З Палессем звязаныя лёсы.
Матэвуш Бутрымовіч

"... Муж не толькі сваімі вартасцямі ў грамадстве прыемны, але, дзякуючы шырокім поглядам і дасканаламу розуму, прадставіў многія светлыя і выратавальныя для Радзімы меркаванні".

З успамінаў сучаснікаў



Восенню 1783 года было завершана будаўніцтва дарогі ад Пінска ў глыб Палесся, да Лапаціна. Далей меркавалася, што пасля пераправы праз Стыр гандлёвы люд разам са сваім дабром прадоўжыць рух на Валынь па ўжо існуючых гасцінцах. У спякотныя месяцы таго лета, калі балоты трохі падсохлі, сотні сялян нястомна працавалі, насыпаючы дарожную дамбу, на будаўніцтве мастоў. Гараджане, шляхта з блізкіх і далёкіх засценкаў спачатку са з'едлівымі насмешкамі аднесліся да задумкі пракласці сухі шлях па спрадвечных багнах.

Матэвуш Бутрымовіч
Матэвуш Бутрымовіч.

Але вось задуманае здзейснілася! У гонар заканчэння будаўніцтва дарогі, якая значна паскорыла зносіны паміж цэнтральнымі землямі Вялікага княства Літоўскага і паўднёва-ўсходнімі межамі Рэчы Паспалітай, было наладжана грандыёзнае свята: з ілюмінацыяй, артылерыйскімі салютамі, феерверкамі... Тая ж мясцовая шляхта, знакамітыя госці падымалі кубкі за здароўе і доўгія гады пінскага суддзі і мечніка Матэвуша Бутрымовіча, галоўнага, пры падтрымцы гетмана Вялікага княства Міхала Казіміра Агінскага, наладжвальніка новага тракта.

Так ужо склалася, што М.Бутрымовічу не давялося, як яго легендарнаму продку, удзельніку Грунвальдскай бітвы рыцару Бутрыму, празванаму "ўпартым чалавекам", вызначыцца на ратным полі. Шляхецкі род Бутрымовічаў здаўна жыў на Вялікакняска-Польскім паграніччы. Ёсць падцверджэнне таму, што герб "Сякера" (у чырвоным полі шчыта змешчана баявая сякера) быў здабыты для роду маршалкам Бутрымам у 1413 г. З канца XV стагоддзя Бутрымовічы ўпамінаюцца ў Жмудзі. Сям'я бацькі будучага падстарасты пінскага пражывала ўжо на Ваўкавышчыне. Матэвуш нарадзіўся ў 1745 г. Вучыўся ў школе пры пінскім езуіцкім калегіуме, а пасля яе заканчэння, як і большасць юнакоў яго кола, паступіў на ваенную службу. Там Матэвуш сваёй сумленнасцю і стараннасцю звярнуў на сябе ўвагу М.К. Агінскага, які ўзяў юнака пад асабістую апеку. У гэты час гетман аднаўляў свай уплыў у дзяржаве пасля апалы за ўдзел у антырускай канфедэрацыі. Пад уплывам ідэй асветы Міхал Казімір снаваў смелыя планы па добраўпарадкаванні краю. Ён шукаў верных паплечнікаў, якім давяраў свае смелыя мары і, выдаткоўваючы немалыя сумы грошаў, даручаў ажыццяўленне грандыёзных задумаў.

Кар'ера вайскоўца Бутрымовіча аказалася нядоўгай. Даслужыўшыся да капітанскага звання, ён у 1778 г. пачынае актыўную грамадскую дзейнасць, займае спачатку ганаровыя пасады канюшага, а затым мечніка пінскага, а з 1783 г. становіцца суддзёй гродскім. Зменам, з добрай парады Агінскага, пэўна, магла пасадзейнічаць і жаніцьба (не пазней за 1774 г.) з Хрысцінай Лях-Шырмай. Яе род яшчэ "ад часоў Вітаўта" асеў на Палессі, меў пад Пінскам немалыя валоданні, частку якіх Хрысціна і атрымала ў пасаг. Тым не менш, мужу і жонцы было адмоўлена на ўласнасць усяго Лапацінскага ўдзела. Судовы працэс, які пачаўся па гэтай справе, завяршыўся ў 1778 г. на карысць Бутрымовічаў. Тады ж Матэвуш канчаткова ўладкоўваецца з сям'ёй у горадзе над Пінай і пры падтрымцы свайго патрона пачынае вялікія пераўтварэнні ў гандлёвых адносінах цэнтральнапалескага рэгіёна. У першую чаргу, патрэбны былі добрыя дарогі, водныя камунікацыі.

Пракладка "горнаўскай грэблі" (1783 г.), завяршэнне так званага Агінскага канала (1767-1783 гг.) "коштам маёнткаў гетмана ў Лагішыне", Прыпяцка-Мухавецкай воднай сістэмы (канец XVIII ст.), якая паклала пачатак цяперашняму Днепра-Бугскаму каналу, не абыходзілася без удзелу М. Бутрымовіча як аднаго з непасрэдных арганізатараў работ. "Практычна ўсё, што застаецца звыш жыццёвых патрэб, - сказаў ён некалькі пазней з пэўнай доляй іроніі, - закопваю ў зямлю ці кладу ў будову". Сродкі ад арэнды палескіх валоданняў Агінскага, даход кіраўніка справамі айцоў-езуітаў так ці інакш накіроўваліся на фінансавую падтрымку разгорнутага будаўніцтва. Усё рабілася якасна, надзейна, з перспектывай. Напрыклад, той жа Валынскі тракт эксплуатаваўся без рамонту больш за дваццаць год.

Па тых часах "здаць аб'ект пад ключ" азначала правесці шыкоўнае відовішча ў прысутнасці знакамітай асобы. І тут рэфарматар Палесся быў на вышыні...

Звёўшы да 1784 г. у адзіную сетку гандлёвыя шляхі, Бутрымовіч павінен быў даць справаздачу аб зробленым. Вясной па вялікай вадзе ў Варшаву адправілася невялікая флатылія з палескім мёдам, сушанымі грыбамі, рыбай, воскам... Яе з'яўленне ў сталіцы выклікала сапраўдную сенсацыю. На прыбыўшых "індзейцаў" вырашыў паглядзець нават кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які застаўся задаволены як прывезеным таварам, так і станам дзесяці судоў, што, па-сутнасці, упершыню дайшлі па канале з Піны ў Мухавец і Віслу. У гонар падзеі быў выбіты памятны медаль, а дзённік з дакументамі ўзяты на захаванне ў каралеўскі архіў. Далей Бутрымовіч пабываў у Гданьску і спешна вярнуўся ў Пінск, дзе патрэбна было рыхтавацца да сустрэчы з "Найяснейшым Панам".

... Кароль са світаю сабраўся ў Вялікае Княства. Мэтаю яго падарожжа было Гродна, дзе меўся адбыцца сойм. Аднак, карыстаючыся нагодаю, Станіслаў Аўгуст вырашыў наведаць і іншыя вялікакняскія гарады, і ў тым ліку Пінск. У горадзе над Пінаю ён затрымаўся з 7 па 9 верасня 1784 г.

У трывожны час для дзяржавы і самога караля адбываўся гэты візіт. Згушчаліся хмары на палітычным небасхіле. Матэвуш Бутрымовіч, адказны за прыём Станіслава Аўгуста, усяляк спрабаваў развеяць ягоныя сумныя думкі, падкрэсліваў неабходнасць далейшага эканамічнага пад'ёму Палесся, прадставіў схемы рэк і каналаў Піншчыны, а таксама планы пракладкі новых шляхоў зносін, падрыхтаваных геаметрам і каморнікам Юліянам Краскоўскім. Пінску была абяцана дзяржаўная падтрымка для працягу пачатых работ, а падарожныя на Валынь вызваляліся ад грашовага дарожнага збору тэрмінам на чатыры гады.

У маёнтку Бутрымовічаў Крысцінава (паблізу вёскі Лапаціна) караля, па яго далейшым прызнанні, чакаў цуд. У цэнтры бясконцых балот, дзе нават нельга было б падумаць аб прысутнасці цывілізацыі, позірку паўстала добраўпарадкаваная сядзіба, акружаная садам. Нязначны перапад паміж землямі ў поймах Стыры і Прыпяці ствараў магчымасць рэгуляваць сезонны водны рэжым на адгароджанай грэбляй тэрыторыі. Праз шлюзы-рэгулятары паводку адводзілі да вярхоўяў ручаёў, якія ўпадалі ў Прыпяць, а летам водны паток стрымліваўся плацінай на Стыры і падаваўся на арашаемыя землі; шлюзы пры гэтым закрываліся. Цячэнне ракі прыводзіла ў рух млын. Па галоўным канале з дапамогай комплекса гідратэхнічных збудаванняў невялікія судны маглі падыходзіць непасрэдна да сядзібнага дома. А ад яго водны шлях ляжаў да самай Балтыкі!

Рэшткі той меліяратыўнай сістэмы (зараз адзіна вядомага польдэра XVIII ст. на Палессі), Крысцінаўскія ставы, і сёння можна знайсці на поўнач ад вёскі Лапаціна, захаваліся і некалькі кіламетраў "бутрымовіцкай дамбы" - "вала", як кажуць палешукі. Стары тракт, які пачынаўся насупраць Каралінскай прыстані ў Пінску (спуск да Піны з сучаснай вул. Савецкай), да Лапаціна зараз можна прасачыць толькі ад вёскі Горнава. Мясцовыя жыхары карыстаюцца гэтай, вядома ж, шматразова абноўленай, дарогай. Калі адправіцца ў паездку па ёй, можна ўявіць на ўскраіне вёскі Хлябы сустрэчу Аўгусцейшай асобы з яе старажыламі, а побач з урочышчам Засаддзе знайсці старыя сядзібныя сажалкі, дзе паляваў на качак сам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Непасрэдна ў горадзе напамінам аб Бутрымовічу з часоў прыезду караля застаўся Пінскі палац ці Палац Бутрымовіча, які меў назву "Мур". Суддзя гродскі вельмі спяшаўся закласці сваю рэзідэнцыю да гэтага візіту. Месца, выбранае пад будаўніцтва ў непасрэднай блізкасці ад старога аплыўшага абарончага рова, які пралягаў у прыроднай нізіне, аказалася не зусім удалым. У катлаван сталі паступаць грунтовыя воды. Фундамент умацавалі дубовымі палямі і драўлянымі калодамі і ўжо на іх працягввалі ўзводзіць усе канструкцыі. У дзень ад'езду найзнатнейшага госця ў падмурак будучай пабудовы быў укладзены адпаведны надпіс. Палац, які будаваўся на працягу дзесяці год па праекце віленскага архітэктара К. Шыльдхаўза ў імправізаваным стылі пераходнага перыяду ад барока да класіцызму, да 1933 года знаходзіўся ва ўласнасці Бутрымовічаў-Скірмунтаў. У ім захоўваліся сямейныя рэліквіі, архіў, разрабаваныя ў першую сусветную вайну.

Рэформы, распачатыя ў Рэчы Паспалітай у галіне адукацыі, права, пэўныя эканамічныя змены не змаглі пераадолець зацяжны палітычны крызіс. Практычна пазбаўлены "фанабэрыстай шляхецкай вольніцай" уплыву, кароль "шукаў апоры ў чужаземных дварах". У выніку дзяржава, якая цяжка перажыла ў 1772 г. першы падзел, бліжэй да зыходу XVIII ст. апынулася на парозе яшчэ больш катастрафічных змен. Ні прыхільнікі абсалютнай манархіі, ні ганарыстыя паны ўжо не маглі выратаваць становішча. Толькі людзі, якія ведалі, што за агульным дабрабытам перш за ўсё стаяць кардынальныя эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні, пачуццё здаровага патрыятызму, спрабавалі ўплываць на абставіны ў дзяржаве, лёс якой павінен быў вырашыць сойм 1788 года.

Палац Бутрымовіча ў Пінску. Сучасны выгляд. Фота В.Ільянкова
Палац Бутрымовіча ў Пінску. Сучасны выгляд. Фота В.Ільянкова.

Дэпутатамі ці, як тады называлі, пасламі ад Пінска на вышэйшы прадстаўнічы орган былі абраныя падстараста (1785 г.) М. Бутрымовіч і падстолі, пісар гродскі П. Шырма. Яны ехалі ў Варшаву з інструкцыямі пінчукоў, якія наказвалі праяўляць павагу і адданасць каралю, прыкласці максімум намаганняў і клопатаў да памнажэння багаццяў краю.

Апыніўшыся ў цэнтры палітычных падзей, М. Бутрымовіч самым сур'ёзным чынам заняўся справамі на карысць Айчыны. Ён у многім адчуваў "прыхаваную ад іншых сувязь падзей і разумеў, што такое гістарычная неабходнасць". Нават праз стагоддзі цяжка ўявіць усю шырыню яго дзейнасці. Гэта і распрацоўка складаных эканамічных пытанняў, у тым ліку фарміраванне бюджэту, спагнанне падаткаў, мыта, праверкі дзяржаўных, у першую чаргу фінансавых, устаноў; праца ў камісіях і падрыхтоўка рашэнняў па самым шырокім коле праблем: эканамічных, вайсковых, нацыянальных, рэлігійных. Памятаючы аб наказах, пасланец ад Пінска прапанаваў свае рэкамендацыі па далейшым будаўніцтве і эксплуатацыі Мухавецкага канала, а таксама наладжванні водных зносін па рэках Гарынь і Случ, адстойваў патрэбнасць з'яўлення ў горадзе над Пінай добра абсталяванага порта.

Вялікую вядомасць атрымаў Бутрымовіч, унёсшы на разгляд сойма прапанову "далучыць яўрэяў да мяшчанскага стану", у якой прадугледжваліся крокі, накіраваныя да лібералізацыі ўнутранага жыцця яўрэйскіх адшчын. Гэтая прапанова мела на мэце дасягненне грамадзянскага адзінства "паспалітага люду".

Кагалы канцэнтравалі ў сабе значную частку таварна-грашовага абароту краіны. Аднак іх унутранае жыццё працякала вельмі ізалявана. Насельніцтва цэлых кварталаў гарадоў і мястэчак не брала ніякага ўдзелу ў справах дзяржавы. У тым жа Пінску існаваў як бы другі горад - хасідскае прадмесце Каралін, якое сапернічала з асноўным пасяленнем у прадпрымальнасці сваіх жыхароў. Без сумніву, можна сцвярджаць, што асабістыя партнёрскія адносіны паміж Матэвушам і мясцовымі яўрэйскімі абшчынамі пабудзілі яго пачаць рэформы ў "яўрэйскім пытанні", стаць абаронцам людзей Торы і Талмуда. Такім Бутрымовіч увайшоў у раман Элізы Ажэшкі "Мейр Езофавіч".

Купец Герш Езофавіч, які шукаў справядлівасці, пачуўшы аб красамоўным паборніку раўнапраўя і адукацыі польскіх яўрэяў, прыехаў да яго.

"... Ці не казалі вы, ясны пан, што патрэбен вечны мір паміж нашымі двума народамі, якія жывуць на адной зямлі і пастаянна маюць варожасць паміж сабою?

- Казаў, - пацвердзіў дэпутат.

- А яшчэ ці не казаў ясны пан, што яўрэй, калі яго ва ўсім ураўняюць з хрысціянамі, ніколі не будзе ім ворагам?

- Казаў..."

За вялікія заслугі перад Айчынай М. Бутрымовіч быў узнагароджаны Ордэнам Святога Станіслава (1791 г.) і Ордэнам Белага Арла. Ягонае імя згадвалася разам з такімі вядомымі імёнамі, як Патоцкі і Калантай, Машынскі і Нямцэвіч... Ён заставаўся перакананым прыхільнікам Канстытуцыі 3 Мая 1791 года, якая замацавала заканадаўчую ўладу за двухпалатным соймам, што прымаў рашэнні большасцю галасоў, а выканаўчую - за каралём. Аднак незадавальненне прыхільнікаў старых шляхецкіх прывілегій, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны замежных дзяржаў прывяло ў 1793 годзе да новага падзелу Рэчы Паспалітай. Няўдачай скончылася і нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

"...Разваліўся вялікі будынак... і бэлькі знішчылі ўсе нашы вялікія надзеі і працу", - з горыччу вымавіў адзін з герояў Элізы Ажэшкі.

Пасля роспуску сойма дакладныя звесткі пра М. Бутрымовіча знікаюць. На адваротным баку пліты, калісьці ўсталяванай ў гонар закладкі Крысцінава (цяпер знаходзіцца ў Музеі Беларускага Палесся), маецца надпіс, зроблены па заказе М. Бутрымовіча ў памяць памерлых слуг: кухара Лявона Ажахоўскага і наглядчыка стайняў Яна Кучэўскага. Былы пасол у пачатку XIX стагоддзя жыў на Піншчыне. У 1810 годзе ў Вільні памірае яго старэйшы сын Ксаверый (нарадзіўся ў 1777 г.). На гэты год прыходзіцца і магчымая дата смерці бацькі. Па інфармацыі Агульнай энцыклапедыі Оргельбранта, якая выйшла ў свет у Варшаве ў 1859-1868 гг., Бутрымовіч ужо ў 1810 г. не значыцца ў спісах жывых кавалераў Ордэна Станіслава. Па іншых агульнапрынятых звестках, Матэвуш памёр яшчэ праз чатыры гады ці нават у першых днях 1815 года. Што тычыцца смерці Хрысціны Бутрымовіч, то вядома, што яна не менш чым на тры гады перажыла мужа.

У студзені 1838 года Мінскі дваранскі дэпутацкі сход прызнаў Бутрымовічаў у "дваранскім званні...". Адзіная дачка Бутрымовічаў Юзэфа (1775-1859 гг.) выйшла замуж за Міхаіла Орду і стала маці знакамітага мастака, аўтара гістарычных пейзажаў і музыканта Напалеона Орды. Дзве яго сястры парадніліся з не менш вядомымі палескімі землеўладальнікамі, рупліўцамі на ніве культуры, прадпрымальнікамі Скірмунтамі. Іх нашчадкі па сястры Напалеона Гартэнзіі, займаліся пераважна грамадскай дзейнасцю, мастацтвам, і яны заслугоўваюць не меншага гонару, чым іх прадзед. З унучкай Гартэнзіі - Канстанцыяй Скірмунт (памерла ў 1934 г.) - згаслі ў Пінску традыцыі гэтага слаўнага роду. Ёсць успамін, што да 1939 года ў горадзе пражывалі Бутрымовічы па лініі малодшага сына Матэвуша - Рычарда (1779-1862 гг.) - суддзі Пінскага павета. Братам яго жонкі Феліцыі быў Антоній Радзевіч, унучкай якога стала пісьменніца Марыя Радзівічуўна...

І сёння пінчукі, глыбока паважаючы і шануючы памяць пра свайго земляка, рупліва збіраюць звесткі пра ягоны жыццёвы шлях. І як самае высокае прызнанне нашчадкаў гучаць іхнія словы: "Немагчыма перабольшыць высокіх маральных якасцяў Матэвуша Бутрымовіча. Прысвяціўшы сябе служэнню роднай Піншчыне, гэты высакародны і працавіты чалавек на ўсе часы застаўся нашым ганаровым гараджанінам".

Вячаслаў Ільянкоў.

Ад рэдакцыі. Маёнтак Крысцінова Ксаверыя Рышардавіча Бутрымовіча быў прададзены за даўгі ў 1872 г. Парфірыю Чайкоўскаму.