Памяць пра паўстанне.
Год 1928. Урочышча Маскалі паблізу вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна. Сяляне працуюць на сваіх зямельных надзелах. І вось пры апрцоўцы аднаго з такіх надзелаў, які раней не выкарыстоўваўся, на паверхню зямлі трапляюць чалавечы чэрап, косці, яшчэ адзін чэрап, і яшчэ... Відавочна, што знойдзена вялікая магіла. Але адкуль яна тут? Хто ў ёй пахаваны? Калі гэта адбылося?
Год 1863. На тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы адбылося нацыянальна-вызваленчае паўстанне на чале з Кастусём Каліноўскім. Невялікія атрады інсургентаў, баронячы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, кінулі выклік вялізарнай Расійскай імперыі. І напачатку яны атрымлівалі перамогі. Але сілы былі няроўныя. Таму ўжо ў маі паўстанне было задушанае ва ўсходнебеларускіх губерніях. Толькі на Гарадзеншчыне, дзе паўстанцы карысталіся найбольшай падтрымкай сялянаў, яны дзейнічалі больш паспяхова, і паўстанне працягвалася амаль да канца года.
Сляды тых падзей можна адшукаць і на карце Бярозаўшчыны. Баі паміж паўстанцамі і карнымі атрадамі адбыліся ля Бярозы, Смаляркі, Песак, а таксама ва ўрочышчы Маскалі каля Сабалёў. Менавіта ад тых падзей урочышча і атрымала сваю назву. Загінуўшыя паўстанцы былі пахаваныя на месцы бою ў адной брацкай магіле. Магіла доўгі час захоўвалася, але за перыяд 1-й сусветнай вайны і наступных рэвалюцыйных падзей зраўнялася з зямлёй і была аддана забыццю. І толькі ў 1928 годзе ізноў выпадкова знойдзена. Аб тым, што гэта магіла палеглых інсургентаў, засведчылі мясцовыя старажылы.
У 1929 годзе польскія ўлады ўшанавалі памяць палеглых. Месца пахавання было выкладзена каменем і замуравана бетонам. Над магілай узняўся высокі драўляны крыж з распяццем і шыльдачкай з надпісам "Wieczna pamienc polegszym w Walkie za wolnosc ZPP" ("Вечная памяць палегшым у бітве за вольнасць Рэчы Паспалітай"). Вакол зазелянелі маладыя дрэўцы. Кожную вясну сюды прыходзілі на экскурсіі школьнікі. Так было да 1939 года. З прыходам Саветаў усё змянілася. Вырашыла новая ўлада пабудаваць у Сабалях культурную ўстанову - клуб. Прыстасавалі пад гэтую справу нейкую хату, але з гнілымі вокнамі. І не прыдумалі нічога лепшага, як зрабіць новыя вокны вось з гэтага крыжа, палічыўшы, мабыць, што ён не прадстаўляе ніякай культурнай каштоўнасці. Надмагільныя пліты таксама былі разламаныя і выкарыстаныя ў гаспадарцы. У час нямецкай акупацыі мясцовымі жыхарамі быў усталяваны новы крыж. Яго, дарэчы, асвяціў ксёндз з Сігневіч. Крыж прастаяў вайну і яшчэ некалькі год пасля яе. Затым дрэва струхлела, падгніло і ён упаў. Паставіць новы крыж не было каму.
І вось у пачатку 90-х гадоў, мясцовы жыхар Кугач Лявонцій Васільевіч вырашыў выправіць становішча. Ён вырабіў новы крыж і паставіў яго на ранейшым месцы. А каб крыж прастаяў як мага далей, зварыў яго з жалезных труб. Таму што памяць павінна жыць. І яна жыве, нягледзячы на тое, што паўстанне было жорстка падаўлена і не дасягнула сваёй мэты, нягледзячы на час, войны, змены ўлад.
Мікалай Сінкевіч.
|