"Чаму не з'явіўся беларускі "Кабзар" у сярэдзіне ХІХ стагоддзя?" у каментарыі Міхася Маліноўскага
Гэтая праца двух нашых аўтараў - Аляксандра Ільіна і Міхася Маліноўскага - паказвае, што ў ХІХ стагоддзі існаваў саюз беларускага і польскага народаў супраць Расійскай имперыі не толькі на полі бітвы, але і на культурнай ніве. Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў баранавіцкі краязнаўца Міхась Маліноўскі выказаў меркаванне, што Паўлюк Багрым не мог быць аўтарам верша "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы..." За гэта ён быў абражаны некаторымі літаратарамі, для якіх палітычная і нацыянальная мэтазгоднасць вышэй за ісціну. Берасцейкі даследчык Аляксандр Ільін напісаў большую частку свайго артыкула "Чаму не з'явіўся беларускі "Кабзар" у сярэдзіне ХІХ стагоддзя?" (Сіверянський літопис. -2000.-№2), не ведаючы прац Міхася Маліноўскага па гэтай тэме. Баранавіцкі краязнаўца вырашыў пасля знаёмства з артыкулам берасцейца перакласці яго на беларускую мову і пракаменціраваць.
Новая беларуская літаратура нараджалася цяжка, павольна і пакутліва. Яе крокі - вершы "Дзеванька" (1809) Яна Баршчэўскага і "Да пакіньце горла драць!" (1819) Яна Чачота, ананімная паэма "Энеіда навыварат" (1836?) і г.д. На пачатку ХІХ стагоддзя склаліся спрыяльныя палітычныя ўмовы для ўзнікнення беларускай літаратуры, але амаль не было культурных, пакольку адукаваныя людзі Беларусі былі пад поўным уплывам польскай культуры. Таму працэс адраджэння адбываўся так цяжка.
І раптам у 1828 годзе пастушок-прыгонны Багрым напісаў верш "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…" (У сучасным напісанні "Зайграй, зайграй, хлопча малы…" - М.М.). Здаецца нерэальным, каб 15-гадовы хлопчык з глухога сяла Крошын стварыў нелітаратурнаю моваю верш, што мае, як адзначаюць беларускія літаратуразнаўцы, "мускулісты радок пушкінскага, міцкевіцкага гарту". Ды і гісторыя з'яўлення верша ў друку 1854 года досыць таямнічая.
Прапануем сваю версію гэтай літаратурнай падзеі. Свядома і адносна вынікова беларуская нацыянальная ідэя ствараецца толькі на пачатку 40-х гадоў ХІХ ст. у пецярбурскіх гуртках Нестара Кукальніка і Яна Баршчэўскага.
Адзначым, што члены гуртка Кукальніка і рэдакцыі часопіса "Маяк" падтрымалі сялянскіх паэтаў М.Суханава, Е.Аліпанава, Ф.Слепушкіна, а таксама народнага паэта Тараса Шаўчэнку на пачатковым этапе яго творчасці.
Блізкім да абодвух гурткоў быў колішні рэктар Віленскага універсітэта Венцаслаў Пелікан, які ў той час жыў у сталіцы. Ён, мабыць, і распавёў гісторыю пра сялянскага хлопчыка П.Багрыма, які ў 1828 годзе меў пакуты за чытанне верша Яна Баршчэўскага "Размова хлопаў". Пелікана тады далучылі да расследавання гэтай справы. Пэўна, трагічная гісторыя зацікавіла Яна Баршчэўскага. Ад яго яе мог пачуць гісторык Адам Кіркор, які ў сярэдзіне 40-х гадоў жыў у Пецярбурзе і быў блізкі да гуртка Баршчэўскага. Адзначым, што ў 1854 годзе не толькі з'явіўся ў друку верш "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…", але і дасягнула пары свайго росквіту дзейнасць беларускага гуртка Адама Кіркора ў Вільні.
Можна дапусціць, што тады маладой беларускай літаратуры патрэбны былі свае Тарас Шаўчэнка і Роберт Бернс.
І вось у віленскім гуртку ўзгадваюць аповедПелікана. Усіх драбніц не памятаюць, а таму хлопчык стаў Петраком Багрымам і чытае ўжо свой верш беларускаю моваю самому графу Мікалаю Навасільцаву і яго памочніку Пелікану. Калі прачытаць гэты нібыта аўтабіяграфічны верш, дык перад намі паўстае трагічная доля Тараса Шаўчэнкі. Таленавітага пастушка-прыгоннага, які так багата мучыўся ў дзяцінстве (На самой справе сапраўдны Павел Багрым (Бахрым) ніякіх мукаў, згрызот у дзяцінстве ніколі не меў, ён быў сынам свабоднага ад панскай нядолі слесара Іосіфа Багрыма (Бахрыма), які служыў у памешчыка, кавальства яму потым прыпісалі, хлопчык ніколі не быў ні пастушком, ні парабкам, а прыслужваў ксяндзу-пробашчу Войцэху Магнушэўскаму. - М.М.), прымушаюць ісці салдатам у царскую армію. (Ізноў, як сведчаць дакументы, ніхто не аддаваў Паўла Багрыма (Бахрыма) ні ў рэкруты, ні ў салдаты. Тыя ж паперы гавораць, што пасля 1828 года ён сялянстваваў, а потым стаў мяшчанінам, г. зн. з яго не адбылося ніякай трагічнай асобы. Больш за тое, у свае сталыя гады ён шчасліва ажаніўся на шляхцянцы-памешчыцы, г. зн. ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, ні ў сталасці ён ніколі не бедаваў, жыў радасна і шчасліва, ды так, што нават мясцовы памешчык быў вінен яму 700 (семсот!) рублёў срэбрам. Як сведчаць архівы, гэты чалавек ніколі не пісаў ніякіх вершаў, а толькі прачытаў адзіны верш "Размова хлопаў", што стаў падставай для царскіх уладаў - узяць пад варту падтрымоўцу … сялян ксяндза В.Магнушэўскага і на гэтым хутка скончыць увесь бунт у Крошыне. - М.М.). Дарэчы, нарадзіўся Багрым у 1813 годзе - амаль адначасова з Тарасам (Калі нарадзіўся Багрым, дагэтуль невядома, на гэты конт ёсць шмат версій. У Менску ў 1993 г. у выдавецтве "Навука і тэхніка" выдадзена кніга Я.Найдзюка і І.Касяка "Беларусь учора і сяньня", дык там на стар. 122 сцвярджаецца, што Павел Бахрым нарадзіўся каля 1805 г. - М.М.), але вершы нібыта стаў пісаць значна раней, чым Шаўчэнка.
Аднак, мала верыцца ў выпадковасць збегаў жыццяпісаў пачынальнікаў дзвюх братніх літаратур. Аўтары легенды не думалі, што цераз 100 гадоў нястомны беларускі літаратуразнаўца Ісідар Бас знойдзе сапраўдныя дакументы пра крошынскія падзеі 1828 года. Высветлілася, што хлопчыка звалі Паўлюк Багрым, і верш ён чытаў польскаю мовай гродзенскаму губернатару Бабяцінскаму. Акрамя таго, хлопчык не мог быць прыгонным, рэкрутам і г.д. Але гэта не збянтэжыла сучасных беларускіх літаратуразнаўцаў, паколькі, як яны пераконвалі, верш не ёсць аўтабіяграфічны, а ў яго аснове ляжыць мастацкая тыпізацыя. (Для тых, хто любіць праўду і дакладнасць, напішу, што аўтар ананімна выдадзенай кнігі "Аповесць з майго часу, ці Літоўскія прыгоды", напісаў, што верш "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…" напісаў Пётрак, "які меў усяго дзесятак з нечым год…", адсюль мы можам адразу сказаць, што гэты твор мог быць створаны ні хлопчыкам Пётракам у дзесяцігадовым узросце, ні дастасаваным пасля гэтага да гэтага верша Паўлюком Багрымам (Бахрымам), якому ў 1828 годзе было, на мой погляд, 15-16 гадоў, а толькі сталым чалавекам, які і мог усё тыпізаваць… - М.М.).
А зараз галоўнае пытанне - хто ж сапраўды напісаў гэты высокамастацкі твор? (Дадам, што ў кнізе "Аповесць з майго часу, ці Літоўскія прыгоды" верш "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…" надрукаваны на дзвюх мовах: на лацінцы па-беларуску і на польскай, калі ж пры гэтым прафесійна даследаваць іх і параўнаць, дык высветліцца, што беларускі варыянт прайграе польскаму; так, гэты верш па-беларуску - не вельмі добры пераклад польскага твору. - М.М.).
На нашу думку, тады на гэта былі здатныя толькі два паэты: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Уладзіслаў Сыракомля - абодва, дарэчы, члены гуртка Кіркора. У ХІХ стагоддзі Сыракомлю параўноўвалі з Шаўчэнкам і Бернсам, бо асноўная тэма творчасці польскага і беларускага паэтаў - жыццё простых сялян. Нездарма ён называў сябе сельскім лірнікам, які "грае ад сэрца, грае многа".
Цікава, што Сыракомля з пачатку 1854 года стаў пастаянным наведвальнікам салона Кіркора, і ў тым жа годзе паэт напісаў польскаю моваю верш "Сельскі музыка" (У перакладзе Яўгеніі Пфляўмбаўм "Вясковы музыка". - М.М.) пра хлопчыка-скрыпача, які ўяўляе сябе салдатам царскай арміі, тады ж у Лондане ўпершыню друкуецца верш "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…". (Верш "Вясковы музыка" у перакладзе Я.Пфляўмбаўм я перачытаў тройчы, як вядома, ён напісаны ў гонар Станіслава Манюшкі, адбылося само складанне ў верасні ў Вільні; калі параўнаць гэты верш з "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…", дык там шмат чаго можна знайсці для даследчыкаў. Спецыяльна даю некалькі радкоў:
(...) Як вырасту дужы ды скрыпку мне купяць...
(...) Зайграем, хіба, пад дзвярамі.
(...) Або з кіем гуляй у салдаты...
(...) А ў войску да твару ты будзеш убраны...
(...) Але песняром будзь галоты няшчаснай...
Здаецца, што "Вясковы музыка" - працяг верша "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…". - М.М.). У 1858 годзе Сыракомля ў першы і апошні раз наведаў Познань, і ў тым жа годзе там выдаецца кніга "Аповесць з майго часу…", дзе змяшчаецца знакаміты верш. (Адзначым, што гэта паўтор выдання лонданскага; як і папярэдняе, яно таксама ананімнае. - М.М.) Падобна, сам Сыракомля напісаў тую кніжку (Праўда, шматлікае племя даследчыкаў піша, што гэты твор былога наваградскага адваката І.Яцкоўскага. -М.М.), у якой згадваецца, што ў Багрыма забралі цэлы сшытак яго вершаў. (У самой кнізе "Аповесць з майго часу, ці Літоўскія прыгоды" ніводнага слова пра Паўлюка Багрыма няма. - М.М.). Так што ў той час можна было чакаць з'яўлення беларускага "Кабзара" альбо "Дудара". Але, мабыць, заўчасная смерць Сыракомлі ў 1862 годзе парушыла тыя планы. Ідэя ж беларускага "Кабзара" не памерла сярод тутэйшых пісьменнікаў. Беларускім "Кабзаром" можна лічыць зборнікі паэзіі, такія як "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча і "Жалейка" Янкі Купалы.
Звычайна, створаная гіпотэза патрабуе глыбокіх даследаванняў. Калі ў 1992 годзе баранавіцкі краязнаўца Міхась Маліноўскі паставіў пад сумніў тое, што Паўлюк Багрым ёсць аўтарам верша "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы…", дык адразу беларускія літаратуразнаўцы назвалі яго Герастратам. (Герастратам, мяне, праўда, ніхто не называў, а падумалася гэта толькі спадару П., але, да вялікага шкадавання, у багрымазнаўства ён нічога новага не прынёс, акрамя прыстасаванчаства і жадання дагадзіць патрэбным людзям. Але, гэтае слова не гідкае ў мой адрас, бо я не крыўдую на такіх людзей. - М.М.)
Александр Ильин
Крыніцы і літаратура:
- Паўлюк Багрым. - Мн., 1994.- с.108
- Гл.: Бас І. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні. -Мн., 1969. - с. 61-76.
- Сыракомля У. Добрыя весці. - Мн., 1993 - с.35.
P.S. Рождение национальных идей вызывает создание патриотических фальсификаций и мистификаций: "Краледворская рукопись" в Чехии, "Слово о полку Игореве" в России и т.д. В начале XIX века в Украине была сочинена "История русов", вызвавшая мощный подъём национального самосознания. Этот пример, видимо, вдохновил Теодора Нарбута на создание "Хроники Быховца". Выглядит мистично, но оба эти произведения были напечатаны в 1846 году.
А. Ильин
|