Маўклівы кляштар князя Сапегі

Што можна сказаць пра помнікі Беларусі? Хіба тое, што ўжо сказаў паўтараста гадоў таму Адам Міцкевіч?.. "Помнікі нашы! Колькі ж штогод вас на цёскі Трушчыць сякерай купец ці чыноўнік маскоўскі!.." Што можна да гэтага дадаць? Хіба тое, што замест варожых сякераў сталі актыўна махаць свае, беларускія? І першай ахвяраю стаўся стары, як народ, звычай: не руйнуй тое, чаго не будаваў сам. На зьмену прыйшоў іншы звычай - не шкада, бо ня мы будавалі, ня наша. На зьмену прыйшло невуцтва. Што нам усе гэтыя крэпасьці, ратушы, кляштары, усе гэтыя дамініканы, франьцішканы, базыліяны, усе гэтыя нэфы, барбаканы, кантрафорсы!.. Нішчэньне будзе працягвацца й далей. Пакуль адказныя асобы зь сякерамі ў руках не засвояць, чым фасад адрозьніваецца ад апсіды., Мірскі замак - ад Нясьвіскага і хто такія картузы, калі, што й навошта рабілі яны на Беларусі...

Гэта дзіўнае мейсца.І дзіўныя вашы пачуцьці. Сярод пляскатай раўніны паступова зьяўляюцца муры кляштара - белыя тынкавыя будынкі й смарагдавыя дахі, пакрытыя зялёнапаліванай дахоўкай,- на фоне блакітнага палескага неба.

Слаўны нашчадак слаўнага канцлера Льва Сапегі - Казімер Леў Сапега ведаў, які кляштар фундаваць, які манаскі ордэн запрашаць. Бяроза сталася адзінай рэзыдэнцыяй манахаў картэзіянскага закону ва ўсёй краіне - Вялікім княстве Літоўскім. Уплыў картузаў на разьвіцьцё мястэчка быў настолькі выдатны, што паселішча атрымала назву Картуз-Бяроза ці Бяроза-Картуская, і захоўвала яе да 1940 году.

Ужо ў 19-м стагодзьдзі тутэйшыя расейскія чыноўнікі складаюць легенду пра тое, што каля мястэчка спыняўся "сябра беларускага народу" А.Сувораў і, адпачваючы, павесіў свой картуз на бярозу. Гэтую легенду й сёньня хто ад няведаньня, а хто й з задавальненьнем перадрукоўваюць з кніжкі ў кніжку. У свой час нават малады Алесь Разанаў паддаўся прапаганьдзе й агітацыі ды напісаў адпаведны верш

-Аднойчы паходам,- легенда гаворыць, -
Тут з войскам ішоў палкаводзец Сувораў.
Стаміліся крочыць салдаты палямі,
Зрабілі прывал на зялёнай паляне.
Сувораў суніцы зьбірае па лесе,
А пыльны картуз на бярозу павесіў.
Ці доўга, ці не на цяністым прывале
Салдаты з Суворавым адпачывалі.
Затым падаліся далей па дарозе,
Застаўся вісець той картуз на бярозе.
3 тых пор каля ціхае Ясельды-рэчкі
Бярозай-Картускай назвалі мястэчка.

Узмоцнена падтрымліваецца таксама вэрсія пра наведаньне Бярозаўскага кляштара Пятром І (значная падзея ў жыцьці рэгіёна). На гэтую тэму нават намаляваная карціна. Але факт такога прыезду крыніцамі не пацьвярджаецца. Сапраўдная, не міфічная гісторыя іншая.

Першы кляштар гэтага ордэну быў заснаваны ў 1084 годзе сьвятым Брунонам на поўдні Францыі ў мястэчку Ля-Шартроз каля Грэноблю. Пры лацінізацыі Ш пераходзіць у К, і закон атрымаў назву картэзіянскага.

То быў час інтэлектуальных і арганізацыйных пошукаў каталіцкае царквы, пашыраліся ерасі. У 1207-09 гадох узьнікае ордэн франьцішканаў, а яшчэ праз шэсць гадоў-дамініканаў. Кожны ордэн выпрацоўваў свой шлях у пошуках Бога, характар кожнага ордэна быў індывідуальны, як і характар чалавека. Дамініканы дбалі пра дагматы й царкоўную дысцыпліну. Таму ў 1232 годзе ім было даручана кіраваць інквізыцыяй. На нашых землях яны зьявіліся даволі рана, і ўжо першым каталіцкім біскупам пры вялікім князі Мяндоўгу быў дамініканскі манах Віт. Тады ж быў збудаваны й кляштар гэтага ордэну ў Любчы (1250 г.), а пры вялікім князі Гэдыміне кляштар перавялі ў Наваградак. Гэдымін заснаваў таксама ў Вільні й Наваградку кляштары франьцішканаў. Місыянэры-франьцішканы бачылі свой шлях да Бога ў жабрацтве, і таму часта не жылі ў кляштарах, а вандравалі, як Вільгельм Баскервільскі Умбэрта Эко. Паступова франьцішканы ператварыліся ў саслоўе ўнівэрсітэцкіх выкладчыкаў... На зломе 16 і 17 стагодзьдзяў дзяржава нашых продкаў жыла ў прадчуваньні глыбокага крызісу. Яшчэ былі значныя дасягненьні ў юрыспрудэнцыі (бліскучы Статут) ці ў дойлідзтве (Нясьвіскі касьцёл - другі помнік барока ў Эўропе), але сумлеў ды непаразуменьне ўжо расхіствалі беларускае грамадзтва. Хвалі Рэфармацыі й Контррэфармацыі, страта ініцыятывы ў вайне з Масковіяй, нарастаньне ўплыву Польшчы ў федэратыўнай Рэчы Паспалітай, - усё гэта вымагала пошукаў новага духоўнага апірышча. Тыя ж франьцішканы ці дамініканы ўжо сталі звыклымі, сваімі. А князя Казімера прываблівалі картузы, прываблівалі ня так сваім аскетызмам, як заглыбленасьцю ў сябе, у роздум, чаго тады наогул бракавала ў грамадзтве. Картузы давалі самы цяжкі зарок - маўчаньня, насілі адмысловыя галаўныя ўборы, што закрывалі твар ад пільных поглядаў іншых, а самім пакідалі толькі вузкую палоску зроку пад нагамі. Брыль навісаў над вачыма, а вухі зьвісалі з бакоў. Шапкі з брылём і атрымалі назву картузаў.

Першыя пасяленцы былі манахі з кляштару ў Парадыжы пад Гданьскам. А гэта ў той час - зона нямецкае прысутнасьці. Імёны бярозаўскіх картузаў у 17 ст. такія: Каспар Кахэліюс, Юліян Сэндэрман, Антоні Родэр. Прынамсі, пальшчызны яны на Палесьсе не прыносілі. А моваю іхняга жыцьця была лаціна. Падпарадкоўвалася бярозаўская Картэзія спачатку Рэйнскай, а потым Паўночна-Нямецкай правінцыі ордэна. У 18-19 ст. прэорамі былі грамадзяне Вялікага княства (ці былыя грамадзяне) - Бруна Гарэцкі й Павал Геніюш, на іншых пасадах - Банавэнтур Шашкевіч і Казімер Дабравольскі.

Будаўніцтва бярозаўскага кляштару распачалося ў 1648 годзе. І мала таго, што быў абраны год пачатку казацкіх хваляваньняў, дык за час будаўніцтва кляштар спазнаў разбурэньні маскоўскімі войскамі (вайна 1654-1667), якія прыводзілі з сабою татараў. Нямецкія візытатары (своеасаблівыя рэвізоры) ў 1655 г. так пісалі пра гэта; "Некалькі разоў ён (кляштар) быў абрабаваны маскавітамі, татарамі ды й падобнымі барбарамі, пакінуты сваімі насельнікамі, якія зьбягалі ў іншыя вобласьці, што належалі ордэну..." Таму й скончылі будаўніцтва толькі ў 1689 годзе. Але пабудаваны быў сапраўдны комплекс. Урачыстая баракальная брама вяла ва ўнутраны дворык, дзе вылучаўся палац Сапегаў. Фундатары мусілі час ад часу адпачываць духам, схаваўшыся за кляшторнымі мурамі ад дзяржаўных віленскіх спраў ды папрокаў у сэпаратызьме з боку Варшавы. У бярозаўскім касьцёле й быў пахаваны князь Казімер.

У глухім мураваным карэ насупраць палаца хавалася зусім іншае жыццё. Тут жылі манахі-самотнікі. Рупліва апрацоўваючы грады ў сваім замкнёным дворыку й жывучы з гэтых градаў, самотнікі ведалі толькі адну разнастайнасьць - малітву ў касьцёле, на якую яны ў сваіх белых адзеньнях траплялі па закрытых галерэях. І ў самым касьцёле бакавыя нэфы былі замураваныя - хавалі ад погляду міранаў людзей, якія самі пайшлі на абмежаваньні й замкнёнасьць. Нават адтуліны ў сьценах для перадачы ежы былі зробленыя з двума паваротамі, каб не было бачна таго, хто падае ежу. Парадак гэты быў настолькі жорсткі; што некаторыя картузы ў 18 ст. пераходзілі ў крыху вальнейшы закон франьцішканаў.

Касьцёл быў дамінантай кляшторнага комплексу. У ягонай архітэктуры адбіўся сінтэз мясцовых беларускіх традыцый і прыёмы валоскіх (італійскіх) майстроў - проціпастаўленьне мяккага ў вабрысах галоўнага фасаду й манумэнтальнага ў будове вежы-званіцы, якая нетрадыцыйна для Беларусі далучалася да галоўнае апсіды. Затое гэта было зусім традыцыйна для Равэны - сталіцы барбараў, якія ў пятым стагодзьдзі зруйнавалі Рым. І гэтая вежа ў Бярозе была узброеная гарматамі. А спатрэбіліся яны ў пачатку 18 ст. - у часе чарговых прэтэньзіяў Швэцыі да Рэчы Паспалітай. Дзеля абарончых мэтаў было вымуравана яшчэ некалькі вежаў. Аднак вайсковыя падзеі - не галоўная прыкмета гісторыі кляштара. Уражвае гаспадарчая дзейнасьць - бровары, майстэрні па вырабу дахоўкі... і гадаваньне чарапах. Стварыўшы своеасаблівую ферму, картузы здолелі акліматызаваць гэтых жывёлаў на палескай зямлі. Кавалак панцыра такой чарапахі (прычым, не мясцовай жоўлы) быў знойдзены ў слаях 18 ст. пад час архэалягічных раскопак. Нешта экзатычнае чуваць і ў прадпісаньнях для ніжэйшых манахаў, якія правініліся: апрацоўка вінаградніка, праца ў разарыюме...

Пералом у гісторыі кляштара адбыўся ў 19 ст. У 1819 годзе малады манах скардзіўся: "Ёсьць вялікі намер нас скасаваць, сынод хоча захапіць нашую маёмасьць, войска нацэлілася на кляштар... Мы толькі адзіныя на літоўскай правінцыі нашага закону, ня маем генэрала, ня маем апекуна". Гэты манах яшчэ ня ведаў, што ягоныя словы наконт вайскоўцаў будуць прарочнымі.

У 1831 г. зьяўляецца загад пра перадачу маёмасьці кляштара корпусу кадэтаў у Полацку. У гэтым жа загадзе - словы, якія перадаюць трафарэт мысьленьня расейскага чынавенства ўсіх часоў: "с сего временн приказано называть... Берёзой Казенной". Кляшторны касьцёл ператвараецца ў парафіяльны. А пасьля паразы паўстаньня 1863-64 гг., калі імпэрскі прэс узмацніўся, а русіфікацыя стала праводзіцца больш выразна, да будынкаў кляштара падыйшлі больш радыкальна. У 1866 г. у Картуз-Бярозу на сталае кватараваньне прыбыў 151 Пяцігорскі пяхотны полк, тэрмінова сфармаваны з рэзэрвавых баталёнаў Тыфліскага гранадзёрскага й Самурскага пяхотнага палкоў. Ім, гаротнікам, не было дзе начаваць, і даецца каманда разабраць на будматэрыялы касьцёл і частку кляшторных пабудоў. Цэгла 17 ст. - сапраўды выдатнае якасьці. Яе скарысталі пры будаўніцтве казармаў, якія атрымалі назву Чырвоных - з-за нетынкаваных цагляных сьцен. Лёс казармаў сымбалічны. Спачатку тут месьціліся расейскія вайскоўцы. У 1930-х гадох польскія ўлады арганізавалі тут канцлягер, на зьмену якому ў 1939-41 прыйшоў канцлягер савецкі, потым - нацыскі. Сёньня там ізноў казармы, савецкія. І ўсё гэтак жа й называюцца паміж бярозаўцамі - Чырвоныя казармы.

Дарэчы, пасьля царскага ўказу 1905 году пра рэлігійную талерантнасьць, у вадной з ацалелых прыбудоў бярозаўскага комплексу зьявілася капліца. І яшчэ ў 20-х гадох гэтай капліцай і руінамі апекаваўся сівы паўстанец 1863 г. Валеры Куль, які апавядаў наведнікам пра былы кляштар. Лёс так больш і ня стаў да кляштара літасьцівым. Літаральна перад прыездам археолягаў улетку 1989 г. з палаца былі выведзены сьвіньні Міністэрства абароны СССР. Там сапраўды знаходзіўся сьвінарнік. Зараз жывёлаў перабазавалі бліжэй да рэшткаў касьцёла. У сутарэньнях касьцёлу, дзе захоўваліся рэшткі законьнікаў, 15 трунаў роду Сапегаў і 42 труны іншых сьвецкіх асобаў, цяпер гніе бульба, а кляшторны двор ператвораны ў звалку мэталялому.

Тое, што некалі было ўнесена ў Францускую энцыкляпэдыю мастацтваў, сёньня выклікае пачуцьцё жалю. Бог бачыць, ня толькі нашая ў гэтым віна.

Р.S. Аўтар выказвае шчырую падзяку за магчымасьць карыстацца некаторымі гістарычнымі зьвесткамі сп. Валяньціну Калніну.

Алег Дзярновіч
"Наша ніва" № 3 1991 г.