Паміраныя смерцю

Якую цану мае чалавечае жыццё? Ці значыць яно наогул што-небудзь, калі чалавек з'яўляецца толькі "вінцікам" у д'ябальскай машыне? Адзін рух машыны - і "вінцік" пераўтвараецца ў "пушачнае мяса", далейшы шлях якога - знішчаць і быць знішчаным. Мільёны абарваных жыццяў, зламаных лёсаў дзеля задавальнення чыйсьціх вар'яцкіх інтарэсаў. Такія сумныя думкі усякі раз прыходзяць пры наведвані гэтага месца.

Здалёк яно падобна на невялічкі гай, які знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах на ўсход ад Бярозы. Пад'ехаўшы ж бліжэй, разумееш, што не гай гэта зусім, а абсаджаныя дрэвамі вайсковыя могілкі перыяду 1915-20 гг.

У правільным геаметрычным прамавугольніку па-вайсковаму роўнымі радамі ўкладзены сотні надмагільных пліт. Адзін ля другога жаўнер арміі нямецкай, арміі бальшавіцкай, аўстрыйскай... невядомы жаўнер невядомай арміі. Вайна перамяшала ўсё, ворагамі сталі нават землякі: салдаты расійскай арміі з беларускімі прозвішчамі Каліноўскі, Быкоўскі, Несяевіч, Агіньскі ваявалі супраць салдат аўстрыйскай і нямецкай армій Кардасевіча, Сітнеўскага, Вярсбінскага...

І не думалі, мабыць, палякі, ствараючы ў канцы 20-х гг. з разрозненых пахаванняў гэтыя могілкі, што надыдуць яшчэ больш жахлівыя часы. І вось ужо ў гады ІІ-ой сусветнай вайны, як гаворыць мясцовае паданне, малады нямецкі салдат, бадзяючыся сярод надмагільных пліт, выпадкова знайшоў магілу свайго бацькі.

Пасля вайны могілкі на доўгія гады былі закінутыя, ператвораныя ў сметнік, надмагільныя пліты расцягваліся для гаспадарчых патрэб, і толькі ў пачатку 90-х, дзякуючы намаганням дэпутата Мінскага гарсавета Кнырэвіча С. і нямецкаму боку, яны былі добраўпарадкаваныя. А колькі яшчэ падобных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, Беларусі?

...Шорах ветрыка ў галінах старых лістоўніц, самотны крыж у цэнтры могілак, сціплы надпіс ля падножжа на рускай і нямецкай мовах "Тут спачываюць салдаты - ахвяры 1-й міравой вайны". Ворагі, паміраныя смерццю. Нанавуку нашчадкам...