Ізаляцыйны лагер у Бярозе Картузскай

(што пісала польская прэса)

Што пісала польская прэсаЧэрвень-ліпень 1934 года. Польскі ўрад вырашае заснаваць "Мейсцэ Одособненя" - "ізаляцыйны лагер" для палітычных зняволеных, спадзеючыся такім чынам іх "перавыхаваць". Месцам для новаўтворанага лагера выбрана дагэтуль нікому невядомае, згубленае ў палескіх балотах мястэчка Бяроза Картузская. Гэтая падзея выклікала шчыры інтарэс грамадскасці не толькі Польшчы, але і замежжа. Бяроза адразу набыла сумную славу. Тэма канцэнтрацыйнага лагера становіцца пастаяннай на старонках тагачасных перыядычных выданняў: друкуюцца афіцыйныя паведамленні, спісы зняволеных, у Бярозу накіроўваюцца журналісты, каб уласнымі вачыма пабачыць умовы жыцця вязняў...

Сёння "Гістарычная Брама" прапануе Вам перанесціся туды - у ліпень-верасень 1934 г. і пачытаць, што пісала аб лагеры польская прэса. З гэтых старых газетных артыкулаў цікава даведацца аб атмасферы, якая панавала ў горадзе на той час, а таксама добра відаць, як улада спрабавала схаваць ад грамадскасці свае несамавітыя дзеянні.

І напрыканцы яшчэ нагадаю, што "Гістарычная Брама" ўжо звярталася да тэмы лагера: у №№ 2-4 за 1997 г. былі надрукаваны ўспаміны Ул. Ініцкага "Арышты; Бярэза і Воля", а таксама "Шаптаныя рэфераты" С. Хмары.

Рэдактар


Ізаляцыйны лагер у Бярозе Картузскай

Распараджэнне ваяводы Костка-Бярнацкага

У палескім "Дзённіку Ваяводскім" № 13 ад 7.VII.34 надрукавана чарговае распараджэнне Палескага Ваяводы ад 2 ліпеня 1934 года аб забароне набліжэння да Месца Адасаблення ў Бярозе Картузскай, яго фатаграфавання, а таксама аб забароне зносін з асобамі, зняволенымі ў гэтым Месцы Адасаблення.

"На падставе арт. 108 п. 2 распараджэння прэзідэнта Рэчыпаспалітай ад 19 студзеня 1928 года аб арганізацыі і межах дзейнасці агульнай адміністрацыі, а таксама паўнамоцтваў Ваяводскага Аддзелу ад 26 студзеня 1934 г. загадваю:

1. Забараняецца неправамоцным асобам:
а) пераступанне лініі, што адзначана агароджай з дроту перад Месцам Адасаблення,
б) фатаграфаванне Месца Адасаблення, а таксама асобаў, змешчаных там,
в) мець зносіны ў любой форме з асобамі, змешчанымі ў Месцы Адасаблення.

2. Парушэнне прадпісанняў дадзенага распараджэння падлягае на падставе арт. 111 распараджэння прэзідэнта Рэчыпаспалітай ад 19.01.1928 г. пакаранню ў адміністрацыйным парадку штрафам да 500 злотых альбо арыштам да 14 дзён, альбо абодвум гэтым карам разам.

3. Дадзенае распараджэнне пачынае дзейнічаць з дня апублікавання."

Ваявода Палескі Вацлаў Костэк-Бярнацкі.

Адначасова Палескі Ваявода выдаў для ўсёй грамадскасці папярэджанне наступнага зместу:

Абвяшчэнне

На падставе Дэкрэта пана прэзідэнта ад 17 чэрвеня 1934 г. ў Бярозе Картузскай Пружанскага павету было ўтворана месца Адасаблення для затрыманых разбуральнікаў грамадскага парадку і бяспекі.

Перасцерагаю навакольных жыхароў і прыезджых грамадзян ад якіх-небудзь спробаў усталявання стасункаў з адасобленымі ў абход адміністрацыі Месца Адасаблення, дапамогі ім у магчымых падрыхтоўках уцёкаў альбо ў самых уцёках, а таксама ад усялякіх дзеянняў, што парушаюць палажэнні аб Месцы Адасаблення.

Вінаватыя ў здзяйсненні вышэйпералічаных учынкаў будуць сурова пакараныя ў адміністрацыйным парадку, а ў дадатак могуць быць змешчаны ў Месца Адасаблення як парушаючыя грамадскі спакой і бяспеку, незалежна ад магчымай карнасудовай адказнасці.

Палескі Ваявода Вацлаў Костэк-Бярнацкі.

"Дзённік Віленскі", 13.07.34 г.


Ізаляваныя

У мінулую пятніцу з Варшавы і Кракава адпраўлены першыя транспарты да ізаляцыйнага лагера ў Бярозе Картузскай (каля Брэста над Бугам). Зараз транспарты ў дарозе.

Сярод "ізаляваных" пераважаюць украінцы і моладзь з ONR.

"Ізаляваныя" будуць працаваць на разборцы муроў старога кляштара ў Бярозе Картузскай. Камендантам гэтага лагера стаў падінспектар паліцыі з Познані Ян Грэфнер, які быў калісь камендантам паліцыі ў Радамі.

"Жыце Роботніче", №37, 15.07.34 г.


Вакол Бярозы Картузскай

Супраць адвольнай высылкі. - Прыбаўка да харчавання. - Якія кары? - Інспекцыя.
(Тэлефонам ад нашага карэспандэнта)

Варшава, 16 ліпеня. Панядзелкавая "Дэпеша" піша: "Адміністрацыйныя ўлады ў правінцыях атрымалі рашучыя і строгія дырэктывы па высылцы ў ізаляцыйны лагер. Гэтыя дырэктывы былі неабходныя, таму што ў першыя дні па з'яўленні дэкрэта некаторыя старасты і паліцэйскія спрабавалі ўласнай воляй "расправіцца" з непажаданымі апазіцыйнымі дзеячамі розных груповак. Строгія распараджэнні цэнтральных улад маюць за мэту ўтаймаваць правінцыйныя органы".

Паводле далейшай інфармацыі "Дэпешы", ізаляцыя ў лагеры з'яўляецца поўнай. Ніякіх наведванняў, ніякіх лістоў, ні газет, ні кніжак. Выключэнне складаюць прадуктовыя пасылкі, якія, аднак, падлягаюць суроваму агляду. "Дэпеша" піша: "Сем'і ізаляваных, несумненна, паспяшаюцца з прадуктовай дапамогай сваім блізкім. Рэжым харчавання ў лагеры такі, што гэтая дапамога проста неабходная. 28 грошаў на харчаванне адной асобы штодзённа - гэта ледзь дазваляе набыць 100 г мяса і 50 г тлушчу на тыдзень. Дастаўкай прадуктаў вязням, якія не маюць сем'яў, напэўна займуцца якія-небудзь камітэты. Гэта з'яўляецца наказам прастых гуманных пачуццяў."

Аб карах у ізаляцыйным лагеры "Дэпеша" піша, што існуе іх дзве катэгорыі: пазбаўленне пасылак з прадуктамі і больш суровыя пакаранні, сярод якіх можна выдзеліць змяшчэнне ў карцэр, у будынку якога раней быў парахавы склеп. У лагеры знаходзіццам 120 паліцэйскіх і 20 жандармаў. У мінулую пятніцу начальнік аддзелу бяспекі Палескага ваяводства п. Ралевіч разам з судовым следчым п. Кантрымовічам праводзілі інспекцыю лагера, якая доўжылася некалькі гадзін.

"Газета Роботніча", 17 ліпеня 1934 г.


У ізаляцыйным лагеры

У ізаляцыйным лагеры
альбо здзейсненыя мары.

Украінец 1: Вось і ажыццявіліся нашыя сепаратычлыя памкненні! У.О.Н. заўсёды імкнулася адмежавацця ад палякаў хаця б... калючым дротам.

Украінец 2: Так-так, хто б падумаў, што гэта надыдзе так хутка і ў такіх умовах.

"Кур'ер В. Л."" 18.6.34 г.



Бяроза Картузская можа ўмясціць 1500 асоб

Варшава, 11.07 (тэл. ул. Поль.) Ізаляцыйны лагер у Бярозе Картузскай можа змясціць каля 1500 асоб. Вязні будуць працаваць на будоўлі дарогі з Бярозы да Пружаны. на перабудове казарм, а таксама будуць карчаваць лясы.

Фізічная праца будзе складаць 12 гадзін у суткі. Акрамя гэтага рэгламент адводзіць 2 гадзіны штодзённа на грамадска-дзяржаўнае выхаванне. Уражвае факт, што пры 12 гадзінах вычарпальнай фізічнай працы на харчаванне аднаго вязня прадугледжана толькі 28 грошаў штодзённа.

Калі не ўлічваць таннасці прадуктаў харчавання на Палессі, то сума ў 28 грошаў вельмі малая.

Для аховы вязняў прыслана каля 300 паліцэйскіх, пераважна з паліцэйскай школы ў Жырардаве. Вялікая колькасць паліцэйскіх тлумачыцца цяжкасцямі вартавання вязняў у час лясных работ, а таксама плануемым павелічэннем лічбы арыштаваных.

"Палонія" №350, 12.07.34.