Пётр Павел Гах
Адмысловая роля картузіі ў Бярозе
Вядомы на Захадзе даследчык і спецыяліст у галіне гісторыі манаскіх законаў Пётр Павел Гах з Люблінскага Каталіцкага Ўніверсітэта (Польшча) даслаў на адрас "Гістарычнай Брамы" свае навуковыя працы, прысвечаныя картэзіянскаму ордэну. Таму прапануем сёння Вашай увазе адну главу "Адмысловая роля картузіі ў Бярозе" з яго працы "Картузы на землях Польскіх у 1772-1831 гг."
Картузія ў Бярозе знаходзілася ў акружэнні рознай па веравызнанню люднасці. У самой Бярозе, як і на землях, належачых картузам, акрамя католікаў жылі ўніяты, праваслаўныя і яўрэі. З мінулых даследаванняў вынікае, што і ў XVIII-XIX стагоддзях картузія выконвала значную культурную і грамадскую ролю. Яе ўплыў на кожную з названых рэлігійных суполак застаецца пытаннем для даследаванняў.
На першым плане стаяць сувязі картузаў з каталіцкім насельніцтвам. Вялікай праблемай у наваколлі была, без сумніву, справа лячэння хворых. Картузія аж да 1831 года, да свайго скасавання, утрымлівала за свой кошт лекара, аптэкара і дапаможны персанал. У выпадку патрэбы іх умельствам карысталіся як законнікі, так і навакольныя жыхары. Унутры кляштара знаходзіўся малы лазарэт для лячэння людзей, што, безумоўна, на гэтых пазбаўленых арганізаванай медыцынскай дапамогі тэрыторыях мела вялікае значэнне. Трэба дадаць, што пастаянным расходным артыкулам у выдатках бярозаўскіх картузаў была дапамога ўбогім, калекам і сіратам.
У 1784 годзе законнікі пабудавалі ў Бярозе вялікі будынак з памяшканнямі для пачатковай школы і дзвюма пакоямі для настаўнікаў. Школа функцыянавала з невялікім перапынкам да 1830 года і наведвала яе ад 8 да 50 вучняў. Настаўнікі, фінансуемыя картузіяй, навучалі катэхізісу, чытанню і пісанню, арыфметыцы, пачаткам лаціны, геаграфіі і гісторыі Літвы, а ў пэўны перыяд і нямецкай мове.
На пачатку XIX стагоддзя ў картузіі існаваў навіцыят (інстытут паслушніцтва - М.С.) з маральнай тэалогіяй. Зато ў першакрыніцах недастае пацвярджэння існавання навіцыятаў у цікавячы нас перыяд у Гідлі і Картузах. Найбольш верагодна, што ў Бярозе функцыянаваў адзіны ў той час на польскіх землях навіцыят картузаў. Паводле дадзеных 1803-1805 гг. у ім было 5 паслушнікаў. У выніку ўнутраных і розных другіх цяжкасцяў праз некалькі гадоў навіцыят перастаў існаваць. Аднавіўся ён на пачатку дваццатых гадоў разам з наплывам новых прызваных.
Падзеі 1812 года былі нешчаслівымі для Бярозы. Уцёкі напалеонаўскай арміі з-пад Масквы, наведванне атрадамі марадзёраў тэрыторый, што належалі кляштару, прынеслі матэр'яльныя страты ка 36 717 рублёў 84 капейкі.
У 1803 г. у Пецярбургу са згоды Духоўнага Калегіума манаскія законы ў Расійскай Імперыі ўтварылі сумесную кангрэгацыю, каб засцерагчыся ад умяшальніцтва ў свае справы дыяцэзіяльнага духавенства. Кіруючыся такімі ж самымі матывамі, кіраўніцтва бярозаўскіх картузаў з 1811 г. старалася далучыцца да гэтай кангрэгацыі, усведамляючы, акрамя таго, свае ўнутраныя цяжкасці, недахоп дысцыпліны сярод законнікаў і немагчымасць зносін з іншымі картузіямі. У снежні 1819 г. яны былі прынятыя ў кангрэгацыю і мелі агульнае з бенедыкцінамі (3 кляштары), цыстэрцыянамі (2 дамы) і камедуламі (1 скіт) кіраўніцтва ў Расійскай Імперыі. Гэтая падзея не паўплывала на паляпшэнне матэр'яльнай і асобаснай сітуацыі ў картузіі, якая губляла гаспадарчую самастойнасць, а некаторыя яе члены секулярызаваліся і ўвайшлі ў склад дыяцэзіяльнага кліру.
У дваццатых гадах картузія ўмацавалася новымі членамі, узрасла лічба законнікаў, адукацыяй якіх заняўся доктар тэалогіі а. Інацэнты Кжышкоўскі з закону трынітарыяў. Пад час гэтых падзей, па сканчэнні школы ў Гродна ў 1823 г. да навіцыяту паступіў Павел Геніюш. Прыняўшы пасвяшчэнне ў святары ў 1827 г., ён пачаў выкладаць у навіцыяце, а ў 1830 г. стаў у Бярозе прыёрам. Аб гэтым перыядзе можна гаварыць як аб часе адраджэння законнага жыцця і ўзрастання грамадска-культурнай ролі картузіі. Сістэматычна закупляліся кніжкі для бібліятэкі, якая ў 1830 г. налічвала 2314 тамоў. З захапленнем вяліся навуковая праца і агародніцтва.
Працэс развіцця картузіі цягнуўся ня доўга - быў груба спынены царскім указам ад 28.VII.1831 г. Скасоўваўся ўвесь кляштар і канфіскавалася ўся маёмасць, пабудовы і зямельная ўласнасць. Прычынай закрыцця быў актыўны ўдзел законнікаў у паўстанні 1830 г. У паўстанцкіх аддзелах на Літве два картузы (а. Ламберт Плюшчэўскі і а. Ян Мрашкоўскі) выконвалі функцыю капеланаў. Астатнія разам з прыёрам забяспечвалі паўстанцаў харчаваннем альбо змагаліся са зброяй у руках. Адзін з удзельнікаў - клерык Дыянісій Камінскі - памёр ад ран, 6 было арыштавана і пэўны час утрымлівалася ў вязніцы ў Гродна. Затым 10.Х.1831 г. тры манахі вывезены да дому бенедыкцінаў у Гарадзішча (у тым ліку прыёр П. Геніюш), адзін да бенедыкцінаў у Нясвіж, два да бенедыкцінаў у Старыя Трокі, а таксама да кляштараў цыстэрцыянаў у Кімбаруўку (два) і ў Выстычы (тры).
Спачатку касцёл картузаў быў ператвораны ў парафіяльны, а ў 1866 г. разам з другімі будынкамі разабраны да падмуркаў. Атрыманы такім чынам будаўнічы матэр'ял выкарыстаўся для ўзвядзення ў аколіцы новай праваслаўнай царквы. У 1939 г. яшчэ існавалі сляды бытавання картузаў - абаронныя муры, рэшткі вежы ўяздной брамы і прыдарожнай каплічкі.
У ліку панесеных страт апынуліся таксама архіў і бібліятэка. Вядома, што ў 1830 г., напярэдадні закрыцця, у бібліятэцы знаходзілася 2314 кніжак. Усе рукапісы і кніжкі былі разрозненыя і перад II сусветнай вайной знаходзіліся ў розных месцах, напрыклад, у Дыяцэзіяльным Архіву ў Вільні, у дзяржаўных архівах у Вільні і Гродна, а таксама ў дзяржаўных бібліятэках і зборах: у Нацыянальнай Бібліятэцы ў Варшаве, у Бібліятэках Універсітэцкіх у Вільне, Кракаве, Львове, у Бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве, у Бібліятэцы ў Корніку, а таксама ў прыватных зборах. Вельмі праўдападобна, што вялікая частка кніжак і рукапісаў з Бярозы, як і з іншых скасаваных каталіцкіх кляштараў, трапіла ў розныя дзяржаўныя ўстановы Пецярбурга.
Картузы выміралі, рассеяныя па розных манастырах, займаючыся галоўным чынам душпастырскай працай. Уся іх дзейнасць была пад наглядам улад, якія не забылі пра ўдзел манахаў у лістападаўскім паўстанні. Прыёр а. П. Геніюш, без сумніву, найвыдатнейшы з картузаў XIX стагоддзя, прыродазнаўца і пісьменнік, пасля кароткага знаходжання ў Гарадзішчы ў 1835 г. быў пераведзены ў абацтва бенедыкцінаў у Старыя Трокі, дзе ў другі раз абіраўся прыёрам. Выконваў там ролю парафіяльнага душпастыра. Пасля закрыцця кляштара ў 1842 г. па запрашэнні Г. Друцкага-Любецкага выконваў функцыі капелана ў яго маёнтку ў Луніне. Там у 1848 г. і памёр, а пахаваны быў у Гарадзішчы. 15 мая 1865 г. памёр а. Ігнацій Гранкоўскі - апошні картуз на польскіх землях.
На заканчэнне варта звярнуць увагу на пытанні, якімі належыць заняцца ў будучых даследаваннях:
1. Культурнае значэнне картузіі ў бліжэйшым наваколлі і рэгіёне (картузы як арганізатары зямельнай гаспадаркі, школ, бальніц, парафій, капліц).
2. Біяграфіі знакамітых картузаў.
3. Параўнальнае вывучэнне архітэктуры і мастацтва закону.
4. Гаспадарчая інфраструктура картузіі і яе функцыянаванне ў XVIII і XIX стагоддзях.
Каб правесці названыя даследаванні, якія тычацца 3-х картузій на польскіх землях, неабходна звяртаца да рукапісаў, знаходзячыхся ў бібліятэках і архівах. Пераважна трэба выкарыстоўваць рукапісны матэр'ял, што захоўваецца зараз у Галоўным Архіву Старадаўніх Актаў у Варшаве і ў Польскай Бібліятэцы Акадэміі Навук у Корніку.
Час існавання картузій на польскіх землях і апошнія законнікі ў XIX стагоддзі
Мясцовасць - картузія | Час існавання | Месца, дата смерці і імя апошняга картуза |
Картузы Гідль Бяроза Картузская |
1382-1823 1641-1819 1648-1831 |
Картузы 18.Х.1850 Казімір Ніцш Гідль 9.III.1831 Адам Грабоўскі Вішнёўка 15.V.1865 Ігнацій Гранкоўскі |
|