Радзівіл "Пане Каханку"
Радзівіл "Пане Каханку" - Караль Станіслаў Радзівіл (1734-1790), віленскі ваявода, сын гетмана Міхала, празванага "Рыбанька", і Вішнявецкай, адзін з найасаблівейшых прадстаўнікоў польскай магнатэрыі, якая на зыходзе XVIII ст. выраджалася. Валадар мільённага маёнтку, ардынат на Нясвіжы; не атрымаў адпаведнага выхавання, выхаваны ў саскім цемрашальстве, у дадатак да гэтага - удалечыні ад Варшавы, у якой нават у той час існавалі пэўныя культурныя асяродкі; не меў палітычных амбіцый, што дазволілі б яму адыграць значную ролю ў публічным жыцці. Таму, нягледзячы на тое, што браў удзел у Барскай канфедэрацыі, а напрыканцы жыцця быў нібыта (ці, хутчэй, небескарысліва) прыхільнікам патрыятычнага старонніцтва, якое праводзіла рэформы на Чатырохгадовым Сойме, гісторыя часоў Станіслава Аўгуста не мае што пра яго распавесці 1 .
Інакш выглядае пазіцыя князя "Пане Каханку" (як яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і пагарджанага караля - "худапахолка") у гісторыі старажытнай культуры нораваў. На гэтым фоне Радзівіл выглядае як найяскравейшы і найцікавейшы прадстаўнік сармацкай культуры, з якой асвета безвынікова змагалася. Да гэтага спрычыніліся такія фактары, як маёнтак, грамадзянская пазіцыя, але перш за ўсё - дзівацкая натура, у якой назіраецца шмат паталагічных рысаў, адзначаных хаця б Кітовічам, які пісаў пра эксгібіцыянісцкія схільнасці магната і вызначаў яму месца аднаго з найгалоўнейшых п'яніцаў саскай эпохі 2 .
Менавіта тыя ж п'яныя выбрыкі пана на Нясвіжы, цудоўна апісаныя ў Pamiatkach Soplicy (1839 г.) Г. Жэвускага, перш за ўсё кідаюцца ў вочы біёграфу князя. У апавяданнях, прысвечаных яму, льюцца рэкі віна, побач з імі плывуць струмені золата, якім Радзівіл шчодра аплачваў тых, каму сам наносіў крыўду. Княскія гулянкі мелі княскі размах і вырасталі з княскай фантазіі тыповага самадура, які побач з сабой, а тым больш над сабой, не прызнаваў нікога і нічога. Фантазія гэтая выражалася ў дробных авантурах, што здзяйсняліся ў таварыстве "альбенскай банды" - грамады забіякаў і п'яніцаў, але найбольш, мабыць, у апавяданнях пра ўласныя прыгоды, у тыповых прыдуманых анекдотах, якія князь "Пане Каханку" вельмі любіў і якімі частаваў без канца сваё атачэнне. Дзякуючы гэтаму, ён станавіўся польскім Мюнхгаўзенам, пра якога мог нават і чуць, паколькі абодва ілгуны жылі ў адзін час.
Партрэт Радзівіла дапаўняюць яшчэ два складнікі, якія надта розняцца паміж сабою. Першы - гэта саска-сармацкае ханжаства, не пазбаўленае, аднак, пэўных гумарыстычных рысаў. Другі, трагічна афарбаваны, - гэта апошнія гады нестарога яшчэ, хаця і разбітага разгульным жыццём чалавека, да таго ж і пад пагрозаю слепаты, супраць якой тагачасная медыцына не мела лекаў.
Усе гэтыя чыннікі прывялі да таго, што ўжо ў XVIII ст. пачынае складацца своеасаблівая легенда пра князя "Пане Каханку" як у вуснай традыцыі (у мнагатысячнай масе радзівілаўскіх кліентаў, што жылі ў ягоных маёнтках), так і ва ўспамінах мемуарыстаў, такіх, як Ахоцкі ці Нямцэвіч 3 . Легенда гэтая з часам увайшла ў літаратуру і спрычынілася да таго, што Караль Радзівіл стаў у ёй постаццю незвычайна папулярнай, постаццю, што будзіла ўяўленне найвядомейшых пісьменнікаў.
Сталася гэта каля 1840 г., калі - дзякуючы дасюль не высветленым чыннікам - пачалі ў нас жыва цікавіцца Барскай канфедэрацыяй і калі на хвалі гэтай зацікаўленасці пачалі з'яўляцца рамантычныя творы ў вершах і прозе. Стваральнікі і асноўныя прадстаўнікі падобнай літаратуры - Г. Жэвускі і В. Поль, а затым І. Ходзька і Ю. Крашэўскі - стварылі велізарную галерэю твораў, у якіх галоўным героем быў менавіта князь віленскі ваявода і яго прыгоды. У шэрагу гэтых літаратараў неабходна назваць Славацкага, які ў паэме і драме пра Бянёўскага не забыў і гратэскную постаць літоўскага магната. Уся гэтая вялікая галерэя твораў, сярод якіх, безумоўна, найкаштоўнейшыя - "Pamiatki Soplicy" Жэвускага і "Ostatnie chwile ksiecia wojewody" Крашэўскага (1875 г.) (першы - з-за эпічнага багацця падрабязнасцяў, другі - з-за рэльефнага паказу вельмі чалавечых і трагічных рысаў у жыцці Радзівіла), заслугоўвае літаратуразнаўчага даследавання, якога дасюль няма. Такое даследаванне праліло б святло на фальклорныя крыніцы радзівілаўскай тэмы, бо нясвіжскі ардынат трывала ўвайшоў як у прыказкі, так і ў анекдоты народныя.
Slownik folkloru polskiego pod redakcja
J. Krzyzanowskiego. Warszawa. - 1965.
1 Mycielski J. Ksiaze "Panie Kochanku" w swietle wlasnej korrespondencji. - Krakow, 1898.
2 Kitowicz J. Opis obyczajow za panowania Augusta III. - Wroclaw, 1951. S.461-463.
3 Частку мемуарных анекдотаў сабраў Р.Калета: Kaleta R. Anegdoty i sensacje obyczajowe wieku oswiecenia w Polsce. - Warszawa, 1958. S.107-136.
|