Купяціцкі Свята-Увядзенскі мужчынскі манастыр
у XVII - пачатку XIX стст.
Гісторыя ўзнікнення Свята-Увядзенскага мужчынскага манастыра ў в. Купяцічы (зараз Пінскі раён Брэсцкай вобласці) звязана са з’яўленнем цудатворнага абраза Маці Божай. Вуснае паданне захавала імя шасцігадовай сялянскай дзяўчынкі Ганны, якая пасвіла бацькоўскую жывёлу каля р. Ясельды. Там на дрэве яна ўбачыла крыж з выявай Маткі Боскай. Адбылося гэта 15 лістапада 1182 г. [10, с. 93]. Жыхары в. Купяцічы расчысцілі і асушылі гэтае месца, потым узвялі драўляную царкву, якая згарэла ў час чарговага набегу татар на гэтыя землі [14, с. 51]. У канцы XV ст. абраз быў знойдзены багамольцам Іаакімам. Іаакім застаўся ў в. Купяцічы, актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве новай царквы, у якой потым служыў дзякам.
Купяціцкі Свята-Увядзенскі манастыр становіцца вядомым пад 1628 (або 1629) г. У гэтым годзе брэсцкая кашталянша Апалонія Валовіч Война, якая мела вялікую павагу да цудатворнага абраза, пераканала свайго сына Васіля Копця купіць вёску Купяцічы ў Пінскім павеце і пабудаваць тут манастыр. Гэта і было зроблена. У новым манастыры першапачаткова пасяліліся манахі з Віленскага Свята-Духава манастыра [8, с. 460; 11, с. 150; 14, с. 51]. Узначаліў купяціцкую абіцель настаяцель, які меў сан ігумена. Захаваліся звесткі аб наступных манастырскіх ігуменах: Іларыёне Дзянісовічы, Філарэце Гарадзельскім, Яўсевіі Вансяцкім, Марцініяне Галаўковічы, Міхаіле, Віктары Сялецкім [11, с. 151; 12, с. 253].
У адпаведнасці з інвентаром 1631 г. комплекс купяціцкага манастыра быў драўляным [1, с. 236-240]. У агароджы размяшчалася двух’ярусная брама-званіца з крыжом і чатырма званамі ў верхнім ярусе. Справа ад брамы знаходзілася царква Ахвяр Багародзіцы. Каля яе была "каплічка" ў гонар свяціцеля Мікалая Мірлікійскага. Недалёка ад храма стаялі тры аднапавярховыя, з бярвення, дамы пад гонтавым (ці дранічным) пакрыццём. Верагодна, адзін з іх з’яўляўся жыллём для ігумена. У цэнтры дома размяшчаліся сенцы, з аднаго боку якіх знаходзіўся жылы пакой з каморай, з другога - два пакоі. У другім будынку - тры манаскія келлі. Трэці дом трохкамернай планіроўкі (пакой і пякарня праз сенцы) служыў таксама і трапезнай. Каля гэтых дамоў знаходзілася піўніца, два свіраны і лазня, а за могілкамі - гумно і стадола.
Храм купяціцкага манастыра перабудоўваўся некалькі разоў. Яго капітальны рамонт ажыццявіў Рыгор Война. У 1631 г. царква Ахвяр Багародзіцы была складзена з бярвенняў і крыта гонтам. Храм увенчваў залацісты крыж. Царква асвячалася двума вокнамі з жалезнымі крыжамі, адно - над дзвярмі, а другое - у алтары.
У 1637 г. кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла даведаўся ад манаха Макарыя Такарэўскага аб тым, што манастырская царква ў в. Купяцічы патрабуе рамонту. Мітрапаліт выдаў інаку грамату на збор "ялмужны" (грашовага збору) для рэстаўрацыі храма. Ігумен купяціцкага манастыра, атрымаўшы грамату, даручыў збор "ялмужны" свайму намесніку Афанасію Філіповічу і паслушніку Анісіму Валкавіцкаму, якія накіраваліся ў Маскву. Гісторыя гэтага падарожжа, складзеная Афанасіям Філіповічам, была ўпісана ў "Маскоўскую метрыку" і разам з друкарскім адбіткам купяціцкай іконы прадстаўлена цару Міхаілу Фёдаравічу ў сакавіку 1638 г. [10, с. 94].
Манастырская капліца Мікалая ўзводзілася ў памяць аб спыненні чумы ў в. Купяцічы пасля таго, як святары пранеслі па вёсцы абраз гэтага святога. Капліца была драўляная і крыта гонтам. Яна мела два вакны. Там быў пахаваны брэсцкі кашталян Рыгор Война.
Сярод святыняў, якія захоўваліся ў манастыры, асобае значэнне меў цудатворны абраз Маці Божай. Вядомасць гэтая ікона набывае пасля выдання ў 1638 г. запісак ігумена Іларыёна Дзянісовіча аб гісторыі з’яўлення і цудах абраза [17].
У вопісе 1631 г. размешчаны звесткі аб бібліятэцы купяціцкага манастыра [1, с. 238]. У яе зборы былі рукапісныя кнігі - Евангелле, абложанае срэбрам, тры Псалтыры, чатыры Пролагі, Статут, Кніга Апосталаў, Трэбнік, Кніга Прарокаў і іншыя. Сярод друкаваных меліся кнігі, выдадзеныя ў Маскве і Вільні.
Маёмасць, якой валодаў купяціцкі манастыр апісваецца ў інвентары 1631 г. [1, с. 236-240]. Пры манастыры былі гаспадарчыя пабудовы: пякарня, піўніца, два свіраны, адзін з якіх прызначаўся для размяшчэння збожжа, гумно, стадола для малацьбы збожжа і захоўвання саломы. Гэта можа сведчыць пра гаспадарчую дзейнасць манастыра.
Купяціцкай абіцелі таксама належалі шэсць валок зямлі, з іх чатыры аселыя. На аселых валоках пражывалі манастырскія падданыя, якія выконвалі павіннасці "адпаведна звычаям". За манастыром былі замацаваны дзве валокі без падданых у в. Волька, а таксама розныя ўгоддзі: два "язы" (месцы для лоўлі рыбы), сенажаці, лес.
На карысць манастыра паступалі розныя ахвяраванні. У 1630 г. В. Копец запісаў Увядзенскаму манастыру 4 валокі зямлі: дзве ў в. Купяцічы і дзве - у в. Волька [11, с. 150]. У 1648 г. пан Рыгор Фурс ахвяраваў яму 500 злотых з умовай, што яго пахаваюць у манастыры [3, с. 363-366]. Паводле тэстаменту 1659 г. княгіні Марыі Радзівіл манастыру і царкве пры ім перадаваліся 1000 злотых [2, с. 587-588].
Купяціцкі манастыр узнік у часы, калі на беларускіх землях зацвярджалася уніяцтва, а праваслаўная царква апынулася па-за законам. Супраць праваслаўнай іерархіі здзяйсняліся супрацьпраўныя, часам гвалтоўныя, дзеянні. Праваслаўных святароў, а таксама прадстаўнікоў рэлігійна-нацыянальных брацтваў, якія ўзнікалі з мэтай абароны праваслаўя, пад пагрозамі адлучэння ад царквы прымушалі да падпарадкавання уніі. Маёмасць праваслаўнай царквы перадавалася уніятам, зачыняліся школы, цэрквы і манастыры.
Падобнае становішча ў дзяржаве праваслаўных вернікаў было недапушчальным і патрабавала вырашэння. Спрыяльныя ўмовы для змянення сітуацыі склаліся ў 1632-1633 гг. На сойме 1632 г. была створана камісія для вырашэння спрэчных пытанняў паміж праваслаўнымі і уніятамі. Камісія выпрацавала "Артыкулы супакаення абывацеляў Кароны і Вялікага княства Літоўскага рускага народа грэчаскай рэлігіі" [6, с. 216-219]. 1 лістапада 1632 г. кароль Уладзіслаў IV Ваза зацвердзіў згаданыя "Артыкулы супакаення". Праваслаўнай царкве вярталіся правы і рэлігійная свабода, прызнавалася яе іерархія на чале з Кіеўскім мітрапалітам. Новаабраны мітрапаліт Пётр Магіла (1633-1647) падначаліў цэрквы і манастыр г. Пінска настаяцелю купяціцкай Увядзенскай абіцелі Іларыёну Дзянісовічу, які тытулаваўся ігуменам Купяціцкім і Пінскім [8, с. 542]. На працягу XVII-XVIII стст. ігумены купяціцкага манастыра падпарадкоўваліся архімандрыту Віленскай Свята-Духаўскай абіцелі [8, с. 458, 503; 12, с. 21-27].
Нягледзячы на саступкі, зробленыя дзяржаўнай уладай у 1632-1633 гг., сутыкненні паміж праваслаўнымі і уніятамі працягваліся. 14 сакавіка 1635 г. Уладзіслаў IV выдаў грамату, якая прызначала уніятам епіскапіі, манастыры, цэрквы. На вечныя часы да уніятаў адыходзіла архіепіскапства Пінскае разам з цэрквамі і манастырамі [16, с. 207-208]. Гэта пагоршыла становішча купяціцкага Увядзенскага манастыра, які цярпеў пастаянныя ўціскі з боку уніятаў і католікаў. Купяціцкая абіцель называлася ў ліку манастыроў, аб складаным становішчы якіх паведамлялі паслы валынскай шляхты на соймах 1645, 1646 гг. [5, с. 288, 320].
Падзеі казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. вымусілі ўрад і новага караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра пайсці на чарговыя саступкі праваслаўным. 12 студзеня 1650 г. кароль выдаў дыплом, у якім праваслаўныя вернікі атрымалі шэраг правоў адносна свабоды ў веравызнанні, царкоўнай іерархіі, храмаў і манастыроў. У дыпломе вызначалася: "... Дабы священники Русские неуниаты при вольностях своих пребывали, и никакими налогами, подводами, податьми, денежными сборами... и работою нигде обременяемы не были, и по правам и привилегиям присоединения прежним в почтении имелись, и ни к кому из светских, кроме своих духовных властей, не принадлежали..." [16, с. 244].
Згодна з гэтым дакументам, епархіі луцкая, холмская, віцебская і мсціслаўская разам з цэрквамі перадаваліся кіеўскаму мітрапаліту Сільвестру Косаву (1647-1657). Пад апеку апошняга трапляў старажытны пінскі Лешчанскі манастыр з маёнткамі, "а из монастыря Купятицкаго, во владении неунитов находящагося, всякия права противныя статьям короля Владислава уничтожаем" [16, с. 243].
Аднак ні скаргі паслоў, ні дыплом Яна Казіміра 1650 г. не засцераглі купяціцкую абіцель ад уціскаў. Тады купяціцкія манахі, "не предвидя ничего хорошего для православной церкви вообще и своего монастыря в частности", у 1655 г. перанеслі цудатворны абраз Багародзіцы, вядомую старажытную святыню Піншчыны, у Кіеў. Мітрапаліт Сільвестр Косаў прыняў яго і размясціў у Сафійскім саборы [7, с. 734-735; 10, с. 94].
 Месца, дзе знаходзіўся Купяціцкі манастыр.
У XVIII ст. купяціцкі манастыр становіцца прадметам спрэчак паміж праваслаўнымі, з аднаго боку, і католікамі і уніятамі, з другога боку. Граматай 1720 г. кароль і вялікі князь Аўгуст ІІ пацвердзіў правы і свабоду веравызнання праваслаўным манастырам Вялікага княства Літоўскага, сярод якіх называўся Увядзенскі манастыр у в. Купяцічы [4, с. 403-405]. Нягледзячы на гэта, у 1722 г. Людовік Таніловіч, настаяцель гарадышчскага бенедыкцінскага манастыра, якому па завяшчанні полацкага ваяводы Карла Копця, аднаго з нашчадкаў Васіля Копця, адышоў маёнтак Купяцічы, гвалтоўна авалодаў Увядзенскім манастыром. Яго ігумен Міхаіл звярнуўся са скаргай на бенедыкцінцаў да загальскага старасты князя Аляксандра Шуйскага, а таксама падпісаў зварот з пратэстам праваслаўных, накіраваны каралю [10, с. 95; 11, с. 150; 12, с.439].
Пад 1722 г. вядомы ліст дзятлавіцкага ігумена Інакенція Ждановіча да кіева-пячэрскага архімандрыта Іаанікія Сенютовіча аб тым, што пінскі уніяцкі епіскап Феафіл Гадзебскі "обратил на унию" Купяціцкі, Навадворскі і Пінскі брацкі праваслаўныя манастыры [12, с. 73-76]. У тым жа годзе Аўгуст ІІ выдаў ігуменам названых манастыроў і праваслаўным жыхарам Пінскага павета ахоўную грамату [12, с. 83-84]. У 1723 г. каралеўскія эмісары вярнулі праваслаўным манахам купяціцкую абіцель.
Але ў 1741 г. настаяцель тых жа бенедыкцінцаў Лаўрэнцій Булгарэвіч зноў авалодаў Увядзенскім манастыром. Настаяцель бенедыкцінцаў забраў з манастыра кнігі, царкоўныя рэчы, званы і 12 падданых [4, с. 452]. Вядома, што ў 1743 г. купяціцкі манастыр разам з навадворскім з’яўляўся уніяцкім [12, с. 398-400].
Такія падзеі не маглі адбіцца добрым чынам на становішчы духоўнай установы. Па звестках за 1784 г. купяціцкі манастыр называўся сярод уніяцкіх [13, с. 1684]. Верагодна, ён перастаў існаваць ў канцы XVIII ст., бо ў гэты час не існавала нават храма старажытнага манастыра. Замест яго бенедыкцінцамі была пабудавана новая уніяцкая царква, якая ў 1798 г. "находится благочестивою в ветхости" [9, л. 6]. Па іншых звестках, абіцель пасля вяртання праваслаўным была прыпісана да пінскага Богаяўленскага манастыра, а ў 1817 г. канчаткова скасавана [10, с. 95; 11, с. 151]. Храм купяціцкага манастыра стаў прыходскім. Да цяперашняга часу манастырскія будынкі не захаваліся [10, с. 95; 15, с. 95-96].
Літаратура
- Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею: в 39 т. - Вильна: тип. А.К. Киркора, 1865-1915. - Т. 11: Акты Главного Литовского Трибунала. - Вильна: в тип. А.Г. Сыркина, 1880. - XLII, 545, 71 с.
- Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею: в 39 т. - Вильна: тип. А.К. Киркора, 1865-1915. - Т. 12: Акты Главного Литовского Трибунала. - Вильна: в тип. А.Г. Сыркина, 1883. - XL, 652, 68 с.
- Акты, издаваемые Виленск. комиссией для разбора древних актов: в 39 т. - Вильна: тип. А.К. Киркора, 1865-1915. - Т.33: Акты, относящиеся к истории Западно-русской церкви. - 1908. - 612 с.
- Архив Юго-Западной России, издаваемый Временною Комиссиею для разбора древних актов, состоящей при Киевском, Подольском
и Волынском Генерал-Губернаторе: в 8 ч. - Киев, 1859-1911. - Ч. 1. - Т. 4: Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века. (1648-1798). - Киев: В университетской типографии, 1871. - 99, 747 с.
- Архив Юго-Западной России, издаваемый Временною Комиссиею для разбора древних актов, состоящей при Киевском Военном, Подольском и Волынском Генерал-Губернаторе: в 8 ч. - Киев, 1859-1911. - Ч. 2. - Т. 1. - Постановления дворянских провинциальных сеймов в Юго-Западной России. - Киев: В Университетской тип., 1861. - LXIV, 532 с.
- Беднов, В.А. Православная церковь в Польше и Литве (по Volumina Legum) - Минск: Лучи Софии, 2002. - 432 с.
- Купятичская чудотворная икона Божией Матери // Минские епархиальные ведомости. - 1891. - № 24. - С. 731-740.
- Макарий (Булгаков), митрополит Московский и Коломенский. История Русской церкви: в 12 т. / Макарий (Булгаков), митрополит Московский и Коломенский. - Москва: Изд. Спасо-Преображенского Валаамского монастыря, 1994-1996. - Кн. 6: Период самостоятельности Русской Церкви (1589-1881). Патриаршество в России (1589-1720). - Отд. 1 (1589-1654). - Т. 10-11. - 1996. - 800 с.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. - Воп.1. - Спр. 984. Справа аб будаўніцтве Купяціцкай царквы 1798 г.
- Наши духовные ценности: в 12 вып. / редкол.: Л.Ф. Анцух (гл. ред.) [и др.] - Минск: Четыре четверти, 1995-2003. - Вып. 5: Православные монастыри Беларуси / сост.: С.Э. Сомов [и др.]. - 2003. - 200 с.
- Николай, архим. Историко-статистическое описание Минской Епархии. - Санкт-Петербург: Журн. "Странник", 1864. - 315 с.
- Памятники православия и русской народности в Западной России в XVII -XVIII в. / Под ред. проф. свящ. Ф. Титова. - Киев: Тип. И.И. Чоколова, 1905. - Т.1: Акты по истории заграничных монастырей Киевской епархии XVII-XVIII вв. - Ч.1. - 1905. - 2, CIXIV, XXXIV, 528 с.
- Памятники православия и русской народности в Западной России в XVII -XVIII в. / Под ред. проф. свящ. Ф. Титова. - Киев: Тип. И.И. Чоколова, 1905. - Т.1: Акты по истории заграничных монастырей Киевской епархии XVII-XVIII вв. - Ч. 3. - 1905. - LXVII-
XCVII, 1137-1771, CXIX.
- Русская историческая библиотека, издаваемая Археографическою комиссиею: в 33 т. - Санкт-Петербург, 1872-1915. - Т. 4. - Санкт-Петербург: Тип. А. Траншеля, 1878. - 1447, 235, 26 с.
- Слюнькова, И. Н. Монастыри восточной и западной традиции. Наследие архитектуры Беларуси. - Москва: Прогресс-Традиция, 2002. - 600 с.
- Уния в документах: Сб. / сост. В.А. Теплова, З.И. Зуева. - Минск: Лучи Софии, 1997. - 520 с.
- Denisowicz, H. Parergon cudow swiętych obraza Przeczystey Bogarodzice w monastyru Kupiatickim. - Kijow: Druk. Swiętocud. Kijowapieczarskiej Lawry, 1638. . 322 s.
Алена Дзянісава
|