Археолагі працягваюць даследаванне неалітычных паселішчаў ля вёскі Моталь Іванаўскага раёна
Археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працягваюць вывучаць неалітычныя паселішчы ля вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Задачай цяперашняй экспедыцыі з'яўляецца даследаванне пытанняў старажытнага клімату і праблем узаемаадносінаў плямёнаў каменнага стагоддзя з навакольным асяроддзем.
Археалагічныя экспедыцыі ў складзе студэнтаў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам доктара гістарычных і кандыдата геаграфічных навук Алены Калечыц, якая даследуе пытанні палеагеаграфіі і экалогіі плямёнаў каменнага веку, не першы год прыязджаюць у вёску на беразе Ясельды. Тут знаходзяцца чатыры паселішчы гэтак званай "нёманскай культуры" - археалагічнай культуры неалітычных плямёнаў, якія жылі ў 4-3 тысячагоддзях да нашай эры натэрыторыі беларускага Панёмання, левабярэжжа верхняй прыпяці, паўночным усходзе Польшчы і паўднёвым захадзе Літвы. Вядома, што ў гэты час адбываўся пераход чалавека ад прысвойваючай гаспадаркі (паляванне і збіральніцтва) да вырабляючай (земляробства і жывёлагадоўля). Акрамя гэтага, у перыяд неаліта людзі пачалі шліфаваць і свідраваць прылады з камяню, з'явіўся гліняны посуд, прадзенне і ткацтва.
Яшчэ ў 1962 годзе пры раскопках ля вёскі Моталь было знойдзена каля 200 крамянёвых прыладаў працы, у тым ліку разцы, праколкі, скрабкі, грубаабітныя цяслы і сякеры, рэшткі глінянага посуду. У наступных экспедыцыях археолагі дасталі з зямлі каля 15 тысяч прадметаў "нёманскай культуры".
|