Як загінула Рэч Паспалітая
Больш як два стагоддзі праіснавала ў цэнтры Еўропы дзяржава Рэч Паспалітая. Складалася яна з дзвюх частак: Княства - Вялікага княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі і сучасныя землі Беларусі - ды Кароны - Каралеўства Польскага.
 Алегорыя першага падзелу Рэчы Паспалітай.
| Трагічныя часы для паспалітае дзяржавы надышлі ў XVII-XVIII стагоддзях, якія ператварыліся для яе ў доўгі безвыходны ланцуг вайсковых няўдач. Быццам на смех, апошнія каралі Рэчы Паспалітай насілі пышнае імя Аўгуст, якое тлумачыцца словамі "велічны", "найяснейшы", "царственны". Але ў жыцці яны ўяўлялі сабою нікчэмныя бесхарактарныя цацкі - марыянеткі, што былі паслухмянымі ў руках палітычных гульцоў як у самой краіне, так і па-за яе межамі.
Доўгае караляванне Аўгуста II (1697-1733 гады), які ўвайшоў ў гісторыю з мянушкаю "Моцны", адзначалася бясконцай грамадзянскай вайной паміж шляхецкімі групоўкамі, якія ў барацьбе за ўладу знясільвалі і крывавілі Рэч Паспалітую, зрабіўшы яе прыемнаю і лёгкаю здабычаю для больш моцных суседзяў. Беларускія землі сталі галоўнымі падмосткамі шведска-расійскай (Паўночнай) вайны 1700-1721 гадоў.
Усё сваё панаванне кароль Аўгуст (саксонец паводле паходжання) бессаромна гандляваў незалежнасцю краіны, гаспадаром якой ён быў абраны выпадкова. Дзейнічаў пры гэтым, як старызніца, гідліва. Краіна, што месцілася ў самым цэнтры Еўропы, быццам скамянела ў летаргічным сне, які калі-нікалі ўзрываўся боем вайсковых барабанаў, гіканнем дзікіх паляванняў ды нікчэмнымі бойкамі. Сам кароль некалькі разоў кляўся ў вернасці Швецыі супраць Расіі, а потым Расіі супраць Швецыі. А напрыканцы жыцця нават прапанаваў прусакам ды аўстрыякам падзяліць Рэч Паспалітую, каб захаваць хоць нейкія кавалкі зямлі для свайго сына.
Аўгуст III (1733-1763 гады) ні на крок не адступіўся ад бацькоўскай "палітыкі" па разбурэнні дзяржавы. Біёграфы амаль не шукаюць прывабных слоў, калі пішуць партрэт гэтага манарха: "Тупы і заняпалы гультай, які займаўся толькі стрыжкаю паперы і стралянінаю ў сабак, Аўгуст быў няздатны для кіраўнічае дзейнасці". Пры ім зноў абвастрыліся сутычкі між заможнымі магнацкімі сем'ямі, дзяржаўны Сойм страціў апошнія прыкметы нейкай рэальнай улады, становішча насельніцтва краіны апусцілася да найкрытычнейшых адзнакаў, рыхтавалася глеба да інтэрвенцыі Аўстрыі, Прусіі і Расіі. Умяшанне замежных краін ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай магло азначаць толькі адно - канец дзяржаўнасці. Усім было зразумела, навошта на яе межах збіраліся прускія, аўстрыйскія ды расійскія войскі. Усім было вядома, чаго чакаюць гэтыя сотні тысяч узброеных чужынцаў.
Раптоўная смерць караля вызваліла пасад для пратэжэ расійскай імператрыцы Кацярыны II графа Станіслава Панятоўскага. Той атрымаў карону пад імем Аўгуста IV (1764-1795 гады). Галоўным аргументам пры абранні гэтага кандыдата  Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і Кацярына II - галоўныя "героі" падзелаў Рэчы Паспалітай.
| былі падсунутыя да ўсходніх межаў Рэчы Паспалітай расійскія арміі. У хуткім часе царыца адпісала кіраўніку Калегіі замежных спраў Мікіту Паніну: "Мікіта Іванавіч! Віншую Вас з каралём, якога мы зрабілі". А самому новаму каралю: "Гаспадар брат мой. Аднагалоснасць, што ўзносіць Вас на трон, даказвае ...свабоду выбару вашага народа ..." Што казаць, шэльма навука гэтая - "тонкая палітыка".
Для краіны часы Панятоўскага адзначаліся далейшым падзеннем у бездань. Вір зацягваў.Тройчы землі Рэчы Паспалітай дзяліліся паміж сквапнымі суседзямі.
1772 год. Пасля - 1793-ці. І яшчэ - дзевяноста пяты ... Пасля кожнага з іх тэрыторыя дзяржавы ўсё больш змяншалася, як шагрэневая скура, пакуль зусім не знікла з еўрапейскай карты.
Кожны новы падзел замацоўваўся адпаведнымі пагадненнямі. Галоўным ініцыятарам ганебных разбораў Рэчы Паспалітай заўсёды выступала Расійская імперыя, якая для пераканання выставіла тэзу сваёй "гістарычнай місіі" па ўратаванні праваслаўнага насельніцтва, што было заключана ў межы Польшчы. Маўляў, "истомившиеся под гнётом поляков православные" не шукаюць сабе іншае долі, як патрапіць з "гаршка паланізацыі ды на патэльню русіфікацыі" (словы Чэслава Мілаша).
За часы падзелаў Расійская імперыя дамаглася ўзяць сабе 483 тысячы квадратных кіламетраў ці больш за 63 працэнты ад усіх былых абшараў Рэчы Паспалітай.
Заканчэнне будзе.
Анатоль Бензярук
|