Арышты. Бярэза і Воля

Заканчэнне (пачатак у №2).

Гібеньне

"Месца адасабненьня ў Бярэзе Картускай" займала ўвесь абшар колішніх кавалерыйскіх казармаў. Ён быў вялікі і навокал абведзены шчыльнаю дашчатаю агародкаю, па версе каторай быў калючы дрот, нацягнуты гэтак, як на агарожах меставых гароднікаў ці садаводаў. У паўночнай часьці гэтага абшару стаялі два вялікія трохпаверхавыя будынкі - адзін уздоўж Кобрынскай шашы, а другі - да першага ўпоперак. Вокны ў гэтага другога будынку былі з кратамі, у ім была кухня і прадуктавыя склады. Воддаль і з бакоў стаялі меншыя будынкі - шпіталь і будынкі гаспадарчыя. Паміж усіх гэтых будынкаў быў пляц муштраў, абведзены калючым дротам так густа і завіла, як драцяное загараджэньне перад акопамі. Пляц меў толькі адзін уваход, густа аплецены дротам збоку і зьверху. У сярэдзіне высокімі платамі з калючага дроту ён быў разьдзелены на чатыры кварталы. На іх былі ськіраваны два кулямёты - стаялі яны на адумысловых вышках, дзе бязвыхадна вартавала паліцыя. Рэшта абшару займаў агарод, у паўдзеннай часьці каторага віднеліся нейкія невялікія будынкі і будаваліся новыя. Апрача таго, на гародзе, бліжэй да пляцу, было некалькі зямлянак - баракаў.

Нашая Віленская група з далучанай групай Келецкай памяшчалася ў будынку бяз кратаў, што ля шашы і займала пакой №14.

Пакой гэты меў метраў 10 даўжыні, метраў 7 шырыні і метраў 5 вышыні. Сьцены былі чыстыя, выбеленыя і мелі 3 вакны, з каторых бачыўся ўвесь пляц. Праз усю вялічыню пакою, адступіўшы мо' па мэтру ад сьценаў, стаялі двухбочныя і двухпаверхавыя нары, з голых дошчак. Усіх нас у гэтым пакоі памяшчалася 140 чалавек, пры чым трэцяя частка спала пад нарамі, на падлозе. Нанач прыносіўся "кібіль" і ў пакоі чулася цяжкое паветра і задуха, куды горшая ад задухі ў 12-й цэлі "Цэнтралкі".

Будзілі нас а гадз. 6 і зараз жа бягом выганялі на пляц, за загарадкі кварталаў, адкуль так жа бягом прыганялі а гадз. 4-ай.

На пляцу мы станавіліся ў двушэрагі, з кожнае залі паасобку, і, нягледзячы на надвор'е, стаялі аж да 4-й гадз. вечара. Тутака з намі праходзіліся вайсковыя муштры, каторыя вёў інструктар групы - такі самы інтэрнаваны, але быўшы ў войску. Інструктарам віленскай групы быў дэнтыст Нэўфельд, Немец, каторы ля сябе і трымаў Немцаў-памочнікаў. Муштры нашыя складаліся з гімнастыкі, паваротаў і навукі ходу і бегу. Апрача гэтага яшчэ вучылі "мэльдавацца" розным - старшым і ў розных магчымых выпадках. Непаваротлівых, непапраўных або адсталых інструктар падвучываў біцьцём або бегам пад каманду: "Падай - устань!". Іншы раз іх біў паліцыянт гумоваю палкаю калі рабіў праверку, як ідзе загаданая муштра.

На адным квартале пляцу вяліся карныя муштры. Яны складаліся з ходу на карачках (жабка), або з качынага ходу (жабка з паднятымі рукамі), паданьня і паўставаньня цэлаю групаю ды поўзаньня, на манер, як поўзаюць вужы. Карныя муштры вяліся хоць тым жа інструктарам, але ў прысутнасьці паліцыянта, каторы сам назіраў за іх ходам і ўдарамі палкі папраўляў усякія пахібы. Карныя муштры нашая група таксама мела.

Праз цэлы дзень з шэрагаў не дазвалялася выходзіць ні па якой прычыне. Здаралася, што над пляцамі праляталі нямецкія самалёты - мы тады падалі й нярухома ляжалі, схаваўшы галаву... Ах, як было добра гэта! Як было добра змучаным муштрамі ці стаяньнем!

На пляцу муштраў нам давалася цёплая страва - "сьнеданьне" і "абед", а іншы раз то адно што-небудзь, бо кармілі нас нерэгулярна. Але ці было "сьнеданьне", ці "абед", ці давалася адзін раз, ці два разы ў дзень, то ўсё роўна літр на двох чалавек - крупніку або прасянога пойла, падкалочанага жытняю мукою і нібыта заскваранага. Раз я, зачэрпнуўшы з самага дна міскі, палічыў крупы ў лыжцы - і налічыў нешта каля 10-х крупінак. Страва была іншы раз пасоленаю, хоць слаба, а іншы раз зусім бяз солі. Сталоў ня было, а елі з каленаў, дзеля чаго садзіліся "па-татарску" на тым самым месцы, дзе стаялі.

Міскі і лыжкі пераходзілі з групы ў групу - індывідуальных ніхто ня меў.

Хлеба давалі ўсяго па 100 грамаў на чалавека, баханку на 20 чалавек. Хлеб быў то недапечаны, то перапечаны, так што скарынка была горкая, але яе ніхто ня кідаў. Хто яшчэ меў пайкі з "Цэнтралкі", або запас ежы з падаянкаў ці з дому, то трымаўся добра. А ў каго гэтага ня было, то ўжо пад канкец тыдня быцьця ў Бярэзе адчувалася недаяданьне. У мяне, напр., кружылася галава і цямнела ў ваччу - з гэтымі праявамі я быў знаёмы яшчэ з Лукішак, але тутака яны наступілі вельмі борзда.

Вада была дарагім дадаткам. Прабылі мы ў Бярэзе 8 дзён і ніхто ні разу не памыўся. Ня толькі мыцца, але мыць міскі і лыжкі ня было чым. Міску чысьцілі пяском, перад гэтым напляваўшы ў яе, а потым шапкаю або палом выціралі, лыжкі таксама чысьцілі пяском. Пясок бралі проста з-пад ног, дзе хто стаяў, не разьбіраліся, ці ён быў апляваны, ці абхарканы. Вады да піцьця давалі вядро на залю і з падзелу прыходзілася болей-меней 3/4 шклянкі на трох чалавек. Піць ваду давалі перад сном.

Як ужо гаварылася, на муштры і з муштраў нас ганялі бягом. Бягом ганялі і некаторым "карным" групам загадвалі паўзьці ў тое месца, куды звычайна ходзяць пехатою. Было яно ў канцы аднаго кварталу і прадстаўлялася доўгаю ямаю, мэтры 2 ўглыбкі, адкрытаю з усіх бакоў. Над ямаю былі прымацаваны дзьве дошкі, з каторых пры малейшай неасьцярожнасьці лёгка было зваліцца. Часу давалася адна мінута, а калі хто не пасьпеў, дык прыстаўлены крыміналісты з №2250 зганяў з занятага месца, б'ючы яго палеччам ці цырубалкам.

Афіцыяльна дзень канчаўся паверкаю а гадз. 6-7, у часе каторай інтэрнаваныя выбягалі на калідор і станавіліся ў шэраг, папарадку і асобна з кожнага пакою.

Так і цягнулася нашае жыццё, аднастайна, сумна, дзень ад дня страшнейшы, бо тэрмін канца нашае высылкі быў далёка, далёка. Кажны ў памяці трымаў, каторы дзень у Бярэзе, бо ні даты, ні дня ніхто ня ведаў.

Прабыўшы некалькі дзён і штодня бачучы беганіну людзей, я прыйшоў да вываду, што беганьне тутака было сумысьля ўведзена, як спосаб марыць чалавека. Бо бегалі ня толькі мы, інтэрнаваныя, але і крыміналістыя з сваімі вялікімі нумарамі на плячах. Бегалі яны ня толькі паасобку, але й цэлымі групамі. Ня раз можна было бачыць, як паліцыянт ехаў на ровары, а за ім ці перад ім беглі нумараваныя людзі... мабыць на работы. Нават тыя, што вазілі ваду бочкамі, і то іншы раз подбегам цягнулі бочкі.

Паміж інтэрнаваных чулася, што рэдка хто вытрымае ад такога жыцьця. З яды, то хто мацнейшы целам, дык, можа, дачакаецца звальненьня, але з гігіенічных варункаў - то ня было надзеі. Мара тыфусу ці іншай галоднай хваробы так і гнятлі ўсякую думку, так і сьціскалі сэрца...

Ужо некалькі гадоў, як існуе гэтая Бярэза з сваёю асабліваю сістэмаю марэньня чалавека. Шмат хто ў ёй пабываў, але ня было чуваць, як там жылося. А гэта дзеля таго, як потым я дачуўся, што ад звольненай з Бярэзы асобы паліцыя брала падпіску-прысягу - нікому і ніколі не казаць аб тым, што бачылася і што перажылося ў ёй.

Але мы гэтага не дачакаліся!

Воля.

Як ужо гаварылася, віленская група была інтэрнавана на працяг 3-х месяцаў, усе-ж іншыя групы з другіх частак Польшчы - толькі на адзін месяц. Дык мы спадзяваліся, што бяз ніякіх захадаў на "одволане" віленскай групе скароцяць час прабываньня ў Бярэзе, раўнуючы яго з часам інтэрнаваньня іншых групаў. Гэта была маленечкая надзея на перамену нашага палажэньня, а большая на гэта надзея крылася ў вайне. Бо як ні былі мы аддзелены ад сьвету, як ні сьціснуты жорсткім рэжымам, усё ж да нас даходзілі сякія-такія весткі аб ёй. Мо' яны не суадказвалі рэчаістасьці, але крапілі нас на духу і падтрымлівалі вытрываласьць.

Нешта каля 15 верасьня Я. Найдзюк, пайшоўшы на перавязку свайго пальца, даведаўся ад док. Паўлюкевіча, што немцы занялі Берасьце і Беласток. Па 15 верасьня заўважалася нерэгулярнасьць у выдачы ежы... Да таго ж, калі некаторыя з нашай групы зьвярнуліся да сяржанта ў справе "одволаня", то той з прыемнасьцю ў голасе парадзіў пачакаць пару дзён - тады, быццам, высьветліцца палажэньне ўсіх інтэрнаваных.

З 16 на 17 верасьня цэлую ноч каля казармаў езьдзілі падводы, а ў далейшых гаспадарскіх будынках - гарэла сьвятло і пішчэлі сьвіньні, чаго папярэднімі начамі ня было. Дагадваліся мы, што паліцыя нешта вывозіць. А калі 17-га верасьня той жа Найдзюк пайшоў на перавязку, то прынёс вестку, што немцы нібыта занялі Кобрынь, а бальшавікі - Баранавічы.

Гэтая вестка была для нас такой неспадзяванай і дзіўнай, што ўзбударажыла ўсіх. Пайшлі дагадкі, толкі і спрэчкі аб тым, як з намі паступяць палякі, каторыя, як нам здавалася, у хуткім часе пакінуць Бярэзу. Адны казалі, што ўсіх нас пераб'юць або патруцяць газамі, іншыя - што нас пакінуць на волі, а яшчэ іншыя - што нас перададуць у поўным парадку новай, зарганізаванай з мясцовага жыхарства, уладзе. Усе былі ў напружаным стане і ў тропатным настроі. Выціснутаю сілаю волі ўсе стараліся скрыць гэта як ад самых сябе, так і ад паліцыі, калі яна выганяла на пляц. Зазначыць трэба, што у гэты дзень муштраў ня было, а на пляцы толькі давалі абед.

У вечары і да познай ночы мы чулі і прыглядаліся маланкам і бязупынным грымотам. Гэта была, як пазьней мы даведаліся, бітва немцаў з палякамі за Кобрынь. А звонку казармы былі чуваць гукі нязвычайнай язды, беганіны, неспакойных гутаркаў і нявыразных воклічаў.

Так цягнулася мо' за поўнач, а калі гэта скончылася, ніхто з нас не заўважыў. Толькі 18-га раніцай, калі яшчэ было цемнавата, як перад вокнамі нашай казармы пачуліся галасы:

- Таварышы, Вольныя!

Усе ўсхапіліся са сваіх мясцоў і кінуліся ў вокны.

У суценьні сьцюдзёнай раніцы заўважылі мы некалькі мужчын, каторыя хадзілі перад казармаю ад акна да акна і казалі:

- Нікога няма - вольныя!

- А паліцыя? - чуецца пытаньне з нутра казармаў.

- Уцякла! У Кобрыні - немцы, у Баранавічах - бальшавікі, а палякі - на Палесьсі, - адказваюць мужчыны.

Гэта ашаламіла ўсіх. Борзда пачалі апранацца і зьбіраць свае рэчы, а тым часам паднялася гутарка, як нам быць. Гутарка, спачатку перарывістая, быццам баязьлівая, хутка перайшла ў неспакойны і нэрвовы гоман, з каторага вырываліся рэдкія выкрыкі: "чакаць сьвятла!", "правакацыя", "болей спакою!".

Але дзе там... З кажным мамэнтам гоман станавіўся мацнейшы, біла з яго рашучасьць і адвага. А жаданьне волі, імкненьне вырвацца з ненавіснага месца былі такія ўпорыстыя і так пхалі кожнага, што прападала ўсякая развага і ламаліся наймалейшыя праявы асьцярожнасьці...

На калідоры паняслося рэха стукаў і ўражджаньня... Гэта болей сьмялейшыя з натоўпу яшчэ дрыжачымі рукамі вырывалі вокны, зьнімалі з завесаў дзьверы, а то і выбівалі іх... У зробленыя праходы кідаліся людзі з сваімі клумкамі і кумяльчом ляцелі... на панадворак, дзе гуртаваліся, хваляваліся і гаманілі... пахлынаючы тых мужчынаў, каторыя для ўсіх абвесьцілі дарагую волю.

На панадворку перад казармаю ўжо бегалі жанчыны, прыйшоўшыя з свайго аддзелу. Яны шукалі стрэчы з сваімі бацькамі, мужамі, знаёмымі, што цудам вырваліся з ашчарэпіўшых лапаў ужо падбітага польскага арла... што цудам вымкнуліся з пасьці галоднае сьмерці, на каторую паслаў іх польскі генерал Складкоўскі... І вось адна ўбачыла... Кінулася на шыю і заенчыла, як бы ад вялікага болю:

- Татачка, родненькі, карміцель наш! - Абое плачуць, плачуць ад радасьці, якой мо' ніколі ня было ў іх. Знайшла другая... мужа!

- Міленькі, наймілейшы, ізноў мы разам, - і з гэтымі словамі прыціснулася да ягоных грудзёў і дрыжачымі вуснамі ўпілася ў ягоныя...

- Вось стрэча, такой ня было між нас, - цалуючы ў руку нейкай жанчыны казаў яе знаёмы.

- Мо' , Бог дасьць, і ня будзе, - з радаснаю ўсьмешкаю, з радаснымі сьлязьмі на вачох, адказала жанчына і пачынала апавяданьне аб сваім гібеньні.

- Яны думалі, што мы зьгінем... Не, мы жывём, бо мы - за праўду! - нехта казаў, слухаючы яе апавяданьне.

Няма слоў выразіць тыя пачуцьці, што ўзьнікалі ў стрэўшыхся блізкіх да сябе людзей, каторых польскія ўлады сілаю разлучылі... Болей таго, няма слоў, каб апісаць нават вонкавыя праявы радаснага спатканьня, а, можа, ускрашэння. Трэба ня толькі быць вачавідкам яго, але і хоць крышку перажыць разлуку з мілым, блізкім да сэрца чалавекам... Гэткія стрэчы рэдка трапляюцца ў жыцьці людзей.

А на панадворку і на пляцох людзі гуртаваліся, гаманілі і хваляваліся. Мо' доўга цягнулася б гэта, каб ня страх перад небясьпекаю... Чуваць былі галасы разважнейшых, каб хутчэй ісьці, бо можа напасьці адступаўшае польскае войска і памсьціцца на нас... Але як ісьці, калі дакумэнты ў дэпазыце... Рашылі дастаць іх, а тымчасам на пляцох людзі пачалі гуртавацца... Толькі і чуваць было:

- Львів, Коломыя, Зборів - сюды!

- Наваградак, Вільня, Горадня, Беласток - сюды!

Пакуль шукаліся дакумэнты падахвочанымі асобамі, пакуль гуртаваліся паводле мясцоў свайго сталага быцьця, - гурмы сьмялейшых людзей бурылі склады, разьбівалі вокны, білі дзьверы і, ўрываючыся ў розныя закануркі, цягнулі адтуль хлеб, соль, гарох, цукер, вопратку, вобуй, - хто што знайшоў і каму што трэба было. Людзі ціснуліся ў закануркі складаў, перліся адзін цераз другога, лаяліся, дакаралі, пагражалі... Крыміналістыя ськідалі сваю нумараваную вопратку і, пераапрануўшыся ў знойдзеную на складах, мяшаліся разам з інтэрнаванымі. Натоўпы людзей бегалі ад будынку да будынку, цягаліся па гародзе, пляндруючы дашчэнту грады морквы, бручкі, памідораў - кажны рваў, што хацеў і колькі мог... Досыць доўга трывала гэтая "воля руйнаваньня", аж нарэшце ў ціску і з крыкам былі разданы кажнаму дакумэнты і ўсе з пляцоў рынуліся на Кобрынскую шасу.

На шасе, перад пакіданым месцам гібеньня, колькітысячны натоўп яшчэ раз перагрупаваўся цяпер на аддзелы, у залежнасьці ад кірунку маршу. Жыды і беларусы-сяляне з усходніх паветаў Зах. Беларусі ўзялі кірунак на Баранавічы, а немцы і ўкраінцы рашылі ісьці ў кірунку Кобрыня, бо дарогу ўважалі ўжо ачышчанай і бясьпечнай. Да іх прылучыліся і мы - жменька Віленскіх меставых беларусаў і жменечка Віленскіх расейцаў.

Ад Бярэзы да Кобрыня лічылася 54 кіляметры, але гэтая далечыня нікога не палохала. Аддзелы рухнулі і, выйшаўшы на канец агарожаў, разьдзяліліся і пайшлі па дарогах выбраных кірункаў. Мы з украінцамі пайшлі проста... пад гукі нацыянальнай украінскай песьні, каторая магутным сьпевам лілася з сотняў грудзёў, радасна дыхнуўшых восеньскім паветрам Беларускага Палесься. На перадзе нашага паходу хістаўся белы сьцяг, зроблены з шырокага ручніка, а за ім ішлі вызваленыя з няволі людзі - ішлі бадзёра і ў магчымым парадку... Час ад часу ўздоўж паходу пралятала каманда: "Дарога вольная!" А па ёй ужо і праяжджала некалькі ровараў, знойдзеных у Бярэзаускіх складах ці мо кінутых уцякаўшай паліцыяй. Далёка па шасе расьцягнуўся наш паход, ня было відаць ні пачатку ні канца яго... А як параўняўся ён з хатамі хутароў і вёсак, што шырока раськідаліся воддаль шасы - дык да нас, праз палі, беглі сялянкі і сяляне з кашолкамі, збанкамі, з вёдрамі... На стрэчу ім так-жа праз палі, праз загоны беглі з паходу галодныя людзі.

Сялянкі і сяляне давалі хлеб, малако, гуркі, памідоры, садовіну, нават масла і сала, і з дамешкаю украінскіх слоў казалі:

- Родненькія, падкрапецеся... Ведаем, як вас марылі, - мы-ж тутэйшыя.

Добры і спагадлівы народ! І ня гледзячы на іх украінскі акцэнт, так і чулася шчырая гасьцінная беларускасьць, якую ў часе сусьветнай вайны назіраў я і ў Менскай і ў Віцебскай Беларусі. І гэтая беларускасьць была Менскай, каторую палякі дзеля полонізацыйных мэтаў выдзелілі ў асобную групу - Палескую, дзе, быццам, праяўляўся дух палешукоў, "сзцзэпу посьрэднего медзы бялорусінамі і ўкраінцамш".

Пакуль хто што еў, ці напаўняў свае кішэні "у дарогу", сялянкі спагадліва казалі:

- А родненькія, намучыліся, бедныя... І нас-жа намучылі гэтыя каты - ужо проста душу выймалі.

- А зьніклі і прапалі, як дым, бо не на сваім сядзелі, - выясьнялі іхнія мужчыны.

І гэтак было мо' на працягу пяцёх кілёметраў, пакуль мы не ўвайшлі ў лес "Кобрынскага падлясьніцтва". Тутака ў вадным месцы бачылі польскага ахвіцэра-ўлана з некалькімі жаўнерамі - яны, скорчыўшыся, сядзелі пад дзеравам і пазіралі на нас саромлівымі вачыма.

- Гэта абаронцы "найясьнейшай" Рэчы-паспалітай - мінаючы іх, заўважыў нейкі ўкраінец.

- Лепей-жа самому астацца жывым, калі зьгінула "Ойцзызна", - паясьніў нехта іншы з украінцаў.

- А вось дзіва, - даняслося з другога канца паходу, - што Бярэзу разбурылі тыя, для каго была яна празначана палякамі!

- Ага, гэта таксама як-бы "Цуд над Віслаю"...

Так ішлі мы праз палескі лес, успамінаючы ўсё, што было з намі за 8 дзён гібеньня. Гутаркам ня было канца. Рысказывалі адны, што шукаючы гародніны на Бярэзаўскіх градах наткнуліся на паколатых трупаў з цывільных людзей. Было іх каля 15 і ляжалі ў аднэй яме, за баракамі. А другія казалі, што за гаспадарскімі будынкамі бачылі 4 трупы - гэтыя быццам былі расстраляны. Чуючы гэткія сумныя расказы, успомнілася мне, як увечары 17 верасьня паліцыя шукала па пакоях нейкага Вэрнэра - напэўна ён быў паміж тых трупаў...

Увечары, па змроку ўжо, дайшлі да р. Мухаўца. Мост на ім быў спалены. Прыйшлося пераходзіць раку па жэрдках, паложаных у вадзе, а самым падкасывацца за калені. А было хіба каля поўначы, калі пярэднія і здаравейшыя былі ў Кобрыні. Цэнтр паходу заначаваў у ваколіцах вёскі Жуцэвічы, у 5 клм ад гораду. Начаваць тут быў змушаны ён весткай, прысланай д-рам Сайковічам, што немцы дзеля ночы і ваенных абставінаў у горад ня пускаюць.

Мы, беларусы, заначавалі ў самай вёсцы, пад стогам саломы, пры гумне аднаго гаспадара, хата каторага стаяла пры самай дарозе.

Цераз фронт - дамоў!

3 Кобрыня да Берасьця.

19 верасьня, толькі пасьвятлела, мы рушылі ўдарогу, і цераз нейкую гадзіну ізноў дайшлі да Мухаўца, працякаўшага ля самага Кобрыня. Цяперака пераходзілі яго па дошках, перакінутых з плыту на плыт, каторыя стаялі на барбарах і шырыгах, паабапал спаленага вялікага мосту.

У Кобрыне кажды з бярэзаўцаў затрымліваўся на дварэ вастрогу, ужо пакінутага, як тымі, што сьцераглі замкоў, так і тымі, што за замкамі гібелі і чакалі дарагой волі. Цэлі вастрогу былі паадчыняныя, кажды мог цікавіцца месцам духовага а мо' і фізычнага цярпеньня папаўшага сюды чалавека. Але мала было гэткіх ахвотнікаў. Большасьць поркалася ў адчыненых вастрожных складох, дзе кажды браў патрэбныя сабе рэчы - вопратку, хусьцё, менажкі, кубкі - некаторыя бралі кніжкі і відакоўкі - уласнасьць былых арыштантаў. Выйшаўшы з складу....

Канец.

Улад Ініцкі
Паклаў з лацінкі на кірыліцу Сяржук Русецкі

Асаблівасці напісання захаваны.


Аляксандар Гаўрылюк

Картуз-Бяроза

(з украінскага)

Не інвалід з іржаваю ручыцай,
А грозны кулямёт вартуе з вежаў стала.
І дрот кальчасты нас аплёў- аскал ваўчыцы,
Ды паліцмана зрок - трутлівы нібы жала.
Ты дух Бастыліі, ты сьценя фэадала,
У жахоцьці новых шат павернены з вякоў!
Бастыльі-ж толькі там, дзе лад гніе няздалы,
Іх творыць толькі той, нямае хто шляхоў.
Ты новая Бастыль! Тваіх засекаў дрот
Ня скрыеш ўжо ад мас і ў балатоў глушы.
Ён прыйдзе і сюды - разьлючаны народ!
І славіць будзе дзень, калі цябе разтрушчыць.
3 тваіх катоўня дзён, што слабкіх толькі ломяць,
(Слабых хай ломяць, з абліч зрываюць хвалш),
Мы ўступім ў Новы Дзень - яго будоўлям -
За сталь паслужыць гарт змагарскі наш!

(Канцлягер Картуз-Бярозы, перак. С. Хмары)

(Літаратурная супалка Картуз-Бярозы складалася тады з Беларусаў: С. Хмары, Аўгена Трактара (Пронькі), Ліцьвіна - Езаса Кекштаса і Украінца - А. Гаўрылюка).