Пра мову п'есы "Пінская шляхта"

З "Пінскай шляхтай" я ўпершыню пазнаёміўся, калі быў вучнем сёмага класа. Папрасіў у свайго старэйшага сябра падручнік па беларускай літаратуры для восьмага класа, у якім быў змешчаны тэкст "Пінскай шляхты". Вось і прачытаў той тэкст першы раз. Потым перачытваў яго шмат разоў.

Аднойчы, калі быў студэнтам Пінскага настаўніцкага інстытута (1952-1954 гг.), убачыў пастаноўку выдатнай п'есы ў выкананні артыстаў Пінскага абласнога драматычнага тэатра.

А вось у самым пачатку 1980-х гадоў даведаўся, што вядомы нам тэкст "Пінскай шляхты" - гэта не арыгінал, а пераклад на беларускую літаратурную мову, апублікаваны ўпершыню ў газеце "Вольная Беларусь", 1918, №№ 30-31. А арыгінал, напісаны на "пінчуцкай" гаворцы, выяўлены беларускім вучоным Язэпам Янушкевічам у Вільнюсе (Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 1135, воп. 10, адз. зах. 219, лл. 30-46). Аб гэтым з'явілася публікацыя [45]. Пасля апублікавання артыкула Я.Янушкевіч прэзентаваў мне ксеракопію тэкста гэтага твора. А ў 1984 г. арыгінал "Пінскай шляхты" быў апублікаваны [9, с. 487-499, 504-505; 8, 248-269, 476-480].

Пасля гэтага пачалося маё знаёмства з тэкстам і пачаўся аналіз яго мовы. Першае ўражанне аб мове "Пінскай шляхты": аснова гэтай мовы - гаворкі Піншчыны.

Трохі пра сябе. Нарадзіўся і доўга жыў у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. А пазней часта наведваў сваю малую радзіму. У 1952-1954 гг. вучыўся ў Пінскім настаўніцкім інстытуце, на гістарычным факультэце. Пінск заўсёды наведвала многа жыхароў з навакольных вёсак. Таму пінскую гаворку чуў амаль кожны дзень. Ды і ў самым Пінску многія тады гаварылі на "пінчуцкай" гаворцы. У 1967 г. закончыў завочна Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут, таксама гістарычны факультэт. Доўгі час працаваў у школе, галоўным чынам у Драгічынскім раёне, выкладаў пераважна гісторыю.

Ў 1957 г. упершыню пазнаёміўся з навукоўцамі. Яны параілі мне сур'ёзна заняцца даследаваннем народных гаворак. Я так і зрабіў. У тым жа 1957 г. заняўся даследаваннем сваёй роднай гаворкі па той праграме, якая мне была даслана. У 1958 г. я браў удзел у навуковай экспедыцыі ў Мазырскім і Калінкавіцкім раёнах.

У 1968 г. я паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Спецыяльнай філалагічнай адукацыі ў мяне не было, я быў па спецыяльнасці гісторыкам. Таму, каб здаць уступныя экзамены ў аспірантуру, філалагічныя дысцыпліны я падрыхтаваў самастойна.

Тэма маёй кандыдацкай дысертацыі: К лингвогеографии Западного Полесья (фонетика четырех полесских говоров) [24]. На яе аснове напісана і апублікавана манаграфія [19]. Складзена даволі падрабязная дыялекталагічная карта гаворак Берасцейска-Пінскага Палесся, якая ўвайшла ў гэтую манаграфію [19, c. 38-39]. Потым карта ўдакладнялася.

Для адзначаных прац выкарыстаны даволі вялікі матэрыял. Сюды ўвайшлі і ўласныя запісы, і апублікаваныя працы, і вельмі багаты архіў Інстытута мовазнаўства АН БССР.

З 16.11.1971 г. па 28.02.2005 г. я працаваў у аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства АН БССР. Аддзел займаўся і займаецца даследаваннем народных гаворак Беларусі з выхадам у славянскі свет. Калі збіралі матэрыял для Лексічнага атласа народных гаворак Беларусі, я часта ездзіў на Берасцейшчыну. Адна з тэм аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі - Агульнаславянскі лінгвістычны атлас. З 1971 г. я з'яўляўся ўдзельнікам гэтай тэмы. Дзякуючы працы ў гэтай тэме, я пашырыў свае веды па дыялекталогіі славянскіх моў і пра агульнаславянскую дыялектную сістэму.

Мой вывад наконт асноўнай часткі гаворак Берасцейска-Пінскага Палесся наступны. Гэтыя гаворкі ўяўляюць адзінства, асобную групу, асобны дыялект. Мясцовыя жыхары ўсведамляюць гэта. Вядома, у гэтых гаворках ёсць адрозненні, у іх выдзяляюцца асобныя групы ці падгрупы, або тыпы, выдзяляюцца зоны і мікразоны. І тым не менш дыялектнае адзінства гэтых гаворак іх носьбітамі звычайна ўсведамляецца. Калі карэнны жыхар аднаго з паўднёваберасцейскіх раёнаў чуе гаворку жыхара іншага паўднёваберасцейскага раёна, ён зазначыць, што той гаворыць "по-нáшому".

Навука, якая займаецца даследаваннем народных гаворак, называецца дыялекталогіяй, а даследчыкі - дыялектолагамі. Акрамя дыялектолагаў- прафесіяналаў ёсць дыялектолагі-аматары.

Дыялекталогія спачатку не з'яўлялася самастойнай галіной навукі. Як асобная навука яна выдзелілася з этнаграфіі [29, c. 36-79].

На народных гаворках ёсць публікацыі асобных тэкстаў, мастацкіх твораў. А калі такіх публікацый на пэўнай дыялектнай сістэме вельмі многа і яны разнастайныя па жанру, дык гэтую пісьмовую сістэму называюць літаратурнай мікрамовай [5].

З 1990-х гадоў моўная сістэма, у аснове якой ляжаць берасцейскія гаворкі і на якой напісаны і апублікаваны шматлікія творы, у інтэрпрэтацыі вучоных атрымала статус заходнепалескай літаратурнай мікрамовы [40, с. 265-272; 4, с. 20-21; 46, с. 119-131; 7, с. 29-43; 6, с. 227-281].

Аўтары, якія ў мінулым стваралі тэксты з арыентырам на народную гаворку, звычайна не з'яўляліся ні дыялектолагамі, ні этнографамі. Таму яны не маглі дакладна адлюстраваць народную гаворку. І мы не павінны іх за гэта папракаць. Але пры аналізе іх твораў нам гэта трэба ўлічваць. І пра мову такіх твораў неабходна казаць: дыялектна-моўная сістэма з асновай адпаведнай дыялектнай адзінкі.

Маё першае знаёмства з "Пінскай шляхтай" у вырашэнні характару яе мовы было адназначным: гэта дыялектна-моўная сістэма, у аснове якой ляжаць гаворкі Піншчыны.

Я неаднаразова пытаўся ў ураджэнцаў паўднёвых раёнаў Брэсцкай вобласці, якое ў іх уражанне пра мову "Пінскай шляхты"? Адказ быў адназначны: напісана "по-нáшому", г. зн. на берасцейска-пінскай гаворцы.

Распавядаў беларускі даследчык, гісторык і нумізмат, ураджэнец г. Кобрына Іван Сінчук. Пасля заканчэння БДУ ён працаваў выхавацелем жаночага інтерната Мінскага трактарнага завода. Трапіў яму ў рукі апублікаваны тэкст "Пінскай шляхты" на "пінчуцкай" гаворцы, які быў упершыню апублікаваны на мове арыгінала, надрукаваны ў дадатку да "Твораў" В.Дуніна-Марцінкевіча. Пачаў чытаць і ўжо не мог адарвацца. Дзіва што: апублікавана на роднай гаворцы - такое не часта сустрэнеш. Адлегласць паміж Кобрынам і Пінскам каля 125 км, а выявілася, што розніца паміж гаворкамі Кобрыншчыны і Піншчыны была нязначнай. Перад тым, як чытаць, ён паставіў на тумбачку шклянку вады, каб прыгатаваць чай, уключыў кіпяцільнік. Іван Сінчук настолькі захапіўся, што калі чай закіпеў, то дастаў кіпяцільнік са шклянкі, паклаў яго на тумбачку, а сам працягваў чытаць. Тумбачка загарэлася, бо з разеткі захоплены чытач не вынуў вілкі кіпяцільніка, і кавалак яе згарэў непасрэдна побач з расказчыкам гэтага выпадку.

У 1989 г. у Мінску аматарскі калектыў (Андрэй. Дынько, Наталка Бабіна, Зміцер Бабін, Надзея Крышчук і інш.) на прыватнай кватэры здзейсніў пастаноўку "Пінскай шляхты" у яе палескім варыянце [26, с. 87].

Пазней выставу палескага варыянта "Пінскай шляхты" ажыццявіў у Пінску Палескі драматычны тэатр. У 2009 г. адбыліся выступленні гэтага калектыву ў Польшчы - у Гайнаўцы (2 кастрычніка), Беластоку (3 кастрычніка) і Бельску (4 кастрычніка) [34; 42; 48]. Трохі пазней зроблены пераклад "Пінскай шляхты" ў "пінчуцкім" варыянце на падляшскую гаворку, якая бытуе на паўднёвым захадзе Падляшскага ваяводства ў Польшчы [47].

У гэтым артыкуле мы не зможам даць дэтальны аналіз мовы. Для гэтага патрэбна спецыяльнае даследаванне, магчыма нават дысертацыя. Але для дадзенага артыкула мне дастаткова выяўленага: у аснове твора ляжаць пінскія гаворкі.

Так, пінскія гаворкі ляжаць у аснове, але акрамя пінскіх гаворак у "Пінскай шляхце" ёсць і іншыя кампаненты. Мы не можам гаварыць, што "Пінская шляхта" напісана на чысцюткай пінскай гаворцы. Аўтар "Пінскай шляхты" - не дыялектолаг, не даследчык пінскіх гаворак. Ды й сама дыялекталогія, як навука, у той час яшчэ не існавала.

Выкарыстоўваючы народныя гаворкі, беручы іх у аснову, аўтар гэтага твору не мог не выкарыстоўваць пісьмовай традыцыі таго часу. За час напісання "Пінскай шляхты" часцей за ўсё называюць 1866 год. Некаторыя даследчыкі адносяць напісанне не раней 1875 г. [13, с. 27-31]. Але гэта не мяняе сітуацыі.

Культурная эліта Піншчыны на той час рускай мовы яшчэ не засвоіла ў такой ступені, каб на ёй пісаць мастацкія творы. Польская мова ўжо звузіла сферу свайго ўжывання. Афіцыйную рускую мову на Заходнім Палессі больш-менш (!) маглі засвоіць толькі некаторыя мясцовыя чыноўнікі. А вось свая, г.зн. "руськая" мова мела на Палессі больш трывалыя пазіцыі. Кніжная "руськая" мова была афіцыйнай у Вялікім Княстве Літоўскім да 1696 г. У ХVIII ст. сфера яе звузілася, але яна працягвала ўжывацца. Школ тады было не так многа, яле яны існавалі на ўсёй тэрыторыі беларускіх і ўкраінскіх зямель, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Гэтыя школы мелі пераважна царкоўны характар. І ў гэтых школах "руськая" мова выкладалася [49]. Таму традыцыі "руськай" мовы захоўваліся ў першай палове і сярэдзіне ХIХ ст. Адгалоскі гэтых традыцый дасягнулі нават канца ХХ ст. [26, с. 67-88; 23, с. 344].

Што ж такое "руськая" мова часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якая функцыянавала ў ХIV-ХVIII стст.? [18, с. 21-23; 37; 39]. Часам яшчэ цяпер яе атаясамліваюць з "русским языком" Аляксандра Пушкіна (1799—1837). Атрымліваецца, што паэт Пушкін, які жыў і тварыў у першай палове ХIХ ст., і з якім звязана заканчэнне фарміраванне сучаснай рускай літаратурнай мовы, нейкім чынам перанёсся ў ХIV ст., і ўсталяваў гэтую мову ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Дык што ж такое "руськая" мова часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітой? Вучоныя прааналізавалі тэксты, напісаныя на "руськай" мове, і выявілі наступнае.

У адных помніках, напісаных на "руськай" мове адлюстраваны беларускія моўныя рысы, у другіх - украінскія. Таму даследчыкі мову першых назвалі старабеларускай, мову другіх - стараўкраінскай. І гэтыя назвы замацаваліся ў навуковай і іншай літаратурах. Праўда, у значнай частцы помнікаў выразна не адлюстраваны ні беларускія, ні ўкраінскія рысы. Графіка помнікаў, напісаных на "руськай" мове, была такой, што ўсе яны лёгка чыталіся, як на Беларусі, так і на Ўкраіне [18, с. 21-23; 37; 39].

Уплыў старой кніжнай моўнай традыцыі папярэдніх стагоддзяў адчувальны ў мове "Пінскай шляхты". Мы не будзем падрабязна спыняцца на мове гэтага твора. Для яго аналізу патрэбна спецыяльнае даследаванне. Спынімся толькі на асобных рысах.

Цвёрдасць-мяккасць зычных [д], [т], [з], [с], [н] і губных перад галоснымі, якія пададзены літарамі [е], [э], [і], [и], [ы]. У спалучэнні адзначаных зычных і галосных у мове "Пінскай шляхты" сістэмнасць праяўляецца не заўсёды. Напрыклад, перад [е], [и], [і] адзначаныя зычныя маглі чытацца і мякка, і цвёрда. Таму людзі, якія нарадзіліся ў паўднёвай Берасцейшчыне, калі чытаюць "Пінскую шляхту", на такую адсутнасць сістэмнасці не звяртаюць увагі, а чытаюць так, як гучыць у іх роднай гаворцы. У старадаўняй "руськай" мове такія спалучэнні чыталіся па-рознаму ў розных рэгіёнах Беларусі і Ўкраіны [18, с. 21-23].

Дзеяслоўныя формы 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку ў берасцейска-пінскіх гаворках маюць мяккі канчатак [-ть]: замýчыть, хóдыть, нысýть, ідýть. У "Пінскай шляхце" яму адпавядае цвёрды канчатак [-т]: замучит, наговорыт, наставыт, судыт, допэкут, зымуют. У старабеларускай ("руськай") кніжнай мове спачатку пераважаў мяккі канчатак [-ть], а пазней, асабліва ў друкаваных помніках, пераважае цвёрды канчатак [-т] [36, с. 173-183]. Цвёрды канчатак [-т] у "Пінскай шляхце" відавочна ўзыходзіць да традыцыі "руськай" мовы позняга часу, а затым падмацаваны нормамі рускай мовы.

Слова сэрца ў "Пінскай шляхце" абазначана спецыфічна. У ім пасля [с] у націскным складзе стаіць галосны [ы]: сырце (5 разоў), сырцэ (1 раз), к сырцу (1 раз), сырца с под жыбра достанэ (1 раз). У пераважнай большасці берасцейска-пінскіх гаворак ужываецца форма сэ'рцэ, часам (на Камянеччыне) - сэ'рце, у астраўных тараканскіх гаворках (адна з груп берасцейска-пінскіх гаворак) - сáрцэ. Адкуль [ы] на месцы [э] ў гэтым слове ў тэксце "Пінскай шляхы"? Пераходу ж *ы > [э(е)] ў націскным становішчы ў берасцейска-пінскіх гаворках не назіраецца! Звернемся да картатэкі Гістарычнага слоўніка беларускай мовы. У ім слова сэрца прадстаўлена ў некалькіх варыянтах [17]. Усяго на слова сэрца я прагледзеў 456 фіксацый. У гэтых фіксацыях слова ў першым складзе паміж літарамі [с] і [р] ужыты наступныя літары.

Літара [е] - 290 разоў, 63,6 %. Перад ёй галосныя вымаўляліся цвёрда або мякка.
Літара [э] - 23 разы, 5,0 %.
Літара [є] - 12 разоў, 2,6 %.
Літара [ε] - 14 разоў, 3,1 %.
Літара [ê] - 1 раз, 0,2 %.
Літара [ѣ] - 1 раз, 0,2 %.
Адсутнасць літары - 115 разоў, 25,2 %.

Літара [ы], якая фіксуецца паслядоўна ў "Пінскай шляхце", ў слове сэрца (сырце/сырцэ), адсутнічае. Значыць, словаформа сырце/сырцэ ў "Пінскай шляхце" не з'яўляюцца непасрэдным вынікам уплыву старадаўніх пісьмовых традыцый.

Адзначым яшчэ некаторыя рысы мовы "Пінскай шляхты", якія не характэрны берасцейска-пінскім гаворкам.

Формы ему, его замест ёму, ёго. Гэта, відавочна, уплыў рускага правапісу.

Форма гдэ замест дэ. Гэта ўплыў старой "руськай" традыцыі, у якой пераважала форма кгде.

Форма чему замест чому.

Як чырта из болота замест чорта.

крыпко любыты замест крэпко.

швыд пид Полтавай замест швэд.

Словы сырцэ (сэрца), чырта (чорта), крыпко (крэпка, моцна), швыд (швед) характарызуюцца агульнасцю: у іх выступае [ы] на месцы [*е], [*о]. Гэта нагадвае гіперычны ікавізм, г. зн. ужывванне [ы(і)] на месцы [*е], [*о] не толькі ў тых пазіцыях, дзе яны ўжываюцца ў гаворках, але і ў тых словаформах, у якіх гукі [*е], [*о] не перайшлі ў [ы(і)], а захаваліся.

Пінским гаворкам характэрна паслядоўнае оканне (голова, молоко). У тэксце арыгіналу "Пінскай шляхты" часам выступае аканне (абдэрэ, даўжей, разышлыса і інш.).

Цяпер звернем увагу на дзве дыялектныя рысы, адлюстраваныя ў "Пінскай шляхце", якія, магчыма, дапамогуць лакалізаваць месца стварэння гэтага твора.

1. Саканне, г. зн. ужыванне зваротнай часціцы -са: дывытыса, тягяўса, бэрыса, удалоса, подывыса [19, с. 21-22]. На тэрыторыі берасцейскапінскага дыялектнага арэала гэтая рыса пашырана ва ўсходняй яго частцы, г.зн. на Піншчыне. Гэта адразу ж акрэслівае месца стварэння твора: гэта Піншчына.

А ці нельга было б звузіць тэрыторыю? Выяўляецца, што можна.

2. У "Пінскай шляхце" адлюстраваны галосны умляут. Яго прынята абазначаць літарай [ü]. Гэта галосны гук, які па сваіх артыкуляцыйных і акустычных асаблівасцях набліжаецца да галоснага, які абазначаецца літарай [ю], гэта гук сярэдні паміж ['у] пасля мяккіх зычных і [і]. У славянскіх літаратурных мовах гэтага гука няма. Але ў многіх славянскіх гаворках ён сустракаецца [30, с. 64-71].

Умляут характэрны, напрыклад, для нямецкай літаратурнай мовы. І вось пры транслітэрацыі нямецкіх геаграфічных назваў на славянскія літаратурныя мовы умляут [ü] замянялі на блізкі славянскі гук, менавіта на галосны, які абазначаецца літарай [ю]. Так, нямецкае München стала рускім, беларускім і ўкраінскім Мюнхен.

Дыялектолагі і фалькларысты, якія запісвалі матэрыял на Берасцейшчыне, доўгі час не адлюстроўвалі "умляута". Часам абазначалі гэты гук літарай [ю] ці рознымі спалучэннямі. "Умляут" быў "адкрыты" на Палессі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. "Адкрылі" беларускія вучоныя лінгвісты-славісты. У сваіх працах яны выкарыстоўвалі матэрыял розных славянскіх гаворак. Пры гэтым, нярэдка яны сутыкаліся з "умляутам" у славянскіх гаворках і неславянскіх мовах. Пасля гэтага даследчыкі сталі фіксаваць "умляут" у гаворках Палесся. Аўтар гэтых радкоў упершыню зафіксаваў "умляут" у час дыялекталагічных экспедыцый: вёска Пяркі Кобрынскага раёна (1972 г.), Дружылавічы Іванаўскага (1973 г.), Сушыцк Пінскага (1974 г.). У 1996 г. мною апублікаваны артыкул, у якім паказана карціна пашырэння "умляута" ў гаворках Берасцейшчыны [21, с. 57-63]. Складзена карта. Выкарыстаны ўсе вядомыя на той час апублікаваныя і рукапісныя матэрыялы. У гэтых матэрыялах зафіксаваны "умляут" амаль у 50 населеных пунктах Берасцейшчыны.

Аўтар "Пінскай шляхты" не мог ужываць літары [ü], паколькі яе не існавала ў тагачасных алфавітах рускім, беларускім, украінскім і ў "руськім" пісьменстве часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ён мог паказаць "умляут" такімі літарамі, якія абазначалі гук блізкі да [ü]. І аўтар "Пінскай шляхты" знайшоў выйсце: ён абазначыў галосны [ü] літарай [ю]. Часам ужываў для гэтага спалучэнне [іо]. Такім чынам, аўтар ""Пінскай шляхты" пайшоў тым жа шляхам, што і беларускія, украінскія і рускія лінгвісты, якія замянілі [ü] на [ю] ў слове München.

У берасцейска-пінскіх гаворках галосны [ü] вымаўляецца на месцы гістарычнага ў новых закрытых складах пад націскам. У такой пазіцыі ў "Пінскай шляхце" занатаваны галосны [ю] (г.зн. [ü]) у многіх выпадках.

Пералічым іх: вюн (27 разоў), вюнже (3 разы), вюна (2 разы), вюнаж (1 раз), вюны (1 раз), тюльку (12 разоў), тюлькы (4 разы), зубiоў (1 раз), усяго 51 раз. Праўда, з іх 4 разы [ю] на местцы стаіць не пад націскам. Але гэта ў цэлым не мяняе сітуацыі. Колькасць адхіленняў невялікая: 4 з 51. Магчымы нейкія памылкі, а магчыма і не, паколькі перамяшчэнне нейкага гуку з націскнога становішча ў ненаціскное ў гаворках сустракаецца. І ўсё ж неабходна адзначыць, што ў дадзеным выпадку, як і ў выпадках са словамі сырцэ (сэрца), чырта (чорта), крыпко (крэпка, моцна), швыд (швед), павялічана колькасць пазіцый, у якіх разглядаемая з'ява ў гаворках выступае. Гэта дае падставы меркаваць, што аўтар "Пінская шляхты" ведаў пінскія гаворкі добра, але не выдатна, і часам дапускаў памылкі.


Галосны [ü] ў гаворках Пінскага і Іванаўскага раёнаў

Галосны [ü] занатаваны ў гаворках некалькіх раёнаў Берасцейскай вобласці: Пінскім, Кобрынскім, Камянецкім, Берасцейскім, Іванаўскім, Маларыцкім. Але паколькі аснова мясцовага дыялектнага кампаненту мовы "Пінскай шляхты" - гэта гаворкі Пінскага раёна, то мы адзначым арэал пашырэння "умляута" ў Пінскім раёне. Гэты арэал лакалізуецца на ўсход, паўднёвы ўсход і часткова на паўночны ўсход ад Пінска. Гэта сельсаветы: Барычэвіцкі, Калавуравіцкі, Лемяшэвіцкі, Лапацінскі, Плешчыцкі. Усе яны размешчаны на поўдзень ад Прыпяці. Да іх трэба дабавіць вёску Востраў Ласіцкага сельсавета [1, с. 33]. У гэтым рэгіёне высокі працэнт нашчадкаў пінскай шляхты [1, с. 23-125]. А паўночным фарпостам гэтага арэала з'яўляюцца вёскі Купяцічы і Сушыцк Гарадзішчанскага сельсавета.

Паспрабуем яшчэ звузіць адзначаны арэал. "Пінскую шляхту" парадзілі не глухія мясціны. Жыхары глухіх мясцін "любяць" саромецца сваёй гаворкі. Яны з лёгкасцю пераходзяць на мову або гаворку больш прэстыжную. У разглядаемым жа выпадку аўтар "Пінскай шляхты" не саромеецца гаворкі, на якой ён піша адзначаны твор. Ён ганарыцца ёю. Ён лічыць гэтую гаворку годнай для таго, каб на ім напісаць высокамастацкі твор. "Пінская шляхта" хутчэй за ўсё была створана ў тым населеным пункце, якому характэрны багатыя культурныя традыцыі. Заўважым, што ў сярэднявеччы культурнымі цэнтрамі з'яўляліся многія манастыры і цэрквы. Калі глянуць на населеныя пункты адзначанага вышэй арэала пашырэння "умляута" у гаворках Пінскага раёна, дык такім пунктам з вельмі багатымі культурнымі традыцыямі з'яўляецца вёска Купяцічы [2; 14; 15; 28; 38]. Тут, паводле падання, у 1182 г. з'явілася выява Маткі Боскай Купяціцкай. Тут з пачатку ХVII ст існуе манастыр. Тут жылі славутыя дзеячы культуры. У 1974 г. у Купяцічах налічвалася 352 двары, 1.281 жыхар.

Праблема аўтарства "Пінскай шляхты" застаецца невырашанай [3, с. 12; 10; 11, с. 73; 12; 13, с. 27-31; 31, с. 44-48; 32; 35, с. 225-238; 41, с. 42-43; 43, с. 256-271; 44].

Выказвалася думка, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч мог засвоіць пінскую гаворку ў вёсках Альпень [31, с. 44-48; 32; 41, с. 42-43; 43, с. 257, 260, 262] ці Вулька-Лаўская [43, с. 260], у якіх ён хутчэй за ўсё быў. Аднак, неабходна ўлічыць наступнае. У аснове мовы "Пінскай шляхты" ляжаць тыповыя гаворкі ўсходнезагародскай або пінскай зоны берасцейска-пінскіх гаворак. Гаворкі ж вёсак Альпень і Вулька-Лаўская адносяцца да беражноўскага тыпу, які ад тыповых загародскіх гаворак істотна адрозніваеца [33; 16, с. 118-122; 20, с. 130-135; 22, с. 35-37]. Прывядзём фразу ён будзе хадзіць у лес у перакладзе на найбольш тыповыя для Пінскага раёна загародскія гаворкі і на адзначаныя вышэй гаворкі беражноўскага тыпу:

тыповы загародскі тып: він (вüн, вун) бýдэ ходы'ты в ліс;

беражноўскі тып: вон бýде ходíтi (ходíть) у (в) лес.

Выказвалася думка, што мова "Пінскай шляхты" - гэта вынік стылізацыі. Але, калі б гэта быў вынік стылізацыі, дык у мове "Пінскай шляхты" выступала б не палеская аснова.

Выказвалася думка, што мова "Пінскай шляхты" - гэта "сумесь". Так, у мове "Пінскай шляхты" наяўны ўплывы некалькіх моўных сістэм. Але ж у ёй выразна выступае аснова гаворак Піншчыны.

Гаворачы пра прэстыжнасць гаворкі вёскі Купяцічы, лічым мэтазгодным прывесці адну паралель. Гэта гаворка мястэчка Гарадная Столінскага раёна [27, с. 454-464; 25, с. 8-15]. Калі я ўпершыню пачуў гараднянскую гаворку, дык, здаецца, на некалькі секунд заглыбіўся ў ХІ стагоддзе, у часы Яраслава Мудрага. Настолькі ўразіла мяне яе архаіка. Чаму яе столькі захавалася? Звычайна такое тлумачаць глухасцю населенага пункта і слабымі кантактамі з жыхарамі іншых мясцін. Між тым, Гарадная была адным з буйнейшых цэнтраў ганчарства. Гарадзенцы гандлявалі сваім гліняным посудам на вялікіх прасторах беларускага і ўкраінскага Палесся, а таксама ў Панямонні. Кантакты з насельніцтвам гэтых рэгіёнаў былі інтэнсіўныя. Пра глухасць Гарадной таксама няма падстаў гаварыць. Гарадная размешчана на шляху, які злучаў Пінск з Пагарыннем і з Валынню. Прычына захаванасці старадаўніх рыс у гарадняннскай гаворцы іншая. Гарадзенцам было чым ганарыцца.

У 1579 г. Гарадная атрымала Магдэбургскае права, якое было пацверджана ў 1670, затым у 1753 гг. Магдэбургскае права з'яўлялася юрыдычным замацаваннем поспехаў гаражан у барацьбе за самастойнасць. Яно давала права гораду на самакіраванне. Гарадная атрымала Магдэбургскае права чацвёртым па ліку горадам на тэрыторыі сучаснай Берасцейскай вобласці (после Берасця - 1390 г., Высокага - 1494 г., Камянца - 1518 г.), што дазваляе сцвярджаць, што Гарадная на той час мела багатыя гарадскія традыцыі.

Вяртаемся зноў да Купяціч. Буйным культурным цэнтрам на Піншчыне з'яўляўся Лешчынскі Свята-Успенскі манастыр. Паводле падання, заснаваны (манастыр ці царква) вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Святаславічам. Першая згадка ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1263 г. Знаходзіўся ў населеным пункце Лешч, зараз у межах г. Пінска. Адлегласць паміж Купяцічамі і Лешчом каля 8 км. Гэта дазваляла Купяціцкаму і Ляшчынскаму манастырам падтрымліваць пастаянныя сувязі. Не выключана, што ў аснову мовы "Пінскай шляхты" пакладзена "гаворка" царкоўнай і культурнай эліты Купяціцкага і Лешчынскага манастыроў. Лешчынскі манастыр быў цэнтрам праваслаўя на Піншчыне. А калі ў ХУІІ ст. ён стаў уніяцкім, дык тады, відаць, частка манахаў перасялілася ў Купяціцкі манастыр.

Заходнепалеская літаратурная мікрамова не адзіная. У ёй выдзяляецца некалькі варыянтаў [26, с. 83-94; 23, с. 340-359]. Мова "Пінскай шляхты" адносіцца да варыянта, мова якого, маючы мясцовую дыялектную аснову, арыентавана на пісьмовыя традыцыі эпохі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Літаратура

  1. Вярэніч В.Л. Палескі архіў. Лінгвістычныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы. Пад навуковай рэдакцыяй Фёдара Клімчука, Эльжбеты Смулковай і Анны Энгелькінг. Мінск, 2009.
  2. Дзянісава А. Купяціцкі Свята-Увядзенскі мужчынскі манастыр у XVII - пачатку XIX ст. (У гэтым выданні).
  3. Дзярновіч А. Хто аўтар "Пінскай шляхты"? // Наша ніва. 2009, № 23, С. 12.
  4. Дуличенко А. Іші єден літературный язык: русинсько-поліськый. // Русин, 1994, № 2, Пряшiв. С. 20-21.
  5. Дуличенко А.Д. Славянские литературные микроязыки. Вопросы формирования и развития. Таллин: Валгус, 1981.
  6. Дуличенко А.Д. Славянские литературные микроязыки. Образцы текстов. Том II. Тарту, 2004. С. 227—281.
  7. Дуличенко А.Д. Языки малых этнических групп: функциональный статус и проблемы развития словаря (на славянском материале). // Modernisierung des Wortschatzes europäischer Regional- und Minderheitensprachen. Hrsg. von Gunter Spieß. Tübingen: Narr, 1999. S. 29.43 [Zweigstelle fur Niedersorbishe Forschungen des Sorbischen Institut].
  8. Дунін-Марцінкевіч В. Збор твораў у двух тамах. Том 1. Драматычныя творы. Вершаваныя аповесці і апавяданні. Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. С. 248-269, 476-480.
  9. Дунін-Марцінкевіч В. Творы. Мінск: Мастацкая літаратура, 1984. С. 487-499, 504-505.
  10. Ільін А. Дырэктар гімназіі Куклінскі і святар Ціхановіч // Краязнаўчая газета. 2008. № 22.
  11. Ильин А. Кто же является автором "Пинской шляхты"? // Гістарычная брама. 2004. № 1 (22). С. 73.
  12. Ільін А. Яшчэ раз пра аўтарства "Пінскай шляхты"// "Краязнаўчая газета", 2009. № 4-6.
  13. Ільїн О. Письменник і фольклорист Дмитро Булгаковський є автором "Пінської шляхти"? // Над Бугом і Нарвою, 2009, № 6. С. 27-31.
  14. Ильин А., Игнатюк Е. Очерки истории культуры Пинска ХIV-XVIII веков // Гістарычная брама: гісторыя і культура Палесся. 2009. №1. С. 57-80.
  15. Ильин А., Игнатюк Е. Очерки истории культуры Пинска начала и середины XIX века (У гэтым выданні).
  16. Каралевіч С.А. З гаворкі в. Вулька-Лаўская Пінскага раёна // Загароддзе-2. Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі "Палессе - скрыжаванне культур і часу" 25-27 верасня 1999 г., Пінск. Мінск: Тэхналогія, 2000. С. 118-122.
  17. Картатэка Гістарычнага слоўніка беларускай мовы (Заховаецца ў аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі).
  18. Клімчук Ф.Д.. Вялікае княства Літоўскае і сучаснасць (моўная сітуацыя) // Мовы ў Вялікім княстве Літоўскім і краінах сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: традыцыі і пераемнасць: Матэрыялы ІV Міжнароднай навуковай канферэнцыі 18-19 мая 2004 г. Брэст, 2004. С. 21-23.
  19. Клімчук Ф.Д. Гаворкі Заходняга Палесся. Фанетычны нарыс. Мінск: Навука і тэхніка, 1983.
  20. Клімчук Ф.Д. Гаворкі ў нізоўях ракі Гарынь // Дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск, 15-16 красавіка 2008 г. Мінск: ВТАА "Права і эканоміка", 2008. С. 130-135.
  21. Клімчук Ф.Д. Галосны [ь] ў брэсцка-пінскіх гаворках // Полісся: мова, культура, історія. Матеріали міжнародної конференції. Київ, 1996. С. 57-63.
  22. Клімчук Ф.Д. Дыялектнае ўзмежжа ў Ніжнім Пагарынні // Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгваадукацыі. Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі Да 70-годдзя з дня нараджэння прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай. Брэст, 20-21 сакавіка 2008 г. Брэст, 2008. Брэст: БрДУ імя А.С.Пушкіна, 2008, С. 35-37.
  23. Климчук Ф.Д. К истокам письменной традиции Берестейско-Пинского Полесья и о западнополесском литературном микроязыке в частности // Славянские литературные микроязыки и языковые контакты / Slavica Tartuensia, VII. Материалы международной конференции, организованной в рамках Комиссии по языковым контактам при Международном Комитете славистов. Тарту, 15-17 сентября 2005 г. Под редакцией Александра Д. Дуличенко и Свена Густавссона (при участии Джона Данна). Тарту, 2006. С. 340-359.
  24. Климчук Ф.Д. К лингвогеографии Западного Полесья (фонетика четырех полесских говоров). Канд. дис. Минск, 1973.
  25. Климчук Ф.Д. К проблеме возникновения Столина // Гісторыка-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся: паміж мінулым і будучыняй (да 450-годдзя г. Століна). Ч. 1. Брэст, 2006. С. 8-15.
  26. Климчук Ф.Д. Некоторые особенности письменной традиции Полесья // Modernisierung des Wortschatzes europäischer Regional- und Minderheitensprachen [Zweigstelle fur Niedersorbishe Forschungen des Sorbischen Institut]. Hrsg. Von Gunter Spieß. Tübingen: Narr, 1999. С. 83-94.
  27. Климчук Ф.Д. Отголоски праславянщины в Столинском районе Брестской области // Язык культуры: Семантика и грамматика. К 80-летию со дня рождения академика Никиты Ильича Толстого (1923-1996). М.: Индрик, 2004. С. 454-465.
  28. Коршунов А.Ф. Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. Минск: Наука и техника, 1965. С. 31-42.
  29. Крывіцкі А.А. Дыялекталогія беларускай мовы. Мінск: Вышэйшая школа, 2003. С. 36-79.
  30. Лучыц-Федарэц І.І. Гук [ü] ў славянскіх мовах // Полісся: мова, культура, історія. Матеріали міжнародної конференції. Київ, 1996. С. 64-71.
  31. Ляшкевіч А.В. Дзе і кім напісана "Пінская шляхта"? // Бельскі гостінэць. Краязнаўча-культурны часопіс. Нр 2—3 (37—38), 2008, год 11. С. 44—48.
  32. Ляшкевіч А. Дзе і кім напісана "Пінская шляхта"? // Краязнаўчая газета. 2008. № 17, 18.
  33. Ляшкевіч І.У. Альпенскі дыялектны слоўнік. Альпень—Берасце, 2004.
  34. Максімюк А. Палешукі на Падляшшы // Сайт: http://svoja.org [Прагляд: 30.05.2010].
  35. Мечковская Н.Б. Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля Пинская шляхта // Wiener Slawistischer Almanach, № 46 (2000). С. 225-238.
  36. Мова беларускай пісьменнасці XIV-XVIII стст. Аўт: А.М. Булыка, А.І. Жураўскі, І.І. Крамко, У.М. Свяжынскі. Рэд.: А.І. Жураўскі. Мінск: Навука і тэхніка, 1988.
  37. Мозер М. Что такое "простая мова"? // Studia Slaavica Hung. 47/3-4 (2002).
  38. Пуцко В. "Богоматерь Купятицкая" в церковно-художественной традиции XVII-XVIII вв. (У гэтым выданні).
  39. Станкевіч Я. Беларуская вымова царкоўнаславянскага пісьма // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Том 1. Менск, 2002.
  40. Толстой Н.И. Новый славянский литературный микроязык? // Res philologica. Филологические исследования. Памяти акад. Г.В. Степанова. 1919-1986. Москва-Ленинград. 1990. С. 265-272.
  41. Фіёнік Д. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у палескім Ольпені // Бельскі гостінэць. Краязнаўчакультурны часопіс. Nr 2-3 (37-38). 2008. С. 42-43.
  42. Фіёнік Д. Тры выступы Палескага драматычнага тэатру зь Пінску на Беласточчыне // Сайт http://svoja.org [Прагляд: 30.05.2010].
  43. Хаўстовіч М. Вакол "Пінскай шляхты" // ... Пачуць, як лёсу валяцца муры. Памяці Генадзя Кісялёва. Мінск: Лімарыус, 2009. С. 256-271.
  44. Цімошык Л. П'еса з двума невядомымі // Звязда. 2008. 25 мая.
  45. Янушкевіч Я. Арыгінал "Пінскай шляхты" // Літаратура і мастацтва. 1982. 30 ліпеня.
  46. Duličenko A.D. The West Polesian Literary Language // Uppsala Multiethnic Papers 34: Language, Minority, Migration. Uppsala, 1995. p. 119.131.
  47. Dunin-Marcinkievič Vincent. Pinśka šlachta [Пераклад на падляшскую гаворку] // Сайт http://svoja.org [Прагляд: 30.05.2010].
  48. Maksimjuk Jan. Biłoruśku klasyku vpuskajemo perednimi dveryma // Сайт http://svoja.org [Прагляд: 30.05.2010].
  49. Pidłypczak-Majerowicz M. Bazylianie w Koronie i na Litwie. Szkoły i książki w działalności Zakonu / Acta Universitatis Wratislaviensis. Warszawa– Wrocław, 1986.

Фёдар Клімчук