Чалавеку, які валодае мінулым,
належыць будучыня.
Дж. Оруэл

Ад рэдактара

Наступіла трэцяе тысячагоддзе, адышла ў мінулае цэлая эпоха і мы радыя, што разам з Вамі пераадолелі гэты рубеж.

Хочацца верыць, што дзесьці там, у дваццатым стагоддзі, засталіся ўсе нашыя нягоды, няўдачы, расчараванні, а наперадзе чакае ўсё самае лепшае, чыстае, добрае.

І сёння мы - усе, хто працуе над "Гістарычнай Брамай", прадстаўляем яе Вам ужо як паўнавартасны часопіс. Новае тысячагоддзе вымагае новых патрабаванняў да якасці матэрыялаў, да якасці паліграфіі. "Гістарычная Брама" у меру сваіх магчымасцяў імкнеццца ісці ў ногу з часам, імкнецца да дасканаласці. Пачаўшы з нуля, усе чатыры гады існавання бюлетэня-дайджэста, мы старанна працавалі: збіралі матэрыялы, апрацоўвалі іх, вучыліся выдавецкай справе. Затрачаны час не прапаў дарэмна - гэта вы можаце ацаніць, гартаючы сённяшні наш нумар. І яго выхад мне падаецца сімвалічным - нараджэнне новага стагоддзя, новага тысячагоддзя, новага часопіса.

Разам з тым сутнасць "Гістарычнай Брамы" не змянілася - мы па-ранейшаму працуем для людзей, у якіх не згасла іскарка дапытлівасці, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю, шануюць сваю спадчыну, для даўніх чытачоў "Брамы" і для тых хто бачыць яе ўпершыню.

Часопіс і далей будзе кіравацца сваімі асноўнымі прынцыпамі: дакладнасць, непрадузятасць, рознабаковасць інфармацыі; як і раней, прыярытэты будуць аддавацца эксклюзіўным матэрыялам, шмат увагі будзе ўдзяляцца "белым плямам" нашай гісторыі, недаследаваным яе старонкам.

Сённяшні наш нумар можна назваць аўтарскім нумарам вядомага берасцейскага краязнаўцы-даследчыка Аляксандра Ільіна. Прысвечаны ён падзеям першай паловы ХІХ стагоддзя. Дзекабрысты, паўстанне 1830-31 гг., філаматы і філарэты - розныя каляровыя шклінкі асоб і падзей воляй аўтара склаліся, як у калейдаскопе, у своеасаблівы ўзор, а аб'яднала ўсё гэта - зямля, дзе мы жывем, - Берасцейшчына.

Вы можаце быць незгоднымі з некаторымі артыкуламі, гіпотэзамі. Гэта нармальная з'ява. У такім выпадку мы цэнім Вас як думаючых і дасведчаных людзей і нам хацелася б пачуць вашыя аргументы, меркаванні, ідэі. З задавальненнем Вас выслухаем, гэта будзе для нас узаемакарысна. Пішыце, і да новых сустрэч!

Спадзяюся, што вашае жыццё з "Гістарычнай Брамай" будзе больш цікавым.

Мікалай Сінкевіч