"Шаптаныя рэфэраты"
Сяргей Хмара - вядомы змагар за бацькаўшчыну, за народную справу ў Заходняй Беларусі. У 1925 годзе засноўваў беларускія нелегальныя школы. Актыўны ўдзельнік Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. 1928 год - падсудны ў цэнтральным працэсе Грамады ў Вільні, арганізатар Таварыства Беларускай Школы, беларускіх кааператываў на Палессі. Спрабаваў заснаваць Беларускую гімназію ў Пінску і выдаваць там-жа беларускі часопіс. 1932 год - удзельнік 2-га працэсу Б. Тарашкевіча - сесія у Пінску (зняволянне: Пінск, Сельцы, Грудзёндз. Быдгашч. Рэдактар 3-х турэмных часопісаў.), 1937 г.- лагер Картуз-Бяроза, 1939 г.- "асвабаджэнне" і турма ў Мінску. У час вайны - удзел у палітычным кіраўніцшве партызанкі, арганізатар Брыгады Беларускае Самаабароны. Пасля вайны эмігрыраваў у Канаду, дзе разгарнуў кіпучую дзейнасць па стварэнню беларускіх часопісаў, аб'яднанняў і інш.
Схапілі ўвечары з вуліцы, уцягнулі да схаванага на бачніцы аўта, скуль і павезьлі. У Слоніме ўкінулі ў прыгатаваны вагон, дзе ўжо сядзела шасьцёх іншых арыштаваных. Усё гэта бяз слова за што, куды вязуць. Высадзілі на глухой станцыі і пагналі дарогай праз лес. Здагадаліся: Картуз-Бяроза! І тут пачалося. Адразу ў гумы. Бягом марш, а на алеі дзьве лініі паліцманаў і град пякучых удараў: па галаве, па плячох, па рукох... Упаўшага - ботамі, гумамі... Мы вам пакажам... курва-маць. Увагналі ў пустую камару з мокрай цэмантовай падлогай... паўзьці! а зьверху зноў гумы, боты... Пасьля якіх паўгадзіны катаваньняў самлеў. Аўген Пронька быў мацнейшы, поўз пад ударамі... аб цэмант працёр парткі, сьцёр скуру на лакцёх і каленях крывавячы падлогу. Што дзьве гадзіны праходзячая новая зьмена вартавых паліцманаў дзень і ў начы ўрывалася ў камару... І зноў лажысьі паўзі! і град удараў гумамі, ботамі. Тры дні!
Пасля ўкінулі да рэшты. Пачаліся Бярозаўскія "будні". Зьдзекі, біцьцё, непасільная праца. Бягом запрэжаныя ў барану з паліцманам на ёй, паганяючым кіем па плячох, цяганьне пяцітонавага катка для трамбаваньня дарогі з цэглы. "Гімнастыка" - паўкіламэтровае поўзаньне на лакцёх радамі, такое-ж маршаваньне ў прысядку з узьнятымі рукамі... дзясяткі разоў: падай! ўстань! і ўсё гэтае пад бязпынны гвізд гумаў, маты заўсягды пьяных апраўцаў.
Па вячэры дзьве гадзіны да спаньня можна было сядзець на цэмэнце перад сваім мейсцам на драўляных нарах (бяз сяньнікаў), што займалі ўсю сярэдзіну камары. Упаўзалі пад нары і шопатам, бо размаўляць забаранялася, дзяліліся навінамі, ўспамінамі... радзіліся першыя канцлягерныя вершы, десьні... А так склалася, што апынулася нас у аднэй камары аж трох: я, Аўген Пронька (Трактар) і Літоўскі паэт - Езас Кекштас (Адамовічус) з Вільні. Ён тут жа пераклаў мае вершы на Лятувіскую мову, я ягоныя на Беларускую. Перакладалі Украінскага паэта Аляксандра Гаўрылюка, які бегаў з намі па паверцы... Нашыя вячэрнія пасідзелкі, ці правідловей палежанкі пад нарамі, што-раз павялічваліся. Кожны хацеў быць на іх, каб адпачыць ад нэрвовай цэладзенай напругі, забыцца хоць на хвіліну пра зьдзекі, глум, біцьцё. А я-ж быў фалькларыст, зьбірач песьняў, лягендаў, кахаўся ў геаграфіі бацькаўшчыны, гісторыі і той далёкай і той блізкай, удзельнікам якой ня раз быў сам, або мае сябры... Колькі іх прашапацела пад тымі нарамі, названыя ў жарты "шаптанымі рэфэратамі"...
Скончылася гэта аднаго дня, як і павінна скончыцца. Данесьлі! Гумы рабілі сваю справу. Тэрор ламаў ня толькі рэбры, але і сумленьні. Каб ратавацца ад пекла зьдзекаў, штодзеннага мардаваньня, слабыя заламваліся. Рабіліся даношчыкамі катаў, каб толькі заслужыць вызваленьне з лягеру.
Тыдзень нешта перад траўням, хапаюць усю нашую тройку і заганяюць у ізаляцыйную адзіночку, адгароджваючы зусім нас ад паняволеных у лягеры. Абвінавацілі нас, што мы кіруючая лагерам камуністычная тройка. Мы спанатрылі, што вінныя гэтаму мае "шаптаныя рэфэраты" прынятыя даношчыкам за камуністычныя нарады кіраўніцтва лягера. Ізалявалі перад Першым маем, каб не зарганізавалі якой дэманстрацыі зьняволеных.
А на раньне новыя зьдзекі, якія маглі прыйсьці толькі да ачмураных вечка алкаголем людзкіх вырадкаў у паліцыйных мундзерах. Ага! Вы пісьменьнікі! Дык вось мы навучым вас пісаць! Даўшы кожнаму стары бярозавы дзяркач і кавалачак кардону, казалі чысьціць уборныя рукамі ад людзкіх фекаліяў па ўсёй цэмантовай падлозе (бо людзей заганялі на 5 мінут ў ліку 20, а ў вуборнай толькі чатэры дзіры ў падлозе без седасаў). Мы ванітавалі, вырывала нам усе вантробы, а ў дзьвярох стаялі рагатаўшыя каты і білі гумамі, хто прабаваў выскачыць з фекаліяў. І так дзень у дзень на працягу двох тыдняў. Калі нас вярнулі ў камару скончыліся нашыя "шаптаныя рэфэраты". Галоўны кат - Костэк Бэрнацкі загадаў не даваць зьняволеным садзіцца ў камары. Прыгнаныя з работ, яны павінны былі вышарагавацца ў камары пад задняй сьцяной і так стаяць ў двушэрагу, покуль ня будзе загаду спаць. За спробу шэпту, ці нават кіўка галавой, ці рукой - тры дні карцару ў полі, ня лічачы гумаў. Па 6-х месяцах звольнілі Кекштаса, меў праз сястру плечы, нас пратрымалі па паўтара гады, як непакорліных. Мяне звольнілі бо пачаў харкаць крывёй з адбітых лёгкіх і баяліся, што гатоў памерці, ці як яны казалі "здохну" ў лягеры, лепш здыхай на волі. Аднак аказалася ня "здох" і змог змагацца далей за нашую волю.
Сяргей Хмара
|