Пусловскія
Вёска Пескі: былая панская сядзіба, спіртзавод, які вядомы эараз сваёй "Старапескаўскай" гарэлкай, уяздная брама, што прыцягвае ўвагу строгімі неагатычнымі формамі, старажытны парк. Косаўскі палац, які вы ўжо бачылі на першай старонцы нашага нумара. Усё гэта і яшчэ шмат чаго іншага можна аб'яднаць адным прозвішчам - Пуслоўскія. Бо менавіта яны заснавальнікі і ўладальнікі шматлікіх маёнткаў, палацаў, касцёлаў і г.д., што былі параскіданыя калісьці па тэрыторыях Беларусі і Польшчы. Але сёння, акрамя прозвішча і некаторых ацалелых забудоў, бадай нічога і не засталося. Таму мы і вырашылі пазнаёміць чытачоў з найбольш выдатнымі прадстаўнікамі гэтага славутага магнацкага роду, з крыніцамі іх багацця, грамадскай і гаспадарчай дзейнасцю, прыгодамі і авантурамі.
Пуслоўскі Войцэх гербу Шэліга (1762-1833), дэпутат Чатырохгадовага Сейма, маршалак шляхты Слонімскага павета, гаспадарчы дзеяч. Паходзіў з сям'і, якая па ўласнай традыцыі (замацаванай у генеалагічнай літаратуры) выводзіла сябе з сярэдняй часткі Літвы (Упіцкага пав.), а з пункту погляду Станіслава Дзядулевіча, была беларускім родам, з XV ст. аседлым у Слонімскім павеце. Ва ўсякім разе, продкі Пуслоўскага з паловы XVII ст. мелі сваё радавое гняздо ў Песках на поўдні Слонімскага павета і на працягу 3-х пакаленняў займалі пасады падстоліх рэчыцкіх (калена: Казімір, Езэф і Францішак). Пуслоўскі нарадзіўся ў Песках (ахрышчаны 21.VI.1762), быў сынам Францішка (пам. 1799), падстоляга рэчыцкага, і яго другой жонкі Саламеі з Грабоўскіх.
Вёска Старые Пескі. Заходняя ўяздная брама. Малюнак А. Маразюка
| Вучыўся Пуслоўскі ў "школах паезуіцкіх" (А. Нарэйка), напэўна ў павятовай школе Камісіі Народнай Адукацыі ў Слоніме. Заўважана, што у пазнейшым жыцці "па рускі ані па францускі не ўмеў" (Габрыела Пузыніна), а яго брат Стэфан (1765-1832), прэлат віленскай капітулы, атрымаў у анкеце 1822 г. запіс: "Расійскую разумее, францускую і нямецкую не". Па заканчэнні вучобы ў школах Пуслоўскі практычным шляхам знаёміцца з правам. Перад Чатырохгадовым Сеймам ён быў слонімскім дэпутатам у Літоўскім Трыбунале. У маі 1789 г. быў назначаны сеймам камісарам ад Слонімскага павета для вызначэння пабору ахвяры дзесятага гроша, а ў лістападзе 1790 г. Слонімскім сеймікам абраны паслом сейма ў двайным складзе. Пра пасольскую дзейнасць Пуслоўскага ня шмат звестак, акрамя яго друкаванага "Праекта ... вяртання спакою грамадзянам В.К.Л." (дамагаўся спынення спрэчак і анулявання пакаранняў, звязаных з мінулымі сеймікамі). У часы таргавіцкай канфедэрацыі і касцюшкаўскага паўстання Пуслоўскі не быў на вачах. Адзінае вядома, што ў верасні 1792 г. прасіў у караля аб павышэнні з капітана да маёра (у 5-м рэгіменце пяхоты літ.) для свайго роднага брата Эрыка Карала (нарадз. 1753), які ў бітве пад Мірам "не меў шчасця жыццё страціць у справе айчызны".
У маі 1797 г. Пуслоўскі быў абраны маршалкам шляхты Слонімскага павета (абіраўся шасцікратна, заставаўся на гэтай пасадзе да 1816 г.). Хутка пасля гэтага (1799?) ажаніўся на Жазефе Друцкай-Любецкай, дачцэ пінскага каштэляна Францішка і Генавефы з Алізараў. Гэта была "добрая" жаніцьба, акрамя таго, Жазефа Пуслоўская, як і яе, аўдавеўшая ў маладосці, сястра Тэрзза Сцыпіёнава, мела вялікі талент па вядзенню спраў. Пуслоўскі, які сам славіўся "спекулянцкай галавой", знайшоў у гэтых двух паннах сталых таварышаў і памочнікаў у сваіх асабістых прадпрыемствах. Паўстаў вельмі варты фамільны клан да якога ў 1801 г. далучыўся малады швагер Пуслоўскага - Ксаверый Любецкі (у хуткім часе зяць сваёй сястры Сцыпіёнавай, а ў далейшым - цесць двух сыноў Пуслоўскага). Для прышлага міністра скарбу Пуслоўскі быў "майстрам, кіраўніком і арганізатарам першых крокаў на публічнай арэне" (С. Смолка). Казалі, што і пазней Любецкі "жыў парадамі" Пуслоўскага і сваіх сясцёр (Я. Карчэўскі), аднак, усё ж хутчэй тая тройца, якая, "узяўшыся за рукі" (Ю. У. Нямцэвіч), вылучыла Ксаверыя маршалкам шляхты Гродзенскага павета (1809), і надалей - з 1812 г. - шмат чым абавязана далейшай кар'еры швагра, брата і зяця. Пуслоўскі, які быў расійскім саветнікам (1807), кавалерам Ордэна Св. Ганны II ступені (1808) і правадзейным саветнікам (1810), а таксама атрымаў брыльянтавы пярсцёнак з манаграмай Аляксандра I (1811), ужо меў вялікі ўплыў на Літве і ў Пецярбургу, калі надыйшоў "той год".
Вясной 1812 г. Пуслоўскі ўдзельнічаў у пастаўках для расійскай арміі (ва ўтвораным тады ў Вільні "грамадзянскім" Камітэце па справах забеспячэння значную ролю іграў Любецкі). Пры захопе Літвы французамі Пуслоўскі (разам з некалькімі маршалкамі шляхты) быў вывезены рускімі і "аддадзены на паручыцельства" дзядзьку сваёй жонкі Філіпу Алізараву. У яго доме на Ўкраіне (Карасцешаве) Пуслоўскі знаходзіўся да часу вяртання рускіх на Літву. У 1813 г., як "першы член", увайшоў у склад Цэнтральнага Камітэта па ваенных павіннасцях, які меў за мэту выплату даўгоў грамадзянам (з губ. Віленскай, Гродзенскай і Мінскай, а таксама Беластоцкай акругі) за пастаўкі і рэквізіцыі ў час вайны. У тым жа годзе Пуслоўскі атрымаў Ордэн Св. Ганны I ступені. Камітэты па забеспячэнню ігралі не толькі гаспадарча-адміністрацыйную, але і палітычную ролю. Пуслоўскі быў таксама ўдзельнікам дэлегацыі з 15 чалавек ад літоўскіх губерніяў, якая ў лістападзе 1815 г. была прынята Аляксандрам I у Варшаве (справа магчымага аб'яднання Літвы з Каралеўствам Польскім). Нягледзячы на гэта, выступаў праціўнікам адмены падданства. У студзені 1818 г. Пуслоўскі быў уключаны ў склад дэпутацыі, назначанай у снежні 1817 г. губернскім сеймікам віленскай шляхты для разгляду і прадстаўлення імператару (Аляксандр I да гэтага не дапусціў) справы эмансіпацыі сялян на Літве.
У часы, калі Любецкі быў міністрам, Пуслоўскі часта наведваў Пецярбург і знаходзіўся ў блізкіх сувязях з камандзіраваным туды міністрам Каралеўства Стэфанам Грабоўскім. Апошні трымаўся такога погляду: "як на Літве, так і тут усе справы на яго [Пуслоўскага] абапіраюцца." (да Любецкага, 2.IV.1823). У маі 1825 г. Аляксандр I, кіруючыся ў Варшаву, разам са сваёй світай адабедаў у Пуслоўскага ў яго паштовай станцыі Міхалін, што ў Слонімскім павеце. (Па ўспамінах імператарскага хірурга Д. К. Тарасава, Пуслоўскі ў гэты час прасіў аб дараванні свайму сыну Ўладыславу, выключанаму з кавалергардаў за дуэль.) Актыўны ў розных справах літоўскай шляхты і маючы ўплыў у Пецярбургу, Пуслоўскі быў "аўтарытэтам паветовым і губернскім" (С. Смолка), чалавекам у трох губерніях бязмерна дзейным у дагаворах, "крэдыторскіх з'ездах" і "кампрамісных судах", пасярэднікам і арбітрам у розных заблытаных справах, здзелках і "дагаворах фамільных", адной з "апошніх на Літве" і выдатных у Вялікім Княжастве постацей правінцыянальнага матадора (такім бачыў яго Станіслаў Мараўскі). Перш за ўсё, аднак, ён быў стваральнікам вялікага багацця і, дзякуючы такім панегірыстам, як А. Нарэйка, набыў легендарную славутасць мільянера (у яго "Біяграфіях дзеячоў знакамітых" Пуслоўскі досыць неспадзявана аказаўся сярод найвыдатнейшых постацяў тагачаснай Еўропы). Тое ж гавораць Антоній Машынскі і Людвік Трынкоўскі.
Пуслоўскі, які са слоў пахавальнай пропаведзі кс. Трынкоўскага "шляхецкае імя Пуслоўскіх і гонар маёнтка Пескі - адзінае, што атрымаў ад сваіх продкаў у спадчыну", на схіле жыцця быў "уладальнікам душ дваццаці тысяч" (напэўна па-расійску лічаных мужчынскіх душ, а ўсіх каля 40000 двух палоў). Праз рукі Пуслоўскага праходзілі розныя маёнткі. Сярод тых, якія ён, як уладальнік, пакінуў спадкаемцам, можна назваць (гэта не поўны спіс): у Слонімскім павеце - Пескі, Шыдловічы з Альберцінам, Косава, Сынковічы, Міхалін і Шулякі; у Кобрынскім пав. - Хомск; у Гродзенскім пав. - Свіслач; у Пінскім пав. - Плянта, Целяханы і Кужлічын; у Віленскім пав. - Кучкурышкі з Лесам Язава (Пукштаны); у Троцкім пав. - Жыжморы; у Магілёўскай губерніі - Сенна;
у Ковенскай губ. - Таўрогіне, Сырвідзэ і Віжуны. Меў таксама двор у Слоніме, а ў Вільні - Антаколь і палац. Пуслоўскі танна набываў маёнткі, што знаходзіліся ў складанай гаспадарча-прававой сітуацыі, а ў часы пасля падзелу Рэчы Паспалітай і перамен было іх на Літве шмат. Тым жа спосабам набыў нямала з пастаянна распадаўшыхся альбо ліквідуемых уладанняў Ёзафа Панятоўскага (Жыжморы ў 1801 г. паводле Ш. Аскеназага купіў "за бясцэнак"), Агінскіх (Целяханы) ці Радзівілаў (Віжуны, набытыя ад Камісіі Радзівілаўскай). А Антаколь, што належаў да фундушовай маёмасці артылерыі літоўскай, выкупіў у адміністрацыі па разбору скарбаў. Пакупнік такіх значных уладанняў заўсёды меў наяўныя грошы і рэгулярна плаціў працэнты па кантрактах, дзякуючы чаму праславіўся "чарадзеем" (1811). На тэму паходжання і роста багацця Пуслоўскага існавала шмат домыслаў і анекдотаў.
На думку Эдварда Чапскага (яго бацька Пуслоўскі выратаваў ад разарэння, пазычыўшы 6000 дукатаў) маршалак слонімскі "працай і розумам, без махлярства вялізнае тады сабраў багацце." Г. Пузыніна прыводзіць расказ самога Пуслоўскага, у якім ён казаў, што "сваім багаццем і поспехам" абавязаны ваяводзе мсціслаўскаму Францішку Хамінскаму, які пазычыў тысячу дукатаў. Тыя дукаты, "дадзеныя беднаму дзіцяці, размножыліся на тысячы і мільёны, бо ўрад і лад былі тымі евангельскімі кашамі, што памнажаюць часцінкі." Хадзілі таксама і меней прывабныя расказы. Паводле Наталлі Кіцкай, "пачатак вялізнага багацця Пуслоўскіх на Літве" паходзіў са срэбра картузаў з Бярозы. Пуслоўскі, які "не перабіраў у сродках, атрымаў і пусціў яго ў справу (на пастаўкі для расійскай арміі ў 1812 г.) з дапамогай свайго брата Стэфана, адміністратара фундушоў багатага кляштара. С. Мараўскі, энтузіяст "галавы і працы" Пуслоўскага, у распаўсюджаных анекдотах аб лёсе картузскіх скарбаў (пазнейшыя варыянты тых анекдотаў ёсць у мемуарах Вацлава Ледніцкага) угледжвае праяву зайздрасці, якая, не здолеўшы нічога ўпікнуць самому маршалку, "пусцілася ў пераслед яго імя ў прэлаце." Тое, што пра Пуслоўскага напісаў М. Махнацкі, належыць да вельмі падобнага на пасквіль разбору гэтага аўтара з К. Любецкім. Махнацкі у "славутым п. Пуслоўскім" бачыць "фактара" Любецкага, які нібыта даў швагру некалькі мільёнаў гатоўкі на выкуп у грамадзян "колькіх мільёнаў вайсковых і іншых прэтэнзій" (плаціўшы па 33% намінальнай вартасці), каб за тыя "прэтэнзіі" набыць урадавую маёмасць. Пад апекай Любецкага і ў сумесных дзеяннях з манапалістам Лявонам Неваховічам Пуслоўскі зарабіў некалькі мільёнаў, заліўшы Каралеўства Польскае водкай уласнай вытворчасці, зробленай на Літве. У варунках гандлёва-мытнай палітыкі Любецкага (яе крытыкам быў Пуслоўскі, бо, як вытворца сукна, меў агульныя інтарэсы з расійскімі прамыслоўцамі; С. Грабоўскі да Любецкага, 22.III.1826 г.) гэта не праўдападобна. Затое болей верагоднай выглядае думка Ю. У. Нямцэвіча і К. Казьмяна, што Пуслоўскі, "слаўны з гаспадарства" (Казьмян), "чалавек бязмерна дзейны, абаротны, рухомы" (Нямцэвіч) зарабіў і сабраў сваю вялізную маёмасць на "падрадах" (інакш урадавых кантрактах) па пастаўцы збожжа і валоў для арміі ў часы вайны з Францыяй.
Гаспадарчыя архівы Пуслоўскага не захаваліся. З розных першакрыніц вынікае, што ён рана стаў браць удзел у вялікіх і заблытаных справах гетмана Міхала Казімера Агіньскага, які жыў у Слоніме. Захаваўся кантракт Пуслоўскага з Агіньскім 1796 г. аб арэндзе слонімскай эканоміі. Тая арэнда была, напэўна, вельмі прыбытковая, калі князь П. А. Вяземскі ў сувязі са сваёй паездкай праз Слонім (1818 г.) для пераканання ў беднасці сялян і выціскання арэнд, як цытрын (лімонаў - М.С.) запісаў у дзённіку: "Сумленным арандатарам быў каля 20 год маршалак Пуслоўскі, дасканалы давільшчык цытрын. Ён з крыві сялянскай нарабіў сабе мільёнаў." Акрамя арэнды, паставак для арміі і спекуляцый зямлёй, у многабаковай гаспадарчай дзейнасці Пуслоўскага былі і болей арыгінальныя справы. Як павятовы маршалак, ён заняўся танным утрыманнем коней на паштовых станцыях Гродзенскай і Віленскай губерній (Нарэйка). У 1805-12 гг. бачым яго будаўнічым дзялком, які меў пад Вільняй уласныя цагельню і драўняныя склады і праводзіў (таксама на аснове ўрадавых "падрадаў") работы па будаўніцтву і перабудове гмахаў Віленскага Ўніверсітэта. Пуслоўскі рэалізаваў таксама мысль Адама Чартарыйскага (Я. Снядзецкі да Чартарыйскага, 21.Х.1810 г.), каб на патрэбы Ўніверсітэта залажыць пад Вільняй папяровую фабрыку. Пасмяротныя панегірыкі славілі Пуслоўскага галоўным чынам як піянера прамысловасці на Літве, які ў сваіх уладаннях будаваў дарогі, для патрэб сукнаробства наладзіў у вялікім маштабе развядзенне пародзістых авечак мерыносаў, закладваў сукенныя, папяровыя фабрыкі. Спачатку крытыкаваны "даўнім абскуранцізмам абаронцаў", адыграў важную ролю ў пераадоленні шляхецкіх прымхаў у адносінах да заняткаў гандлем і прамысловасцю, як толькі пераканаўся, "што фабрыкі, падрады сталі рукамі яго роста і крыніцай багацця."
Акрамя папяровай фабрыкі ў Кучкурышках пад Вільняй, значную вядомасць набыла і мануфактура ў Хомску. Па звестках Ю. У. Нямцэвіча (наведаў яе ў 1819 г.) - "сёння найзначнейшая у Літве рукадзельня сукенная", што дала працу "болей чым 300 маладым сялянам і сялянкам" і вырабляла да 1500 скруткаў сукна ў год. З няпоўных звестак вынікае, што, акрамя млыноў, вінакурняў, бровараў і смалярняў, ва ўладаннях Пуслоўскага была наладжана вытворчасць шкіпінару (Міхалін), была таксама кацельня (Сырвідзэ). Напэўна, яшчэ пры жыцці Пуслоўскага была заснавана славутая пазней вялікая фабрыка Альберцін ва ўладанні Шыдловічы (у час знаходжання там Пуслоўскі смяротна захварэў). У пахавальным казанні пробашч з Альшэва (Пескаўская парафія) В. Шпілеўскі абвяргаў думку, "быццам п. Пуслоўскі ня быў ласкавы для сялян." Як і іншыя жалобныя прамоўцы, ён прыводзіў завяшчанне аб асвабаджэнні ад павіннасці дамовай службы, згодна якому сялянам даравалася болей мільёна даўгоў, запісвалася на кожную гаспадарку 20 злотых. Прызнаваў, аднак, што былі і "нараканні", якія выводзіў "толькі з застарэлай ленасці люду тых маёнткаў." У жалобных набажэнствах у сінагогах і на пахаванні Пуслоўскага значны ўдзел бралі яўрэі, сярод якіх, без сумніву, было шмат контрагентаў урадавага прадпрымальніка, пастаўшчыка і магната тых часоў.
Войцэх Пуслоўскі
| Пра набожнасць Пуслоўскага гаварылі ня толькі прамоўцы, але пісалі таксама і мемуарысты (Г. Пузыніна, Г. Алізар). У 1809 г. ён пабудаваў новы парафіяльны касцёл з сямейнай труннай капліцай у Алыпэве ("з абразамі ў алтарах, якіх мала ёсць у Літве" - Ю. У. Нямцэвіч). У 1817 г. - капліцу ў Целяханах, разам з братам Стэфанам уфундаваў капліцу ў гмаху віленскага Таварыства Дабрачыннасці, а таксама "вымураваў" (Трынкоўскі) ці "аднавіў і прыаздобіў" (Нарэйка) касцёлы ў Шыдловічах, Хомску і Стара-Дзевяткавічах. Пры касцёле ў Косаве залажыў фундуш, які прыносіў 6000 злотых у год на ўтрыманне трох ксяндзоў, што адпраўлялі службы ва ўладаннях Пуслоўскага. Пасля смерці магілёўскага арцыбіскупа Каспра Цэцішоўскага (пам. 28.IV.1831 г.), віленскае Таварыства Дабрачыннасці абрала Пуслоўскага сваім старшынёй. Паводле пахавальных казанняў, Пуслоўскі за свой кошт штогод адпраўляў у павятовыя школы, гімназіі і ўніверсітэт некалькі хлопцаў са службы і беднай шляхты; следствам ці працягам гэтага была, напэўна, фундацыя яго сынам Уладыславам (успаміны 1856-7 гг.) 16-20 канвіктараў у "школе дваранскай слонімскай."
У прамежку паміж раз'ездамі Пуслоўскі жыў галоўным чынам у Песках, дзе адбудаваў выдатны палац. У тым палацы ў 1819 г. Нямцэвіч аглядаў прывезеныя Пуслоўскаму з Італіі "аматарам вытанчанага мастацтва" Ёзафам Серакоўскім карціны і занатаваў: "ёсць сярод іх выдатныя" (гэта першая згадка пра творы мастацтва ў доме ужо пазней вядомай калекцыяніраваннем сям'і). Быў таксама ў Песках "набраны з уласных слуг аркестр" і вельмі добрая для шматлікіх сталаўнікоў кухня. Калі ў 1821 г. Пуслоўскі выдаваў дачку Генавефу за Рудольфа Тызенгаўза, у Песках было ўчынена вяселле - "адно з астатніх, так гучна прайшоўшых на Літве". На тое вяселле Пуслоўскі "справіў сабе амаль столькі кунтушоў шаўковых, колькі дачка плаццяў" (Г. Пузыніна). Да канца жыцця апранаўся па-польску, у кунтушы наведваў дварцовыя балы ў Пецярбургу і прымаў Аляксандра"I у Міхаліне. На партрэтах Пуслоўскі маляваўся ў кунтушы, з лысай галавой, толькі на скронях валасы тырчма; выгалены, за выключэннем бакенбардаў, - у стылі, хутчэй за ўсё, пецярбургскім.
Пад канец жыцця Пуслоўскі меў клопаты ў сувязі з тым, што яго сын Цітус быў кіраўніком паўстання ў Пінскім павеце (жнівень 1831 г.). Гродзенскі губернатар М. Мураўёў устанавіў за Пуслоўскім паліцэйскі нагляд. Матывіраваў гэта (у лісце да генеральнага губернатара М. А. Далгарукага 26.VII.[ст.ст.]1832 г.) перакананнем, што "удзел яго ў бунце ёсць надта відавочны з розных звестак, якія сабраны аб шайцы яго сына Цітуса і аб удзеле ў бунце другога яго сына Ўладыслава, каб сумнявацца адносна слушнасці сабраных аб ім сведчанняў і падаючых на яго падазрэнняў." Напэўна, Пуслоўскі рупліва ачысціў сябе і свайго сына Ўладыслава ад тых падазрэнняў. Няяснай застаецца звестка Трынкоўскага аб вызваленні Пуслоўскім з вязніц "смутных ахвяр маладосці." Гэта можа быць аднесена як да паўстанцаў, так і да арыштантаў па справе філаматаў. Каб захаваць маёнтак Цітуса (прызнанага судом злачынцам I ступені) ад канфіскацыі, Пуслоўскі пазбавіў яго права на спадчыну, перадаўшы яго маёмасць братам. Ужо пасля смерці Пуслоўскага справа правамочнасці таго акта была разгледжана ў расійскіх судах (звесткі аб гэтым у паперах Любецкага). Паводле Г. Пузынінай спадчынная маёмасць Цітуса, насуперак старанняў бацькі, была "палічана і забрана з зямлі, з даходаў, з фабрык і г.д." Аднак уладанне Цітуса - Плянта - засталося ў сям'і. Пуслоўскі памёр 3.III.1833 г. у Шыдловічах. Пахаваны разам з жонкай (пам. 13.IX.1830 у Карлсбадзе і яе цела часова было змешчана ў дамовай капліцы ў Песках) у труннай капліцы Св. Войцэха ў альшэўскім касцёле. Пахавальная цырымонія адбылася ў Песках і Альшэве 10-14.VII.1833 г.
У шлюбе з Жазефай з Любецкіх (1776-1830 гг.) Пуслоўскі меў пяць сыноў: Францішка (1800-1859 гг.), правадзейнага стацкага саветніка, маршалка шляхты па чарзе Гродзенскага павета, Гродзенскай губерніі і Віленскай губ.; Уладыслава, Цітуса, Ксаверыя і Вандаліна; таксама дачок: Генавефу (пам. 1827), жонку Рудольфа Тызенгаўза, і Тэрэзу, якая памерла ў маленстве (1808 г.).
"Polski Slownik Biograficzny"
Войцэх Пуслоўскі, маршалак слонімскі, і розумам, і маёнткам другіх перасягаў і за тое меў шмат непрыяцеляў. З-за таго, што яго самога ні ў чым нельга было папракнуць, зайздрасць стала пераследаваць яго імя ў прэлаце, якога слушна ці няслушна абвінавацілі ў крадзяжы фундушоў і скарбаў картузаў. (Размова ідзе пра прэлата Стэфана Пуслоўскага, сваяка Войцэха - М.С.) Акрамя гэтых папрокаў быў яшчэ адзін: быццам прэлат прысвоіў сабе вялізны літы сярэбраны крыж і прыказаў вырабіць з яго сталовае срэбра. Раз на сейміках, калі Войцэх Пуслоўскі ішоў да маршалкоўства, прэлат у яго маёнтку даваў для шляхты абед. Паселі ўсе за стол. На ім стаяла вялізная срэбная ваза цудоўнага фасону і работы. Слова за слова, і прыйшло некаму ў галаву запытацца, як будзе ваза па латыні. Кожны казаў па рознаму. Аж там, у шэрым канцы, крыху прыўстаўшы, якісь прайдзісвет шляхціч, відаць непрыязны Пуслоўскім, смелым голасам сказаў: "Ваза па латыні? - Crux Cartusianorum!" (Крыж Картэзіянскі - М.С.)
...Калі Пуслоўскі яшчэ не быў магнатам, здарылася яму абедаць з такімі ж як і ён маладымі ў той час людзьмі ў Адама Літавора Хрэптовіча. Хрэптовіч, як і яго бацька падканцлер, усё жыццё быў англаманам. Жывучы тады ў Вільні, трымаў на стайні пародзістых коней. І пасля абеду прапанаваў гасцям паездку на ягоных конях. Некаторыя згадзіліся. Пуслоўскі, запрошаны таксама, згадзіўся ехаць. Але з умовай, што паедзе на сваёй кабылцы, бо толькі на ёй верхам можа ездзіць з прычыны нездароў'я і невялікай сілы. Калі ўжо выехалі, пачала моладзь насміхацца з кабылы Пуслоўскага, якая ў параўнанні з Хрэптовічавымі конямі выглядала не лепшым чынам. Доўга той цярпеў і маўчаў. Але, калі кпіны сыпаліся і далей, з вялікай вытрымкай сказаў: "Праўда, што мая кабылка не вельмі прыгожая і трохі худая, але - мая ўласная." Тымі словамі, як на ключ, адразу замкнуў сваім насмешнікам раты.
С. Мараўскі "Мая маладосць у Вільні"
Пуслоўскі Францішак Ксаверы (1806 - 1874 гг.), калекцыянер твораў мастацтва, дзеяч-філантроп. Нарадзіўся ў в. Пескі Слонімскага павета (ахрышчаны 22.IX у Слоніме), сын Войцэха і Жазефы з Друцкіх-Любецкіх, дачкі Францішка, брат Цітуса.
Па сканчэнні Collegium Nobilium піяраў ў Варшаве Пуслоўскі падарожнічаў, наведаў Нямеччыну, Англію, Францыю і Італію. Праз некалькі месяцаў у Парыжы слухаў лекцыі па хіміі. У доме на Алеях Уяздоўскіх, 16 (набытам у 30-х гг.) заснаваў хімічную лабараторыю, абсталяванне для якой выпісаў з Парыжа. Зрабіў яе даступнай для моладзі, студэнтаў Галоўнай Варшаўскай Школы. У 30-х гг. быў маршалкам шляхты Слонімскага павета (пазначаны з гэтым тытулам у 1834 г. у спісе Юліяна Шчукі). У 1849 годзе Пуслоўскі выкупіў у Радзівілаў палац у Крулікарні пад Варшавай разам з прылеглымі землямі. У палацы зрабіў выдатную летнюю рэзідэнцыю і з густам абсталяваў яе ўнутры. У палацы знаходзілася таксама каштоўная бібліятэка, што налічвала некалькі тысяч тамоў, калекцыя габеленаў, бронзы, мармуру, гравюр і абразоў, сярод якіх былі выдатныя творы мастацтва. Павялічваў свае бібліятэчныя зборы і калекцыі шляхам куплі на радзіме і за мяжой. Пуслоўскі валодаў вялізным маёнткам, які атрымаў у спадчыну ад бацькі. У 1856 г. прадаў Э. Чапскаму ўладанне Віжуны ў Ковенскай губерніі, а ў 1861 г.- Шэмбекам уладанне, у склад якога ўваходзіла павятовае мястэчка Сенна разам з некалькімі прылеглымі фальваркамі і вёскамі (Магілёўская губ.). Пуслоўскі і яго брат Уладыслаў разам з А. Пшэздзецкім і А. Вамбахам былі саўладальнікамі Гатэлю Еўрапейскага ў Варшаве, пабудаванага ў 1859 годзе. Гатэль той заставаўся ўласнасцю сямей Пуслоўскіх і Пшэздзецкіх аж да першай сусветнай вайны.
У 1851 годзе Пуслоўскі разам з жонкай перадалі частку гаспадарчых пабудоў Крулікарні на патрэбы Інстытута Маральна Занядбаных Дзяцей. Адначасова запісаў гэтаму інстытуту фундуш, які даваў працэнтамі 6000 руб. штогод, а таксама дараваў 49 моргаў зямлі, каб выхаванцы Інстытута маглі выкарыстоўваць яе на практычных занятках па земляробству і садоўніцтву. З-за таго, што дараваная Інстытуту сядзіба аказалася нявыгаднай, Пуслоўскі ўдзельнічаў у будаўніцтве новага гмаху на Вержбне, у які Інстытут перайшоў у 1862 годзе. Тэрыторыя, што была ахвяравана Інстытуту на земляробча-садоўніцкія патрэбы была названа па імю ахвярадаўцы Ксаверавай. Гэтая назва дайшла да сённяшняга дня ў выглядзе назвы вуліцы і часткі раёна Макатув.
У 1853-9 гг. Пуслоўскі быў намеснікам старшыні, а ў 1862-4 і 1867-8 гг. старшынёй Варшаўскага Таварыства Дабрачыннасці. У 1856 годзе галоўным з фундушоў Пуслоўскага стаў касцёл Св. Міхала па вул. Пулаўскай ў Варшаве, а ў 1865 г. Пуслоўскі пабудаваў за ўласныя грошы вялікую капліцу на тэрыторыі парка ў Крулікарні. Капліца была багата аздоблена, у галоўным алтары знаходзіўся абраз Юзафа Сімлера. У 1865 годзе Пуслоўскі разам з Я. Блохам, Л. Кроненбергам, Л. Натансанам і іншымі стаў закладальнікам справы па будаўніцтву дамоў для рамеснікаў і рабочых. Пуслоўскі быў камергерам расійскага двара, а ў 1871 годзе папа Пій IX надаў яму (і яго брату Вандаліну) тытул графа рымскага. Памёр 9.1.1874 у Варшаве і там жа пахаваны ў падзямеллі касцёла Св. Аляксандра.
Пуслоўскі быў жанаты (шлюб 5.IV.1834 г.) на сваёй стрыечнай сястры Юліі з Друцкіх-Любецкіх (пам. 1888 г.), дачцэ Ксаверыя. Дзяцей не мелі.
Крулікарня адыйшла да малодшага брата Пуслоўскага Вандаліна (1814-1884 гг.), таксама чалавека заможнага (уладальніка Косава ў Слонімскім павеце), калекцыянера і аматара мастацтва. Палац і большасць знаходзячыхся ў ім збораў былі знішчаны пажарам у жніўні 1879 года. В. Пуслоўскі даручыў адбудову палаца архітэктару Юзафу Гуссаву, які рэканструіраваў выпаленыя ўнутранасці з рэдкім у той час кансерватыўным піетэтам. Крулікарню атрымала ў спадчыну па бацьку Марта Красінская з Пуслоўскіх. У канцы яе жыцця - у верасні 1939 г. - палац са зборамі згарэў паўторна (архітэктурна рэканструіраваны ў 1964 г.).
Пуслоўскі Адам Цітус (1803-1854 гг.), начальнік паўстання Пінскага павета ў 1831 годзе, эмігрант. Нарадзіўся ў Песках Слонімскага павета (ахрышчаны 25.XII.1803 г. у Слоніме), сын Войцэха (гл.) і Жазефы з Друцкіх-Любецкіх, брат Ксаверыя.
Пуслоўскі служыў у Александрыйскім палку гусараў расійскай арміі; у званні карнета пайшоў у адстаўку. Пасяліўся ў астаўленым яму бацькам ўладанні Плянта ў Пінскім павеце. Зімой наведваўся ў Вільню і лічыўся сярод "залатой моладзі віленскай" за "найбагацейшага" (Г. Пузыніна). Падтрымліваў сувязі з Антонам Гарэцкім (да яго арышту ў 1828 г.). Арганізоўваў на сваёй віленскай кватэры літаратурныя сустрэчы з удзелам паэтаў.
У час выбуху лістападавага паўстання Пуслоўскі не ўключыўся адразу ў збройную барацьбу, а чакаў шырокага ўдзелу суседніх паветаў, што, дарэчы, прывяло да змарнавання найлепшай пары для пачатку ваенных аперацый. Пінскія ўдзельнікі на чале з Пуслоўскім не дачакаліся прыбыцця з Варшлыні атрада Нарцыза Алізара, які па заняццю Пінскага павета меў намер злучыццаз Каралем Пшэздзецкім, начальнікам сілы збройнай Ашмянскага павета. Дарэчы, паўстанцкі рух у паветах Мозырскім і Рэчыцкім, а затым у Лідскім, Навагрудскім і Слонімскім быў хутка падаўлены. Толькі весткі аб падыходзячым корпусе генерала Генрыка Дэмбінскага, які 9.VII.1831 г. з-пад Куршан павярнуў на Каралеўства Польскае і рухаўся спачатку ў накірунку Міншчызны, схілілі, нарэшце, Пуслоўскага да ўзброенага выступлення Пінскага павета. Ген. Г. Дэмбінскі абмінуў Міншчызну, змяніўшы 24.VII кірунак рушання на паўднёвы захад. А пасланы з Варшавы ў дапамогу Пінскаму павету аддзел палкоўніка Самуэла Ружыцкага дайшоў толькі да Нарэўкі ў аколіцах Белавежскай Пушчы і, сустрэўшы 28.VII корпус ген. Дэмбінскага, злучыўся з ім. Затым яны супольна рушылі ў кірунку Варшавы. Нягледзячы на ўсё гэта, Пуслоўскі ў канцы ліпеня даў у сваёй Плянце безнадзейны і самотны бой. З уласна створаным атрадам, які складаўся са шляхты, у большасці дробнай, слуг і сялян, у тым ліку удзельшкау раненшых паустанняу у суседніх паветах, Пуслоўскі рушыў у накірунку верагоднага наступлення рэгулярных польскіх атрадаў. У ноч з 2 на 3 жніўня увайшоў у межы Кобрынскага павета, аднак у той самы дзень аддзелы ген. Г. Дэмбінскага і палкоўніка С. Ружыцкага ўжо прыбылі ў Варшаву. Пуслоўскі пачаў павялічваць свой атрад (між іншым, да яго далучылася 20 рабочых з належачай яго бацьку сукеннай фабрыкі ў Хомску). Урэшце атрад налічваў 1000 узброеных людзей. Ён павярнуў з Драгічына на поўдзень у кірунку палескіх балот, затым змяніў кірунак на ўсход і зноў увайшоў у Пінскі павет. Супраць аддзела Пуслоўскага выступіў палкоўнік Ілінскі, камендант кабрынскага аддзелу расійскай конніцы. Пуслоўскі, пазбягаючы сустрэчы з перавышаючымі сіламі непрыяцеля, пераправіўся на паўднёвы бераг Піны. Палкоўнік Ілінскі, аднак, атрымаўшы падмогу з Пінска, таксама пераправіўся праз раку і 8.VIII у сутычцы пад Кончыцамі вымусіў Пуслоўскага павярнуць на поўдзень у кірунку Прыпяці.
З-за няўдалай спробы ўтрымацца ў бліжэйшых лясах, Пуслоўскі вярнуўся назад да Нэвеля над Прыпяццю, дзе адбылася бітва з пераважаючымі сіламі Ілінскага. Пасля ўпартай і крывавай сутычкі аддзел Пуслоўскага быў разбіты; ён сам, паранены ў бітве, пакінуў поле бою з групай таварышаў і, адарваўшыся ад пагоні, падаўся на Валынь. Па ўпадку паўстання ў Каралеўстве Польскім Пуслоўскі жыў ва Ўсходняй Прусіі. Адтуль, пасля безвыніковых спробаў дабіцца дазволу расійскіх улад вярнуцца на радзіму, летам 1832 г. выехаў у Францыю і асеў у Парыжы.
Згодна рашэння ўтворанай ужо ў маі 1831 года ў Мінску Губернскай Следчай Камісіі па вядзенню спраў удзельнікаў паўстання, Пуслоўскі быў прылічаны 29.11 (12.III) 1832 г. да I катэгорыі злачынцаў. Праз свайго бацьку, для ўтрымання права перадачы маёнтка ў спадчыну астатнім сынам, пазбаўлены ўсялякіх праў на маёмасць і атрыманне спадчыны. Гэтае рашэнне было зацверджана Сенатам Расійскай Імперыі. У эміграцыі Пуслоўскі не займаўся палітычнай дзейнасцю. Памёр 5.III.1854 г. у Парыжы і пахаваны на могілках Пер Лашэз.
Сям'і Пуслоўскі не стварыў.
"Polski Slownik Biograficzny"
Пераклад з польскай мовы Мікалая Сінкевіча
|