Дзяды: шлях у нябыт
Калі глядзець старажытныя карты Беларусі, то ў месцы, што ў некалькіх кіламетрах на поўнач ад сённяшняй станцыі Бронная Гара, можна заўважыць вёску з такой роднай і адначасова дзіўнай назвай - Дзяды. Але не спяшайцеся шукаць яе на сучасных картах ці неяк патрапіць туды. Таму што яе няма...
Цёплым летнім днём 1942 г. у вёску Дзяды ўварваўся нямецкі карны атрад. Паветра адразу ж напоўнілася жаночым плачам і крыкам дзяцей. Усё насельніцтва да апошняга жыхара было сабрана ля адной з хат. Далейшыя планы немцаў не выклікалі сумніву. Адно невядома, чаму ў самы апошні момант яны змяніліся і які цуд уратаваў людзей ад смерці. Бо замест масавага растрэлу фашысты ўзялі ў заложнікі пяцёх жыхароў з умовай, што калі ў наваколлі не будзе дыверсій, то яны будуць адпушчаны. І сапраўды, праз чатыры месяцы заложнікаў асвабадзілі. Але без ахвяр усё ж не абыйшлося - былі растраляныя дзве сям'і. Адна за зброю, якую дзесь знайшлі падлеткі і ўпотайкі прыхавалі дома. Астатнім жыхарам дазволілі ўзяць з сабой такія-сякія рэчы і загадалі высяляцца на Бронную Гару. За іх плячыма засталіся палаючыя хаты. Дзяды адыходзілі ў нябыт.
Што ўяўляла сабой гэтая вёска? Была яна невялічкая па памерах - усяго восем сем'яў, закінутая ў дрымучым лесе. Згодна паданню, калісьці нейкі пан прадаў у гэтым месцы некалькім сялянам частку сваёй зямлі, а дакладней - лесу і балота. Тут яны пасяліліся, вялі сваю няхітрую натуральную гаспадарку, дзякуючы якой і жылі. Ццяжкім было тое жыццё ў лясным глушы, ды ўтрымлівала ад перасялення ў лепшае месца ўласная зямля-карміцелька. Здараліся часам і святы. Быў у Дзядах прыгожы касцёл і сваё вясковае прастольнае свята ў гонар святога Антонія. На яго раз у год збіраліся людзі з усяго наваколля, адпраўлялася ўрачыстае набажэнства. Так працягвалася да дня тых трагічных падзей.
Сёння ўжо амаль не засталося колішніх жыхароў Дзядоў. Адна з іх - Галоціна В.А., настаўніца бярозаўскай школы, кожнае лета наведвае з вучнямі вёску свайго дзяцінства, не - цяпер толькі месца, дзе знаходзілася тая. Але па словах Валянціны Антонаўны, і сёння, як жывыя стаяць у яе памяці родная вёска, родныя краявіды, непадуладныя злой волі, непадуладныя часу.
Мікалай Сінкевіч "Газета для вас" № 23, 1998 г.
|