Аб гарадской геральдыцы.
За перыяд з XVI па першую палову XVII ст. на Беларусі ўзнікае 414 гарадскіх паселішчаў. Па ўзроўню сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця яны не былі аднолькавымі і падзяляліся на дзве асноўныя групы - гарады і мястэчкі, пры пераважнай колькасці апошніх. Іх характэрнай рысай, у параўнанні з гарадамі, была меншая колькасць жыхароў. Разам з гарадамі і мястэчкамі ўзнікала і неабходнасць у адміністрацыі, палітыцы, падатках і г.д. Зразумела, што далёка не ўсе паселішчы дасягнулі такога ўзроўню палітычнай і сацыяльна-эканамічнай арганізацыі, пры якой узнікае патрэба ў існаванні ўласных адміністрацыйных органаў з адноснай незалежнасцю ад прадстаўнікоў каралеўскай, вялікакняжацкай і ўладальніцкай адміністрацый. Узнікала таксама і неабходнасць у гарадской канцылярыі, якая б займалася справаводствам і, як вынік гэтага, мела б уласную пячатку з выяваю гарадскога герба.
Так здарылася, што адзіным на Бярозаўшчыне населеным пунктам, які атрымаў права на самакіраванне, а дакладней, Магдэбурскае права, з'яўляецца вёска Малеч. Першыя пісьмовыя звесткі аб ёй адносяцца да 1563 г. у сувязі з будовай у сяле Малеч царквы. У 1645 годзе Малеч атрымлівае гарадскія правы, але ўладальніца Блудаўскага (Блудзенскага, сучасная вёска Першамайская) стараства Ізабэла Хадкевічавая ў 1668 годзе свавольна скасавала іх. Дэлегатаў горада, якія былі накіраваны ад імя ўсіх мяшчан да караля са скаргай на яе і прашэннем узнавіць правы на самакіраванне, яна загадала схапіць і аддаць у рукі катаў. Толькі спецыяльны загад караля вярнуў ім волю.
На гербе вёскі Малеч была поясная мужчынская фігура з ключамі ў руцэ. Вакол галавы, як сімвал святасці, - німб. У правай верхняй частцы герба - выява чорнага пеўня, у левай - зялёная галінка нейкай расліны.
Для мяне застаецца загадкаю, хто намаляваны на гербе. Калі звярнуцца да іканапісу, дык амаль адзіным святым, якога малявалі з ключамі ад раю ў руцэ, быў апостал Павел. Але які сэнс закладзены ў чорным пеўні? З Евангелля мы ведаем словы: "И вспомнил Пётр слово, сказанное ему Иисусом: "прежде нежели пропоёт петух, трижды отречёшься от меня". (Ев. ад Матфея). Дык хто на гербе, апостал Павел, апостал Пётар, ці нехта іншы, не ведаю, але шукаць адказ на гэтае пытанне неабходна.
Меней пашанцавала нашаму раённаму цэнтру Бярозе, ён не меў Магдэбурскага права і, як следства, не меў і ўласнага гістарычнага герба. Яшчэ ў 70-я гады па ініцыятыве аддзела культуры райвыканкама і гарадскога савета быў абвешчаны конкурс на распрацоўку эскізаў гарадскога герба, але, на жаль, ні адзін з распрацаваных варыянтаў нельга прызнаць удалым, а конкурс увогуле выніковым.
У 90-я гады на будаўніцтва гарадка для вайскоўцаў у Бярозу з Нямеччыны прыехаў Рольф Гратрыян, які мае на радзіме ўласнае бюро па распрацоўцы геральдычных знакаў. Як чалавек, неабыякавы да гісторыі, ён задаўся мэтай дапамагчы нам, і, вярнуўшыся на радзіму, даслаў на імя старшыні райвыканкама ліст з варыянтам выявы распрацаванага ім герба, яго апісаннем і прапановаю аб зацверджанні і далейшым выкарыстанні герба ў якасці гарадской геральдыкі.
Цытую апісанне герба без пераклада: "Серебристый гербовый щит разделён в пропорции 2:1 горизонтальной волнистой линией голубого цвета, обозначающей реку Ясельда. На серебристом фоне в верхней части щита изображены ворота красного цвета, символизирующие ворота на въезде в картузианский монастырь как одной из самых древних построек Берёзы, а также вертикально расположенный зелёный берёзовый лист, напоминающий нам о происхождении названия города"
Трэба адзначыць, што герб выкананы на даволі высокім прафесійным узроўні, выявы на ім дакладна адлюстроўваюць гістарычнае мінулае і найбольш адметныя рысы горада. Але на жаль і гэты варыянт герба не атрымаў права на жыццё, недзе запаўшы пад сукно ў райвыканкаме. Безумоўна, можна рабіць спробы распрацаваць на мясцовым узроўні іншыя саматужныя варыянты, але ці будуць яны больш мастацкімі і трапнымі. А неабходнасць мець гарадскі герб бясспрэчная, таму што ён выконвае ролю "візітнай карткі", можа выкарыстоўвацца на этыкетках прадукцыі, вырабляемых на нашых прадрыемствах, і ўвогуле, надаць гораду яшчэ адну адметную рысу.
Анатоль Маразюк
Пры напісанні артыкула выкарыстаныя матэр'ялы з кнігі А.Цітова "Гарадская геральдыка Беларусі", Мінск, Полымя, 1989 г.
|