В.Л. ВярэнічПалескі архіў
Апрацоўка архіва: Прынялі ўдзел у апрацоўцы архіва: Рэдактары: * * * КЛІМЧУК Фёдар Данілавіч – кандыдат філалагічных навук, філолаг і гісторык, былы старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, старшыня Грамадскага аб’яднання Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства "Загароддзе" (Беларусь, Мінск). СМУЛКОВА Эльжбета – доктар габілітаваны, прафесар, мовазнаўца-славіст і сацыялінгвіст, беларусістка, заснавальніца кафедры беларускай культуры ва універсітэце ў Беластоку; працуе ў Варшаўскім універсітэце (Польшча, Варшава). ЭНГЕЛЬКІНГ Анна – доктар гуманітарных навук, этнограф і этналінгвіст; працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук; член Грамадскага аб’яднання Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства "Загароддзе" (Польшча, Варшава). У С Т У П1. В.Л. Вярэніч - паляшук і даследчык Палесся. 1. В. Л. Вярэніч - паляшук і даследчык Палесся Вячаслаў Лявонцьевіч Вярэніч (12.03.1924—27.08.1999) - вядомы беларускі вучоны-лінгвіст, кандыдат філалагічных навук (27.06.1975), замежны член Польскай акадэміі навукі і мастацтваў у Кракаве (1992), ганаровы член польскага мовазнаўчага таварыства, аўтар звыш 120 апублікаваных навуковых прац. У яго засталіся багатыя рукапісныя матэрыялы. Сярод іх – Палескі архіў. Як вучоны і грамадскі дзеяч ён вядомы ў першую чаргу як паланіст і спецыяліст па беларуска-польскіх моўных, культурных і іншых сувязях. Менш вядомы В.Л. Вярэніч, як даследчык Палесся, паколькі яго палескі матэрыял у асноўным застаўся неапублікаваны.
В.Л. Вярэніч нарадзіўся 12 сакавіка 1924 г. у вёсцы Рухча-2 Столінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Столінскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі – праваслаўныя, шляхецкага паходжання. Бацька – Вярэніч Лявонцій Якаўлевіч, нарадзіўся ў 1897 г. у той самай вёсцы Рухча-2, памёр 24 мая 1931 г. Продкі яго паходзілі з вёскі Стахаў (Столінскі раён). Вучыўся ў духоўнай семінарыі. Маці – Аляксандра Рыгораўна (дзявочае прозвішча – Шпакоўская) нарадзілася 14 кастрычніка 1900 г. у вёсцы Мясяцічы Пінскага павета (цяпер Пінскі раён), памёрла 8 сакавіка 1996 г. Малодшыя сёстры В.Л. Вярэніча: Радцэвіч Неаніла (Ніна) Лявонцьеўна і Шаламіцкая Вольга Лявонцьеўна. Неаніла (Ніна) Лявонцьеўна нарадзілася 15 студзеня 1928 г. У 1950 г. закончыла Пінскую фельдшарска-акушэрскую школу. Затым да выхаду на пенсію працавала акушэркай у Плотніцкай участковай бальніцы. Вольга Лявонцьеўна нарадзілася 4 жніўня 1930 г. Закончыла ў Гомелі курсы закройшчыц. Працавала дамскім майстрам у швейнай майстэрні арцелі "Новае жыццё" ў г. Століне, а таксама настаўніцай працоўнага навучання (дамаводства) у Столінскай школе № 2. Яшчэ ў даваенны час Вячаслаў Лявонцьевіч скончыў Рухчанскую пачатковую школу (паступіў у 1930 г.), затым Плотніцкую сямігадовую школу і Пінскую гімназію (1939 г.). Пасля заканчэння шасцімесячных (студзень-жнівень 1940 г.) настаўніцкіх курсаў у г. Століне са жніўня 1940 г. па ліпень 1941 г. ён працаваў загадчыкам і настаўнікам аднакамплектнай пачатковай школы на хутары Магільна Столінскага раёна. У верасні-лістападзе 1941 г. (2,5 месяцы, да закрыцця школы) працаваў настаўнікам двухкамплектнай пачатковай школы ў вёсцы Варсынь Столінскага раёна. У час акупацыі працаваў на сельскай гаспадарцы. З красавіка 1943 г. падтрымліваў сувязі з партызанскімі атрадамі імя Аляксандра Неўскага, імя Варашылава і іншымі. З восені 1944 г. па 1957 г. Вячаслаў Лявонцьевіч працаваў на Століншчыне загадчыкам і настаўнікам пачатковых школ (в.в. Кострава, 1944–1945 гг., Рухча-1 – 1945–1946 гг.), настаўнікам Рухчанскай сямігадовай школы (1946–1949 гг.), дырэктарам Глінкаўскай сямігадовай школы (1949–1953 гг.), інспектарам Столінскага РАНА (1953–1955 гг.), загадчыкам Столінскага РАНА (1955–1957 гг.). За добрую працу на ніве адукацыі ў Столінскім раёне Міністэрства асветы БССР узнагародзіла яго знакам "Выдатнік народнай асветы".
Працуючы ў сістэме народнай асветы, В.Л. Вярэніч скончыў завочна: Пінскае педвучылішча (1944–1946 гг.), Пінскі настаўніцкі інстытут (аддзяленне рускай мовы і літаратуры, 1948–1952 гг.), Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (факультэт рускай мовы і літаратуры, 1953–1956 гг.). В.Л. Вярэніч 28 снежня 1957 г. залічаны ў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР і быў накіраваны ў Інстытут славяназнаўства АН СССР у Маскву, дзе спецыялізаваўся ў галіне параўнальнага славянскага мовазнаўства. Праходзіў навучанне ў аспірантуры ў Інстытуце славяназнаўства з 15.01.1958 па 28.12.1961 гг. У час навучання ў аспірантуры, на канікулах, В.Л. Вярэніч рабіў экспедыцыйныя паездкі на Палессе і іншыя мясціны. Яго кандыдацкая дысертацыя прысвечана даследаванню астраўной польскай гаворкі ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці і мовы яе носьбітаў, якія пасля вайны перасяліліся ў Ніжнюю Сілезію (Польшча). Дысертацыйная тэма – "Праблемы інтэрферэнцыі ў астраўных гаворках. На матэрыяле мазурскай гаворкі на Палессі і ў Ніжняй Сілезіі" (абараніў дысертацыю 27.06.1975 г.). З 28.12.1961 г. па 31.05.1992 г. працаваў у сектары агульнага і славянскага мовазнаўства (зараз аддзел тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства) Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (з 28.12.1961 г. па 10.03.1972 г. – на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, з 10.03.1972 г. па 30.04.1972 г. – выконваючы абавязкі старшага навуковага супрацоўніка, з 30.04.1972 г. – на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка). У 1963—1964 гг. В.Л. Вярэніч правёў дыялекталагічныя экспедыцыі у Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці і ў Ніжнюю Сілезію. У 1962 г. ён упершыню выступіў з дакладамі на навуковых канферэнцыях (у Вільнюсе і Ужгарадзе). У 1964 г. апублікаваў свой першы навуковы артыкул. Пасля гэтага працягвалася яго шматгранная навуковая работа, рэдактарская праца, неаднаразовыя навуковыя экспедыцыі (Беларусь, Літва, Латвія, Украіна, Казахстан, Польшча), шматлікія выступленні з дакладамі на навуковых канферэнцыях у розных гарадах СССР і за мяжой (Польшча, Італія). На працягу дзесяці гадоў ён чытаў лекцыі на польскай мове для студэнтаў і для грамадскасці на актуальныя палітычныя, сацыяльныя, навуковыя тэмы. У 1967 г. В.Л. Вярэніч стварыў спецыяльную групу навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Узбекістана, якая займалася вывучэннем польскіх гаворак на тэрыторыі СССР. Пад яго кіраўніцтвам працяглы час даследаваліся польскія гаворкі на тэрыторыі ўсяго былога СССР. Вынікам такой працы з’явіўся выхад у свет двух зборнікаў "Польские говоры в СССР; ч. 1, ч. 2" (Минск, 1973).
За вялікі ўклад у развіццё беларуска-польскіх узаемадачыненняў у 1992 г. В.Л. Вярэніч быў узнагароджаны ордэнам Заслугі Рэспублікі Польшча. У 1993 г. быў узнагароджаны кавалерскім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы, а раней - залатой адзнакай Заслужанага дзеяча польскай культуры. Кола навуковых інтарэсаў В.Л. Вярэніча было надзвычай шырокім: польскія гаворкі ў СССР; вынік іх кантактаў з гаворкамі іншых моў, у першую чаргу з беларускай мовай; анамастыка; сацыялінгвістыка; беларуская дыялекталогія; гісторыя польскай беларусістыкі; этымалогія; нацыянальная і этнічная самасвядомасць; гісторыя польскай беларусістыкі; дзеячы польскай культуры на Беларусі, у Літве і на Украіне; шматбаковая праблематыка, звязаная з Палессем. На Палессі Вячаслаў Лявонцьевіч Вярэніч нарадзіўся. Там яго карані. Там прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Там ён закончыў школу, гімназію, педвучылішча, настаўніцкі інстытут. Там ён з 1940 па 1957 гады працаваў у сістэме народнай асветы. Вячаславу Лявонцьевічу споўнілася 33 гады, калі Палессе перастала быць яго асноўным месцам жыхарства. Але ён працягваў наведваць Палессе ў час канікул, водпуску, экспедыцый, камандзіровак. Цудоўна ведаў гісторыю навуковага даследавання Палесся. 6.01.1997 г. на семінары заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства "Загароддзе" ён прычытаў даклад (на заходнепалескай гаворцы) "Этнаграфічнае вывучэнне Палесся ў ХІХ–ХХ стст." В.Л. Вярэніч шырока карыстаўся мовамі: рускай, беларускай, польскай, заходнепалескай гаворкай, зрэдку ўкраінскай мовай і беражноўскай гаворкай (гаворка пераходная паміж заходнепалескімі і ўсходнепалескімі дыялектнымі адзінкамі). Адзін з аўтараў гэтага "Уступу" (Ф.Д. Клімчук) пазнаёміўся з В.Л. Вярэнічам у 1965 г. Пры шматлікіх кантактах за рэдкімі выключэннямі яны карысталіся заходнепалескай гаворкай (Ф.Д. Клімчук таксама яе носьбіт, нарадзіўся ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці).
В.Л. Вярэніч з’яўляўся адным з ініцыятараў стварэння Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства "Загароддзе" і адным з найбольш актыўных яго членаў (гл. "Загароддзе-1", Мінск, 1999. С. 97—99). Для перавыдаваемага па-беларуску альбома "Polesie" (Warszawa, 1996) пераклаў з польскай мовы на беларускую асноўную частку яго тэксту. Памёр В.Л.Вярэніч 27.08.1999 г. Пахаваны ў Мінску. Пачатак навуковага даследавання В.Л.Вярэнічам Палесся можна датаваць 1960-м годам. Па складзенай ім спецыяльнай анамастычнай праграме (потым ён яе пашырыў) у 1960 г. ён абследаваў шэраг населеных пунктаў у Столінскім (вёскі Церабяжоў, Рэчыца, Фядоры, Нячатава) і Пінскім (вёскі Ласіцк, Парэ, Вострава, Ладараж, Жоўкіна) раёнах. Такім чынам, В.Л. Вярэніча можна лічыць адным з ініцыятараў комплекснага даследавання Палесся, якое разгарнулася ў пасляваенныя гады. Даследаванне Палесся экспедыцыйным шляхам працягвалася В.Л. Вярэнічам у наступныя дзесяцігоддзі (гл. ніжэй "Хроніку даследавання Палесся В.Л. Вярэнічам" і "В.Л. Вярэніч сярод ініцыятараў комплекснага даследавання Палесся ў сярэдзіне ХХ ст."). Пры зборы на Палессі анамастычнага матэрыялу В.Л.Вярэніч ставіў наступную мэту. Перш за ўсё па магчымасці высветліць сітуацыю, якая існавала ў населеным пункце ў час адмены прыгоннага права: колькасць участкаў зямлі, іх памеры, гаспадары, характар надзелаў. Калі не было магчымасці заглыбіцца ў такую даўніну, фіксаваліся звесткі больш позняга часу, але даўнія, наколькі маглі ўспомніць інфарматары. Далей: афіцыйныя прозвішчы гаспадароў, іх радавыя прозвішчы (па-палеску, - пр'ызвыска). Далей: імены, прозвішчы і пр'ызвыска людзей, якія пасяліліся ў населеным пункце пазней. Далей: пералік назваў усіх (па-мясцоваму) урочышчаў на тэрыторыі населенага пункта і яго ўгоддзяў. Далей: разнастайныя падзеі, якія адбыліся ў населеным пункце. І шмат усялякага іншага, што ўдавалася запісаць у населеных пунктах ад інфарматараў, а таксама ў райвыканкамах, краязнаўчых музеях, сельсаветах.
В.Л. Вярэніч планаваў, як ён аб гэтым неаднаразова гаварыў, стварыць групу людзей (накшталт групы па вывучэнні польскіх гаворак на тэрыторыі СССР) і сумеснымі намаганнямі па спецыяльна распрацаванай праграме абследаваць усю гістарычную Піншчыну і яе наваколлі. Адгукнуліся на гэтую прапанову ўсяго некалькі чалавек Далей меркавалася апрацаваць гэта ў выглядзе манаграфіі. У кнігу В.Л.Вярэніч меркаваў уключыць шматлікія кароткія выпіскі з апублікаваных прац. Ён зрабіў шмат такіх выпісак. Датычацца яны галоўным чынам гісторыі асобных населеных пунктаў гістарычнай Піншчыны. Асобныя выпіскі ўяўляюць сабою характарыстыку Палесся ці Піншчыны. Захавалася, зробленая ім, бібліяграфія па Палессі. Шмат увагі В.Л.Вярэніч ўдзяліў збору і даследаванню афіцыйных прозвішчаў па асобных населеных пунктах (пераважна Столінскі раён). Сабраў багаты матэрыял, які ў значнай меры ім апрацаваны і зроблены адпаведныя вывады. Па матэрыяле прозвішчаў Століншчыны былі падрыхтаваны і прачытаны даклады, зроблены выступленні на семінарах. 19 верасня 1997 г. на Міждысцыплінарным навуковым семінары па пытаннях даследавання Палесся, які праводзіўся ў Мінску ў рамках фота-этнаграфічнай выстаўкі "Палессе, якога мы не ведаем", ім быў прачытаны даклад "Прозвішчы жыхароў Століншчыны". Тэкст даклада не знойдзены. В.Л. Вярэніч ставіў мэту на будучае: стварыць карты, прысвечаныя асобным прозвішчам і карты абагульняючыя, інакш кажучы, стварыць атлас прозвішчаў раёна. На яго думку, атлас мог бы паказаць своеасаблівы ландшафтны малюнак прозвішчаў, выявіць, наколькі рэгіёны пашырэння комплексаў прозвішчаў адпавядаюць дыялектнаму чляненню Століншчыны. На матэрыяле адзначаных распрацовак, як ён лічыў, можна было б высветліць розныя моманты мікра- і макраміграцыйных рухаў у мінулым на тэрыторыі раёна, змены тыпу гаворкі ў пэўных населеных пунктах. Вячаслаў Вярэніч быў не толькі мовазнаўцам. Ён быў вучоным з велізарным вопытам і дасведчанасцю, якія набываліся дзесяцігоддзямі палявой працы. Вячаслаў Вярэніч - даследчык, знаўца, аматар і патрыёт Палесся. Яго дыялекталагічныя даследаванні не абмяжоўваліся зборам толькі моўнага матэрыялу. Навуковыя інтарэсы Вячаслава Вярэніча былі значна шырэйшымі. Вынікалі яны з таго, што велізарны моўны матэрыял цікавіў яго ў перспектыве шырокага гістарычна-культуралагічнага кантэксту.
Таму "Палескі архіў" Вячаслава Вярэніча ўяўляе цікавасць не толькі для мовазнаўцаў: яго можна чытаць як гістарычна-этнаграфічна-сацыялагічны даведнік аб Палессі. З’яўляецца ён і незаменнай крыніцай для ўсіх тых, хто цікавіцца гэтым рэгіёнам. "Палескі архіў" ствараўся на працягу 25 гадоў палескіх экспедыцый, у час якіх вучоны абследаваў каля 140 населеных пунктаў, пры гэтым, многія з іх неаднаразова. Гутарак з іх насельнікамі адбылося значна больш – архіў падае толькі асноўных інфарматараў прафесара Вярэніча каля 270 імёнаў. Вячаслаў Вярэніч быў палешуком са Століншчыны. Такім чынам ён з’яўляўся даследчыкам-аўтахтонам. Для яго гэта было вялікім козырам – і перш за ўсё таму, што вясковыя суразмоўнікі прымалі яго за свайго. Ён меў дар лёгка наладжваць кантакты, але давер суразмоўнікаў здабываў не толькі такім шляхам. Галоўнай прычынай, дзякуючы якой жыхары Століншчыны і іншых рэгіёнаў дзяліліся з прафесарам Вярэнічам сваімі ведамі, успамінамі аб перажытым было тое, што ён адносіўся да іх з сапраўднай павагай і сімпатыяй і глыбока захапляўся іх традыцыйнай культурай і ведамі, якія сярод усяго іншага адлюстроўваліся і ў мове. Магчыма, што менавіта таму ў архіве Вячаслава Вярэніча – давяраючы матэрыялам сабраным у савецкі час, калі атмасфера запужанасці не з’яўлялася рэдкасцю – знаходзім толькі адзін выпадак пра недавер суразмоўнікаў.
Вячаслаў Вярэніч, як паляшук і як даследчык Палесся, дасканала разумеў гэты край. Ён не толькі добра ведаў палескія гаворкі і культуру, але таксама меў багатую інфармацыю пра грамадскія і гістарычныя працэсы, якія адбываліся на Палессі. Для яго быў блізкі менталітэт жыхароў роднага краю. Усё гэта ён вельмі добра адчуваў і разумеў таму, што сам быў палешуком, і таму, што меў добрыя веды, валодаў перспектывай і самасвядомасцю даследчыка, што давала яму магчымасць адэкватна апісваць, інтэрпрэтаваць і параўноўваць Палессе з іншымі рэгіёнамі. Абодва гэтыя аспекты асобы Вячаслава Вярэніча – чалавека з "тутэйшай" тоеснасцю і назіральніка такой "тутэйшасці" – спалучыліся ў павазе да Палескага краю і замілавання ім. Гаварыў пра сябе: "Павінен [...] падкрэсліць, што, сапраўды, па адчуванні, духоўнасці я з’яўляюся тутэйшым, палешуком. [...] Я з’яўляўся [...] адным з тых, хто ў тыя часы знаходзіўся ў адпаведным спісе, бо мае біяграфічныя рамкі ставілі мяне ў такое становішча [...], і гэта яшчэ было маім сродкам захаваць самога сябе – быў жа я чалавекам вельмі вострым і знаходзіўся ў заўсёдным канфлікце з уладамі. Аднак, незалежна ад гэтага, паколькі быў я чалавекам тутэйшым і працаваў на тэрыторыі свайго роднага Столінскага раёна, - меў нейкі дар падыходу да людзей, людзі мяне ведалі, былі перакананы ў маёй шчырасці, прынцыпіяльнай пазіцыі, былі перакананы, што ў тых сітуацыях, калі трэба было ахвяраваць уласным дабром, уласнымі выгадамі, я змагу стаць на баку праўды. І гэта праз шэраг гадоў зарыентавала ўлады на тое, што гэты тып, якога належала б пасадзіць або зняць з працы, [варта,] аднак, выкарыстоўваць, таму ён што мае аўтарытэт". Аўтарытэтам – і не толькі ў справах Палесся – застаецца Вячаслаў Вярэніч да нашага часу. Рэдактары гэтага выдання не сумняваюцца, што публікацыя "Палескага архіва" ўмацуе яго пазіцыі. І. У пасляваенны час першымі комплекснае даследаванне Палесся распачалі археолагі пад кіраўніцтвам вядомага вучонага Ю.У. Кухарэнкі. Ю.У. Кухарэнка з 1951 г. узначальвае Палескі атрад Славянскай, а затым Валынскай экспедыцыі Інстытута археалогіі АН СССР. Ім былі выдадзены наступныя абагульняючыя працы па старажытнейшай, старажытнай і сярэдневяковай гісторыі Палесся:
ІІ. У 1960 г. В.Л. Вярэніч па спецыяльнай анамастычнай праграме абследаваў 9 населеных пунктаў у Пінскім і Столінскім раёнах Брэсцкай вобласці. Збор матэрыялаў на Палессі В.Л. Вярэніч працягваў да 1985 г. У матэрыялах яго Палескага архіва пераважна прадстаўлены анамастыка, лексіка і этнаграфія. Усяго В.Л.Вярэнічам і іншымі даследчыкамі, якія працавалі па яго праграме, на Палессі абследавана каля 140 населеных пунктаў. Апрацаваны Палескі архіў В.Л.Вярэніча разам з уступнымі артыкуламі і індэксам складае звыш 40 аркушаў. Пасля таго, як матэрылы Палескага слоўніка будуць апублікаваны, В.Л. Вярэніч "афіцыйна" зможа стаць у адзін рад з найбольш ініцыятыўнымі і буйнамаштабнымі даследчыкамі Палесся ў сярэдзіне і другой палавіне ХХ ст. ІІІ. У 1962 г. адбылася першая Палеская дыялекталагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага расійскага вучонага, праўнука Л.М. Талстога, акадэміка М.І. Талстога. Прынялі ўдзел вучоныя Расіі, Беларусі, Украіны. Вынікам экспедыцый 1962—1964 гг. з’явіліся зборнікі: "Лексика Полесья. Материалы для полесского диалектного словаря". М.: Наука, 1968. 476 с. і "Полесье (Лингвистика. Археология. Топонимика)". М.: Наука, 1968. 304 с. У 1974 г. пачаўся другі этап вывучэння Палесся экспедыцыйным шляхам пад кіраўніцтвам М.І. Талстога. Даследавалася духоўная культура. Экспедыцыі працягваліся да 1985 г. На Беларусі даследаванне духоўнай культуры Палесся працягваюць беларускія вучоныя. Матэрыялы экспедыцый публікаваліся ў шматлікіх выданнях. Вельмі грунтоўна гэтыя матэрыялы прадстаўлены ў пяцітомным энцыклапедычным маскоўскім выданні "Славянские древности. Этнолингвистический словарь" пад рэдакцыяй М.І.Талстога. Тры тамы гэтага выдання апублікаваны (1995, 1999, 2004). IV. У 1967 г. распачаўся збор матэрыялу да "Тураўскага слоўніка". Слоўнік падрыхтаваны і апублікаваны ў 1982-1987 гг. [Тураўскі слоўнік, у пяці тамах. Мінск, т.т. 1 (1982), 2 (1982), 3 (1984), 4 (1985), 5 (1987).] Складальнікі: А.А.Крывіцкі, Г.А.Цыхун, І.Я. Яшкін. У слоўнік уключаны матэрыялы з 19 пунктаў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і 15 пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. V. М.В. Ніканчук пачаў даследаваць гаворкі Палесся ў 1962 г. Але буйнамаштабная праца над стварэннем дыялектнага лексічнага атласа цэнтральнай часткі Палесся распачата ім у 1970 г. Створаны атлас. Публікаваўся ён у выглядзе матэрыялаў:
Выдадзены ў 1994 г. атлас уключае толькі частку карт атласа рукапіснага. [М.В.Никончук. Лексичний атлас Правобережного Полісся. Київ—Житомир, 1994.] У сетку атласа М.В. Ніканчука ўваходзіць 465 пунктаў, з іх на тэрыторыі Украіны - 402 (з іх 267 пунктаў на тэрыторыі Жытомірскай вобласці), на тэрыторыі Беларусі – 63 пункты ( з іх на тэрыторыі Гомельскай вобласці – 48, на тэрыторыі Брэсцкай вобласці – 15 пунктаў). VI. Палессе (беларускае, украінскае і расійскае) стала аб’ектам даследавання ў такіх буйнамаштабных нацыянальных і міжнародных працах, як "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963), "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак, у 5-ці тамах" (1993--1998), "Атлас української мови" (т. 1 – 1984; т. 2 - 1988), "Диалектологический атлас русского языка, в трех выпусках" (1986--1997), "Агульнаславянскі лінгвістычны атлас" (першыя выпускі апублікаваны ў 1988 г., выданне працягваецца), "Лінгвістычны атлас Еўропы" (першы выпуск апублікаваны ў 1983 г., выданне працягваецца). Паўночна-заходнія ўскраіны Палесся (сярэдняе Падляшша – Podlasie środkowe) увайшлі ў "Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny" (першы том апублікаваны ў 1980 г., выданне працягваецца). 3. Хроніка даследавання Палесся В.Л. Вярэнічам. 1960 г.: Церабяжоў, Рэчыца, Фядоры, Нячатава Столінскага раёна, Ласіцк, Парэ, Востраў, Ладараж, Жоўкіна Пінскага раёна. Абследавана для В.Л. Вярэніча: Юзафін, Сушыцк Пінскага раёна, Гарадная Столінскага раёна (выканаўца – П.П. Літвіновіч). 1962 г.: Ракітнаўскі раён Ровенскай вобласці УССР (Ракітнае, Каменнае (Вайткевічы), Будкі Каменскія і інш.). Абследавана для В.Л.Вярэніча: Балажэвічы Мазырскага раёна (выканаўца невядомы).
1965 г.: Рубель, Харомск, Вяллё, Вікіравічы-1*, Вікаравічы-2*, Альманы, Альманская Кашара, Гарадная, Дзераўная, Калонія*, Лушчыца* Столінскага раёна, Востраў, Лапацін Пінскага раёна, Бастынь, Велута Лунінецкага раёна, Ліпск Ганцавіцкага раёна. 1968 г.: Бастынь Лунінецкага раёна. 1960-я гады: Абследавана для В.Л.Вярэніча: Верасніца Жыткавіцкага, Тонеж Лельчыцкага раёнаў (выканаўцы невядомыя). 1970 г: Аздамічы, Кароцічы, Талмачова, Цераблічы, Альгомель, Вялікае Малешава, Колкі Столінскага раёна. 1971 г.: Хотамель, Альпень, Велямічы, Старына, Мярлін, Рубрын, Турское, Рамель, Мачуль, Струга, Лядзец, Гарадзец, Вялікія Арлы, Малыя Арлы, Вугалец, Альшаны, Сямігосцічы, Туры, Хорск, Храпунь, Лісовічы Столінскага раёна; наведаў г. Давыд-Гарадок. 1972 г.: Абследавана для В.Л.Вярэніча: Кустаўніца Мазырскага раёна (выканавўца – Т.А.Зімяніна), Міхалкі Мазырскага раёна (выканаўца – Ф.І.Сіўко), Брынёў Петрыкаўскага раёна (выканаўца – Т.А.Зімяніна), Дарашэвічы, Глінка, Серп, Паляжач-Гара, Піліпоны Петрыкаўскага раёна (выканаўца – Ф.І.Сіўко). 1974 г.: Жыткавічы, Кажановічы, Бярэжжа, Зарэчча, Кольна, Пасека, Млынок, Подаўж, Браніслаў, Лагвошчы, Беразіна, Людзяневічы, Загорбашша, Калінаўка, Бярэжцы, Рычоў, Хачэнь, Рыдча, Хільчыцы, Тураў Жыткавіцкага раёна, Мікашэвічы, Моршчынавічы, Пясчанікі, Запроссе Лунінецкага раёна. 1976 г.: Сіціцк, Бродча Столінскага раёна, Грыўкавічы, Тырвовічы, Біжаравічы, Барычавічы, Вуйвічы Пінскага раёна; наведаў г. Лунінец. 1978 г.: Калавуравічы, Паросцы, Асобавічы, Мясяцічы, Лазічы, Шаломічы, Полхава, Каўбы Пінскага раёна. 1979 г.: наведаў г. Лунінец. 1980 г.: Атвержычы, Манькавічы, Крушын, Юнішчы, Юнішчанскія Хутары, Беражное Столінскага раёна; Плешчыцы, Кнубава, Горнава, Сярнічкі, Марозавічы, *Крывое Сяло Пінскага раёна; Дубаўка, Мелясніца, Лоўча (Лобча), Палескі, Лунін Лунінецкага раёна; наведаў г.г. Столін і Лунінец. 1981 г.: Лемяшэвічы, Чорнава-1, Церабень, Болгары, Чорнава-2, Лапацін, Канюхі, Хлябы, Хрыстаболавічы, Тупчыцы, Качановічы, Кудрычы, Плошчава, Гальцы Пінскага раёна; Стахава, Камарнікі, Церабішча, Відзібарэц, Асаўцы, Відзібар Столінскага раёна, наведаў г.г. Пінск і Столін. Абследавана для В.Л.Вярэніча: Невель, Перахрэсце, Семяховічы Пінскага раёна, Гарынічы Зарэчненскага раёна Ровенскай вобласці УССР (выканаўца – С.А.Дубнавіцкі). 1982 г.: Лунін, Палескі, Лоўча (Лобча), Вулька-1, Дубаўка Лунінецкага раёна. 1983 г.: Беражное Столінскага раёна. 1985 г.: Рухча-2, Аўсямірава Столінскага раёна. *Заўвага: матэрыялы не знойдзены. 4. Палескі архіў В.Л. Вярэніча Матэрыялы Палескага архіва В.Л.Вярэніча наступнага характару. Пераважная іх большасць – гэта анамастыка. У абследаваных вёсках (і мястэчках) запісаны наступны анамастычны матэрыял: а) прозвішчы афіцыйныя; б) прозвішчы радавыя (пр'ызвыска); часта іх называюць мянушкамі, але гэта нельга лічыць правільным; в) імёны; г) назвы палёў, сенажацяў, пашаў, лясных угоддзяў, балотаў, рэк, рэчак, азёраў і іншых геаграфічных аб’ектаў. Даюцца мясцовыя назвы населеных пунктаў, назвы жыхароў асобных населеных пунктаў. Прыводзяцца агульныя звесткі пра абследуемую вёску, пра яе гісторыю. Зроблены выпіскі з апублікаваных прац.
Другая група матэрыялаў, прадстаўленых у архіве, - гэта лексіка, адказы на апытальнікі. Найбольш багата прадстаўлена гэта група па вёсцы Бастынь Лунінецкага і вёсцы Аздамічы Столінскага раёнаў. Трэцяя група матэрыялаў – гэта апісанне на мясцовай гаворцы працэсу ганчарства ў мястэчку Гарадная Столінскага раёна і рэалізацыя вырабленага глінянага посуду на вялікіх прасторах Палесся і на яго сумежжы. Нямала рознага іншага этнаграфічнага матэрыялу. Нарэшце, усялякія іншыя факты, якія В.Л.Вярэніч лічыў цікавымі і зафіксаваў іх. Выдзелены таксама невялікія раздзелы. Да іх адносяцца: а) "Палескі слоўнік" і б) "Назвы хвароб". Назвамі хвароб В.Л. Вярэніч зацікавіўся не выпадкова. Безумоўна, паўплывала тое, што яго сям’я "медыцынская". Жонка Вячаслава Лявонцьевіча, Галіна Іванаўна (нарадз. 20.11.1930 г.), – доктар медыцынскіх навук, педыятр. Сын Сяргей Вячаслававіч (нарадз. 28.08.1961 г.) – кандыдат медыцынскіх навук, неўролаг. Сын Вадзім Вячаслававіч (нарадз. 29.10.1963 г.) – урач, закончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Палескі архіў В.Л.Вярэніча складаецца з шэрагу так званых "кампанентаў". Гэта блакноты, блакноцікі, сшыткі, картатэкі, картатэчкі, запісы на асобных лістах паперы. У самым пачатку працы над архівам зроблена іх інвентарызацыя – яны пранумараваны. Нумарацыя зроблена адвольна. № 1 - блакнот. а) Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Асаўцы, Відзібарэц, Камарнікі, Стахаў, Церабішча. б) Выпіскі, зробленыя ў Столінскім гарсавеце, Столінскім краязнаўчым музеі і Відзібарскім сельсавеце. № 2 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці: Асобавічы, Барычавічы, Біжаравічы, Бродча, Вуйвічы, Грыўкавічы, Калавуравічы, Каўбы, Лазічы, Мясяцічы, Паросцы, Полхава, Тырвовічы, Шаломічы. б) Матэрыялы з в. Сіціцк Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. в) Рознае з Лунінецкага, Пінскага і Столінскага раёнаў. № 3 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці: Болгары, Гальцы, Канюхі, Качановічы, Кудрычы, Лапацін, Лемяшэвічы, Плошчава, Тупчыцы, Хлябы, Хрысціболавічі, Церабень, Чорнава-1, Чорнава-2. Агульныя звесткі па Пінскаму раёну. Бібліяграфія. № 4 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Аўсямірава, Велямічы, Рухча-2. Выпіскі з матэрыялаў Столінскага краязнаўчага музея. № 5 - блакнот. Матэрыялы з вёскі Невель Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. № 6 - блакнот. Матэрыялы з вёскі Перахрэсце Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. № 7 - блакнот. Матэрыялы з вёсак Семяховічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі і Гарынічы Зарэчненскага раёна Ровенскай вобласці Украіны. № 8 - блакнот. а) Матэрыялы з населеных пунктаў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці: Горнава, Кнубава, Марозавічы, Плешчыцы, Сярнічкі. б) Матэрыялы з населеных пунктаў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці: Вулька-1, Лобча, Лунін, пасёлак Палескі. № 9 - блакнот. а) Матэрыялы з населеных пунктаў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці: Беражцы, Беразіна, Браніслаў, Бярэжжа, Жыткавічы, Загарбашша, Кажановічы, Калінаўка, Кольна, Лагвошчы, Людзяневічы, Млынок, Пасека, Подаўж, Рыдча, Рычоў, Тураў, Хачэнь, Хільчыцы. б) Матэрыялы з населеных пунктаў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці: Запросссе, Мікашэвічы, Моршчынавічы, Пясчанка. в) Розныя звесткі па Жыткавіцкаму і Лунінецкаму раёнах і па Палессі наогул. № 10 - блакнот. а) Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Беражное, Крушын, Манькавічы. б) Археалагічныя помнікі Столінскага раёна. в) Выпіскі, зробленыя ў Столінскім гарсавеце. № 11 - блакнот. а) Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Альшаны, Вуголец, Вялікія Арлы, Давыд-Гарадок, Лісовічы, Малыя Арлы, Сямігосцічы, Туры, Хорск, Храпунь. б) Агульныя звесткі пра Давыд-Гарадоцкую зону Столінскага раёна. № 12 - блакнот. Матэрыялы з вёскі Аздамічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. № 13 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Аздамічы, Альгомель, Вялікае Малешава, Кароцічы, Колкі, Талмачава, Цераблічы. № 14 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў: Гарадная, Дзераўная (Столінскі раён), Лапацін (Пінскі раён), Ліпск (Ганцавіцкі раён). № 15 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Альпень, Велямічы, Гарадзец, Лядзец, Мачуль, Мярлін, Рамель, Рубрын, Старына, Струга, Турское, Хатомель, Храпунь. № 16 - блакнот. Матэрыялы з населеных пунктаў: Альманская Кашара, Альманы, Вяллё, Гарадная, Харомск (Столінскі раён), Велута (Лунінецкі раён), Востраў (Пінскі раён). № 17 - блакнот. а) Матэрыялы з вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. б) Матэрялы з Літвы. № 18 - сшытак. а) Матэрыялы з населеных пунктаў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці: Нячатава, Рэчыца, Фядоры, Церабяжоў. б) Матэрыялы з населеных пунктаў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці: Востраў, Жаўкінь, Ладараж, Ласіцк, Парэ. № 19 - сшытак. Матэрыялы з населеных пунктаў: Гарадная (Столінскі раён) і Юзафіны (Пінскі раён). № 20 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Піліпоны Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. № 21 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Брынёў Петрыкаўскага раёна і вёскі Кустоўніца Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. № 22 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Міхалкі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. № 23 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Глінкі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. № 24 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Серп Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. № 25 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Паляжач-Гара Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. № 26-31 - блакноцікі. Матэрыялы з вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. № 32 – асобныя лісты. Матэрыялы з населеных пунктаў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці: Вулька-1, Дубаўка, Лобча, Лунін, пасёлак Палескі. № 33 - картатэчка. Матэрыялы з вёскі Верасніца Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. № 34 – асобныя лісты. Бібліяграфія. № 35 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. № 36 - блакнот. а) Матэрыялы з Ракітнаўскага раёна Ровенскай вобласці Украіны. б) Матэрыялы з вёскі Замошша Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.
№ 37 - картатэчка. Матэрыялы з вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. № 38 - картатэка. Назвы хвароб. № 39-40 - картатэка. Прозвішчы жыхароў Столінскага раёна. № 41-44 - картатэка. Палескі слоўнік. № 45 - картатэка. Матэрыялы з вёскі Балажэвічы Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. № 46 – ліст паперы. Матэрыялы з вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. № 47 – ліст паперы і некалькі картак. Назвы хвароб (спіс). № 48 – лісты паперы і карткі. Розныя матэрыялы з Піншчыны, Століншчыны, Заходняй Браншчыны. № 49 - блакнот. Выпіскі з літаратурных крыніц. № 50 – лісты паперы, карткі. Выпіскі. № 51 – 12 лістоў паперы. Матэрыялы з вёскі Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці (ганчарства). № 52--59 - блакноцікі. Матэрыялы з вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. № 60 - блакноцік. Матэрыялы з вёскі Дарашэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. № 61 – 13 лістоў паперы. Прозвішчы жыхароў Столінскага (Атвержычы, Манькавічы, Юнішчскія Хутары, Юнішчы ), Пінскага (Горнава, Кнубава, Плешчыцы, Сярнічкі ), Лунінецкага (Вулька-1, Дубаўка, Лобча, Лунін, Мелясніца, пасёлак Палескі ) раёнаў. № 62 – картатэка (скрынка). Афіцыйныя прозвішчы жыхароў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Прозвішчы раскладзены па алфавіту. Падлічана, калькі носьбітаў мае прозвішча ў цэлым па раёну і ў кожным асобным населеным пункце. У гэтым выданні публікуецца толькі частка "Палескага архіва" В.Л. Вярэніча. Гэта пераважна лексічны матэрыял, запісаны ў 1965 і 1968 гг. у вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна. Вёска знаходзіцца ў 18 км. на поўнач ад г. Лунінца (з невялікім адхіленнем на захад), у 3-4 км на захад ад р. Цны. Гаворка в. Бастынь блізкая да асноўнай часткі гаворак Лунінецкага раёна. Даследчыкі, якія наведвалі в. Бастынь і яе наваколлі, шкадавалі, што лексіка гаворак гэтага рэгіёна засталася па-за ўвагай збіральнікаў. Сам факт лічылі непазбежным, паколькі не хапала сіл. Тлумачылі важнасць збору лексікі ў гэтым рэгіёне наступным: 1) багаццем народнай лексікі гаворак разглядаемага рэгіёна, 2) яе арыгінальнасцю, многімі адрозненнямі ад лексікі іншых рэгіёнаў, 3) шматлікімі аналогіямі з лексікай паўднёваславянскіх гаворак. І вось пры падрыхтоўцы Палескага архіва В.Л. Вярэніча да друку выявілася, што гэтая ніша ў значнай ступені запоўнена. В.Л. Вярэніч у самай глыбінцы Лунінеччыны, у зоне найбольш тыповых лунінецкіх гаворак – у вёсцы Бастынь – зрабіў запісы лексікі: звыш 3,5 тысячы слоў, словаформаў і выразаў. 5. Апрацоўка Палескага архіва В.Л. Вярэніча 1. Пачатак працы над архівам можна датаваць 27-м верасня 1999 г. Тады ў рамках Міжнароднай навукова-краязнаўчай канферэнцыі "Палессе – скрыжаванне культур і часу", якая праходзіла ў Пінску 25—27 верасня 1999 г., была праведзена нарада, на якой абмяркоўвалася пытанне лёсу Палескага архіва В.Л. Вярэніча. Было вырашана апрацаваць архіў і падрыхтаваць яго да друку. Створаны калектыў, які павінен заняцца апрацоўкай архіва і падрыхтоўкай яго да друку. Склад калектыва: Э. Смулкова, А. Энгелькінг (Польшча), Ф.Д. Клімчук (Беларусь). 2. У час працы над архівам у Мінску і Варшаве шмат разоў праводзіліся нарады калектыву, які працаваў над архівам. Збіраўся або ўвесь калектыў поўнасцю (тры чалавекі), ябо яго частка (два чалавекі). 3. Абмеркаванне розных прыватных праблем, звязаных з апрацоўкай архіва, праводзілася шляхам перапіскі па электроннай пошце. 4. Інвентарызацыя архіва, раздзяленне яго на "кампаненты", нумарацыя "кампанентаў" (гл. § 4. Палескі архіў В.Л. Вярэніча). Тлумачэнні слоў і выразаў або пераклад іх на літаратурную мову (падаюцца ў квадратных дужках). Выканаўца – Ф.Д. Клімчук; частка матэрыялаў [в. Бастынь, адказы на пытанні раздзелаў І, ІІ, ІV–ХІІ, ХV–XVI, ХVІІІ, ХХVІІ "Kwestionariusz[a] do badaс sіownictwa ludoweho" (red. W. Doroszewski, zesz. I—IV, Wrocіaw, 1958)] апрацавана сумесна з І.І. Лучыцам-Федарэцом. 5. Набор матэрыялаў на камп’ютэры. Кожны "кампанент" архіва набіраўся асобна. Выканаўца – Н.В. Драбудзька. 6. Вычытванне набранага матэрыялу і яго папярэдняе рэдагаванне. Выканаўца – Ф.Д. Клімчук. 7. Кампаноўка набранага і вычытанага матэрыялу. Далейшае рэдагаванне. Асноўная частка матэрыялу кампанавалася па населеных пунктах (часам гэты матэрыял знаходзіўся ў розных блакнотах і інш.) і па раёнах. Некаторыя змены (перастаноўкі) рабіліся ў межах матэрыялу, які адносіўся да аднаго населенага пункта. У кожным асобным раёне матэрыял размяркоўваўся з улікам алфавіту назваў абследаваных населеных пунктаў. Пры гэтым адзначалася, да якой адміністрацыйнай адзінкі гэты пункт адносіцца. Адзначаўся таксама час збору матэрыялаў у адпаведным населеным пункце. Матэрыялы, якія адносіліся да рэгіёна ў цэлым, выдзяляліся асобна. Выканаўца – Ф.Д. Клімчук. 8. Рэдагаванне апрацаванага архіва; заўвагі, дапаўненні, змены. Выканаўцы – Э. Смулкова, А. Энгелькінг. 9. Улік заўваг. Выканаўца – Ф.Д. Клімчук. 10. Зверка ўсяго тэксту апрацаванага архіва з арыгіналам. Выканаўца – Ф.Д. Клімчук. 11. Чарговае чытанне ўсяго тэксту апрацаванага архіва; заўвагі. Выканаўцы – Э. Смулкова, А. Энгелькінг. 12. Унясенне правак з улікам заўваг Э. Смулковай і А. Энгелькінг. Выканаўца – Ф.Д.Клімчук. Асобныя віды работ выканала К.І. Камендава. 13. Падрыхтоўка карт. Выканаўца – У.А. Кошчанка. 14. Уніфікацыя шрыфтоў. Выканаўца – У.А. Кошчанка. 15. Падрыхтоўка індэксу. Выканаўца – У.А. Кошчанка. 16. Падрыхтоўка "Уступу". "Уступ" рыхтаваўся па частках на працягу некалькіх год. Неаднаразова дапрацоўваўся і дапаўняўся. Выканаўцы: Ф.Д. Клімчук (асноўны выканаўца), Э. Смулкова, А. Энгелькінг. 17. Падрыхтоўка да друку 1-га фрагмента архіва (Уступ. Лунінецкі раён, ч. 1-я). Выканаўцы: Ф.Д. Клімчук (асноўны выканаўца) і А. Энгелькінг. Члены рабочай групы па апрацоўцы архіва ўдзячны Амерыканскаму савету навуковых таварыстваў і Польскаму інстытуту ў Мінску за садзейнічанне ў апрацоўцы архіва і падрыхтоўцы яго да друку. Асноўная частка публікацыі – гэта дыялектны матэрыял з вёскі Бастынь Лунінецкага раёна. Запісаны ён транскрыпцыяй, у аснову якой пакладзена транскрыпцыя Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа. (Чытаць матэрыял у PDF, 240 КБ)
Фёдар Клімчук |