Спіс воінаў-землякоў - удзельнікаў абарончай вайны 1939 года

Працяг. (Пачатак у №2)

Барнюк Аляксей Антонавіч, р. у 1913, в. Шылін. Не вярнуўся з фронту ў 39-м.

Барушка Аляксандр Фёдаравіч, р. у 1914 г., в. Блудзень. (Дыктафонны запіс) "Забралі нас на службу 3 сакавіка 1939 года ў г. Торунь. Быў я на школе санітараў, 8-ы шпіталь окрэнговы. Служыў у школе 8 месяцаў, потым пачалася вайна. Я нават не паспеў закончыць школу санітараў. Адправілі нас на фронт пад г. Познань, далі каня, санітарную сумку. Там ваявалі ў акопах, у лесе. І вось 18 верасня я папаў у палон. Адправілі нас, палонных, ва Ўсходнюю Прусію, лагер Штабляк 1А. Там пабылі месяцы 3, затым нас сталі ганіць на работы. Працаваў я і ў баўэра, і на будаўніцтве дарогі - падрадчыкам. Пасля гэтага мяне аддалі ў гаспадарку да баўэра, недалёка ад горада Гумбінэн. Працаваў у яго болей за два гады, выконваў розныя гаспадарчыя работы. Зімой выязджаў на нарыхтоўку дроў у Вестфалію, пад Кёльн. Калі стаў набліжацца фронт і савецкія войскі, я ўцёк ад гаспадара, хаваўся. Фронт наступаў, таму мне ўвесь час трэба было адыходзіць, пакуль не апынуўся ў лесе ля г. Штутгафа. Нас тут сабралася 4 чалавекі. Далей ісці не было куды, трэба было неяк пераходзіць лінію фронта. Мы чацвёра залезлі на высокія сосны і схаваліся ў верхавінах. Немцы, адыходзячы, закідвалі дзе-якія ямы гранатамі, таму добра, што мы ў іх не схаваліся. А на сосны яны не глядзелі. Такім чынам мы засталіся незаўважанымі. Калі ўсё скончылася, мы злезлі з дрэваў, выйшлі з лесу і накіраваліся да гораду. Бітва тут адбылася крывавая, вакол ляжала мноства трупаў. У горадзе я быў залічаны ў Хасанаўскі стралковы полк і красавік-май 45 года ваяваў у яго складзе.

Бірук Аляксандр Лукіч, р. у 1912, в. Шылін. Памёр.

Богуш Іосіф Мікалаевіч, р. у 1900, в. Пясчанка. Удзельнік арміі Андэрса. Памёр у 1967 г. у Польшчы.

Бродка Ўладзімір Іосіфавіч, р. у 1916, г. Бяроза. У 1938 г. служыў у 25-м палку кавалерыі ў Пружане. На фронце быў паранены. Пад Камень-Кашырскім папаў у палон, знаходзіўся ў шпіталі. Перададзены немцамі Чырвонай арміі. Вярнуўся дамоў.

Верамей Пётр Фёдаравіч, р. у 1915, в. Пясчанка. У 39-м папаў у нямецкі палон, уцёк, выскачыўшы з цягніка. У час Вялікай Айчыннай вайны партызаніў на Ўкраіне. Памёр у 1973 г.

Жук Якаў Якаўлевіч, 1900-1980 гг., в. Пясчанка.

Кунцэвіч Мікалай, г. Бяроза. Быў у нямецкім палоне.

Марцінчук Сцяпан Андрэевіч, р. у 1913, в. Шылін. У 1936-37 гг. служыў у г. Грудзёндз у 65-м палку пяхоты. 25 сакавіка 1939 г. мабілізаваны на нямецкую мяжу. Пад Вельскам папаў у палон, адпраўлены ў лагер ля Кенігсбергу. Працаваў у баўэра. У 45-м асвабадзіла Савецкая армія.

Пукала Сцяпан Мікалаевіч, р. у 1917, в. Пясчанка. Папаў у нямецкі палон, дзе знаходзіўся да 1945 года. Памёр.

Тоўпік Павел Іосіфавіч, р. у 1913, г. Бяроза. У час вайны 39-га г. быў санітарам. Удзельнік ВАВ. Памёр.

Францэвіч Канстанцін Антонавіч, р. у 1914, г. Бяроза. Папаў у нямецкі палон, у 40-м уцёк з яго.

Чэлюк Захар, р. у 1910, в. Шылін. Дамоў не вярнуўся.

Шыдлоўскі Віктар, р. у 1916, г. Бяроза. Служыў у Пружане ў разведцы. У 39-м папаў у палон Чырвонай арміі. Адпушчаны дамоў. Загінуў у 1945-м у складзе Савецкай арміі.

Звесткі сабраў Мікалай Сінкевіч.

Працяг будзе.