Беларусы ў арміі Андэрса
Размаўляючы з рознымі людзьмі, час ад часу я сустракаўся з нязвычнымі словамі: "андэрсавец", "удзельнік арміі Андэрса". Больш таго, "андэрсаўцы" былі і ў нашым раёне. Спробы высветліць, што ж гзта за армія Андэрса, дзе яна ваявала і кім былі яе ўдзельнікі, як правіла, давалі ня шмат. Самых "андэрсаўцаў" у жывых не засталося, а мае суразмоўцы ведалі толькі, што армія была выведзена з тэрыторыі СССР у час Другой сусветнай вайны, ваявала дзесьці на Захадзе, яе ўдзельнікі, якія вярнуліся назад у Савецкі Саюз былі рэпрэсіраваныя. Літаратура савецкага часу таксама не давала адказу на гэтыя пытанні. І толькі ў некаторых перыядычных выданнях апошніх гадоў удалося знайсці патрэбную інфармацыю. Асаблівае ўражанне засталося ад апавядання П. Сыча "Смерць і салаў'і", дзякуючы якому і з'явіўся гэты артыкул.
I. Як беларусы апынуліся ў арміі Андэрса.
Рагнеда Аляхновіч піша: "Цяжкім і пакутлівым быў шлях гэтых людзей да Монтэ-Касіна. На пачатку Другой сусветнай вайны, пасля разгрому Польшчы гітлераўскай Германіяй у верасні 1939 года і далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР, на шахтах Данбаса і Крывога Рога, на будаўніцтве шасейных дарог, аэрадромаў, чыгунак з'явіліся "польскія палонныя". Савецкі Саюз не ваяваў з Польшчай, аднак ваеннапалонныя былі, хоць афіцыйна гэта не прызнавалася. I была Катынь. Цягнулі лямку палонных і беларусы, якія трапілі ў польскае войска па мабілізацыі. З восені 1939 года і ў 1940-1941 гадах у Заходняй Беларусі пракацілася хваля арыштаў органамі НКУС нацыянальнай інтзлігенцыі... Асуджаных невядома за што ссылалі ў какцлагеры Гулага на Поўначы і ў Сібіры. Сюды ж вывозілі "раскулачаных" сялян. Падлічана, што ў 1939-1941 гадах з "крэсаў усходніх" было дэпартавана два мільёны грамадзян былой Польшчы.
Летам 1941 года, калі вайна запалала на тэрыторыі Савецкага Саюзу, адносіны да зняволеных "палякаў" змяніліся. Сталіну залежала на паразуменні з Англіяй. А пад яе апекай быў эмігранцкі ўрад Польшчы. Пасля падпісання ў канцы ліпеня Савецка-Польскага дагавора ў СССР распачалося фармаванне польскага войска пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса. У лагерах ваеннапалонных дзейнічалі прызыўныя камісіі. Ішло масавае вызваленне польскіх грамадзян з месцаў зняволення. Аднак для грамадзян былой Польшчы беларускай ці ўкраінскай нацыянальнасці вырвацца на волю было няпроста. Сведка тых падзей М. Швэдзюк, які жыве на эміграцыі ў Англіі, успамінае: "Перад гэтымі беларусамі на прызыўных пунктах паўстаў вельмі цяжкі выбар: альбо задэкляраваць сваю нацыянальнасьць і рэлігію, быць няпрынятым у польскую армію і застацца ў цяжкіх абставінах у Савецкім Саюзе, альбо падавацца за палякаў і католікаў, а часта яшчэ і мяняць імёны, ды такім спосабам ратаваць сябе і сваю сям'ю выездам у Іран. Многія зь беларусаў зрабілі гэты другі выбар". М. Швэдзюк сведчыць, што і пазней, у Іране і Палесціне, калі вайсковыя ўлады прапанавалі людзям удакладніць асабістую дакументацыю, далёка не ўсе гэта зрабілі, бо ў войску Андэрса панавала нацыянальная дыскрымінацыя. Таму "немагчыма цяпер са стопрацэнтовай упэўненасцю сказаць, колькі было беларусаў у 2-ім польскім корпусе".
Пытанне аб колькасці беларусаў, якія ваявалі супроць фашысцкіх захопнікаў у Заходняй Еўропе, галоўным чынам у польскіх вайсковых фармаваннях, неаднойчы ўзнімалася ў беларускай эмігранцкай прэсе. У 1957 годзе газета "Бацькаўшчына", якая выходзіла ў Мюнхене, пісала, што ў Другім польскім корпусе налічвалася 12000 беларусаў. У першым нумары за 1978 год канадскага "Часапіса Беларускіх Вэтэранаў "Зважай" было апублікавана цікавае статыстычнае даследаванне В. Сянькевіча, які жыве ў ЗША, "Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтох Другой сусьветнай вайны". Даследчык прыйшоў да высновы, што ў польскіх вайсковых злучэннях у Заходняй Еўропе, пераважна ў Італіі, ваявалі 30867 беларусаў. "Найбольш, аднак, - піша др. Сянькевіч, - нашых суродзічаў было ў арміі, якой камандаваў ген. Андарс. I гэта зусім зразумела, бо гэта былі жаўнеры, якія прайшлі праз канцэнтрацыйныя лягеры і турмы Савецкага Саюзу і якія пакінулі СССР дзякуючы польска-савецкаму дагавору з 1941 году, на падставея кога ген. Андарсу ўдалося вывесьці з СССР 115000 польскіх грамадзян".
Але вернемся ў 1941 год. Першыя дывізіі арміі Андэрса размяшчаліся за Волгай, каля Бузулука і Тацішчава. Тут у абозах жылі і сем'і тых, хто ўступіў у польскае войска. Папаўненне ўсё прыбывала. У лістападзе гэтая маса вайскоўцаў і цывільных была накіравана ў рэспублікі Сярэдняй Азіі. Людзі гінулі ад эпідэмій, марозаў, спёкі, голаду. Андэрс не збіраўся ваяваць на савецкіх франтах і прыкладаў шмат намаганняў, каб вывесці сваё войска з тэрыторыі СССР. Гэта яму ўдалося, калі напачатку 1942 года Англія была вымушана перакінуць частку сваіх узброеных сіл з Сярэдняга Ўсходу ў Індыю на змаганне з японцамі. Месца англійскіх дывізій заняў Другі польскі корпус (так сталі называць армію Андэрса ў Іране). Але гэта быў толькі пачатак. Далей былі Іран, Ірак, Палесціна, Егіпет, Італія - вось такі шлях прайшлі жаўнеры Другога корпуса да Монтэ-Касіна.
II. Не для славы.
I вось 23 сакавіка 1944 года генерал Ліс, камандзір 8-й англійскай арміі, у якую ўваходзіў II-гі корпус, прапанаваў Андэрсу ўзяць удзел у вялікім наступленні, што мела за мэту адчыніць вайскам саюзнікаў дарогу на Рым. Адзінай такой дарогай была даліна ракі Ліры, якая ляжала між 2-ма горнымі масівамі. Але, каб ёю прайсці, спачатку трэба было здабыць пануючую над усёй гэтай тэрыторыяй, амаль непераломную падвойную абаронкую лінію Монтэ Касіна. Раней гэта быў бенедыкцінскі манастыр, а зараз - ключавы пункт нямецкай сістэмы абароны. Гэтыя страшныя горы ўжо штурмавалі амерыканцы, брытанцы, новазеландцы, французы, індусы. Безвынікова. Усе іх намаганні захлынуліся ў крыві.
Цяпер перад генералам Андэрсам стаяла пытанне: удзельнічаць у штурме ці не?
Андэрс: "Быў то для мяне важны момант. Разумеў усю цяжкасць будучага задання. Разумеў я таксама гемерала Ліса. Разумеў, аднак, што корпус і на другіх участках меў бы вялікія страты, затое дасягненне той мэты было б найлепшым адказам савецкай прапагандзе, якая сцвярджала, што палякі не хочуць ваяваць супраць немцаў." Так, "Андэрса й 2-гі Корпус сыстэматычна ганьбіла савецкая прапаганда, закідаючы, што ўцяклі з Савецкага Саюзу, каб не змагацца з фашызмам і ператварыліся ў армію ваяжэраў..."(П. Сыч) Акрамя таго, камуністычная прапаганда ў Італіі называла другакорпусаўцаў фашыстамі, малявалі свастыкі на іх казармах. Удзел у бітве абвяргаў плёткі, што войска, якое пакінула Савецкі Саюз, супрацоўнічае з Гітлерам.
"Пасьля кароткай развагі ген. Андэрс згадзіўся. Косьці былі кінутыя. Рубікон пяройдзены. Трэба было толькі здабыць Монтэ Касыно..." (П. Сыч)
Варта адзначыць, што на Другі корпус ускладалася найцяжэйшае заданне: непасрэдны штурм Монтэ Касіна і здабыча аб'екта. Там знаходзілася галоўная пазіцыя нямецкай абароны, якая складалася з элітных частак: дывізіі парашутыстаў, палкоў высакагорных стралкоў, моцнай артылерыі.
III. Монтэ Касіна. Подзвіг.
П. Сыч: "Маё першае ўражаньне спад Монтэ Касыно было лірычнае: разбушаваная італьянская вясна, пунсовыя макі й звар'яцелыя салаўі...
...Палкоўнік паказвае нам дэталі панарамы. На права бачым Монтэ Кайро - найвышэйшы шчыт у гэтым раёне (1669 мэтраў). Далей - Сан Анжэлё, далей тое, што мы пазьней зьлілі крывёй - гара, якую Амэрыканцы назвалі "фантом". Палякі - "відмэм". Здань. Горы абніжаюцца й іхны масыў канчаецца разьбітым манастыром нагары... Бачныя вялікія чырвоныя плямы, быццам-бы гара сьцякала крывёю. Макі...
Колькі-ж тут макаў! Навет із шчыліны голай скалы вырываюцца вялікія, чырвоныя краскі. Хочуць жыць, цьвісьці, пладзіць насеньне, цешыцца вясной, сонцам, начной расой і каскадамі салаўінай аркестры.
А колькі-ж тут салаўёў!..
Пад салаўіны вясьняны марш мы, урэшце, пайшлі..." - Адбылося гэта ў ноч з 11 на 12 мая. Бітва цягнулася да світанку, але немцы адбілі ўсе атакі.
Другі, рашаючы наступ на масіў Монтэ Касіна, пачаўся 17 мая. "Бітва была чымсь жахлівым" (Андэрс). П. Сыч: "Зямля дрыжэла пад нагамі, зямля гарэла, а ў паветры вылі мільёны д'яблаў... Мелася ўражанне, што глядзім у нейкі жудасны, вялізарны пякельны кацёл, дзе ўсё гарыць, кіпіць, пераварачваецца..." Мешаніна невыстралянай зброі, раскладаючыхся трупаў, жалеза і смерці. Настала раніца 18-га мая. "Інстынктоўна вычуваецца крызыс бою. Абодва бакі змагаюцца рэштай сілы. Мы, або яны..." (П. Сыч). Але ўжо праз некалькі гадзін штурмавая група Другога корпуса ўзняла над руінамі кляштара бела-чырвоны сцяг. Немцы вывялі свае галоўныя сілы з-пад Монтэ Касіна і адступілі на наступную абаронную лінію. Яшчэ некалькі дзён спатрэбілася на здабыццё астатніх фашысцкіх пазіцый.
Гэта была адна з найкрывавейшых бітваў Другой сусветнай вайны, якую можна параўнаць з бітвамі пад Сталінградам і Аль-Аламэйн. Страты ІІ-га корпуса ў ёй склалі: 924 палеглых, 2930 параненых і 345 прапаўшых без вестак.
Перамога пад Монтэ Касіна адгукнулася шырокім рэхам ва ўсім свеце. Шведская газета "Stockholm Tidningen", напрыклад, пісала: "Бела-чырвоны сцяг, узняты рукой польскага салдата над кляшторнай гарой, быў не толькі польскім сцягам, быў то сцяг усіх саюзных войск, ваюючых у Італіі. Бітва пад Касіна стане, напэўна, адной з найбольш апісаных кампаній гэтай вайны..."
IV. "Удзячнасць."
"...праз тры кантыненты, праз дзесяткі краінаў ішлі й марылі, што вернемся з выраю ў свае гнёзды" (П. Сыч).
Пасля вайны Другі корпус перавялі ў Англію і на працягу 1945-47 гадоў паступова расфарміравалі. Нехта з вайскоўцаў застаўся там, нехта вярнуўся на радзіму. Здавалася б - усё, вайна скончана, наперадзе - спакойнае жыццё. Але не. Бяда прыйшла нечакана, у 1951 годзе. Былыя "андэрсаўцы" зноў сталі "ворагамі". Бо ваявалі не ў Саюзе, а на Захадзе. "Але само знаходжанне ў радах гэтай арміі, у якую яны былі прызваны на тэрыторыі СССР і ў складзе якой, хоць і за мяжой, ваявалі супраць нямецка-фашысцкіх войск, нават тады не з'яўлялася злачынствам. Уся справа ў тым, што існуючы рэжым асцерагаўся вынікаў для сябе гэтага знаходжання - праўды аб жыцці за мяжой, якую маглі расказаць савецкім людзям вярнуўшыеся дадому "андэрсаўцы". Вось чаму аснаваннем для іх арышта з'яўлялася нібыта актыўная антысавецкая дзейнасць сярод насельніцтва пасля вяртання на радзіму" (М. Несцяровіч). Так, яны досыць пабачылі жыццё там і маглі параўнаць яго з жыццём тут, чым і сталі небяспечнымі. Таму іх разам з сем'ямі трэба было рэпрэсіраваць, ізаляваць ад людзей, выслаць туды, дзе іх ніхто не пачуў бы. У Сібір, дакладней - у Іркуцкую вобласць, Чэрэмхоўскі раён. "Па дадзеных кандыдата гістарычных навук В. Земскова, 4520 "андэрсаўцаў", прыбыўшых пасля вайны па рэпатрыяцыі з Англіі, былі ператвораны савецкімі ўладамі ў спецпасяленцаў.
Спецпасяленцаў сем'ямі развозілі каго куды: у шахту, на будаўніцтва, на рубку лесу ў тайгу. (М. Несцяровіч) Спецпасяленец даваў распіску, ў якой указвалася: яму аб'яўлена аб тым, што ён "по решению Совета Министров СССР оставлен на спецпоселение навечно." Пры спробе ўцёкаў - мера пакарання 20 гадоў катаржных работ.
М. Несцяровіч: "Справядлівасць узяла верх толькі пасля смерці галоўнага арганізатара і натхніцеля самавольства - "лучшего друга белорусского народа товарища Сталина." Калі ў хуткім часе пасля гэтага пачалася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, адносіны да спецпасяленцаў-"андэрсаўцаў" пачалі мяняцца." З І957 года ім дазволілі вяртацца на радзіму, што было ізноў такі няпроста, бо канфіскаваную маёмасць не вярнулі.
Вось такі сумны лёс гэтых людзей. Застаецца дасказаць, што ў нас, на Бярозаўшчыне, таксама былі "андэрсаўцы". На жаль, яны ўжо памерлі і мы ніколі не пачуем іх успамінаў аб службе ў арміі генерала Андэрса, аб вандроўцы па краінах, аб Монтэ Касіна і іншых бітвах, што, згадзіцеся, было б вельмі цікава. Ніжэй я прапаную скупыя звесткі, якія ўдалося сабраць аб некаторых "андэрсаўцах" з Бярозаўскага раёна.
* * *
Амельяновіч Валянцін Мікалаевіч, р. у 1911 г., г. Бяроза. У 1932-34 гг. праходзіў службу ў польскай арміі ў 9-м артпалку. У жніўкі 1939-га мабілізаваны, ваяваў на польска-нямецкім фронце па кастрычнік 39 г. у складзе 30-га артпалка. Вярнуўся з фронта і ў 1940-41 гг. вучыўся ў Мінску ў пажарна-ваенна-тэхнічнай школе. З пачаткам вайны школа эвакуіравана ў г. Горкі. Там і запісаўся ў ствараемую армію Андэрса. "Мабілізаваны Горкаўскім РВК у польскую армію 1.42 г., 10-ы артполк, па VII.42 г." - запісана ў ваенным білеце. З VII.42 па VII.45 служыў у 3-м артпалку. Удзельнічаў у бітве пры Монтэ Касіна, а таксама ва ўсіх астатніх аперацыях Другога корпуса. Пры расфарміраванні арміі ў 1945 годзе памешчаны ў спецыяльны лагер для дэмабілізаваных на тэрыторыі Францыі. Каб вярнуцца ў Саюз трэба было чакаць паўгода. Валянцін не мог вытрымаць такога тэрміна, ён рваўся на Радзіму. Для дасягнення сваёй мэты ён з'ехаў з лагера і звярнуўся ў Рым у савецкае консульства, дзе яму дапамаглі і адправілі ў СССР.
А праз 6 год пастановаю "Особого Совещания при МГБ СССР" ад 11 жніўня 1951 г. выселены разам з усёй сям'ёй (жонка Марыя Нікіцічна і 3 дачкі) на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць з канфіскацыяй маёмасці, "За то, что Омельянович В.Н. проходил службу в польской армии генерала Андерса" - запісана ў прыгаворы. 15.02.57 пастанаўленнем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР рэабілітаваны. Пасля гэтага сям'я змагла вярнуцца ў Бярозу. 26 кастрычніка 1973 года былы салдат II-га корпуса памёр.
Блоцкі Васіль, в. Мар'янова. Пасля расфарміравання арміі Андэрса вярнуўся дамоў. Быў абраны брыгадзірам у калгасе. Расказваў аднавяскоўцам, што бачыў у свеце, дзе і як ваяваў. Мабыць за-гэта і быў сасланы разам з сям'ёй у Іркуцкую вобласць. У дарозе памерла дзіця. Адбыўшы ссылку, застаўся там на сталае жыхарства, дзе і памёр у пачатку 90-х.
Богуш Іосіф Мікалаевіч, р. у 1900 г., в. Пясчанка. У 39-м быў мабілізаваны на фронт. Папаў у палон. Запісаўся ў армію Андэрса, пасля яе расфарміравання вярнуўся дамоў. У красавіку 1951 года па абвінавачванню ў шпіянажы вывезены з сям'ёй у ссылку ў Іркуцкую вобл., з канфіскацыяй маёмасці. Арыштоўвалі і вывозілі традыцыйна - уначы, акружыўшы хату.
Рэабілітаваныя ў 1957 годзе, пасля чаго вярнуліся на радзіму, але сваю маёмасць назад не атрымалі. Выехалі на жыхарства ў Польшчу, бо запісаліся палякамі. Там Богуш І.М. у 1967 г. і памёр.
Тоўпік Станіслаў Іосіфавіч, р. у 1918, г. Бяроза. Пасля расфарміравання арміі Андэрса застаўся ў Англіі, дзе пражыў 12 год. У 57-м годзе па запрашэнню бацькі вярнуўся дамоў. Хваля рэпрэсій на той час ужо прайшла, таму сасланы не быў. Памёр у канцы 80-х.
Падрыхтаваў Мікалай Сінкевіч.
Літаратура: - П. Сыч "Сьмерць і салаўі". "Полымя" №№ 8-9, 1995
- Р. Аляхновіч "Беларусы пад Монтэ-Касіна". "Полымя" № 8, 1995
- E. Berberyusz "Bialy pioropusz". "Gazeta Wyborcza" № 109, 1991
- M. Szczurowski "Legenda i prawda o Monte Cassino". "Prawo i Zycie" № 21, 1994
- Н. Нестерович "Солдатам генерала Андерса была уготована Сибирь..." "Советская Белоруссия" № 115, 20.06.96
|