Казімер Леў Сапега

Заканчэнне. Пачатак у №2.

Кароль пастаянна спрыяў падканцлеру Сапезе. У 1651 годзе ён атрымлівае шмат прывілеяў: на правядзенне кірмашоў у дзень рускага святога Міхаіла ў сваім маёнтку Косаве і іншыя. А таксама прывілей з пералічэннем яго заслуг, у якім, у прыватнасці, адзначана: "... для цэласці мілай айчызны не толькі грошы і маёмасць сваю, але і здароў'е сваё ахвяраваў... у час апошняга казацкага нападу вялізнае войска, палкі ўласным коштам сабраў, на фартэцыях сваіх пры межах Вялікага Княства Літоўскага ўтрымліваў; чым непрыяцеля ад Рэчы Паспалітай аддаляў..."

Падканцлер Сапега, уфундаваўшы кляштар бернардзінаў у Сапежыне, не забыў і пра фарны касцёл там-жа, узяўшы яго пад сваю апеку.

Таго ж 1651 года, кароль пацвярджае Магдэбурскае права для мяшчан Сапежына.

Жонка падканцлера Тэадора з Тарноўскіх Сапежына памерла 23 кастрычніка 1652 года ў Слоніме на 26-м годзе жыцця. Пахавана ў Вільні ў касцёле Св. Міхала. Віленскім бернардзінкам падканцлер Сапега вызначыў 50000 злотых на адпраўленне штотыднёвай імшы за душу нябожчыцы.

Маючы намер пабудаваць у сваіх уладаннях кляштар картузаў закона Св. Брунона, каторы ні ў чым не адыйшоў ад першапачатковага пустэльніцкага ўкладу жыцця, Сапега яшчэ ў 1648 годзе прыгласіў з-за мяжы прафеса картузіі Трэвірскай з некалькімі манахамі таго ж закону. Падканцлер дазволіў ім выбраць адпаведнае для ўзвядзення манастыра месца. Выбар паў на лясістую мясцовасць, званую Бярозай. У тым жа годзе з вялікай помпай і ў прысутнасці самога фундатара папскім нунцыям з Варшавы Янам дэ Торрэсам быў закладзены вуглавы камень. Праз некалькі год тут стаяў цудоўны касцёл з вялікім кляштарам. Кагнавіцкі, апісваючы фундуш картузіі Бярэзскай, распавядае: "Таксама ёсць у Бярозе фундуш Сапежынскі з пышнымі мурамі касцёла і цэлай картузіі, велічынёй сваёй падобны на горад, від якога радаваў вока аглядаючых і вабіў да сябе цікаўных. Каб там таксама пабываць, пабачыць і пераканацца, што сярод гэтага краю няма больш забаўнейшага за гэтую пустынь, каторая наведвальнікам вельмі падабалася. У цэлай Еўропе між найбагацейшымі і найслаўнейшымі кляштарамі лічыўся." Фундуш падканцлера на кляштар Бярозаўскі быў вельмі значным. Сапега на вечныя часы ўступіў картузам расцягнутыя на некалькі міль гарадскія і вясковыя асады, вялізныя пушчы і зямлю, набытую ва Ўмястоўскіх. А таксама ўладанне Бусяж, у пана Bucelli купленае. Надта шчодры падканцлер ахвяраваў каля 30000 злотых на заканчэнне касцёла, усклаўшы, аднак, на кляштар абавязак маліцца за душы жонкі, бацькі, маці і двух памерлых братоў. Кароль сваім прывілеем 1653 года даў на гэта дазвол, а сейм тое зацвердзіў. Адначасова кароль даў дазвол на набыццё падканцлерам Сапегай трох каралеўскіх вёсак у Слонімскім павеце: Даргіні, Грынкевічы, Радкевічы. Сапега меў права перадаць гэтыя вёскі айцам картузам Бярэзскім.

Незадоўга перад смерццю, у 1655 годзе, падканцлер Сапега ахвяраваў на касцёл у Горках, раней ім жа пабудаваны. А 19 студзеня наступнага года падканцлер памёр у Брэсце пад час эпідэміі.

Кагнавіцкі ўспамінае, што прыёр Бярэзскай картузіі Ян Хаген, даведаўшыся аб смяротнай хваробе фундатара кляштара, наведаў яго ў доме пад Брэстам. Жаласным голасам пытаў прыёр фундатара аб яго апошняй волі, чаго ён жадае цяпер і пасля ад вечна абавязаных яму картузаў. Паміраючы Сапега адказаў: "Ведаю пра вашу прыхільнасць да мяне і вечную ўдзячнасць, як да фундатара, і болей усяго жадаю, каб кожны год у дзень майго скону паміналі жонку, бацькоў маіх."

Падканцлер быў пахаваны ў Бярозе толькі 6 чэрвеня 1666 года ў сувязі з незавершанасцю тамтэйшага касцёла. У дзень пахавання касцёл быў асвечаны Аляксандрам Сапегай, біскупам Віленскім. Адначасова адбылося і пахаванне Паўла Сапегі, ваяводы Віленскага і гетмана ВКЛ, памерлага праз 10 год пасля Казіміра. Удзячныя бярозаўскія каргузы ўпрыгожылі труну падканцлера трыма сярэбранымі табліцамі з надпісамі.

Папа Аляксандр VII ведаў падканцлера як вялікага абаронцу веры і надаў яму і яго нашчадкам тытул князя Святой Дзяржавы Рымскай.

За паўгода да скону Казімір Сапега склаў завяшчанне, згодна з якім вялізная колькасць грошай ішла на розныя дабрачынныя фундацыі. У тым ліку на заканчэнне касцёлаў: Езуіцкага ў Брэсце і Картузскага ў Бярозе - па 30000 злотых.

Падканцлер Сапега дзяцей не меў.

Скарочаны пераклад з "Sapiehowie"
Новік Г., Трызны Ц.