Браты Пуласкія

Казімір Пуласкі. Невядомы мастак XIX ст.
Казімір Пуласкі.
Невядомы мастак XIX ст.

Казімір Пуласкі (ахрышчаны 6.3.1745, г.Варшава - 11.10.1779). Удзельнік Барскай канфедэрацыі, палкоўнік. Ваяваў на Украіне, у чэрвені 1769 г. рушыў з войскам да Брэста і Кобрына. У Ламзах падначаліў сабе полк Ю.Беляка, у Сухой Волі - полк А.М. Карыцкага, пасля некаторыя іншыя часці войска ВКЛ. 6.7.1769 г. у 10-гадзіннай бітве перамог расійскія войскі пад в. Кукалкі каля Ваўкавыска. У Слоніме папоўніў сваю армію рыштункам і гарматамі. 12.7.1769 г. адбіў атаку на горад расійскіх войск, якія панеслі вялікія страты, але быў вымушаны пакінуць Слонім. Адмовіўся ад марша на Нясвіж і з мястэчка Мыш з баямі рушыў на Гродна. У гэты час яго войска вырасла да 4000 чалавек. Правёў баі з расійскімі атрадамі пад Моўчаддзю (16 ліпеня) і Дварцом. Пад Гродна перадаў камандаванне Ю.Сапегу і выехаў у Польшчу. Перамогі на тэрыторыі Беларусі зрабілі Казіміра найбольш аўтарытэтным дзеячам Барскай канфедэрацыі. У верасні 1769 г. арганізаваў новы паход на тэрыторыю Беларусі з Украіны. Каля Кобрына быў атакаваны 4 калонамі расійскіх войск і адышоў за Буг. У баях пад Арэхавам (13 верасня) і Уладавай (15 верасня) разбіты. У верасні 1770 г. яго войскі авалодалі ўмацаваным кляштарам у Чанстахове. У сувязі з замахам на Станіслава Аўгуста Панятоўскага канфедэраты рушылі ў кастрычніку 1771 г. да Варшавы, але разбіты пад Скарышэвам. У маі 1772 г. Казімір пакінуў Чанстахову і эміграваў у Саксонію, потым Францыю, Турцыю, вясной 1777 г. пераехаў у ЗША. У званні генерала кавалерыі арганізаваў там легіён з некалькіх соцень коннікаў. У сакавіку 1779 г. атрымаў перамогу над англійскім войскам пад Чарлстанам. Загінуў у час аблогі Саванны.

Атака аддзела канфедэратаў пад кіраўніцтвам К.Пуласкага ля сцен Чэнстаховы. Мастак Ю.Хельмоньскі
Атака аддзела канфедэратаў пад кіраўніцтвам К.Пуласкага ля сцен Чэнстаховы. Мастак Ю.Хельмоньскі.

Як нацыянальнаму герою ЗША яму пастаўлены помнікі ў Вашынгтоне, Саванне, Вест-Пойнце.

Францішак Ксаверы Пуласкі (26.11.1743 - 15.9.1769). Удзельнік Барскай канфедэрацыі з часу яе заснавання. Ваяваў на Украіне, у чэрвені 1768 г. выцеснены з атрадам у Турцыю. Пасля далучыўся да войска свайго брата Казіміра, у чэрвені-ліпені 1769 г. удзельнічаў у рэйдзе па тэрыторыі ВКЛ. З лагера пад Брэстам звярнуўся да К.Радзівіла з заклікам перадаць пад камандаванне канфедэрацыі свае войскі, але атрымаў адмову. 15.6.1769 г. выдаў універсал да жыхароў ВКЛ з заклікам змагацца супраць расійскага войска і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Арганізаваў мясцовыя канфедэрацыі ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме. У верасні 1769 г. прымаў удзел у 2-ім паходзе па тэрыторыі ВКЛ, у час адыходу загінуў пад Уладавай.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т.6