Да 520 годдзя Бярозы
Урывак скарочанага перакладу доктарскай дысертацыі Ванды Рывіньскай "Бяроза-Картузская - выбраныя раздзелы антропагеаграфіі мястэчка" (выйшла ў Вільні ў 1931 годзе на польскай мове).
...Бяроза-Картузская размяшчаецца на мяжы дзвюх своеасаблівых геаграфічных рэгіёнаў, на якіх мелі месца розныя спосабы гаспадарання, а дакладней - лясіста-лугавы ў даліне Ясельды і земляробчы на Пружанскім плато. Мяжой гэтых дзвюх частак даволі дакладна з'яўляецца рака Ясельда. (Гэтую ж мяжу, магчыма, лічыць мяжой дзвюх моўных дыялектычных зон - заходне-палескай і гродзенска-баранавіцкай груп гаворак беларускай мовы. - К.С.). Пераправіцца на тэрыторыю пушчы, якая з даўніх часоў служыла земляробам з Пружанскага плато месцам, дзе здабывалі яны шматлікія патрэбныя рэчы і будаўнічую драўніну, было цяжка на ўсёй даўжыні Ясельды. У многіх месцах багністыя берагі рабілі раку непраходнай. Тыя месцы, дзе мелася мажлівасць пераправы, мелі вялікае камунікацыйнае значэнне і менавіта тут з цягам часу узнікалі пасяленні. Так на пераправах цераз Ясельду паўсталі мястэчкі Сялец, Хомск і іншыя. На месцы такой пераправы, дзе з боку Броннай Гары набліжана была да ракі сухая выспа, паўстала мястэчка Бяроза-Картузская.
Гістарычны нарыс Першыя гістарычныя звесткі.
Бяроза-Картузская з'явілася досыць позна на гістарычнай арэне. Безумоўна, што момант афіцыйнага заснавання мястэчка папярэджвае доўгая, пакуль невядомая гісторыя Бярозы.
Першыя гістарычныя звесткі аб Бярозе адносяцца да сярэдзіны XV стагоддзя. Знаходзім іх у Каяловіча, які адзначае Бярозу, як спадчынны маёнтак роду Віштартаў-Гамшэяў. У 1477 годзе Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай засноўваюць у Бярозе касцёл Святой Троіцы. Гэты факт заснавання касцёла Гамшэямі падмацоўвае думку, што ў той час Бяроза была ўжо значным населеным месцам. Яно мела вялікае значэнне ў гэтай частцы Заходняга Палесся.
Дакумент заснавання бярозаўскага касцёла, на жаль, не захаваўся... вядома толькі некалькі фрагментаў і вытрымак, якія сустракаюцца ў гаспадарчых паперах кляштара картэзіянцаў. Так у адным з дэкрэтаў Брэсцкага ваяводства ў 1763 годзе меўся запіс.. "У 1477 годзе муж і жонка Гамшэяў у сваім спадчынным маёнтку, які мае назву Бяроза, касцёл і домік свяшчэнніка гэтага касцёла... даравалі і запісалі".
У 1538 годзе бярозаўскі касцёл быў перададзены новым гаспадарам, а менавіта "Ян і Ганна Гамшэі са Здзітава са сваім сынам Станіславам, а таксама дзецьмі апошняга Марцінам, Паўлам, Янам, Ежым са сваімі жонкамі ў Бярозе, нашчадкамі Гамшэяў, у 1537 годзе на алтары бярозаўскага касцёла імянным запісам, замацаваным пячаткай..." "...Бярозу, плошчу з агароджай, поле Рыбака, карчму з арэнднай платай даравалі і запісалі..."
Дакумент дарэння на бярозаўскім алтары мае для нас асаблівае значэнне, таму што ўпершыню сустракаем звесткі аб ім у гістарычных крыніцах, і ён выдзяляе Бярозу як мястэчка.
У адносінах да Бярозы трэба адзначыць, што гэтае мястэчка на мяжы XV-XVI вякоў мела характэрнае гандлёвае адценне, што вынікае з прывілеі Жыгімонта I, вялікага князя Літоўскага і караля Польшчы. (Прывілея - заканадаўчы акт у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і іншых феадальных дзяржавах, якім вялікія князі ці каралі надавалі або падцвярджалі асобныя правы пэўным тэрыторыям, саслоўям, этнічна-рэлігійным групам ці асобам. - К.С.) Гэты дакумент даваў дазвол Мікалаю Гамшэю на правядзенне штотыднёвых таргоў у яго маёнтку Бяроза з пятніцы па суботу, "Біў нам чалом дваранін наш пан Мікалай Гамшэй у тым, каб, па-першае, дазволіць яму ў маёнтку бярозаўскім мець таргі ў пятніцу, згодна ліста яго бабкі нябожчыцы - пані Віштарт, і, па-другое, біў нам чалом, каб гэты торг у Бярозе прадоўжыць да суботы і зацвердзіць на вякі".
Пачынаючы з другой паловы XVI стагоддзя, інфармацыя гістарычных крыніц, якая датычыцца Бярозы, павялічваецца. На жаль, гэтыя звесткі маюць аднабаковую накіраванасць і апавядаюць у асноўным пра дзялёж бярозаўскага маёнтку сярод павялічанай сям'і Гамшэяў.
Не будзем прыпыняцца на доўгай і складанай гісторыі таргоў і маёмасных працэсаў паміж Гамшэямі, можам толькі адзначыць, што ў пачатку XVII стагоддзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадае Бярозу Льву Сапегу, канцлеру Вялікага княства Літоўскага. (Леў Сапега - адзін з прадстаўнікоў магнацкага роду Сапегаў, палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага. Канцлер - начальнік канцэлярыі вялікага князя і паноў-рады, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі, фактычна міністр унутраных і замежных справаў. - К.С.).
Бяроза ўваходзіць у дом Сапегі.
Нядоўгае першае знаходжанне Бярозы ва ўладаннях Сапегі мае для даследвання пэўныя цяжкасці, так як у вядомых нам гістарычных крыніцах не знойдзена дакумента продажу мястэчка ці яго копіі. Згодна паведамлення Марціна Кулікоўскага, служачага бярозаўскага маёнтка ў 50-я гады XVII стагоддзя, гэта (продаж) адбылося ў 1611 годзе. У любым выпадку ўжо ў 1614 годзе канцлер Леў Сапега прадае Бярозу харунжаму Марціну Німіру "сам маёнтак з мястэчкам і ўсёй маёмасцю". (Харунжы - службовая асоба, якая ў час баявых дзеянняў адказвала за баявы сцяг - харугву, праводзіла мабілізацыю адпаведных ваенных злучэнняў. - К.С.).
Але знаходзілася Бяроза ў руках Німіра нядоўга. Апошні не вылучаўся стараннасцю і гаспадарчасцю, і праз нядоўгі час пасля набыцця мястэчка, Німіра запазычыў яго тутэйшым яўрэям. Збанкрутаванага Німіра з цяжкага становішча выратоўвае ў 1617 годзе Леў Сапега. Канцлер выкупляе яго распіскі, якія аддавалі ў залог Бярозу. "Маёмасць,- пішацца ў дакуменце,- належыць канцлеру і яму належаць прыбыткі, пакуль я (Німіра - К.С.) не вярну яму 14.600 польскіх злотых". Каб вярнуць гэтую суму Марцін Німіра не знайшоў грошай, пасля чаго ўжо ў 1617 годзе суд у Брэсце зацвярджае акт продажу Бярозы "на вякі Льву Сапегу", а менавіта "маёнтак у Бярозе, землі, палі, само мястэчка Бярозу з усімі жыхарамі, з кірмашом, рэкі, азёры, млыны, бабровыя ўгоддзі на рацэ Ясельдзе" за 24.000 польскіх злотых.
Як адбілася на жыцці мястэчка гэта чарговае і на гэты раз апошняе далучэнне Бярозы да дома Сапегі?
Перш-наперш, канцлер Вялікага княства Літоўскага. як перакананы каталік, заснаваў бярозаўскі касцёл. Неабходнасць новага заснавання касцёла абгрунтоўвалася тым, што з 1538 года бярозаўскі касцёл з навакольнымі землямі знаходзіўся ў руках кальвіністаў і заставаўся ў іх дзесяткі гадоў, бо калі касцёл зноў вярнуўся да каталікоў у 1600 годзе, то меў невялікі самастойны надзел і самастойна існаваць не мог. (Кальвінізм - адна з састаўных частак Рэфармацыі, мэтай якой было стварэнне на Беларусі незалежнай ад каталіцтва нацыянальнай рэлігіі і паслабленне залежнасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы. Адным з найбольш вядомых фігур Эпохі Рэфармацыі з'яўляецца кнігадрукар Францыск Скарына. - К.С.). Леў Сапега ддя выратавання ад банкруцтва касцёла у 1620 годзе дорыць яму "ў вёсцы Левашкі чатыры валокі, Траяноўшчынай называемыя", якія паўторна былі замацаваныя за касцёлам у 1632 годзе. Акрамя заснавання новага бярозаўскага касцёла, Леў Сапега дазваляе мясцовым яўрэям у 1629 годзе пабудаваць школу "ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, пабудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы".
Трэба дадаць, што побач з малітвенным домам яўрэяў і касцёлам у Бярозе існавала уніяцкая царква. (Уніяцтва - аб'яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў на ўмовах прызнання праваслаўнай царквой вяршынства Папы Рымскага з захаваннем сваіх праваслаўных абрадаў і набажэнства на беларускай мове. Было даволі распаўсюджана ў Вялікім княстве Літоўскім. - К.С.). Першыя звесткі аб гэтай царкве знаходзяцца ў дакуменце 1618 года, у якім апісваюцца межы зямель касцёла, а таксама ідзе гаворка аб землях "рускага (так у тыя часы называлі беларусаў) папа з царквы".
Пасля смерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна яго завяшчання, пераходзіць да яго старэйшага сына Яна Сапегі, маршалка Вялікага княства Літоўскага, каб пасля смерці апошыяга перайсці ўжо да Казіміра Льва Сапегі.
Заснаванне кляштара картэзіянцаў.
Казімір Леў Сапега, малодшы з двух сыноў славутага канцлера, атрымаў у спадчыну ад бацькі, акрамя здольнасцяў да дзяржаўных справаў і выдатных інтэлектуальных якасцей, вялікую перакананасць каталіка. Шэраг касцёлаў і кляштараў былі заснаваны ім, сярод якіх знаходзіўся картэзіянскі кляштар у Бярозе.
Закладка першага вуглавога каменя кляштара з вялікай урачыстасцю адбылася у 1648 годзе, дзе прысутнічалі заснавальнік кляштара Казімір Леў Сапега, біскуп Луцкі ксёндз Анджэй Гембінскі і рымскі нунцый ксёндз Ян дэ Торэс.
Няшчасці, якія зваліліся на Рэч Паспалітую ў 1648 годзе ў сувязі з пачаткам казацкай вайны і смерцю караля Польшчы Уладзіслава IV, "насуперак маяму жаданню,- як піша Сапега ў акце заснавання манастыра картэзіянцаў,- перашкодзілі пачатку будаўніцтва". Толькі пасля вяртання з паездкі ў Быхаў Сапега састаўляе вопіс бярозаўскага ўладання і 3 студзеня 1650 года ў Варшаве падпісвае акт заснавання кляштара.
Бяроза кляштарная.
Пераход бярозаўскага ўладання да картэзіянцаў быў надзвычайным момантам у гісторыі мястэчка, што перш за ўсё адлюстравалася ў падтрымцы новымі ўладальнікамі развіцця гандлю і рамёстваў.
Асаблівую ўвагу аказваў кляштар дакладнасці вагаў на бярозаўскіх кірмашах. "Жадаем мець дакладнасць і справядлівасць у вагах,- піша ксёндз Хрысціян Бекерс,- таму спецыяльна за кошт кляштара накіроўваем хадака ў сталічны горад Вялікага княства Літоўскага Вільню, каб прынёс інфармацыю.. колькі гарнцаў уваходзіць у віленскую бочку, каб потым ён мог важыць у нашым мястэчку Бярозе згодна віленскіх мераў пры продажы і пакупцы збожжа, напояў, піва, мёду і г.д.". (Гарнец і віленская бочка - меры вагаў у Вялікім княстве Літоўскім. - К.С.).
У кляштарнай хроніцы ад 1767 года сустракаемся з павучэннем малазямельных сялянаў аб пажаданасці займацца "гандлем або рамяством, адпавядаючым мясцовым умовам, напрыклад, вырабам скураў і гэтак далей".
У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля Яна III прывілей на кірмаш у дзень знаходжання Святога Крыжа (Па паданню, менавіта месца, дзе Сапега знайшоў драўляны крыж у пушчы ў час палявання, стала пунктам заснавання кляштара. - К. С.), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасцям мястэчка. Трэба дадаць, што, акрамя кірмаша на Святую Троіцу, у Бярозе адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэння. Звесткі аб гэтым знойдзены ў дакуменце 1704 года.
Старанні кляштара картэзіянцаў на паляпшэнне гаспадарчых спраў у Бярозе не змаглі прынесці вялікага выніку, мястэчка да сярэдзіны 19 стагоддзя было маленькім, небагатым населеным пунктам. Служачыя Брэсцкага Казначэйнага Трыбунала пішуць у 1711 годзе: "Аказваецца, мястэчка Бяроза тры разы за апошні час было спалена: першы раз ад салдат у лазні, другі раз ад палкоўніка... страляніна; трэці раз ад шведаў. Вельмі беднае і маленькае мястэчка, акрамя таго, мела ахвяры ад чумы".
Паўночная вайна закранула і Бярозу. Як паведамляе гісторык Балінскі, тут у 1706 годзе адбылася сутычка паміж войскамі Аўгуста Моцнага, Пятра Вялікага і Карла ХІІ, які пасля пераходу Ясельды заняў мястэчка і кляштар. Бяроза за час Паўночнай вайны была спалена і разрабавана: шведы захапілі нават некалькі манахаў з кляштара, якія затым былі выкуплены.
У дакуменце 1767 года паведамляецца аб тым, што жыхары прасілі "у манахаў хлеба дакучліва і агідна", што сведчыць аб бедным і цяжкім становішчы гарадскога насельніцтва.
3 пункту гледжання дзяржаўнага, значэнне мястэчка пад кіраўніцтвам картэзіянцаў не змянілася, а гэта значыць, што, як і ў XV, так і ў XVI стагоддзі марна шукаць у Бярозе якіх-небудзь слядоў аб мясцовым самакіраванні. Уладу ў мястэчку, згодна загаду пракурора картузіі, выконваў кляштарны служачы.
Такім чынам, гісторыя мястэчка Бяроза аж да моманту закрыцця кляштара ў 1832 годзе шчыльна звязана з ім. Пасля закрыцця бярозаўскага марастыра ён, разам з мястэчкам, перайшоў да Ўпраўлення Дзяржаўнай маймасці Гродзенскай губерніі. (Кляштар быў ліквідааны, перш-наперш, таму, што быў уласнасцю сям'і Сапегаў, якія прымалі ўдзел ў паўстанні 1831 года. Па-другое, манахі прымалі ўдзел у паўстаннях 1794 і 1831 гадоў. У перыяд 1860-1870 гг. па рашэнню царскага ўрада значная частка будынкаў манастыра была разабрана. Цэгла пайшла на будаўніцтва вайсковых казарм у Бярозе, медныя лісты з касцёла - у Гродна для даху аднаго з будынкаў, - К. С.)
Пераклад і каментарыі Сяргея Кнырэвіча 3 артыкула "Новыя старонкі гісторыі Бярозаўшчыны", "МАЯК" 08.09.1992 г.
|