Наталля Кіцка

Дзённікі

(Урывак)

Князь Аляксандр Сапега часта выязджаў са свайго прыгожага палаца ў Ружане, у якім жыў да скону, у Галоўчыцы - спадчыннае ўладанне майго дзеда; выказваў пашану яго даверу. Не выпіваў з ім келіхаў, поўных віна, як тое яму часта выпадала з Балеславам, бо краіна стагнала пад ярмом акупантаў. Але саветаваўся з ім, альбо давяраў яму розныя хатнія клопаты, таму што бедны князь у сваім жыцці, як у публічным, так і ў хатнім, вялікіх зазнаў непрыемнасцей. Быў у сэрцы добрым палякам, а з-за недахопу праніклівага розуму належаў да Таргавіцы. Меў прыгожую жонку, але вельмі какетлівую. Княгіня канцлерша, з дому Любамірская, вылучалася сваёй прыгажосцю, як і святая Магдалена, імя каторай насіла. У часы Чатырохгадовага Сейму, званага апошнім польскім карнавалам, яна пазнала чары свецкіх уцех пры двары Станіслава Аўгуста. На жаль толькі, не пайшла пакутлівым шляхам сваёй заступніцы. Памерла маладой, пахавана была ў Сапежынскіх склепах у касцёле манахаў самотнікаў у Бярозе на Літве.

Распавядала мне пані Ванда Кабога, наймалодшая з дачок пані Севярынавай Патоцкай, легенду пра княгіню канцлершу. Калі ў час пахавання тая ляжала на катафалку, то выглядала яшчэ так прыгожа, што вельмі захапіла сабой аднаго з кляшторных паслушнікаў. Зачараваны, ён прыняў рашэнне малітвамі і пастамі пракласці ёй шлях на неба. Умярцвенне цела і безупынныя малітвы за князёўну канцлершу прывялі, нарэшце, паслушніка да страты розуму.

Кляштар і цудоўны касцёл, крыты меддзю, паставіў у Бярозе адзін з Сапегаў, жанаты на Тарноўскай. Ахвяраваў на яго шмат грошай, абкружыў вялізным мурам і вуглавымі вежамі. Непадалёку ад касцёла стаяў палац, прызначаны для шчодрага прыняцця падарожнікаў, якія заблудзіліся, для пілігрымаў, што наплывалі з розных бакоў Літвы ў часы вялікіх адпустаў у Бярозе, альбо для прыязджаючых да пустэльнікаў з мэтай адпраўлення пасту членаў сям'і Сапегаў.

У 1831 годзе двое маладых паслушнікаў кінулі кляштар і сталі пад карабіны ў польскім войску. Мікалай ніколі не забываў паказаць сваю жорсткасць, уласцівую царызму, і невінаватых манахаў самотнікаў загадаў разагнаць. Падставай было тое, што двое з іх падаліся ў паўстанцы. Маёмасць пустэльнікаў канфіскаваў, касцёл зачыніў, толькі час ад часу на святы намаганнямі парафіян адпраўлялася ў ім святая імша. Для ўратавання фамільных склепаў з трунамі, у якіх ляжалі памерлыя прадстаўнікі Сапежынскага роду ў каштоўных шатах, з самацветамі, з шаблямі пры баку, Сапегі і параднёныя з імі Замойскія загадалі апячатаць тыя склепы.

Па прашэсці колькіх гадоў маскоўскі чыноўнік, якісь асэсар, скарыстаўшы ўладу, абдзёр з даху касцёла медныя бляхі і ахвяраваў іх на накрыццё новай царквы, што будавалася ў Гродна. Шчодра за гэтае святатацтва ўзнагароджаны, не зважаючы ні на што, далей нішчыў на цэглу і лупіў касцёл і кляштар пустэльнікаў, якія без даху туляліся па бездарожжах свету. Багацце, што захоўвалася ў іх скарбніцах калісьці дапамагло ўзбагаціцца толькі сям'і Пуслоўскіх. Яе роданачальнік пан Войцэх Пуслоўскі меў сваяка, які ў Бярозе быў прэорам пустэльнікаў. І з яго дапамогаю забраў і прадаў срэбра, накопленае ў пустэльніцкай скарбніцы. Затым выгадна распарадзіўся ўзятай за срэбра сумай - у 1812 годзе заняўся пастаўкамі для маскоўскіх войскаў цара Аляксандра I. Гэта быў пачатак вялізнага багацця Пуслоўскіх на Літве. Разумны, прадпрымальны пан Войцэх Пуслоўскі не перабіраў у сродках. На вялікім алтары ў касцёле пустэльнікаў знаходзіўся крыж вялікіх памераў. А на ім Пан Хрыстос велічынёй з высокага чалавека, адліты з найчысцейшага срэбра, і крыж з такога ж срэбра літы.

Праз шмат гадоў ізноў наведала тое, калісь святое месца. Касцёл стаяў яшчэ цэлы. У рызніцы мне паказалі партрэт Льва Сапегі, вялікага канцлера літоўскага і гетмана часоў Зігмунта III, маляваны яшчэ ў гады маладосці канцлера. На ім Л. Сапега ў пунсовай аксамітавай фарэзіі, з падголенай галавой. Пад партрэтам у глыбокай нішы ў муры стаяла срэбная скрыначка з ягоным сэрцам.

Літва ўдзячна Льву Сапезе за напісанне збору праў, званага Статутам Літоўскім. Тым правам, аснаваным на тагачасных звычаях і на справядлівасці, некалькі вякоў кіравалася не толькі Літва, але і казаччына. Аж пакуль цар Мікалай яго не адабраў і не замяніў зводам законаў. Ці дакладней, хаатычным зборам указаў, распараджэнняў, што з незапамятных часоў выдаваліся маскоўскімі царамі па разнастайных адзінкавых выпадках у дачыненні падуладных ім плямёнаў.

Над вялікімі дзвярыма касцёла ў Бярозе, у час маёй там бытнасці, на мармуровай дошцы быў выгравіраваны надпіс на латыні. То быў страшны праклён, які фундатар адрасаваў тым, хто асмеліўся б пабурыць гэты Божы храм і злучаны з ім кляштар манахаў пустэльнікаў. Бедныя тыя манахі шчодра рассыпалі міласціну, а самыя падпарадкоўваліся цяжкаму ўставу: мяса елі толькі раз у год на Пасху, а калі-нікалі, вельмі рэдка, водныя куркі, якіх гадавалі ў кляшторных сажалках. Акрамя цяжкіх пастоў, яны доўгія гадзіны праводзілі ў малітвах, а іх ізаляцыя ад света была амаль поўнай.

Цар Мікалай не дбаў аб праклёне, напісаным над дзвярыма касцёла ў Бярозе і загадаў знішчыць яго канчаткова. Сёння на тым месцы, дзе стаяў велічны Божы храм, аруць і сеюць сяляне. Не засталося слядоў касцёла, палаца князёў Сапегаў, Сапежынскіх склепаў, кляштара манахаў пустэльнікаў і г.д. Дзе ўсё тое падзелася, аднаму Богу вядома. Калі была я ў Бярозе, на месцы даслоўна перапісала надпіс, што быў выгравіраваны над уваходнымі дзвярыма касцёла. І тая мая копія страшнага праклёну далучылася да іншых памятных рэчаў, сабраных рукамі князя Ўладыслава Чартарыйскага ў Парыжы. Маскалі хутка выканалі загад Мікалая I, і выканалі з той прыемнасцю, з якой нішчылі і ганьбілі палякаў.

Пераклад з польскай мовы
Мікалая Сінкевіча