней: хлеба не хапае, людзей пабольшало, грошэй німа дзе зарабіць, - адным словам, даражыня стала вёску ціснуць. Наслухаўся наш беларус аб Амэрыцы, аб вялікіх заробках, ды давай туды ехаць. Цяпер усе маладые і здаровые людзі едуць у Амэрыку, пакідаюць сваіх жанок, дзяцей, гаспадарку.

І так ужо завялося, што калі хто і вернецца з Амэрыкі, то доўга не жыве тут: уцякае назад. Бо, праўду кажучы; хаця ў Амэрыцы страшэнная даражыня і дужа цяжкая праца, але жывецца вольна, кожын сабе пан і роўны другім.

Нам не раз даводзілася вясьці гутарку з "амэрыканцамі" (у нас гэтак называюць тых, што пабываюць у Амэрыцы) і чуць ад іх, што бацькоўшчына для іх - мачыха; як толькі ступяць на родную зямельку, то зразу нешта сціснула жалезным абручом і не дае дыхаць; вось і азіраюцца, каб не прылучылася якая бяда... Кожын нечаго баіцца. І з гэтай прычыны, хутка ізноў пакідаюць свой родны край, каторы, апрача гора, нічога ім не дае.

Запраўды, у нас так цяжка жывецца, што страх падумаць, што будзе далей. А ўсё гэта ад таго, што у нас німа навукі; ведама, навука - вялікая сіла, і яна дабывае спосаб да жыцьця, памагае зрабіць добры парадак між людзьмі, прыдумывае добрые законы і т. д. А дзе навукі німа, або мала яе, там бедната, сумнае жыцьцё і людзі жывуць, як зьверы.

Дзед Міхась
"Наша ніва" №42/2, 1912 год

* * *

З Гродзеншчыны

Многа раз прыходзілося мне бяседаваць з вясковымі людзьмі, селянамі і з адным выборшчыкам, каторы быў выбраны с павету у губэрнскіе выбаршчыкі, чаго яны хацелі-бы ад Думы, штобы паправіць сваё жыцьцё. Мае субясёднікі, паскрэбаўшыся у патыліцы (відаць ім трудна было атказаць мне) не зразу мне вось што сказалі: "Трэба для мужыка пазволіць пасьвіць скаціну на казённых лясох безплатна, без білета збіраць ягады і казлякі (грыбы) і каб зняць з гарэлкі акцыз, а то надта дорага."

- А што-ж трэба для тых людзей, што далёка жывуць ад лесу, не зьбіраюць грыбоў ні ягад і не пасуць у лясох скаціны? - спытаўся я у іх.

- Таго ня ведаемо.- Атказалі яны мне.

Мне паказалося, што са мной гавораць ня ўзрослые людзі, а малые дзеці. Зашчымело маё сэрцо цяжкаю больлю. Ня дзіва, што нашы беларусы і другіе думскіе дэпутаты грошы бралі і нічога не зрабілі. Ня дзіва, што яны будучы у Таўрычэскім палацу перэхадзілі на тую старану, дзе ім карысьней было і куды іх рознымі абецанкамі манілі.

Міхась
"Наша ніва" №39/4, 1912 год

* * *

3 Гродзенскай губэрні. Цяжкое жыцьцё нашаго беларуса, а цяжкое дзеля таго, што наш народ цёмны, а ад цемнаты усякае нешчасьце здараецца. У яго і зямліца блага родзіць, хлеба мала, скацінка нішчэмная і не дае малака, і кабылка благая, дзеці мізэрные і мруць, сам ён скура ды косьці, апратка на ём у латах - уся дзіравая, хатка яго сырая, халодная у тры маленькія ваконцы як толькі галаву прасунуці; вечна ён посціц, ўсяго баіцца, перад кожным шапку знімае і нізка кланяецца, а калі здарыцца ў яго цяжкае гора, то на Бога нарэкае, і чухае патыліцу і залівае сваю бяду манаполькаю. А манаполька, як пакуса, ў кожнай вёсцы у баб прадаецца. А захварэе, барані Божэ, ў хаці, хто-колечы, то клічуць знахара, шэптуна, бо дохтара ці хвейчара і з лучынаю, як кажуць, не знойдзеш: на дзьве воласьці адзін хвейчэр, а ў казённай аптэцы, што стаіць у воласьці, усяго знайдзецца на 20 тысяч населеня фунт рыціны, унція хіны, трохі соды і ешчэ чагось. Ня дзіва, што наш цёмны беларус звертаецца да знахароў. Гэтак колькі дзён таму назад ў адной бабы в. Гошэва Кобрынскаго павету захварэло дзіця. Баба, ня доўга думаючы, паехала да знахара ў вёску Жабэр. Знахар быў добры чмут і зумеў бабу адурыць і кажэ: "Земля, мая ты галубка, трэбуе дані і нічога не парадзіш, трэба ей даці, бо ўжо даўно яна брала тое, што ей прыналежыць". Баба спалохалася і стала прасіць знахара памагчы гору, а знахар сваё кажэ. У беднай бабы душа, як кажуць, ў пяткі улезла, халодны пот закапаў па твары, ў вачу сталі слёзы. "Ратуй, лядзюхна!" - застагнала баба, і тыц яму ў руку тры рублі і пляшку гарэлкі. Знахар памарматаў, пашэптаў і кажэ: "Зрабі набога дамавіну дзіцяці". Ад гэтых слоў баба загаласіла. "Цыт, кажэ знахар. У гэту дамавіну палажы асовага кала і закапай на магіліцах. Прыйшоўшы да хаты, скліч людзей, суседоў і выдай баль, як на вясельлю, нічога не шкадуй і ніхай людзі пьюць і ядуць". Баба гэтак і зрабіла, аддала на гарэлку апошніе грошы, напекла мяса і зрабіла баль. Сабраліся суседзі, папілі і паелі ў ахвоту. Ведама, хто адкажэцца ад дармоваго пачастунку. На другі дзень пастушкі угледзілі сьвежу магілу і адзін з іх прасунуў кіём яе. Кій на дзьве пядзі прасунуўся ў сьвежу зямлю і стукнуў ў века дамавіны. Цікавые пастушкі, нічога некажучы, рукамі адграблі пясок, дасталі дамовіну адкрылі яе і за месца трупа дасталі з труны асовага калочка.

Вось ў нашых вёсках якая цемната.

Калі ты наша Беларусь ўваскрэсьнеш, калі цябе асвеціць яснае сонейко навукі, калі ты разарвеш тые ланцугі, каторые многа лет дзержаць цябе ў цемнаце. Я хаця стары чэлавек, але не трачу надзеі, што на нашай сьвятой Беларусі загарыць ясным полымем навука, што сьвет на ўсе цёмные куты загляне і прабудзіць беларусоў ад доўгаго сна. Нам толькі трэба больш школ і навуку на нашай беларускай мове, бо расейская мова, хаця і культурная, але для нас малазразумелая і дзеля гэтаго сельскіе грамацеі не ахвотна чытаюць расейскіе кнігі. Кожная нація любіць сваю мову, свае обычаі і сваю бацькоўшчыну.

Верны сын Беларусі стары дзед Міхась
"Нанш ніва" №27/3-4, 1912 год

* * *

З Гродзенскай губерніі

Колькідзесят лет назад наш беларус, як толькі знялі з яго паншчыну - гваздом засеў у сваім сяле, шчыра прыняўся за сваю гаспадарку і на старану нікуды не адхадзіў, не шукаў сабе заработку. У яго усё было пад рукою: лаза на лапці, дровы дармовые (тады лесу было многа), дзе хацеў, там пасьвіў сваю скаціну, рыбы, усякаго зьвера было пропасць, грыбоў, ягад зьбіраў у лясох колькі хацеў, хлеба у яго было даволі і лішку прадаваў, а зямлі столькі, што і заяц, як кажуць, не абяжыць. Сталі гады ісьці, людзі множыцца, зямлю дзяліць між сынамі. Дзе перш сядзеў на зямлі адзін гаспадар, цяпер там дзесяць, а зямлі не прыбыло. Пяцьдзесят лет прашло сьпячаго жыцьця нашаго беларуса і ён за гэты час нічога яму добраму і карыснаму не навучыўся. Як бацька яго вёў гаспадарку, так і ён цяпер няўмела вядзе і нарэкае на Бога, што ён не дае яму шчасьця. Ад навукі ён уцекаў, як чорт ад крыжа. Бывала прымусам сваіх дзяцей пасылаў у школку; з зямлі выцягіваў апошніе сокі і зноў нарэкаў на Бога, што ён не дае яму ураджаю. Затое наш беларус любіць сьвяты сьвяткаваць: у яго ёсьціка сьвятня столькі цэркоўных, колькі сваіх паганскіх і шмат розных благіх абычаёў і забабоноў, прыдуманых адно на тое, каб выпіць. Радзіны, хрысьціны, пахароны, вясельле спраўляе на колькі дзён; ніводная кабета не абходзіцца без гарэлкі. Купляе што ён, ці прадае, то і тады просіць барыша. А як напьецца, то пачынае сьпеваць, крычаць, лаяцца, біцца, адным словам робіцца шалёным. Траціць грошы, пашану у людзей, здароўе і дарагі рабочы час, каторы, як кажуць англійцы, даражэйшы за грошы. Жыцьцё-ж ідзе сваім чарадом, становіцца мудрэйшым, а нашаму беларусу робіцца усё цяжэй жыць. Пасцьбы і лесу дармо німа, хлеба ніхват, зямля блага родзіць, зарабаткоў німа, сам не прыгатаваўся каб бароцца з жыцьцём, нічому карыснаму не навучыўся. Нешчасьце, беда сталі яго адаўсюль ціснуць. Наслухаўся ён, што у далёкай Амэрыцы зарабляюць людзі грошы і жыцьцё вольнае. Хоць ён прывык да свайго села, але беда яго с села гэтаго гоніць у чужую старану. Ведама, наш беларус грошы, ані якога спосабу не мае, каб паехаць за морэ, хаўрусных банчкоў у нас ешчэ не вткрылі. Як тут рабіць. На яго шчасьце зьявіліся агенты і банкіры, каторые выдаюць яму, за паруку, грошы на трыццаць шосты працэнт. Дзякуючы геткім прыяцелём многа здаровых і маладых беларусоў паехало у Амэрыку. Праўду сказаць, хто шанаваўся у сваім сяле, ня піў, бярог грошы, не гультаіў, той і там зарабляе грошы і высылае жонцы, дзецям, а хто прывык цягнуць гарэлку, то і ў Амэрыцы у таго грошы не трымаюцца; дзеці, жонка і гаспадарка марнеюць, бо за даўгі агентчык прадае апошнюю кароўку. Як наш беларус зьбіраецца у Амэрыку, то ён заклікае да сябе суседзёў на частунак і гэтые пачастункі часамі цягнуцца тры-чатыры дні, і на іх траціцца 10-15 рублёў. Вярнуўшыся з Амэрыкі, калі што прынясе, стараецца паказываць сябе, што ён грашавіты і давай піць і паіць другіх. Паглядзіш, за тры-чатыры месяцы ад паўтысячы не асталося ні шэлега і ізноў пакідае сямью і выежджае у Амэрыку; жонка і дзеці астаюцца галадаць. Вось як наш беларус жыве у сваей нешчаснай долі. Чытач гатоў мяне спытацца, што-ж трэба рабіць каб наш беларус перэмяніў сваё жыцьцё і каб жыў разумна. На гэта ёсць адзін атказ. Трэба даць яму навуку, каб ён ясна пачуваў хто ён такі, каб умеў шанаваць сябе і другіх, каб знаў цэну грашам і часу і умеў с карысьцю пусьціць іх у дзело, а для гэтаго канечна трзба усе сельскіе аднакласные школы перэмяніць у двукласные, у каторых-бы апрача развіцьця, вучылі б сельскай гаспадаркі: палеводзтва, агародніцтва, ветэрынарыі і вучылі бы разам рэмесла. Каб вучыцелі вучылі дзяцей, развівалі іх розум, а каб яны развівалі і душу, самопазнаньне, добрые жаданьня, любоў да працы і да людзей. Трэба каб дзеўчат вучылі граматы і хатняй жаноцкай гаспадаркі, бо шчасьце у сямьі больш бывае ад разумнай і добрай маткі, як ад бацькі. Маці укладае у душу дзіцяці, а не бацька, яна дае фундамэнт духоўнаго жыцьця дзецям і спакойнасць бацькаві. Дурная маці да дурнога навучыць дзяцей і навекі іх пагубіць.

Дзед Міхась
"Наша піва" №41/4, 1912 год

* * *

В. Спорово, Гродз. губ. Слонім. пав. Тры гады мінуло, як спаравецкіе селяне, жадаючы прыкупіць колькі дзесяцін дворных пожней, каторые заходзілі памеж іх лугоў, - залажылі ў гасударственым банку колькі дзесяцін сваей самай найлепшай зямлі (пазычкі выдалі ім усяго па 50 руб. на дзесяціну) і грошы заплацілі. У першым гаду рату у банк (працэнты і частку доўгу) заплацілі акуратна, але за апошніе два гады плаціць адмовіліся кажучы, што гэта с прадвеку іхняя зямля, дык за што-ж за яе ешчэ плаціць? Што не наўгаварываліся, як не растлумачывалі ім, што трэба-ж доўг банку заплаціць, - нічога не памагло. Вось, цяпер банк забраў іхнюю найлепшую зямлю, разьбіў на хутары і прадае па 90-100 руб. за дзесяціну! Ці не ўмешаўся сюды які тракцірны "аблакат", каторы, карыстаючы з людзкой цемнаты, заліваў вочы і набіваў сваю кішэнь мужыцкімі грашамі.

"Наша ніва" №4/70, 1910 год

* * *

М. Здзітово, Слонімскаго павету Гродз. губ. У нашым мястэчку прылучылася нешчасьце, ад катораго пагібло шэсць душ людзей. 7 сенцябра адна баба наварыла казлякоў і імі накарміла мужыка і чацьвёра сваіх дзяцей і сама наелася. На другі дзень усім сталі балець жываты, стало іх рваць. За дохтарам не пасылалі, бо участковы дохтар жыве за 60 вёрст. Паслалі за фелчерам на пяты дзень, і той нічога не памог небаракам. 10 чысла памерлі чацьвёра дзяцей, муж і баба, 12 памерла апошняя дзяўчына. Усе яны памерлі у страшных муках. Зьехаліся два дахтары і знайшлі, што ўся семья памерла ад грыбоў. Перш думалі, што ад халеры, і баяліся захадзіць да хворых; але дахтары успакоілі людзей.

Праезжы
"Наша ніва" №37-38/478, 1911 год

Напісанне і стыль арыгіналаў захаваныя.
Заканчэнне ў наступным нумары.