Ад рэдактара
Сёння на старонках нашага дайджэста мы прапануем Вам матэр'ялы аб падзеях паўвекавой даўніны - 1939 года, калі была развязаная Другая сусветная вайна. На жаль, многія нават не ведаюць, што яе пачатак самым непасрэдным вобразам закрануў і жыхароў Бярозаўшчыны, якім са зброяй у руках прыйшлося змагацца той восенню. І ў гэты ж самы час, калі адны нашы суайчыннікі гінулі ў баях, другія папаўнялі шэрагі вязняў сумнавядомага канцлагера ў Бярозе-Картузскай.
Старажытная рымская прыказка гаворыць: "Гісторыя - настаўніца жыцця". Таму мы і павінны вучыцца ў яе, тым больш, што гэта наша гісторыя. Вучыцца, каб больш ніколі не паўтараліся ні войны, малыя і вялікія, ні канцлагеры, чыі б яны не былі, каб не было сярод нас ні палітвязняў, ні інтэрніраваных, ні рэпрэсіраваных. Ад таго, як мы засвоім гэтыя ўрокі, залежыць нашая будучыня.
Акрамя гэтых матэр'ялаў мы вырашылі пазнаёміць Вас з біяграфічнымі звесткамі з жыцця Казіміра Сапегі, які, пабудаваўшы на нашай зямлі картэзіянскі кляштар, унёс значны ўклад у духоўнае і культурна-асветніцкае развіццё рэгіёна.
І яшчэ. Калі ў Вас ёсць нейкія прапановы, жаданне надрукаваць у дайджэсце свой артыкул альбо нейкія цікавыя матэр'ялы, звяртайцеся да нас па кантактных тэлефонах альбо дасылайце лісты.
Мікалай Сінкевіч
|