Нарысы з гісторыі вёскі Мормажава
Вынікамі сваіх самастойных гістарычных даследаванняў дзеліцца вучань СШ №3 г. Бярозы Белавежкін Андрэй.
Мормажава сёння - вёска з насельніцтвам каля 100 чалавек. Размяшчаецца яна на плоскай пясчанай тэрасе. Раней з поўначы і ўсходу была абкружана багнам, на якім рос алешнік. У старажытныя часы тут, магчыма, было невялікае возера, злучанае з ракой Ясельдай.
Адкуль жа пашла назва Мормажава? На гэты конт існуе некалькі версій. Па Жукевічу, Мормажава - ад польскага слова Мормуль, г.зн. балота. Але, ўлічваючы гістарычныя асаблівасці вёскі, гэта падаецца малаверагодным. Паводле мясцовага падання, вёска названа па імені пана Мормажава.
Мор - старажытнаславянскае слова, якое досыць часта сустракаецца і ў сучаснай мове:
смерць, хмары, заморак, маркотны. Мор, Марана - імя багіні смерці. Не выключана, што менавіта гэты корань і ўтварыў назву. На гэта ўказваюць шматлікія прыкметы, напрыклад, моўныя: каб цябе паморак узяў; а мор яго ведае.
Гісторыю Мормажава можна адлічваць з верхняга палеаліту, прыкладна 25-21 тыс. гадоў да н.э. Гэты час характэрызуецца рассяленнем першабытных людзей па берагах вялікіх рэк. Такая стаянка эпохі палеаліту знаходзіцца на поўдні на ўскрайку вёскі. Сярод знаходак можна вызначыць добра захаваныя стрэлы, нуклеус, крамянёвыя пласцінкі грубай апрацоўкі.
Пакінула тут свае сляды і наступная эпоха - мезаліту - сярэднякаменнага веку. Яна прадстаўлена стаянкай Мормажава-3. Яе характэрныя асаблівасці - шматлікія крамянёвыя прылады працы і адсутнасць нуклеусаў.
6-4 тыс. год да н.э. на тэрыторыі Беларусі пануе неаліт. Ён пачынаецца з адкрыцця першабытнымі людзьмі керамікі.
Да нёманскай культуры адносяцца дзве стаянкі. Для іх характэрны вялікі ўзровень апрацоўкі крэмня, аб чым сведчаць знаходкі: фрагменты керамікі ад вялізных збаноў, невялікі гаршэчак - усё падцвярджае бліскучае развіццё ганчарства.
Таксама дзве стаянкі прадстаўляюць культуру штрыхаванай керамікі, датуемай 4-3 тыс. год да н.э. Якасць вырабаў, як крамянёвых, так і керамічных, значна зніжаецца. Сярод знаходак значна пераважаюць фрагменты керамічных вырабаў. На стаянцы Мормажава-7 знойдзены глыбы крамяню, які выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы. Гэты крэмень мясцовага паходжання, здабыты, верагодна, ў Левашках.
Невыразныя паселішчы прадстаўляюць эпохі бронзавага і жалезнага вякоў.
На поўдзень ад вёскі на невялікім узвышшы знаходзяцца тры, напэўна, дрыгавіцкія курганы. А ля абеліска савецкім воінам знойдзены фрагменты посуду ІХ-Х стагоддзяў.
Росквіт Мормажава прыпадае на эпоху Сярэднявечча. Буйное паселішча XV-XVIII стагоддзяў аставіла пасля сябе шмат знаходак: бясконцыя фрагмекты керамікі, абломкі цэглы, цвікі, розныя жалезныя і шкляныя вырабы.
У 1733 г. між Мормажавым і Сяльцом адбылася бітва часоў грамадзянскай вайны ў Рэчы Паспалітай. У 1895 г. каля вёскі яшчэ захоўвапліся нейкія акопы ці рэдуты для гармат (на гэтым месцы зараз знойдзена ядро). Мясцовыя жыхары адносяць іх да часоў шведскай альбо напалеонаўскай войнаў.
Асноўным сродкам да існавання і крыніцай дабрабыту мормажаўцаў было земляробства. Непадалёку працякала р. Ясельда і ўвесну яна поўнасцю перакрывалася сеткамі - быў вялізны ўлоў рыбы.
Бяда прыйшла ў вёску ў 1914 г. Яе поўнасцю спалілі немцы, а жыхары падаліся ў бежанцы. Шматлікія гільзы, датаваныя 1905-1908 гг., сведчаць аб адбыўшыхся тут баях. Пасля сканчэння вайны вёска адбудоўвалася марудна. У 30-я гады яна налічвала прыкладна 15 хат.
Белавежкін Андрэй
|