Надзея Дземідовіч:

"Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу"

Упершыню я ўбачыла гэгую жанчыну гадоў пяць назад, калі разам з бацькам прыйшла на сход рэпрэсаваных. Сярод былых вязняў сталінскага ГУЛАГу яна вылучалася нечым асаблівым. Пасля я зразумела, што асаблівае - гэта яе кантрасты: незвычайная мяккасць погляду і цвёрдасць перакананняў, якія яна выказвала; жаночая прыгажосць і ... мыліца; інтэлігентнасць і вымушанасць даваць рэзкія ацэнкі. Але найбольш запаў у душу яе адказ на пытанне пра рэабілітацыю: "Не падавала і падаваць не буду - я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу. Я засталася без сям'і, без дзяцей і таму адказная толькі за сябе. А прасіць рэабілітацыю - прызнаць сваю віну".

Наступныя гады я сустракала яе падчас розных нацыянальных мерапрыемстваў, але наш дыялог адбыўся толькі цяпер...

Сышоў у вечнасць мой тата, і я з жахам усвядоміла, што не распытала яго ў дэталях пра ўсе моманты жудаснага зняволення. Здавалася, што яшчэ паспеецца... не паспелася. І зараз я адчайна змагаюся з комплексам віны. I, хутчэй за ўсё, менавіта з тае прычыны пачала шукаць сустрэчы з гэтай моцнай жанчынай.

Перад самым Новым годам я пераступіла парог яе ўтульнай хаты, што ў Калодзішчах пад Мінскам. Мяне сустрэла сваёй цеплынёй штосьці шчымліва-знаёмае і блізкае з дзяцінства. Усё. Акрамя аднаго - я ніколі не бачыла, каб падлога была пафарбаваная ў колер маладой вясенняй травы...

Пяць гадзін нашай гутаркі праляцелі на адным дыханні, пакінуўшы ў маёй душы глыбокую самоту. Ад усведамлення, шго жыццё чалавека - гэта сапраўды імгненне і аповед пра яго можа змясціцца на дзвюх магнітафонных касетах. Для Надзеі Дземідовіч яно было адным збалелым імгненнем - акупацыя, акупацыя, акупацыя...

Надзея нарадзілася ў 1927 годзе і была другім дзіцём у сям'і Рамана Дземідовіча. "Стаць на ногі" Раман змог толькі таму, што яшчэ халасцяком ездзіў на заробкі ў далёкую Амерыку. За сем гадоў цяжкай працы з 1914 па 1921 год ён сабраў грошы на ўласную гаспадарку і вярнуўся на Радзіму. Перш чым свабодныя землі Гарадзеншчыны пачалі засяляцца палякамі-асаднікамі, Раман Дземідовіч паспеў купіць зямлю на хутары недалёка ад вёскі Дзевяткавічы. Расла сям'я. З'явіліся шасцёра дзяцей: старэйшая - з 1924 года, малодшы - з 1936-га.

- Шаноўная спадарыня Надзея, што найбольш яскрава запомнілася Вам з перыяду польскага панавання?
- Беларускасць маіх бацькоў. І бацька, і маці цвёрда ведалі, што яны беларусы, і насуперак "афіцыйнай прапагандзе" выхоўвалі ў нас, дзецях, чалавечы гонар і годнасць. Трэба сказаць, што мой тата быў дастаткова адукаваным па тым часе - скончыў 7 класаў царскай школы і ў Амерыцы яшчэ вучыўся. Ён многае разумеў, многае ведаў. Яго прымаў нават Пілсудскі. Гутарка ішла пра магчымасць атрымаць добрую пасаду, добрую працу, добрыя грошы. Але дзеля гэтага патрэбна было перайсці ў каталіцтва, а затым і палякам "стаць". Я добра памятаю, як бацькі разважалі на гэтую тэму. І на ўсе жыццё запомніла словы мамы: "Не! Будзем трымацца сваіх каранёў". Але заставацца беларусамі і праваслаўнымі пры Польшчы азначала стварыць сабе шэраг дадатковых цяжкасцяў: у прыватнасці, узнікалі перашкоды з вучобай. Ды і плаціць трэба было болей. А для бацькоў (асабліва для таты) даць адукацыю дзецям было найпершым жыццёвым абавязкам. І яны стараліся з усіх сіл. У 1939 годзе Маня, старэйшая, вучылася ўжо ў гімназіі, я - у 4 класе, Ліда - у 2-м. Вядома ж, вучыліся па-польску. А нам усім так хацелася жыць у свабоднай Беларусі! Так марылася, што народ не будзе другасортным. Так віталі мы уз'яднанне з Усходняй Беларуссю, так радаваліся, што не трэба будзе плаціць за адукацыю, але...

- Плата была жорсткай?
- Вельмі жорсткай. Трапілі з агню ды ў полымя. Спачатку сталі распраўляцца з палякамі-асаднікамі. Іх усіх вывозілі ў Сібір. Памятаю сям'ю Яскульскіх. Іх старэйшая дзяўчынка вучылася са мной у адным класе. Гаспадар быў афіцэрам польскай арміі і дадому пасля 39-га не вярнуўся. На руках гаспадыні засталіся шэсць дзяцей, сама ж яна была цяжарная сёмым... Іх забіралі зімовай ноччу 40-га года ў люты мароз - кінулі ў сані паўапранутых. А ў Яскульскай якраз пачыналіся роды, але і гэта не спыніла... Яна так крычала... І што далей з гэтай сям'ёй? Гаспадар, можа, у Катыні ці ў Хатыні спачыў. А астатнія? Жудасна ўсё было...

Дайшла чарга і да нашай сям'і. Пачалі раскулачваць. Забралі карову каня і ўсё, што можна было забраць.

- Вы сапраўды былі багатыя?
- Дзе там! Сям'я ж мела восем душ. Бацькі змаглі пабудаваць толькі хлеў. Будавалі гумно і хату. Усе туліліся ў невялікай будыніне. Грошай не хапала. Зямлі, праўда, было многа - 27 га. Але на ёй трэба было працаваць ад цямна да цямна.

За два дні да вайны схапілі і бацьку, адвезлі ў Слонімскі астрог. Маці адразу кінулася збіраць подпісы аднасяльчан, што ён не вораг Савецкай уладзе. Падпісаліся множ-прымнож. Ніхто не адмаўляўся. Дзякуй ім праз гады!

- Сярод папераў майго бацькі таксама захаваўся дакумент, які сведчыць, што ў яго падтрымку падпісаліся амаль паўтары сотні землякоў. І тое ў 1947 годзе! У разгул сталіншчыны і насуперак сур'ёзнаму абвінавачванню. Не пабаяліся. Гэта надзвычай моцна ўражвае.
- Дык вось, сабрала мама подпісы, узяла шлюбны пярсцёнак для хабару і падалася ў Слонім да нейкага начальніка. Ратаваць тату. Пярсцёнак яна аддала, але не атрымала нават дазволу на перадачу для бацькі. Сцямнела. Пайшла начаваць на станцыю. І якраз у гэтую ноч туды прывезлі людзей на высылку ў Сібір. Маці ўбачыла акурат таго чалавека, які быў з татам у Амерыцы. Усю яго сям'ю вывозілі. Яна з усіх ног пабегла скрозь ноч дадому, каб схаваць дзяцей. Гэта 21 кіламетр. Дабралася пад раніцу і, ледзь дыхаючы, спытала ў сустрэчнага суседа: "Мікола, што тут робіцца?" А ў адказ: "Што робіцца? Такіх, як вы, ужо вывозяць". "Дык якія ж мы?" -пытаецца. І чуе: "Ну, не ведаю... Але вывозяць". Мама нас яшчэ застала...

Як ні страшэннна гэта гучыць, але нашу сям'ю выратавала тады новая навала - вайна. Пачалася бамбёжка аэрадрома, што пад Слонімам, і турэмная ахова разбеглася ад страху. Слонімскія мужыкі адразу кінуліся да турмы і вызвалілі палітычных. Ведалі, што бязвінныя там. Бацька вярнуўся дадому нейкі сцішаны і змярцвелы. Мусіць, выразна адчуў тады подых смяртэльнай небяспекі.

Восенню 1941 года ў Слоніме была арганізавана прагімназія - беларуская. Польскіх, рускіх, нямецкіх школ на той час у горадзе не існавала. У прагімназію уваходзілі чатыры класы з агульнай колькасцю каля 100 вучняў. Вучоба (як і праца дзе-небудзь) страхавала маладых людзей ад гвалтоўнай высылкі ў Германію. Разам з гэтым дзеці атрымалі магчымасць навучання на роднай мове. Упершыню гэта здарылася і для чатырнаццацігадовай Надзеі. Яна пайшла ў 3-ці клас. Тут жа, у Слоніме, дзейнічала настаўніцкая семінарыя. Але ж гэта - пры самай жахлівай акупацыі. Як яскравы прыклад экзекутарскага павароту беларускай гісторыі!

- Хто настаўнічаў у прагімназіі? І хто найбольш запомніўся Вам беларускай скіраванасцю?
-Працавалі фактычна ўсе тыя настаўнікі, што і раней. Арганізаваў жа прагімназію Барыс Суравы. Ён быў першым дырэктарам і выкладаў нам гісторыю Беларусі. Гэта быў малады чалавек, меў дзіцятка гадоў чатырох. Спяваў вельмі прыгожа. Было відно, што ён вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю. Затым на пасаду дырэктара заступіў сп. Пракапук. На вялікі жаль, я не памятаю імёны кожнага з іх, бо мы звярталіся толькі па прозвішчы са словамі "спадар", "спадарыня". Беларускую мову і літаратуру выкладаў сп. Паважынскі. Ён быў чалавекам надзвычай шырокай адукацыі. Многа ведаў з нашай літаратуры, мовы. Слаўны быў настаўнік, меў падыход да кожнага з вучняў. Мы ўсе моцна яго любілі і шанавалі.

Пасля сп. Паважынскага вучыць нас беларускай мове і літаратуры стала сп. Жукава. Гэта была яшчэ незамужняя дзяўчына, але, мпе здаецца, гадоў ужо пад 30. Мы гатовыя былі слухаць яе гадзінамі, так цікава і захапляльна яна выкладала. Пасля фашысцкай акупацыі хтосьці яе застрэліў... Трэба назваць яшчэ цудоўнага настаўніка геаграфіі сп. Ракевіча. Найперш, ён даваў нам глыбокія веды па геаграфіі Беларусі. I, нарэшце, Астроўскі. Гэта была незвычайная асоба. Да вайны ён працаваў у Віленскай гімназіі. У Слоніме ж быў дырэктарам настаўніцкай семінарыі, але меў гадзіны і ў нас, выкладаў гісторыю. Вельмі добры і сумленны чалавек. Ён ведаў на памяць усю "Новую зямлю" і мноства іншых беларускіх твораў.

Нам давялося вучыцца і пры паляках, і пры саветах. І ў тых жа настаўнікаў у асноўным. Але такое натхненне з іх боку мы назіралі ўпершыню. Як і з нашага боку. Упершыню мы ведалі, што вучым сваё, на сваёй мове, дзеля Беларусі, якая павінна быць незалежнай і будзе такой. Мы верылі, што ваеннае ліхалецце абавязкова схлыне. А наша вучоба, нашы спадзяванні на светлую будучыню дазвалялі выжыць у той цяжкі і трагічны час. Мы ж былі яшчэ падлеткі... І хоць мой лёс (як і многіх слонімскіх прагімназістаў) павярнуўся пасля надзвычай цяжка, я праз усё жыццё ўдзячна сваім настаўнікам, што яны па-сапраўднаму адкрылі мне Радзіму-Беларусь.

- Скажыце, калі ласка, а па якіх падручніках вас вучылі? І ўвогуле, спыніцеся больш падрабязна на змесце навучання.
- У асноўным настаўнікі дыктавалі канспекты. Інакшага выйсця не было. Беларускую мову вучылі па граматыцы Б. Тарашкевіча. На беларускай літаратуры вывучалі творы невядомых і забароненых датуль беларускіх аўтараў. Былі знаёмыя і з вершамі Л. Геніюш. Што да апошняй, то яе творчасць успрымалася намі як надзвычай блізкая. І таму, што яна наша зямлячка, і таму, што ў нашым класе вучылася яе пляменніца. На ўроках гісторыі мы даведаліся пра Сапегу, Еўфрасінню Полацкую, Рагнеду, вялікіх князёў, а таксама Касцюшку, Каліноўскага, стваральнікаў БНР і іншых слынных асобаў. Нам адкрывалася праўда пра наш народ, нашу тэрыторыю, нашу дзяржаўнасць.

- І такім чынам вы атрымалі тое, чаго былі пазбаўлены пакаленні беларусаў да і пасля таго аж да пачатку 90-х гадоў. Асабіста я добра памятаю нецікавы танюсенькі падручнік гісторыі Беларусі (дадатак да агульнай гісторыі), у якім было напісана літаральна наступнае: дзякуючы Савецай уладзе, беларускі народ упершыню атрымаў магчымасць мець сваю суверэнную рэспубліку - роўную сярод роўных; упершыню ў Беларусі ўзніклі ВНУ... Мне жудасна і агідна ўспамінаць гэтае нахабства. Толькі сталымі людзьмі маё пакаленне змагло спасцігнуць праўду. Ды ўсё ж - адзінкі з нас. Большасць працягвае існаваць у стане недаасобаў, неданацыі. Вось і цяпер мы зноў назіраем шалёны ўціск на існаванне Беларускай ідэі. Але, мне здаецца, у сэнсе гістарычнай перспектывы нам няварта панікаваць. Занадта ўжо многа ў беларускім грамадстве носьбітаў нашай годнасці.
- 1 такім чынам вы атрымалі тое, чаго былі пазбаўлены пакаленні беларусаў да і пасля таго аж да пачатку 90-х гадоў. Асабіста я добра памятаю нецікавы танюсенькі падручнік гісторыі Беларусі (дадатак да аі ульнай гісторыі), у якім было напісана літаральна наступнае: дзякуючы Савецай уладзе, беларускі народ упершыню атрымаў магчымасць мець сваю суверэнную рэспубліку - роўную сярод роўных; упершыню ў Беларусі ўзніклі ВНУ... Мне жудасна і агідна ўспамінаць гэтае нахабства. Толькі сталымі людзьмі маё пакаленне змагло спасцігнуць праўду. Ды ўсё ж - адзінкі з нас. Большасць працягвае існаваць у стане недаасобаў, неданацыі. Вось і цяпер мы зноў назіраем шалёны ўціск на існаванне Беларускай ідэі. Але, мне здаецца, у сэнсе гістарычнай перспектывы нам няварта панікаваць. Занадта ўжо многа ў беларускім грамадстве носьбітаў нашай годнасці.

- Я згодна з гэтым. Нават меншае не ўдалося знішчыць ні пры паляках, ні пры немцах, ні пры тых і гэтых саветах. Шкада толькі, што мае равеснікі, якія ўсё сваё жыццё чакалі нашай сапраўднай незалежнасці, могуць яе не дачакацца.

- Калі ласка, давайце ад праектавання на наш час ізноў вернемся на 55 гадоў назад. Хацелася б закрануць вострае пытанне прысутнасці ў вашым навучанні тагачаснай германскай ідэалогіі.
- Ніякай такой прысутнасці ў прагімназіі мы не адчувалі. Ніколі ні адзін немец не пераступіў праз парог нашай вучэльні. Што да афармлення памяшканпя, то ў класах вісела выключна беларуская сімволіка. У дачыненні да адзення скажу, што мы насілі спецыяльную форменку. У дзяўчатак гэта была шэра-зялёная спаднічка, блакітная ў белыя кропелькі блузачка і жакецік. На рукаве была прышытая бел-чырвона-белая палоска. Што да гутарак, то настаўнікі не размаўлялі з намі ні пра партызанаў, ні пра немцаў. Я думаю, зразумела, чаму. Падчас вучобы мы існавалі як бы ў замкнёным беларускім асяроддзі. Памятаю толькі адзін выпадак, калі некалькі нямецкіх афіцэраў завіталі на канцэрт, які адбываўся ў горадзе. Я чытала тады верш (не ведаю чый), у якім былі словы:

...На нашых абшарах чужынец гуляе,
А ты ў родным краі гаруй.
Даволі цярпець, пакарацца прыблудам,
За крыўду панамі іх зваць!
Мы доўга цярпелі, цярпець больш не будзем!..

І так далей. Гэта я сказала сталёвым голасам ды яшчэ рукой павяла якраз у той бок, дзе сядзелі немцы. Хоць была вялікая, але не разумела сур'ёзнасці той сітуацыі... Усё адбылося неяк раптоўна, падсвядома. Зала сцішылася і я ўбачыла, што перакладчык нешта тлумачыць афіцэрам. Але тлумачыў ён, відаць, на маю карысць. Мой тата затым вельмі ўшчуваў Барыса Суравага, што той даў мне такі верш, "падставіў дзця". А трэба сказаць, бацька вельмі прасіў мяне нікуды не лезці, быць асцярожнай. Сам ён быў нямы як рыба, усяго баяўся. Праўда, партызанам дапамагаў: хаваў іх дзяцей, некалькі раз схаваў ад аблавы саміх партызанаў. І хоць пасля іх візітаў не было чым карміць сям'ю, стараўся ўсё зразумець. Я слухала бацькоў, "у палітыку не лезла": ніколі не гудзіла саветаў і не хваліла пемцаў. Ды і не маглі мы іх хваліць. Мы добра разумелі, што яны ворагі. Хіба можна было добра ўспрымаць іх, калі даводзілася назіраць павешаных людзей на рынкавай плошчы, калі даводзілася чуць пра забойствы цэлых сем'яў разам з дзецьмі, пра спаленыя разам з жыхарамі вёскі. Цяпер я разумею, у якім вялікім неспакоі знаходзіліся нашы дзіцячыя душы. Можа, таму і чапляліся яны з усёй сілай за сваё, беларускае, светлае. Таму і хацелі ўцячы туды ад пачварнай рэальнасці.

- З вашага дазволу, яшчэ пыганні аб тым перыядзе. Калі ўпершыню вы пачулі пра Саюз беларускай моладзі? Хто данёс да вас гэтую інфармацыю і які ўплыў яна мела на вучняў прагімназіі?
- Пра стварэпне СБМ нам расказалі, вядома, настаўпікі. Вучні ўспрынялі гэтую арганізацыю надзвычай добра - як сваю. Гэта былі не гарцэры, як пры Польшчы (імі маглі быць толькі католікі), і не піянеры-інтэрнацыяналісты. СБМ ствараўся для арганізацыі беларускай культурніцкай дзейпасці. Такой і была асноўная статутная мэта. Калі пасля канікулаў 43-га года я вярнулася на вучобу, гарадскія вучні ўжо былі падрыхтаваны да ўступлепня ў Саюз беларускай моладзі. Далучылася і я.

Нас у класе з 28 вучняў была толькі адна полька, вось толькі яна і не ўступіла. Кожны клас утварыў дружыну. Нашу дружыну ўзначальвала мая найлепшая сяброўка Ніна Карач. Мы ладзілі розныя беларускія вечарыны, развучвалі і паказвалі нашым людзям п'есы, спявалі ў хоры народныя песні. Матулі і бабулі самі ткалі для нас, шылі і вышывалі беларускія народныя строі. У той час я ўжо пісала нейкія вершы і чытала іх у школе сярод юнакоў і юначак.

Карацей кажучы, СБМ яшчэ больш павярнуў нас да беларускай духоўнасці, да натых каранёў... Трэба сказаць, што па лініі гэтай арганізацыі я мела незабыўную паездку ў Прагу. Як найлепшую вучаніцу прагімназіі, разам з найлепшай вучаніцай Слонімскай настаўніцкай семінарыі, нас улучылі ў групу дзяцей з іншых беларускіх школ. Ездзілі туды чалавек 15-20. Гэта ўсё, што я бачыла за сваё жыццё па-за межамі Беларусі, акрамя яшчэ стэпу і тайгі. Прычым паездка ў Прагу таксама спрычынілася ў будучыні да маіх сібірскіх "вандровак".

Канца вайны мы вельмі чакалі. Верылі, што пасля яе ўсё будзе інакш. Верылі, што нашы веды спатрэбяцца. Спадзяваліся, што савецкая Канстытуцыя будзе рэалізавана ў поўным аб'ёме і Беларусь набудзе сапраўдную незалежнасць.

І вораг нарэшце быў прагнаны.

Разам з вераснем 1944 года зноў прыйшоў школьны час. Дырэктар настаўніцкай семінарыі (што працавала пад час нямецкай акупацыі) сп. Астроўскі арганізаваў у Слоніме сярэднюю школу з беларускай мовай навучання. Школьнікамі сталі былыя вучні семінарыі, прагімназіі, іншых гарадскіх школ і блізкіх вясковых. У большасці сваёй іх сустрэлі ўсё тыя ж настаўнікі. З вялікай радасцю пайшла працягваць сваю адукацыю і Надзея Дземідовіч, тым больш што была магчымасць зноў вучыцца па-беларуску. Яна не думала, што можа адбыцца нешта дрэннае.

- Калі пачаліся паваенныя рэпрэсіі?
- Вельмі хутка. У адзін з восеньскіх дзён 44-га года, калі пад час вялікага перапынку вучні прыбіралі школьны двор, пад'ехаў "чорны воран". З машыны выскачылі ўзброеныя людзі ў ваеннай форме і накіраваліся ў кабінет дырэктара. Праз пейкі час адзін з тых "гасцей" выйшаў і стаў тыкаць пальцам на вучняў: "Ты, ты, ты..."

У гэтыя "ты" трапіла і я. Нас даставілі ў кабінет дырэктара. Цяжка было глядзець, што яны зрабілі ў тым акуратным пакойчыку: на падлозе валяліся нейкія паперы, фотаздымкі, з шафы была вывернута вопратка, з камода - шуфляды, пад нагамі ляжалі кнігі (тое, да чаго вучыў ставіцца наш шаноўны дырэктар, як да скарба), па іх хадзілі. Таўсматы начальнік прачытаў пратакол вобыску і тыкнуў пальцам, дзе нам распісацца. Усе маўчалі, Астроўскі нерухома сядзеў на ўслончыку, яго жонка стаяла, прытуліўшыся да печы. Была і яшчэ адна жанчына, здаецца, прыбіральшчыца. Ніхто не плакаў.

Праз некалькі хвілін дырэктара вывелі да машыны. Ён хацеў павярнуцца да вучняў, хацеў, мабыць, развітацца ці што сказаць. Але гэбіст так піхнуў яго дулам аўтамата ў плечы, што Астроўскі ледзь утрымаўся на нагах: "Залезай! Не подходить!" Перш, чым яго назаўсёды заглынуў "чорны воран", ён паспеў яшчэ ціха сказаць: "Да пабачэння!" Убачыўшы такі здзек над самым лепшым нашым настаўнікам, усе дзеці закрычалі: "За што? Чаму?" Нам загадалі разысціся. Мы не адыходзілі... Сярод белага дня ад нас забіралі лепшага сябра, любімага дырэктара... Якім быў працяг ці канец Вашага жыццёвага шляху, дарагі наш чалавек? Калі б ведаць...

- Вы цёпла ўспаміналі арганізатара Слонімскай прагімназіі Барыса Суравага. Што чакала яго пасля вайны?
- Ён фактычна быў і самым актыўным арганізатарам СБМ, узначальваў гэтую арганізацыю ў Слоніме. Думаю, што пасля вайны яго чакала б смерць... Ён эміграваў у Францыю, здаецца. Ведаю, што да нядаўняга часу быў яшчэ жывы. Выехалі за мяжу многія маладыя кіраўнікі СБМ. Для большасці ж шэраговых сяброў бацькі змаглі дакументальна паменшыць узрост. За два перадваенныя гады яны добра пазналі, на што можа пайсці Савецкая ўлада... Атрымалася, што новы навучальны год я адзіная з свайго класа пачала ў сапраўдным узросце - 17 гадоў.

- І калі пачаліся рэпрэсіі супраць вучняў?
- Той дзень я востра памятаю ва ўсіх дэталях... Мусіць таму, што тады была зламана мая самая найвялікшая мара - вучыцца. ...13 снежня 1944 года... Быў брызготны вечар. Мы з сяброўкай Нінай Карач вярталіся з школы. Каб снег з дажджом не пашкодзіў кажушкі, вывернулі іх на ваўністы бок. На душы было добра. Цешыліся за выдатныя адзнакі, што атрымалі, будавалі планы на будучыню. Ішлі дахаты да Ніны. Я была прапісана ў сваёй слонімскай цёткі, але часта начавала ў сяброўкі. Мы разам рабілі ўрокі. Ніна заўсёды клалася спаць раней за мяне, я ж сядзела, пакуль не параблю ўсіх заданняў, каб назаўтра толькі паўтарыць.

Была ўжо позняя ноч, я яшчэ не спала. Пачуўся моцны грукат у дзверы. Як бура, уварваліся ў хату ўзброеныя гэбісты: "Где Нина Карач?" Ніна моцна спала. Сталі трэсці яе за плечы, яна нічога не магла зразумець. Як стрэл, прагучалі словы: "Именем Советской власти вы арестованы! Одевайтесь!". У пакойчыку ўсё перавярнулі, змясілі разам сшыткі, кнігі, адзенне. Лямантавала маці, збялелы бацька дапытваўся: "За што? За што?" Ніна ўспрымала ўсё спакойна і мужна. Яе, маладую шаснаццацігадовую дзяўчыну, аўтаматамі пагналі ў зімовую ноч...

На маёй душы было цяжка. Калаціла думка: "Чаму Ніну забралі, а мяне пакінулі? Мы ж ішлі з ёй усюды крок у крок". Я думала пра тое, як раніцай пабягу ратаваць Ніну, прасіць новага дырэктара школы заступіцца. Спадзявалася на дырэктара слонімскага музея сп. Новіка-Пеюна. Думала, што пасля таго, як яго жонку і сыночка немцы расстралялі ў Калдычаве, а ён сам цудам выпаўз з трупаў, да яго павінен быць давер улад. Ён абавязкова заступіцца. І тым болей, што менавіта Ніна і я былі выбраны ім, каб пэўныя паперы спаліць, а штосьці важнае для Беларусі схаваць (каб нехта яшчэ ведаў). Бацька Ніны сам адразу кінуўся да Новіка-Пеюна. Але хутка ён вярнуўся бездапаможны і роспачны. Я не знаходзіла сабе месца. Адчувала сябе вінаватай перад Нінай і яе бацькамі...

Яшчэ было зусім шэра на двары, як у хату ціхенька пранікла мая цётка Устына - маленькая, худзенькая, змучаная жанчына. Сястра маёй мамы. Я была ў яе прапісана. Пераступіўшы парог, яна стаяла, збялелая як здань. Доўга маўчала, а затым сказала, што тры разы за ноч да яе прыходзілі, каб забраць мяне. Мне як бы палягчала. Я вырашыла, што трэба ісці туды, дзе ўсе нашыя - у астрог. Ды цётка і бацькі Ніны пачалі на мяне сварыцца і адгаворваць. Прасілі, каб я зараз жа, пакуль не развіднела, пакрочыла дахаты, на хутар. Я паслухалася. Але ўвесь час затым шкадавала, што не пайшла тады ў няволю разам са сваімі сябрамі...

Ноччу 13 снежня 1944 года ў Слоніме схапілі дзесяткі сяброў СБМ - найбольш актыўных, найбольш патрыятычных, найбольш адукаваных. Зрабілі "ворагамі" тых, хто не хацеў быць парабкамі ў чужых народаў.

У той дзень скончылася і мая вучоба, я так і не стала літаратарам, пра што марыла. Не займела паўнавартаснай сям'і, не нарадзіла дзяцей, каб перадаць ім сваю любоў да роднай зямлі...

Хаця 13 снежня 1944 года Надзея Дземідовіч не пайшла па этапах разам з іншымі юнакамі і юначкамі СБМ, у гэты ж дзень адбылося і яе развітанне з свабодай. Яна саступіла родным, якія плакалі і прасілі схавацца. Хавалася ў сванкоў па ўсёй Беларусі - на печы, пад печчу, на гарышчы, у склепе. Гэта было невыносна.
Тым часам фронт аддаляўся. Нарэшце вайна скончылася. Прыйшоў доўгачаканы мір. Дайшлі звесткі, што многія з арыштаваных сяброў на свабодзе. Надзея палічыла, што ва ўсім разабраліся і можна вяртацца дамоў. Бацькі рыхтаваліся да яе прыезду... Няпрошаныя госці ўварваліся ў хату якраз тады, калі яны прасушвалі дакументы Надзі (закапаныя дагэтуль у склепе). На лаве ляжала паштоўка з маўзалеем Леніна, на якой было напісана: "Помни заветы Ильича: учись и учись!" А тое, што яна помніла пра гэта заўсёды, пацвярджалі пахвальныя лісты за выдатную вучобу, якія ляжалі побач. Толькі адзін з іх быў з партрэтам Сталіна, а другі - выдадзены падчас нямецкай акупацыі. І завяршала "экспазіцыю" выява "Пагоні" са словамі пра незалежнасць. Гэтага было дастаткова, каб пра Надзю і яе сям'ю не забываліся...

- Значыць, Вы так і не вярнуліся дадому?
- Не. Было відавочна, што гэта тое сама, што адразу ісці ў турму. Родныя так прасілі мяне сцяць зубы і перачакаць. І я іх слухалася. Дагэтуль шкадую. Я ўсё роўна не жыла... Не была са сваімі сябрамі, не зрабіла разам з імі яшчэ адзін ганаровы крок. Я існавала. Маладая - і без жыцця. А гэта адгукнулася затым спаўна.

- Што значыць "не зрабіла разам з сябрамі яшчэ адзін ганаровы крок"?
- Пасля арыштаў у снежні 1944 года многія з маіх сяброў па СБМ выйшлі на свабоду. Кагосьці выратаваў паменшаны ўзрост, кагосьці - знаёмствы, кагосьці проста выкупілі. На свабодзе апынулася і мая сяброўка Ніна. Яна зноў пайшла вучыцца ў 8-ы клас школы. Але ні арышты, ні запалохванні не маглі зламаць тых маладых людзей, якія былі сапраўднымі патрыётамі Бацькаўшчыны. На гэты раз яны стварылі ў Слоніме падпольную патрыятычную арганізацыю "Чайка". Асноўнай яе мэтай была наша незалежнасць. Кіраўніком арганізацыі стаў Васіль Супрун. Ніна Карач была сакратаром. А я ў гэты час - пад печчу... Лепш бы я з імі!

Праўда, доўга гэта арганізацыя не праіснавала. Хтосьці данёс. Васілю Супруну далі 25 гадоў лагераў, Ніне - 10 гадоў. Яе забіралі ўжо студэнткай Інстытута народнай гаспадаркі. Між іншым, на прыкладзе маёй сяброўкі Ніны можна казаць пра незвычайную сілу нашай Беларускай ідэі. Яе бацька быў засланы некалі з Расеі ў Польшчу для вядзення прапаганды на карысць Саветаў. А дачка, як бачыце, вырасла такой свядомай беларускай.

- І як доўга Вы хаваліся ад "карающего меча революции"?
- Нясцерпна доўга. У 1948 годзе, пасля амаль чатырох гадоў паўіснавання, бацькі адправілі мяне ў Паўночны Казахстан да дзядзькі, мамінага брата. Ён працаваў чыгуначнікам у Петрапаўлаўску. На руках я мела дакументы сястры Ліды, якая была маладзей за мяне на два гады. У пэўным сэнсе трохі палягчала. Я ж была сярод людзей. Скончыла курсы бухгалтараў і ўладкавалася працаваць на хлебакамбінаце. Але ў дзядзькі пажыла нядоўга. Страх скруціў яго, і ён выставіў мяне за дзверы. Некалькі начэй начавала на вакзале. Але бываюць такія дзівосы лёсу, пра якія мы нават не можам і падумаць!

Неяк на вакзале, калі я стаяла ў поўнай роспачы, да мяне падышла жанчына і пытаецца, ці не з Беларусі я і ці не дачка Агрыпіны. Усё было так. Яна сябравала некалі з маёй мамай, а я мела вялікае падабенства. Іх сям'я ўцякла ад нямецкай акупацыі ды так і асела там. Я ім вельмі ўдзячная, што прытулілі мяне. А ў саміх жа была жахлівая беднасць і цесната...

- Як усё ж знайшлі Вас так далёка? Ды і прайшло ўжо, мабыць, гадоў пяць.
- Грамадства тады было нашпігавана сексотамі. Інфармацыя прасачылася з Беларусі. Сястра прагаварылася сяброўцы, дзе я. Сяброўка - свайму кавалеру. А ён данёс. Сваю ролю выканаў і мой галоўны бухгалтар, дзе я працавала. Спачатку ён дамагаўся мяне як жанчыну. Але я не магла і не хацела гэтага. Я яшчэ была дзяўчынай. Рэзка адмовіла. Ён толькі прашыпеў, як злыдзень: "Пашкадуеш". Мы ўсе тады здагадваліся, што ён супрацоўнічаў з "органамі". Кола пачало сцягвацца вакол мяне. А тут яшчэ Саша...

- Хто такі Саша?
- Гэта найцяжэйшая старонка майго жыцця... Маё першае каханне... Ён узнік так нечакана, як адзінае светлае і вялікае, што тады існавала. Прыгожы-прыгожы... Не верылася, што менавіта мне выпала шчасце пазнаёміцца з ім... На танцах... Выхаваны такі быў. Па-нашаму я б сказала, шляхетны. Усе сяброўкі зайздросцілі мне... Я сустракалася з ім месяцы тры, кожны выхадны... Гадзіннік мне падарыў. Казаў пра каханне, абяцаў ажаніцца... Гэта быў ужо 49-ы год. Мне было 22 гады...

- І што далей?
- Нічога добрага... Першы мой допыт вёу ён...

- Ён?!
- ...Мяне ўзялі проста на працы. У верасні. Я падумала тады, што гэта з-за нястачы булачак-сітнічак. Проста хочуць распытаць.

Па мяне прыйшоў малады чалавек і павёў у самую страшную будыніну горада, у кабінет №13. А там - Саша. Я не магла зразумець, чаго ён там сядзіць. Пытаюся: "Саша, чаго ты тут?" А ён: "Я для тебя не Саша, а Александр Иванович. А ты для меня не Лида, а Надежда Демидович". На допыце ён паказваў мае фотаздымкі, якія сам і рабіў. Я ўсё яшчэ нічога не разумела і перад выхадам з кабінета папыталася: "А пра сітнічкі не трэба тлумачыць?" Думала, мяне адпускаюць. Але павялі мяне па доўгім-доўгім калідоры да камеры-адзіночкі №13... Мяне дабівала не толькі зняволенне, але і мая гісторыя з Сашам. Так цяжка прымала маё сэрца тое, што ён быў падасланы.

Яна правяла ў камеры № 13 доўгія і цяжкія чатыры месяцы. І ўвесь гэты час адбываліся бязлітасныя допыты. Днём збітая - у камеры. Ноччу - на допыт. Кожную ноч. Тое, што яна знікла як Надзея Дземідовіч на 5 гадоў (хавалася), павярнулася для яе самым жорсткім чынам. Яна расказвала следчым усю праўду, не адмаўлялася ад удзелу ў СБМ, бо не бачыла ў гэтым нічога дрэннага. Але лічылася, што яна кажа адну сотую ўсёй праўды. Ёй прыпісвалі ўдзел ва ўсіх акцыях, якія адбываліся за гэтыя гады ў Беларусі: у нацыяналістычных арганізацыях, антыбальшавіцкай партызанцы, тэрарыстычных актах. Катаванні ўзмацняліся: гадзінамі трымалі з паднятымі рукамі, заганялі голкі пад пазногці. Разоў сем давялі да непрытомнасці... Праз нейкі час усё рэзка спынілася. Абвінавачванні не знайшлі пацвярджэнняў.
На суд яе прывезлі ў Баранавічы. Судзілі паводле артыкула "Измена Родине". Яна атрымала 25 гадоў лагераў, і узмоцненага рэжыму. Ніхто з шэраговых сяброў Саюза беларускай моладзі столькі не атрымаў. Звычайна гэта "цягнула" на 5-10 гадоў. Надзеі Раманаўне прысудзілі найбольш.

- Ці прысутнічалі на судзе Вашы блізкія?
- У зале - не, бо мяне судзіў закрыты ваенны трыбунал. Мая дарагая мама была ў калідоры. Калі мяне вывелі (а прысуд быў ужо вядомы), яна толькі і крыкнула: "Надзечка, ты толькі не плач! Не рві сабе сэрца. Век так не будзе!" Нам не далі нават наблізіцца адна да адной.

- Дзе Вы адбывалі свой тэрмін?
- Спачатку у Гродзенскай турме. Затым нас павезлі да возера Балхаш. Там вязняў сартавалі паводле стану здароўя. Больш моцных - у Магадан. У мяне пачалі вельмі ацякаць ногі, бо ад усіх цяжкасцяў здавала сэрца. А таму я трапіла ў Чалябінск. Пасля перавялі ў Карагандзінскі лагер, што месціўся сярод голага стэпу. Там ніколі не было зялёнай травы. Гэта быў надзвычай вялікі лагер узмоцненага рэжыму, у якім адбывалі тэрмін толькі палітычныя. Вакол лагеру - мураваныя сцены чатырохмятровай вышыні, зверху якіх у пекалькі радоў быў нацягнуты калючы дрот. У кожным куце размяшчаліся будкі-вышкі, на якіх стаялі па некалькі ахоўнікаў з кулямётамі. Зона асвятлялася вялікімі ліхтарамі.

- Гэта быў жаночы лагер?
- І жаночы, і мужчынскі, падзелены гаспадарчай зонай. Усіх нас было тысяч пяць. Кармілі вельмі дрэнна, марылася, каб хоць раз наесціся хлеба... Лагернікі працавалі ў медных рудніках, каменных кар'ерах і на будоўлі Джэзказгана. Так што і гэты горад пабудаваны на касцях людзей.

- Якіх нацыянальнасцяў жанчыны былі там?
- Мусіць, усіх нацыянальнасцяў Савецкага Саюза. Але найбольш было ўкраінак. Многа з Прыбалтыкі. Нават была адна францужанка, здаецца, артыстка. За што яе не ведаю. Прыгожая. Маладая, не вытрымала першага ж працоўнага выхаду. Зламала ключыцу. Мучылася затым страшэнна.

- Ці трымаліся жанчыны-беларускі разам?
- Так. Як і ўсе іншыя, трымаліся сваім зямляцкім колам. Праўда, спецыфіка нашай нацыі і тут праявілася. Мы зарганізаваліся апошнімі. А калі б не Жэня Шостак, то, можа, і яшчэ б пазней згуртаваліся. Яна была з Наваградку - самая старэйшая з нас, з 22-га года нараджэння. Жэня была нашай апорай, нашай беларускаю душою - самай разумнай, самай непахіснай. Многае нам расказвала, бо ў свой час выдатна скончыла Віленскую гімназію. Вершы пісала. Такія цудоўныя! Радкі з аднаго яе тагачаснага верша-звароту да маці я памятаю да гэтай пары:

Маліся, матуленька, Богу
І шчыра яго папрасі,
Каб знішчыў на свеце астрогі
І зло сярод люду скасіў...

Мы разам адзначалі беларускія святы, спявалі ціхенька песні. Дзве беларускі мелі немаўлятак. Вера Касмовіч з Нясвіжчыны трапіла ў лагер з маленькай Люсяй на руках, якую нарадзіла ў Мінскай "Валадарцы" і з якой стаяла на допыце перад Цанавам. Разам з матуляй дзіця праходзіла лагер.

Вероніка Катковіч з Будслава, як былая праваднічка з СБМ, была асуджана цяжарнай. У лагеры нарадзіўся хлопчык Славачка. Хоць балюча было глядзець на тых дзетак, але ў пэўным сэнсе гэта была і наша пацеха. Мы ўсе дапамагалі, чым маглі. Калі маладыя мамы былі на працы, дзеці заставаліся ў так званай "ясельнай групе". Вечарам яны мелі права быць са сваімі маці.

Асабліва развітым і разумненькім рос Слава. Але ў яго ўсталявалася нейкая дзіўная непадзельнасць з маці. Хлопчык нікога не дапускаў да сябе. Чакаў да вечара маму... Па лагерных законах так магло цягнуцца да спаўнення дзіцяці аднаго года. Пасля гэтага родныя маглі забіраць яго на волю. Люся выжыла, яе вывез на Нясвіжчыну брат Веры (муж адбываў тэрмін у іншым лагеры). Лёс Славачкі трагічны. Яго не было каму забраць. У Веронікі заставаўся на волі толькі муж, але ён быў у Польшчы. Калі гадавалага хлопчыка ізалявалі ад маці (каб адправіць затым у дзіцячы дом), ён упаў у глыбокую самоту: не еў, не весяліўся, ні з кім не кантактаваў. Спачатку ён несуцешна плакаў, а затым нерухома ляжаў. Дзіця даходзіла ад голаду і адзіноты. А гэта было яшчэ там, у лагеры, за сцяной. Але так і не злучылі з маці!.. Усё сваё жыццё Вероніка носіць на грудзях у медальёнчыку пасмачку яго залатых валосікаў...

Мы стараліся выжыць. А выжыць было цяжка. Людзі паміралі. Былі і жахлівыя выпадкі, калі ахова забівала зняволеных. Напрыклад, было так, што рухаліся дзве калоны - мужчынская і жаночая. Хтосьці з украінскіх жанчын памахаў хустачкай. У мужчынскай калоне ў адказ памахалі рукой. За гэта ахова адкрыла агонь па мужчынах. У выніку - дзесяткі забітых, параненых. Усё было...

Пасля смерці Сталіна ў большасці лагераў пачаліся рэжымныя паслабленні. Аднак у лагеры, дзе адбывала тэрмін Надзея Дземідовіч, рэжым утрымання не мякчэў. Здзекі працягваліся. Для адбыцця пакарання туды ж сталі паступаць крымінальнікі. Жыццё палітвязняў абцяжарвалася. Але разам з смерцю Сталіна ў значнай ступені знік і страх. І цярпенне зняволеных скончылася. Выбухнула наймагутнейшае паўстанне, якое атрымала назву Кенгірскага. Вязні пратрымаліся сорак дзён: з 16 мая па 26 чэрвеня 1954 года.
...Праз сорак гадоў, у маі 1994 года, у Маскве сустракаліся былыя ўдзельнікі тых трагічных падзей. З'ехаліся некалькі соцень чалавек. Ад беларускіх вязняў на сходзе выступала Надзея Дземідовіч. Яна чытала з трыбуны па-беларуску свой верш, прысвечаны Кенгірскаму паўстанню.

- Хто быў арганізатарам паўстання і як яно адбывалася?
- Паўстанне пачалося ў мужчынскім лагеры. Затым - ноччу мужчыны змаглі неяк прабіць дзве таўшчэзныя сцяны, каб выйсці спачатку ў гаспадарчую зону, а затым - у жаночую. Да гэтага часу цяжка ўявіць сабе, як яны здолелі гэта зрабіць... Далей усе падзеі адбываліся ў жаночай зоне. Мы патрабавалі стварэння дзяржаўнай камісіі для вывучэння становішча зняволеных. Змаганне ішло за перагляд строгага рэжыму ўтрымання, у прыватнасці, за дазвол пісаць дадому больш за два лісты на год. Пратэставалі супраць прыбыцця крымінальнікаў, супраць здзекаў аховы і г.д.

Падчас паўстання ў лагеры была свая ўлада. Гэта ж не жарты - трэба было, каб каля пяці тысяч чалавек існавалі як адно цэлае. Кіравалі намі моцныя і адукаваныя людзі. Там хапала з каго выбраць. Зняволенымі былі і прафесары, і кадравыя афіцэры і медыкі - любой прафесіі людзі. Лагернікі падпарадкоўваліся абранаму кіраўніцтву па першым слове. А таму быў поўны парадак: працавалі капцёрка, паліклініка, бальніца, сталовая. Паколькі гаспадарчая зона была ў руках паўстанцваў, кармленне палепшылася. Але амаль адразу лагернае начальства паспрабавала разагнаць людзей ледзяной вадой з брандспойтаў. Тады наперад выйшлі жанчыны, каб прыкрыць сабой мужчын. У першых шэрагах знаходзілася і я. Пазней гэта скончылася для мяне пацямненнем лёгкіх...

Калі афіцыйнае начальства лагеру не змагло адолець нас, яны пайшлі на ўгаворы. Паабяцалі, што на перамовы абавязкова прыедзе камісія з Алма-Аты або Масквы. Пераконвалі нас выйсці на працу. Мы паслухаліся і на адзін дзень спынілі бунт. Але на самай справе абяцанне не было выканана. Схапілі актывістаў і вывезлі з лагеру ў іншыя месцы. І тады ноччу ўсё ўзнавілася. Далей ужо кампрамісу не было. Нас хацелі паралізаваць хітрасцю. У некалькіх месцах вонкавай сцяны прабілі дзіркі, каб лагернікі кінуліся ўцякаць. Але за сцяной нас чакалі кулямёты. Мы хутка зразумелі гэта... Праз пэўны час нам паведамілі, што ўсе "малагодкі" - тыя, хто зрабіў "злачынства" да васемнаццаці гадоў, - атрымліваюць амністыю. (Між іншым, тое было праўдай.) Пад гэтую катэгорыю падпадала і я. Такіх было нямала - чалавек чатырыста. Але на волю выйшлі толькі некалькі. Большасць не пайшлі і таму, што не верылі, і таму, што не маглі пакінуць у бядзе блізкіх людзей.

- Вы адчувалі сябе адным цэлым?
- Так, агульныя выпрабаванні яднаюць. Мы існавалі ў тыя дні, як адзін згуртаваны арганізм. Прычым у многіх выпадках з мужчынскай зоны прыйшлі землякі, знаёмыя. Злучыліся родныя: сёстры спаткалі братоў, жанчыны - сваіх мужоў, маці - дзяцей. Судзілі ж цэлымі сем'ямі і вёскаімі. Ды і прырода брала сваё. Нават у знясіленых фізічна нельга было цалкам забіць душу. Некалькі маладых параў абвянчаў тады ксёндз, які адбываў там жа свой тэрмін. Многія пазнаёміліся і пакахалі адзін аднаго (затым пажаніліся на волі). Усё гэта стварала асаблівую атмасферу, смелую і ўзнёслую еднасць.

- А як усё ж спынілі паўстанне?
- Калі зразумелі, што мы не саступім, пайшлі на масавае знішчэнне. Усё пачалося раніцай. Спачатку забівалі з самалётаў. Затым у лагерную зону ўварваліся танкі. Яны расстрэльвалі з блізкай адлегласці, душылі безабаронных людзей тракамі. Пачалося такое пекла, пра якое расказваць немагчыма. Двое маладых латышоў (з тых, каго абвянчаў ксёндз), уяўляючы, хутчэй за ўсё, што гібель непазбежна, абняўшыся, самі кінуліся пад танк. Каб разам і загінуць... Пасля на нас пусцілі атрутныя газы. Нарэшце ўсё завяршалі п'яныя аўтаматчыкі... Лагерныя начальнікі прыстрэльвалі параненых, дабівалі іх ламамі. Паўстанне было задушана. Загінула тады чалавек семсот... У справаздачы напісалі, што была эпідэмія нейкай хваробы...

- Вам, безумоўна, вельмі цяжка расказваць пра ўсё гэта. Можа, спынім гутарку?
- Не. Маладое пакаленне павінна ведаць, у якой сістэме мы жылі. Я прадоўжу. Нас усіх выгналі ў голы стэп і палажылі ніцма на зямлю. Надоўга. Некалькі тысяч - пад спякотнае сонца. Цэлы чалавечы пласт. Пасля сталі сартаваць па таварняках, каб развезці ў розныя лагеры. Скарысталі апрабаваны прыём: на дарогу далі салёную рыбу і сухары, без вады. Многія крычма крычалі ад смагі - проста вар'яцелі. У новых лагерах баяліся нашага прыезду. Зняволеныя былі настроены супраць нас. Ім было сказана, што прыедуць страшныя бандыты, галаварэзы - нагаворвалі ўсякую брыдоту на нас. Праўда, кола палітычных усё ж цеснае. Сустрэліся такія ж, як і яны, вязні рэжыму. Я трапіла ў Азёрлаг. Там, між іншым, была мая найлепшая сяброўка Ніна Карач. Яна адбывала свой 10-гадовы тэрмін за "Чайку". Нас кінулі на самыя цяжкія працы - будаваць чыгунку (цягаць рэйкі) і на лесапавал. Як "малагодку" на волю мяне ўжо не выпусцілі - з-за ўдзелу ў паўстанні.

- Колькі ж лагераў Вы змянілі за час зняволення?
- Чатыры. А пасля знайшлі змяненні ў лёгкіх. Я дагарала... Але гэта быў ужо 55-ы год. Памерці не далі. Змясцілі ў лагерны шпіталь. Пасля такіх мукаў шпіталь здаваўся раем.

Выпісалі мяне ў 1956 годзе. Мне было 29 гадоў. Я важыла 46 кг - гэта ўжо пасля лекавання. Разам са мной вярталася звар'яцелая ад лагерных умоваў расійская дзяўчына. Шкада яе - да гэтага была прыгожая і разумная. Нас суправаджала медсястра. Мы ледзь давезлі з ёю гэтую дзяўчыну, бо яна была буйная - рвала ўсё на сабе. Так і прынялі пад Масквой бацькі сваю крывіначку. На рукі... Мяне сустрэла ў Мінску малодшая сястра Алена - студэнтка Політэхнічнага інстытута. У інтэрнаце мне наладзілі цёплую сустрэчу. Упершыню ў маім жыцці я піла віно. Станавілася лягчэй на душы, што для іх я не "вораг народа". Ды і ў лагер яны прысылалі мне пасылачкі са сваіх стыпендый. Гэта памагала выжыць.

Разам з маім хаваннем я не была ў роднай хаце 12 гадоў.

- Як склаўся лёс астатніх вашых сямейнікаў?
- Цяжка. Старэйшая сястра Маня разам з мужам эмігравала ў Амерыку. Падчас вайны яна брала ўдзел у Другім усебеларускім кангрэсе ў 1944 годзе. Яна яшчэ жывая. Усё жыццё працавала швачкай. Бацьку арыштавалі адразу пасля Перамогі і кінулі ў Мардоўскія лагеры. На Радзіму ён яшчэ вярнуўся, але маё зняволенне не перанёс. Не вытрымала сэрца. Як толькі я трапіла ў лагер, ён памёр. Матулю вымушалі да працы на Слонімскім тартаку. Яна папрацавала, колькі магла, і вярнулася дадому. Дома ж заставаліся адны дзеці і разваленая гаспадарка. За гэта арыштавалі і яе. Пасадзілі ў Слонімскі астрог. Дзеці перабіваліся, як маглі. Зараблялі сабе кавалачак хлеба тым, што дапамагалі іншым вучыцца. Здольныя былі. Хадзілі галодныя, босыя, у лахманах, але вучыцца не кідалі. Так глыбока было закладзена гэта бацькамі... Старэйшы брат Федзя быў асуджаны на 8 гадоў лагераў. Яго абвінавачвалі ў кантактах з антыбальшавіцкай партызанкай. Тэрмін адбываў у Томскіх лагерах.

Увесь час, калі я была ў лагеры, мамачка нічога не ела ў сераду і ў пятніцу. У сераду таму, што я нарадзілася ў гэты дзень. Яна лічыла, што так праз Бога падтрымлівае мяне і дзеліць з дачкой усе цяжкасці. Яна памерла восем гадоў назад. Пабыла яшчэ са мной... Цяпер спачывае разам з бацькам у нашай зямельцы. Няхай будзе спакой іх душачкам...

З вялікай цяжкасцю скончыла Гродзенскі педінстытут мая сястра Ліда. Не таму, што дрэнна вучылася, а таму, што з сям'і "ворагаў народа". Асабліва яе пакуты ўзмацніліся, калі пасля суда ў Баранавічах я пачала адбываць свой 25-гадовы тэрмін у Гродзенскім астрозе. Ліда з мамай прыходзілі на спатканне... Праўда, з цягам часу ўсе неяк уладкаваліся, маюць сем'і, дзякуй Богу. Сама я да пенсіі па інваліднасці працавала на Мінскім заводзе "Гарызонт".

- І апошняе пытанне. Вы не ведаеце выпадкова, калі ў Слоніме зноў былі скасаваны беларускія школы: у 50-х ці 60-х гадах?
- Дакладна не ведаю, бо я ж у хуткім часе пасля вяртання перабралася з Гарадзеншчыны ў Мінск...

- Шчыры дзякуй, шаноўная спадарыня Надзея, за яскравы і, безумоўна, вельмі цяжкі для Вас аповед.
- Гэта Вам дзякуй, што палічылі патрэбным выслухаць маю жыццёвую гісторыю. Ведаць бы толькі, што наша Беларусь будзе незалежнай, свабоднай і роўнай паміж іншымі народамі. Тады можна спакойна легчы ў родную зямлю, каб зліцца з ёю назаўсёды...

З ахаладзелай душой пакідала я цёпла сагрэтую хату маёй гераіні, як быццам гэтыя пяць гадзін ішла разам з ёй па этапах. Кінуўшы позірк на ярка-зялёную падлогу, падумала, што гэта, магчыма, не выпадкова, бо не набегалася яна дзяўчынкай па маладой вясновай траве, не нагулялася дзяўчынай па роснай траве купальскай ночы, не насядзелася жанчынай з сваім першынцам у цёплай летняй...

З Надзеяй Дземідовіч гутарыла Л. Майсеня.
"Народная воля", 8 мая 1998 г.