На галоўную старонку
 


Служэнне а. Івана Тыляўскага

   Уніяцкая парафія ў вёсцы Гарадная Столінскага павета паўстала на пачатку 20-х гг. ХХ ст. Грэка-каталіцкая парафія складалася ў асноўным з украінскіх перасяленцаў з Заходняй Украіны, у большасці са Станіслаўскага ваяводства (цяпер Івана-Франкоўская вобласць), якія ў 1924 і 1925 гг. набылі зямлю ў гэтай мясцовасці. Паводле інфармацыі, якая была сабрана падчас палявой экспедыцыі, стала вядома, што ў Гарадную прыехалі каля 200 сямей з Галічыны, якія пакінулі радзіму з-за голада на Заходняй Украіне.

Максімук Марыя Паўлаўна з дачкой, жывуць у в. Гарадной-Калоніі, уніяткі
Максімук Марыя Паўлаўна з дачкой, жывуць у в. Гарадной-Калоніі, уніяткі (фотаздымак зроблены падчас экспедыцыі 20.08.2003)

Перасяленцы стварылі на ўскрайку вёскі Гарадная асобную калонію хутарскога тыпу. І па сённяшні дзень яшчэ існуе тутэйшая назва месца іх пасялення – "Калонія".

   Уніяты з Заходняй Украіны маглі практыкаваць ва ўсходнім абрадзе ў мясцовай праваслаўнай царкве, але не мелі свайго ўласнага храма. Каталіцкі святар а. Альберт Бакіноўскі са Століна, які бачыў у гэтым праблему, звярнуўся да рымска-каталіцкага біскупа Зыгмунта Лазінскага з планам ўтварэння ў Гарадной уніяцкай парафіі. Першым душпастарам гараднянскай парафіі, у якой тады не было ні царквы, ні плябаніі, стаў а. Зянон Шымкевіч. Айцец Шымкевіч некаторы час адпраўляў набажэнствы ў лесе. Пры дапомазе біскупа З. Лазінскага праваслаўны біскуп пінскі Аляксандр перадаў уніятам у карыстанне былую драўляную уніяцкую царкву Святой Троіцы, якая знаходзілася побач з новапабудаваным праваслаўным мураваным храмам. Першае набажэнства ў Свята-Троіцкай царкве адбылося 5 студзеня 1928 года. Абразы з іканастаса царквы забралі праваслаўныя, іх замянілі папяровымі абразамі. Толькі 28 мая 1939 года адбылося асвячэння новага іканастаса. Асвяціў яго капуцын айцец Францыск з Любяшова [3; с.125].

    У Гарадной працавалі розныя святары: як беларусы, так і ўкраінцы. Паводле архіўных крыніц вядома, што ў 1927 г. душпастарам тут яшчэ з’яўляўся беларускі святар а. Зянон Шымкевіч [2; арк.36]. Таксама адным з першых святароў гэтай парафіі быў а. Міхаіл Кнурэнка, які перайшоў з праваслаўя. Ён прыехаў у Гарадную вясной 1929 г. З архіўных дадзеных вынікае, што ў 1932 г. у парафіі а. Кнурэнкі налічвалася каля 400 вернікаў [2; арк.22]. У другой палове 30-х гг. ХХ ст. у Гарадную вярнуўся і з пэўным перапынкам працаваў а. З. Шымкевіч. Таксама пасля высвячэння, з 1937 г., у Гарадной працаваў выдатны беларускі грэка-каталіцкі святар і грамадскі дзеяч а. Леў Гарошка. Для паўнаты спісу святароў, якія вялі службу ў Гарадной, не хапае яшчэ асобы а. Івана Тыляўскага, актыўная дзейнасць якога не можа застацца незаўважнай.

   Іван Тыляўскі нарадзіўся ў 1890 годзе ў Даўжыцах Станіслаўскага ваяводства, па нацыянальнасці быў украінец. У 1932 годзе ён скончыў Пінскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю. Стараста столінскі Вайтасевіч, характарызуючы дзейнасць а. Тыляўскага, у 1933 годзе паведамляў палескаму ваяводзе наступнае: "Тыляўскі шчыра адданы місійнай працы, якую праводзіць на ўкраінскай мове і ва ўкраінскім духу" [1; арк.13].

   Айцец Іван Тыляўскі таксама пабудаваў капліцу, якую назваў у гонар архангела Міхаіла (у самой калоніі перасяленцаў, на "галіцыянскіх" могілках). З ліку мясцовых дзяўчат утварыў гурток малітваў "Кола Марыі". Паводле архіўных матэрыялаў, парафія а. Івана Тыляўскага ў 1934 г. налічвала 350 вернікаў [2;арк.26].

   Апостальскі візітатар для каталікоў славянска-візантыйскага абраду біскуп Мікалай Чарнецкі не абмінуў сваёй увагай украінскую калонію. 20 снежня 1934 г. адбыўся адзін з яго візітаў ў Гарадную. Паказальна, што на ўязных брамах (пад кіраўніцтвам а. Івана Тыляўскага) змясцілі прывітальны надпіс на ўкраінскай мове: "Вітаємо Владико" [1; арк.56]. Зразумела, праўкраінская дзейнасць а. Тыляўскага не падабалася польскім уладам. Неаднойчы столінскі стараста Г. Граф прапаноўваў перавесці а. Тыляўскага ў Альпень ці яшчэ куды далей на поўнач, каб той не меў магчымасці для ўкраінскай дзейнасці [1; арк.15]. Па гэтай жа прычыне ўлады насцярожана глядзелі і на выкладанне а. Тыляўскім асноў рэлігіі ў школе.

   Паводле дадзеных столінскага старасты Вайтасевіча ў 1933 г. агульная колькасць жыхароў Калоніі ў Гарадной складала 465 чалавек. З іх палякамі называлі сябе 205 чалавек, астатнія вызнавалі сябе ўкраінцамі. Толькі дзесяць дзяцей з польскіх сямей вучыліся ў школе ў Гарадной. Ім а. Тыляўскі выкладаў рэлігію на польскай мове. Астатнім дзецям з украінскіх грэка-каталіцкіх сем’яў багаслоўе выкладалася на роднай украінскай мове [1; арк.13].

   Падчас даследаванняў не ўдалося ўстанавіць дакладнай даты, калі завяршыў сваю дзейнасць у Гарадной а. Іван Тыляўскі, а таксама куды ён быў далей пераведзены. Праўдападобна, што а. Тыляўскі працаваў у Гарадной да 1935 ці 1936 г., да таго часу як ў Гарадную з Альпеня быў накіраваны а. Зянон Шымкевіч. Марыя Паўлаўна Максімук, уніятка з Гарадной, сцвярджае, што яе бацька Павел Гобыль, які пасля Другой сусветнай вайны эмігрыраваў у Злучаныя Штаты, у Чыкага, сустрэўся з а. Іванам Тыляўскім. Сваім родным у Гарадной Павел Гобыль даслаў фотаздымак святара а. Тыляўскага. Можа, гэта інфармацыя падштурхне даследчыкаў да далейшых пошукаў.

Грэка-каталіцкая парафія ў в. Гарадная 1920-е-30-е гг.
Грэка-каталіцкая парафія ў в. Гарадная 1920-е-30-е гг.,
паводле архіва рэдакцыі газеты "Царква"

   Нармальнае жыццё "галіцыянскай" парафіі на Палессі, як і іншых уніяцкіх парафій на тэрыторыі Заходняй Беларусі, прыпыніў прыход Савецкай улады, якая праводзіла палітыку ваяўнічага атэізму. Падчас вайны большасць украінскіх каланістаў і мясцовых жыхароў былі ўгнаныя ў Нямеччыну. Новы мураваны праваслаўны храм быў зруйнаваны немцамі ў ходзе баявых дзеянняў. Была знішчана і капліца св. Архангела Міхаіла на "галіцыянскіх" могілках, а старажытны уніяцкі храм Святой Троіцы застаўся адзінай непашкоджанай святыняй у Гарадной.

1. ДАБВ ф.1, воп.10, спр.2352
2. ДАБВ ф.1, воп.10, спр.2773
3. Oriens. 1939. №4

Анастасія Iльіна

На галоўную старонку