На галоўную старонку
 


Вакол бетоннага Касцюшкі

   Улетку 1996 года на старонках часопіса "Беларуская мінуўшчына" з’явіўся наш артыкул, названы "На скрыжаванні лёсаў".

   Мінулі ўжо доўгія гады пасля той, выпадковай першай сустрэчы на ростанях. Тады ішоў няспешны аповед пра хітраспляценні між Паліньякамі, Шуйскімі, Ажэшкамі...

   А напрыканцы даўнішняга расказа стаялі "..." (шматкроп’е) і "?" (знак пытання). Значыцца, ужо тады меліся прадчуванні, што гэтая гісторыя яшчэ не вычарпана да донца і будзе мець сваё прадаўжэнне. Яшчэ вернуцца былыя героі і народзяцца новыя - для новых подзвігаў.

   За гады паўставалі новыя пытанні. Яны патрабавалі пошуку адказаў... Ізноў сыходзіліся-разбягаліся ніці-лініі лёсаў. Чужыя радніліся, родныя сварыліся. Адсыхалі галіны векавых радаводных дрэў, узнімаліся на хвалях найноўшых часоў новыя людзі-волаты. Рэвалюцыі, войны, зыбкі мір... Жыццё - услед за сонцам - кацілася сваім колам...

   І як раней на ростанях, дзе калісь былі сустрэчы, размясціўся Помнік. Толькі цяпер іншы - той, што прысвечаны нашаму слыннаму земляку, услаўленаму ў свеце генералу Касцюшку.

   Паміж першым і другім "скрыжаваннямі лёсаў" ёсць выразныя падабенствы, але яшчэ больш між імі адрозненняў. Галоўныя з іх у тым, што раней расказ ішоў выключна пра мінулае, пра лёсы, што збыліся, адцвілі і ў зямлю зышлі. У сённяшняй нашай сустрэчы былое шчыльна пакрыжавалася з рэчаіснасцю. А спатканне прызначана ля бетоннага Касцюшкі...

1992 г. Неархіўная знаходка

   У гэтай гісторыі, як і ў дарогі, некалькі пачаткаў, але заканчэння яе, мабыць, не будзе ніколі.

Вось ён - герой артыкула. Адзіны ў Беларусі помнік Т. Касцюшкі.
Вось ён - герой артыкула. Адзіны ў Беларусі помнік Т. Касцюшкі. Здымак 1990-х гг.

   Для мяне ўсё пачалося з выпадковай камандзіроўкі ў падмаскоўны Падольск. Паездка надарылася адначасова і ваенная, і гістарычная, паколькі была скіравана ў Расійскі дзяржаўны ваенная-гістарычны архіў. Архіў той вельмі насцярожана і неахвотна, са шматлікімі агаворкамі, адчыняў свае найбагацейшыя сховішчы перад даследчыкамі. Карпатлівая работа прыносіла вялікі плён, кожнадзённа перад вачыма праходзілі дзесяткі лёсаў салдат і афіцэраў, загінулых на Жабінкаўшчыне ў ваенную пору. На іншае не хапала часу. І толькі ўвечары надаралася магчымасць пагаварыць аб нечым іншым з жабінкаўскім краязнаўцам Мікалаем Міцковічам. На той час я ўжо ведаў, што мой суразмоўца неяк спрычыніўся да з’яўлення ў Малых Сяхновічах помніка-бюста Тадэвушу Касцюшку. Падрабязнасці той гісторыі мне былі невядомыя і ўвогуле ўяўляліся досыць цьмянымі.

   Калега мой не вельмі ахвотна, але ўсё ж расказаў пра тое, сведкам чаго з’яўляўся. Карціна вымалёўвалася наступная: некалькімі гадамі раней у Жабінкаўскі раён павінна была наведацца польская пісьменніца Барбара Ваховіч. Яна збірала матэрыялы для сваёй кнігі з адмысловаю назваю "Назаві мяне проста Касцюшкам". Адкуль назва? Ды проста аднойчы Касцюшку, які выпраўляўся ў свой чарговы паход, сустрэла нейкая сяхновіцкая бабця ды запыталася, бо не ведала, хто перад ёю: "А як цябе клікаць, галубок?". На тое герой быццам і адказаў тымі словамі, што хутка павінны былі з’явіцца на вокладцы кніжкі.1

   Яшчэ ніякія адзнакі на нашай зямлі не сведчылі, што Малыя Сяхновічы хоць нейкім чынам былі знітаваныя з Касцюшкамі. Таму, каб пацешыць польскую госцю, у нечыяй галаве і нарадзілася ідэя хоць нечым увекавечыць "Героя Двух Кантынентаў". А так як часу бракавала, то хуценька затэлефанавалі ў Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава. "Сувораўцы" абяцалі спешна "па засеках паскрэбсці", нават згаджаліся аддаць бюст Касцюшкі, які некалі стаяў у цэнтры Кобрына. Аднак раптам успомнілі, што колькі гадоў таму бясхозны помнік быў перавезены ў Брэсцкі краязнаўчы музей. Патурбавалі брэстаўчан. У краязнаўчым кобрынскі дарунак памяталі, але сумняваліся, ці дажыў ён да нашых дзён, запёрты ў казематах Брэсцкай крэпасці. (Бетонны Касцюшка, як бачым, таксама як некалі жывы, не пазбегнуў вязніцы!). У той самы дзень з Жабінкі рушыла машына - "вызваляць" Касцюшку. Помнік адшукаўся ацалелым, толькі, як у старажытнай статуі, быў пашкоджаны нос. Мясцовы жабінкаўскі мастак Міхаіл Карнееў прыляпіў нос на месца, а мужчыны з райана склалі цагляны пастамент. Да вечара помнік паўстаў. А наступным ранкам Жабінка вітала госцю, якая незнарок паспрыяла вяртанню бетоннага Касцюшкі на радзіму продкаў. Былі кветкі, піянеры, кароткія прамовы... Праз гадзіну Б.Вахновіч паехала прэч, а Касцюшка застаўся... Самыя сяхноўцы са здзіўленнем глядзелі на гэтую метамарфозу, якая ў хуткасці паўплывае на жыццё іх вёскі.

1990 г. Першая згадка

   У рускамоўным выданні "Збораў помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць" знайшлося месца для першай пісьмовай згадкі пра сяхновіцкі помнік. Дапытлівы даследчык з тае публікацыі, якая цалкам умясцілася ў шасці з паловаю радках, можа даведацца, што бюст Т.Касцюшкі створаны быў у 1930-ыя гады архітэктаркаю А.Відацкаю; складаўся з бетону, вышыня бюста сягала на 1,2 метры. Ён быў уладкаваны на белым цагляным пастаменце вышынёй у 1,22 метры. А пастаўлены ў 1988 годзе. Паколькі аўтарам гэтага архіневялічкага артыкула з’яўляўся М.Міцковіч, гэтае паведамленне можна было лічыць за дапаўненне Міцковічавай версіі.

1994 г. "Помнік" нараджае спрэчку

   Як даследчык, прайсці міма ўсіх гэтых падрабязнасцяў, я проста не меў права. Але хацеў выслухаць яшчэ адзін бок, які прымаў удзел у вырашэнні лёсу бетоннага Касцюшкі. Таму адразу пасля Падольска скіраваўся ў Кобрын - да стваральніка і першага дырэктара сувораўскага музея Андрэя Мартынава. Аднак стары чамусьці адмовіўся задаволіць мой інтарэс.

   Улетку 93-га я пазнаёміўся з філолагам і гісторыкам Генадзем Прыбыткам, які спрычыніўся да публікацыі ў вельмі папулярным тады гісторыка-публіцыстычным часопісе "Беларуская мінуўшчына" некалькі маіх краязнаўчых артыкулаў. Першы нумар часопіса за 1994 год утрымліваў шматлікія матэрыялы да 200-ых угодкаў Касцюшкавага паўстання. І так надарылася, што ажно тры мае артыкулы ўвайшлі ў той нумар. Каб гэта не надта кідалася ў вочы, вырашылі адну публікацыю даваць пад сапраўдным імем аўтара, другі артыкул пазначыць псеўданімам, а пад трэцім - паставіць толькі ініцыялы.

   Менавіта гэты трэці, названы проста "Помнікам", утрымліваў расказ пра лёс сяхновіцкага бюста. Паколькі ніякай іншай інфармацыі, акрамя версіі М.Міцковіча, у мяне на той час не было, дык яна і сталася галоўным стрыжнем таго аповяду. Мэта была толькі адна - давесці да ведама беларусаў, што адзіны помнік Касцюшку на Беларусі ўсё ж існуе - у колішнім маёнтку Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

   Публікацыя зусім нечакана мела рэзананс і заставіла загаварыць нават А.Мартынава. Не паспела яшчэ падсохнуць як след друкарская фарба ў "БМ", а ўжо пабачыў свет майскі нумар "Кобрынскага весніка" з гнеўным адповядам былога дырэктара, які рынуўся ў атаку з сувораўскім запалам. Беднаму невядомаму А.Б. дасталося і ў хвост, і ў грыву. Набатам загучалі словы (захоўваем мову і ўвесь "каларыт" першакрыніцы): "Недавно в №1 журнала "Беларуская мінуўшчына" опубликована статья "Помнік", в которой беспардонно искажена история бюста работы скульптора А.Видацкой, ставшего по игре случая памятником Костюшко в Кобрине. Чтобы хоть в какой-то степени рассеять распространяемые на эту тему фантастические домыслы, я решил вкратце ознакомить читателей с достоверной историей "Кобринского бюста" польского национального героя". А.Мартынаў саркастычна пасмяяўся з версіі М.Міцковіча, пакладзенай у аснову публікацыі, і ўрэшце рэшт пажадаў расказаць, "як усё было насамрэч".

   Звычайна пасля гэтага новы расказчык пачынае: "А было гэта так..."

1994 г. "Гульня выпадку",
альбо Контрверсія Мартынава

   Улетку 1812 года пад Кобрынам адбылася значная бітва, у якой упершыню "Вялікая армія" Напалеона мела паразу ад расійскага войска. (У гонар гэтай падзеі нават упершыню ў Айчыннай вайне салютавала расійкая сталіца). Роўна праз сотню гадоў з гэтае нагоды ў Кобрыне быў усталяваны помнік: на высокім каменным пастаменце - бронзавы вялікі арол як сімвал перамогі і велічы.

   Аднак з пачаткам Першай сусветнай вайны Кобрын з наваколлямі патрапіў пад германскую акупацыю, і ў 1915 годзе немцы сагналі царскага арла з ягонага сядалішча і скарысталі на нейкія свае патрэбы.

   Яшчэ праз пяць гадоў польскія ўлады, змяніўшыя германскія, загадалі замест прыбранай фасаднай мемарыяльнай пліты на помніку ўсталяваць бетонную плітку з надпісам па-польску: "Кобрын адабраны ў маскалёў 13 верасня 1920 года".

   Мінула яшчэ гадоў пятнаццаць. Аднойчы ноччу мясцовы дробны засцянковы шляхціц Астрамецкі, вяртаючыся з карчмы на добрым падпітку, залез на пастамент помніка і замацаваў наверсе яго невялічкі "кабінетны" бюсцік Тадэвуша Касцюшкі. Гэтае самавольства выклікала нежартоўны канфуз у магдэбургіі. Хоць шляхціца за парушэнне грамадскага парадку і адвялі ў паліцэйскі пастарунак, аднак сам бюсцік скінуць ніхто не адважыўся. Гэтак і прастаяла тая нялепіца колькі месяцаў, вызываючы вясёлыя жартачкі ў гараджан.

   Нарэшце выхад быў знойдзены. У зале пасяджэнняў кобрынскага павятовага сейміка знайшоўся некалі адліты ў бетоне бюст Т.Касцюшкі, работы мясцовай скульптаркі А.Відацкай. Менавіта яго без лішняй пампезнасці было вырашана перамясціць на пастамент. Прычым і стары подпіс пад помнікам заставаўся непарушаным. Так атрымалася, быццам гэта Касцюшка вызваляў Кобрын ад "маскалёў" восенню 1920 года!

   У такім выглядзе помнік прастаяў ажно да 1951 года. Напярэдадні 140-ых угодкаў Айчыннай вайны 1812 года было вырашана аднавіць першапачатковы выгляд помніка. Бетонны Касцюшка перакачаваў у сарай сувораўскага музея. Затым неаднойчы рабіліся спробы перадаць яго ў Мерачоўшчыну ці Сяхновічы. Толькі ў 1987 годзе ў сувязі з ліквідацыяй сарая, бюст накіраваўся на захоўванне ў абласны краязнаўчы музей. А ў хуткасці надарыўся шанц вярнуць бетоннага Касцюшку на зямлю продкаў.

2003 г. Вяртанне героя,
альбо Рэпартаж з Сяхновічаў

   Чарговую гадавіну з дня нараджэння нацыянальнага героя Польшчы, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі асабліва прыгожа, па-чалавечы цёпла, з шырока адкрытай душой святкавалі на Жабінкаўшчыне - у родавых Касцюшкавых Сяхновічах. Адбывалася сапраўднае вяртанне Героя ў мясціны, якія некалі сталі калыскаю ягоных шмітлікіх талентаў, якія надалі яму моцныя крылы для высокага палёту, да якіх ён вяртаўся заўсёды ў снах сваіх, марах і памкненнях.

   Цудоўная тэатралізаваная імпрэза распачалася апоўдзень 3 лютага - у дзень марозна-сонечны, напоўнены ўзнёслымі гукамі рамантычнай музыкі, блізкай тым часам, калі біўся герой "за вольнасць нашу і вашу"...

   Ля бюста-помнічка Тадэвушу Касцюшку гасцей сустракалі распараджальнікі цырыманіялу: Маршалак, Касінер ды Шараговец. Яны быццам няспешна вядуць узнёслую бяседу са сваім слынным земляком...

   – Шануйма, пане Тадэвуш! Напярэдадні светлага дня твайго нараджэння ўсе мы тут, на гэтай святой зямлі... Якія доўгія дарогі вялі цябе па свеце?! Якое сэрца можа вытрымаць гэткія пакуты?!

Сяхновіцкі сядзібны дом Касцюшкаў. З малюнка 1880 г.
Сяхновіцкі сядзібны дом Касцюшкаў. З малюнка 1880 г.

   Праз 15 краін прайшоў твой шлях. І ў кожнай пакінуў ты часцінку сябе. Па ранах тваіх можна вывучаць геаграфію. Ты праліваў кроў сваю ў далёкай Амерыцы і ў блізкай Польшчы. І народы свету абвясцілі цябе сваім Героем.

   Усплеск музыкі - шугануў, быццам полымя ад кастра. І сонцавы промні зайгралі, заіскрыліся ў блакітна-белым полагу снягоў.

   Ізноў гучаць словы Маршалка: "Але ж самы цяжкі шлях Твой быў да Радзімы - у родную Беларусь. Ён вымяраўся не вёрстамі. Ён вымяраўся стагоддзямі.

   Нават у апошнія хвіліны Ты верыў, чакаў, спадзяваўся на вестку добрую са сваіх Сяхновічаў. Твой род каранямі моцнымі ўбіўся ў гэтую зямлю. І ўладарыў на ёй дбайна, па-гаспадарску.

   Ты быў знатным чалавекам ад роду, ад зямлі, ад талентаў сваіх. Мог стаць мастаком, музыкам здольным, пісаць кнігі пра мудрасці жыцця. Але жыў у час, калі Айчыне спатрэбіліся твае вайсковыя здольнасці".

   Так. Калі народы паспалітыя ў слаўным і трагічным 1794 годзе паўсталі біцца за сваю свабоду, Касцюшка кляўся свята на мячы, што ўздымае яго адное толькі дзеля барацьбы супраць усялякай тыраніі.

   Перад помнікам Герою стаяць тры незапаленыя факелы-паходні. На дрэўках іх лунаюць сцягі трох дзяржаў, паяднаных імем Касцюшкі. Распараджальнікі цырыманіялу абвяшчаюць, запальваючы агонь: "Тры месцы на зямлі хаваюць памяць пра Касцюшку... Бо першае пахаванне тваё - у Салюры, між гор Швейцарыі, пад небам вольным... А ў Кракаве - між каралёў - схавана тваё сэрца... А дух свабодны - у Сяхновічах - у гняздэчку, адкуль ты выляцеў у свет".

   Ізноў трагічна-велічная музыка ўзносіцца да вершалін дрэў Касцюшкавага парка, уласнаручна пасаджаных некалі продкамі слаўнага генерала... Пад словы Маршалка: "Гараць паходні... І гучыць твой гімн. Зноў госці да цябе, Герой, прыйшлі", - да помніка славутага сына зямлі Берасцейскай ускладаюцца гірлянда з вечна жывога ядлоўца, карзіны і букеты кветак.

   Свае прыветныя словы прамаўляюць беларусы і палякі, якія адчуваюць сябе нашчадкамі Касцюшкавай спадчыны. Слова бяруць старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Каляда, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, польскі віцэ-консул Анджэй Кухарчук, старшыня Польскай Фундацыі Касцюшкавай Марэк Кшэшняк. Кожны з прамоўцаў падкрэслівае агульнасусветнае значэнне асобы Тадэвуша Касцюшкі, які яшчэ пры жыцці стаў жывым сімвалам непахіснай веры ў ідэалы Свабоды, Роўнасці, Братэрства.

   Усе разам - услед за Маршалкам, які нясе асцярожна пасудзіну з зямлёй, узятай на радзіме Тадэвуша Касцюшкі, - госці накіроўваюцца ў адноўлены Касцюшкавы пакой.

   Маршалак прыкланяе калені перад вобразам Радзімы, пад узнёслую цымбальную музыку перадае ёй зямлю. Радзіма ўздымае над галовамі гэты падарунак і вымаўляе ўдзячныя словы: "Як дар цудоўны ўспрымаю глебу, якая нарадзіла, згадавала чысцейшага з маіх сыноў. У смутку я - у чорным сярод зімкі белай, бо страціла цябе, Тадэвуш мілы. Бо скончыўся твой век. Бо рыцарства зышло... Не засталося на Зямлі яго. Ты меч узняў, ты бараніў свабоду - маю свабоду і маіх дзяцей".

   Насустрач Радзіме няспешна рухаецца Каханне, каб таксама дакрануцца да зямлі, прынесенай з радзімы Героя: "А я - Любоў, што рухае Сусвет на стрэчу Сонцу, зоркам, цёплай песні... Каханне - гэта чалавечы доўг. Прыходзіць у сэрца - аддаецца сэрцу... Любіў зямлю. Цаніў яе і песціў. Гарэў паходняй моцнай для людзей! Але ў душы насіў нязгасным светам каханне да найлепшай ты з жанчын".

   У празрыстай, лёгкай сукенцы - на сустрэчу... праз гады - уваходзіць Людвіка Сасноўская, што сталася найпершым сапраўдным каханнем Касцюшкі. Пра гэтае пачуцце ён памятаў усе гады. І на самым парозе жыцця, за некалькі месяцаў да ягонага скону, яны сустрэліся зноў - у апошнім сваім спатканні. Каб пашкадаваць пра час, што знік у спрадвечнасці, у іншых турботах, войнах, паходах, але - без Яе. І ўжо - без Яго...

   Так, пяць моў ведаў пан Тадэвуш - і мноства слоў знайшоў, каб прызнацца ў любові да Радзімы. І тры народы - беларусы, палякі, амерыканцы - лічылі і лічаць яго за свайго нацыянальнага Героя. І куды б не закідаў Касцюшку нялёгкі лёс, заўсёды ён вяртаўся на Айчыну, у родавыя Сяхновічы ля Жабінкі - туды, адкуль "пусціў ён карані жыцця".

   Нават за паўгода да смерці "герой двух кантынентаў" і "найчысцейшы сын свабоды", як клікалі Касцюшку сучаснікі, сваім знакамітым запаветам вызваляў сяхновіцкіх сялян ад прыгоннага стану і ўмольваў іх дзеля ўласнага шчасця й дабрабыту пабудаваць у вёсцы школку для сваіх дзетак.

   Таму нядзіўна, што менавіта ў Сяхновіцкай школе і запрацаваў мемарыяльны музейны Касцюшкавы пакой. Ягоная мастачка-стваральніца Вольга Маслоўская паспрабавала пакінуць добрую памятку пра гераічнага ўраджэнца Берасцейскай зямлі.

   Музейныя экспанаты распавядаюць пра радаводныя повязі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, пра нараджэнне, навучанне будучага генерала, пра няшчаснае каханне да Людвісі-мілай, пра вайсковыя дарогі, якімі прайшоў "самы ўслаўлены ў свеце беларус". Асобны стэнд прысвечаны знакамітай Крупчыцкай бітве, якая адбылася на тэрыторыі сучаснага Жабінкаўскага раёна - у некалькіх вёрстах ад Касцюшкавых Сяхновічаў. І шмат у чым прадвызначыла далейшы лёс усяго паўстання 1794 года.

   Уся імпрэза адбывалася вакол бетоннага Касцюшкі. Але зноў надышоў час вярнуцца на пятнаццаць гадоў назад, каб пабачыць, як усё пачыналася...

1988 г. "На чужым пастаменце"
(Паводле расказа М. Міцковіча).

   Інспектар райана М.Міцковіч атрымаў заданне ад намесніка старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Сцяпана Антановіча адшукаць да прыезда Барбары Ваховіч бюст Т.Касцюшкі.

Вось той пастамент, на якім некалі стаяў бетонны Касцюшка. Помнік вайне 1812 года ў Кобрыне.
Вось той пастамент, на якім некалі стаяў бетонны Касцюшка. Помнік вайне 1812 года ў Кобрыне.

   Адразу давялося ехаць у Кобрын, але ў Сувораўскім музеі госця з Жабінкі чакала расчараванне. Самы дасведчаны работнік музея, яго былы дырэктар А.Мартынаў, ужо паўгода як знаходзіўся на пенсіі, а новая кіраўніца Л.Пліско нічога пра гэтую справу не ведала. (Дарэчы, яшчэ і ў 2001 годзе яна лічыла, што "было б няблага паставіць бюст у Сяхновічах ці пад Косавам!").

   М.Міцковіч патэлефанаваў А.Мартынаву і напрасіўся на сустрэчу. Стары з крыўдаю заўважыў, што цягам 10 год прапаноўваў жабінкаўскаму начальству "прытуліць" у сябе Касцюшку, але тое толькі аднеквалася ды адмахвалася. Таму і перадалі помнік у Брэст.

   Былы дырэктар распавёў і пра "пастамент", на якім доўгі час стаяў Касцюшка-Сяхновіцкі ў Кобрыне.

   Аўтарам першапачатковага помніка перамогі рускай арміі над Напалеонам быў кобрынскі грамадскі інжынер Д.Маркаў. Ён жа бясплатна кіраваў будаўнічымі работамі і ажыццяўляў аўтарскі нагляд. Камень апрацоўваў брэсцкі майстра Ярасінскі, бронзавага арла ды мемарыяльную дошку стварыў вядомы варшаўскі скульптар Зыгмунд Ота.

   У Першую сусветную вайну кайзераўскія войскі творы Ота скінулі. Такім чынам, вызвалілася месца, на якое ў 30-я гады і ўладкаваўся новы герой.

   "Але ж нядоўга прастаяў слаўны Касцюшка, - рэзюміраваў М.Міцковіч. - 22 верасня 1939 года ў Кобрын увайшла Чырвоная Армія. У ходзе сацыялістычных пераўтварэнняў бюст Касцюшкі быў зняты з п’едыстала і адвезены на дворык былога дома А.Суворава. Тут і знаходзіўся да сярэдзіны 80-х гадоў".

   Калі ўжо цалкам быць шчырым, такімі фактамі Андрэй Мартынаў падзяліцца ніяк не мог, паколькі выдатна ведаў, што Касцюшка прастаяў "на чужым пастаменце" ажно да 1951 года, калі, сапраўды, саступіў месца адноўленаму бронзаваму арлу, прыладкаванаму на ранейшы "насест".

   А вось звестак пра стваральніцу бетоннага Касцюшкі, нават цьмяных, яўна бракавала.

2004 г. Аўтара! Аўтара!!

   ... - такое звонкае патрабаванне выклікае цудоўны мастацкі твор. За бліскучае выкананне публіка патрабуе на сцэну таго,чый талент выклікаў апладысменты і крыкі "біс!" І хай бетонны Касцюшка не вяршыня скульптурнага мастацтва. І нават не пагорак яго. Але якая гісторыя за ўсім гэтым стаіць!

   Таму - аўтара! Аўтара!!

1936 г. Пералік Відацкіх

   З сямейства, у якое ўвайшла праз шлюб стваральніца першага (і пакуль адзінага) помніка Касцюшку ў Беларусі, паходзілі некалькі цікавых людзей.

   Ян Філіпавіч Відацкі - кобрынскі павятовы суддзя, скончыўшы філасофскі факультэт Віленскага універсітэта, чалавек перадавых для свайго часу поглядаў, уладар Рагозна і Крупчыц, праславіўся тым, што прымаў у сябе ў хаце расійскага самадзержца Аляксандра І2.

   А ягоны брат Якаў - таксама адзін з кіраўнікоў Кобрына і масон3- быў, можа, адным з першых краязнаўцаў нашай зямлі. Аднойчы нават вудзіў у Мухаўцы рыбу і выцягнуў... сякеру дагістарычнага чалавека.

   З наступнага пакалення найбольш цікаваю асобаю з’яўляўся Канстанцін Відацкі - айчым Элізы Ажэшкі, пра якога пісьменніца пазней успамінала з ціхаю дабрынёй: "Быў гэта чалавек малады і прыстойны, сын заможнага грамадзяніна з далёкіх ад Гродна паўднёвых краёў Гродзенскай губерні... Быў разгаворлівым і вясёлым, у мяне склалася ўражанне, што з’яўляецца вельмі адукаваным, што, як у будучым упэўнілася, было праўдаю".4

   А вось сярод Відацкіх ХХ стагоддзя найбольшы след пакінула нашая гераіня. Дзявочае яе прозвішча было Свіціч. Нарадзілася разам з новым векам - у 1901 годзе. Памерла ў 1972-м. Імя яе ў розных крыніцах падаецца па-рознаму: то Альбіна, то Бальбіна (найчасцей у афіцыйным справаводстве 30-х гадоў сустракаецца менавіта апошняя форма). Мела вышэйшую (хутчэй за ўсё мастацкую) адукацыю, што дазваляла ёй па тагачасным польскім законам прымаць удзел у выбарах дэпутатаў Сената.

   Жыла пані Відацкая ў маёнтку Глінішча ля Рагозна.5 Працавала даволі плённа. На Пінскім кірмашы, які меў месца ў жніўні 36-га, усяго выстаўляла звыш 20 скульптур, сярод якіх асабліва вылучаліся выявы біскупа Букрабы і пісьменніцы Марыі Радзевіч. Не быў абнесены ўвагаю наведвальнікаў і Касцюшка. А за работу "Паляшучка з дзіцём" пані Відацкая нават атрымала залаты медаль. Пазней сваю "Паляшучку" скульптарка прэзентавала маршалу Ю.Пілсудскаму. (Нажаль, работа загінула ў 1939 годзе).

   Але самы шчаслівы, як бачым, лёс чакаў яе Касцюшку. Створаны ў 1936 годзе для згаданага гандлёвага кірмаша, помнік хутка заняў месца ў памяшканні, дзе праводзіліся кобрынскія павятовыя сеймікі. А ўжо адтуль зусім выпадкова бетонны Касцюшка перабраўся на плошчу. А пра далейшыя яго прыгоды мы ўжо ведаем у шматлікіх падрабязнасцях.

   У гэтай гісторыі неаднаразова гучала слова "выпадковасць". Затое існуе адна - галоўная заканамернасць: памяць пра Касцюшку пакрысе вяртаецца на зямлю, якой ён адчайна смела "служыў пры розных абставінах".


1 Заўважым, што кніга гэтая з’явілася пад назваю "Назавіся - Касцюшкам" у Варшаве (2000 г.) Яна распавядае, у асноўным, пра касцюшкаўскую традыцыю ў ЗША. Дарэчы, і "сяхновіцкая бабця" ў ёй "ператварылася" ў невядомую амерыканку! У 1797 годзе тая пісала генералу: "Як жа тытулавацца табе - таму, хто застаецца нам гэткім дарагім і памятным! Можа назвацца табе Абаронцам Айчыны? Героем Вольнасці? Шляхетным палякам? Багатыром Двух Светаў?
Назавіся - Касцюшкам!
Іншыя імёны патрабуюць тытулаў - але Твае самое выступае найвышэйшым тытулам." (Заўвага аўтара).

2 Пра гэтую сустрэчу, якая адбылася ў 1823 годзе, глядзіце ў артыкуле "З гісторыі Крупчыц". (Заўвага аўтара).

3 Пра тое піша краязнавец А.Л.Ільін са спасылкаю на даследчыка масонства А.Сяркова. (Заўвага аўтара).

4 Аляксандр Ільін дадае: "У Э.Ажэшкі быў брат па маці Ян Відацкі, які памёр у юнацтве. Маці Э.Ажэшкі пайшла за Канстанціна Відацкага ў 1849 годзе. (Заўвага аўтара).

5 На падставе таго, што да шлюбу Бальбіна насіла прозвішча Свіціч, А.Ільін высоўвае дапушчэнне, што яна паходзіла з вёскі Вялікія Якаўчыцы Жабінкаўскага раёна, дзе цяпер найбольш часта сустракаецца гэтае прозвішча. Выбарнае права мела ў 1935 годзе, пра гэта ў архіўным дакуменце засведчана: "Свіціч-Відацкая Бальбіна, 31.3.1901; скульптар, маёнтак Глінішча, гміны Жабінка, у спісе выбаршчыкаў у Сенат па адукацыі". (Заўвага аўтара).

Анатоль Бензярук



Расціслаў Бензярук

Расціслаў Бензярук

                   Канец легенды

Не ведаю, ці праўда, ці легенда, -
Распавядаюць, нібыта Сувораў
З-пад дуба, што ля Крупчыцкага поля
Салдатамі сваімі кіраваў.

І, войска Серакоўскага разбіўшы,
Памножыў славу ён расійскай зброі,
А заадно і дубу-велікану, -
Сувораўскім стаў называцца ён.

Здавалася, ні бурам, ні маланкам,
Што часта дубава паласавалі цела,
Не справіцца з асілкам аніколі,
А значыцца, і славы не адняць...

Мяняўся час - мяняліся пагляды:
Паход сувораўскі стаіць сягоння ўровень
Са страшным мураўёўскім, што крывёю
Паўстанне Каліноўскага заліў.

На дрэва легла, быццам цень, няслава,
А праўду, як адмылі ад аздобы,
Здалася неймаверна цяжкай дубу:
Ён рухнуў, як падкошаны, на дол.

Закончылася даўняя легенда...
Памолімся: хай Бог грахі даруе
І тым, хто па-геройску лёг у бітве,
І тым, хто ісціну па-свойму перайначваў,
І ўсім, хто сёння на зямлі жыве!

25-31 жніўня 1993 г.

               Не памятаем і не любім

                     (прысвячаецца сыну Анатолю)

Гісторыю, скажаючы, пісалі:
Падзея да спадобы - на скрыжалі
Заносілі, а не - вялі на згубу, -
Сваёй мінуўшчыны не ведаем, не любім.
Калі ж распавядаць пачнуць у школе
Правдзіва пра баі за Крупчыцамі ў полі?..

Даўно ў Расіі - бы ўзялі на мушку
Імёны мужных - Серакоўскага, Касцюшкі,
Ды час аднёсся к ім не так сурова:
Назваў, кім у Беларусі быў Сувораў.
Нашчадкі й сёння выбіраць павінны,
Хто быў крыўдзіцелем, а хто любіў ліцвінаў...

Усё, што расказала б пра паўстанне,
Ніхто чужы - мы знішчылі да звання.
Спытаеце: "Чаму такія страты?
Няўжо збаяліся гісторыі багатай?"
Падмурак знік, кустоўі бэзу, мяты...
Зямля Касцюшкі, помні слыннае імя ты!

2-4 снежня 1994 г.

Памятны знак Сувораву ў г. Брэсце.

На галоўную старонку