Запаветы Касцюшкі
Парасон і "фунты штэрлінгаў"
1847 год, Вашынгтон, акруга Калумбія, ЗША
Учарашні пудзінг, панове, бывае лепшым за свежанькую газетку! Таму не чытайце, шаноўныя, не чытайце прэсу за снеданнем. Пашкадуйце свой страўнік...
Пасол Аляксандр Андрэевіч Бадзіска парушыў гэтае правіла. І цяпер прыбываў у настроі прыгнечаным і раздражнёным. Рукою гідліва, бы жабу, адкінуў са стала стос мясцовых газет. Тыя веерам зляцелі пад ногі. Ён злаваўся на пранырлівых газетчыкаў: адкуль у іх гэткія нюх і спрыт?
 Мемарыял Касцюшкі ва Уэст-Поінце, Філадэльфія, ЗША
| Нью-йорскія выданні здзекліва галасілі з першых палос: "Рускі пасол Бадзіска ўчора быў ашэльмаваны на вуліцы Нью-Йорка нейкім маладым чалавекам, які прыехаў з далёкай Расіі, каб дамагчыся праўды па справе аб завяшчанні памёрлага генерала Касцюшкі"...
Якая хвастатая чарада выстраілася за гэтымі далярамі і "фунтамі штэрлінгаў!" І кожны такі "шукальнік скарбаў" цягнецца з канца свету на прыкорм! Едуць, пішуць, а цяпер нават парасонам "дамагаюцца праўды"...
Колькі іх ужо было, гэтых прасіцеляў ля парога, што канькаюць: "Дай грошык, пазалаці ручку!!"... Здаецца, ужо шаснаццаць спадкаемцаў - шукальнікаў шчасця са Швейцарыі, Беларусі і Злучаных Штатаў знайшлося на Касцюшкаву спадчыну. Шаснаццаць! У бяздзетнага генерала...
Крывая ўсмешка з’явілася на вуснах Бадзіскі:
Семь спорят городов
О дедушке Гомере,
В них милостыню он
Просил у каждой двери...
Адкуль пайшла гэтая навала? Як разблытаць перакручаныя ніткі, што звіліся ў каўтун?
Касцюшка жыў надзвычай аскетычна. Гэтую звычку набыў яшчэ ў вучэльні, дзе сябры клікалі яго Шведам (падобна ваяўнічаму каралю Карлу Шведскаму пан Тадэвуш сурова трэніраваў для будучых падзвігаў дух і цела). Часам нават падавалася, што генерал зусім абыякавы да залатога цяльца. Стомленае ягонае сэрца прыпынілася а дзесятай гадзіне вечара 15 кастрычніка 1817 года. Ён памёр у ціхім швейцарскім краі - у Салюры, заціснутым між гор. Дачакаўся старасці, хоць і не аднойчы браў удзел у крывавых бітвах Старога і Новага Свету. Па рубцах-адметках на ягоным целе можна было вывучаць геаграфію далёкіх паходаў.
Двойчы пазнаў у жыцці палкае каханне, але так і не склаў па цаглінках сямейнага шчасця. Ад прыроды быў насычаны талентамі, але ў рэальнасці развіў толькі адзіны - вайсковы. (Відаць, ягоны неспакойны час патрабаваў менавіта гэтага)... Але што было, тое мінула, канула, бы камень у ваду. Пасля сябе Касцюшка не пакінуў родных дзяцей. І сведкамі яго адыходу сталі дзеці чужыя. Пра іх генерал таксама паклапаціўся неўзабаве да смерці, чым канчаткова заблытаў і без таго складаную сітуацыю. Паперкі-завяшчанні птушкамі разляцеліся па зямлі, збіраючы спадкаемцаў з усяго свету...
Пасол адчуў, як невыносна пачынае трызніць галава, як колецца яна, быццам арэх пад кувадлам... Ізноў жа, непатрэбная шуміха, узнятая ў чужынскіх газетах, расплываецца тлустай плямінай па мундзіры. Ужо нехта з падначаленых, мо ў суседнім пакоі, скрыпіць пяром, строчыць кляўзу ў сталіцу. І абавязкова вынятку з амерыканскай газеткі паслужліва прыложыць, і, канешне, старанна перакладзе, каб вышняе начальства без перашкодаў прачытаць магло: "Рускі пасол Бадзіска ўчора..." Парасонам яму! Парасонам тычка даць, а даносікам дабіць!
Аляксандр Андрэевіч цану гэтаму добра ведае. Яшчэ з часоў смуты восемсот дваццаць пятага года, калі браты Бадзіскі далучыліся да тых, хто выйшаў на Сенацкую плошчу. І затрашчала тады кар’ера Аляксандра Андрэевіча, падточаная кляўзамі. Здавалася: усё! Справа швах! Перарэзала жыццё напалам і ўжо не падняцца ніколі... ды толькі быў "прощён высочайше". Не кінулі ў смярдзючы астрог з пацукамі і тыфусам, не паслалі пад шалёныя кулі каўказцаў, нават з міністэрства замежных спраў не выставілі, хоць і прасоўванне па лесвіцы наверх трохі замарудзілася. Але ж утрымаўся, ад бездані адпоўз і пайшоў у рост. Спачатку выконваў місію ў Стакгольме, за што ласку царскую не аднойчы зведаў: высокія ўзнагароды меў - Ганну на шыю, святога Уладзіміра трэцяй ступені на грудзі, а побач - ужо красаваўся ордэн святога Станіслава з зоркаю. Нарэшце, 16 сакавіка 1837 года прызначаны Аляксандр Андрэевіч надзвычайным пасланнікам і ўпаўнаважаным міністрам пры Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатах.
Ягонае прызначэнне ўсе прынялі з надзеяю, занадта ўжо няўдалымі былі папярэднікі Бадзіскі, справы вырашаліся бы мокрае гарыць. Ой, як трэба было ўдыхнуць новае жыццё ў адносінах між Пецярбургам і Вашынгтонам. І асоба новага пасла для гэтай ролі выдатна падыходзіла.
Бадзіска хутка ўвайшоў у справы. Узяў шлюб з амерыканкаю, ладзіў вялікасвецкія абеды, пра якія гаварыў увесь Вашынгтон, праславіўся ветлівасцю, гасціннасцю і цудоўнымі манерамі. Усё здавалася простым і лёгкім.
І толькі адное тырчала косткаю ў горле: ад сваіх папярэднікаў Бадзіска атрымаў у спадчыну невырашальную справу аб амерыканскім запавеце Тадэвуша Касцюшкі. За трыццаць гадоў яна зусім ужо пераспела і патрабавала неадкладнага вырашэння.
...Адкуль усё выцякала-пачыналася?
Аляксандр Андрэевіч адкрыў ёмістую справу, адгарнуў пажоўклыя ўжо лісты і пачаў няспешна перабіраць іх. Старонку за старонкай, абзац за абзацам. І словы павольна складаліся ў гісторыю...
Чорныя літары на белай паперы
1798 год, Філадэльфія, часовая сталіца ЗША
5 мая Тадэвуш Касцюшка знік.
Засталіся толькі ініцыялы "Т.К.", заплеценыя ў вензель. Пашпарт быў выпісаны на іншага "Т.К." - нікому невядомага Томаса Канберга. Ад’езд, ахутаны тайнаю, нагадваў паспешлівыя ўцёкі.
Спадарожны вецер падхопліваў фрэгат, напінаў лёгкія ветразі. І з кожнаю хвілінаю аддаляўся некалі ветлівы амерыканскі бераг. І расставанне тое было ўжо назаўсёды...
А ўсяго толькі восем месяцаў назад усё было зусім інакш...
Сем гадоў Касцюшка змагаўся за незалежнасць гэтай зямлі. Па ягоным праекце мацавалася абарона Філадэльфіі, будавалася крэпасць Уэст-Поінт. Зачараваныя амерыканцы клікалі яго Героем Новага Свету, Багатыром Дзвюх Кантынентаў.
 Джордж Вашынгтон
| Успаміналіся яркія сустрэчы з лідэрам амерыканскай рэвалюцыі Джорджам Вашынгтонам.
"Хто ты?" - спытаўся ён пры знаёмстве.
"Касцюшка".
"А што можаш?"
"Прыбыў сюды, каб даведацца на што здатны!"
Пасля перамогі (напрыканцы 1783 года) сярод сваіх сяброў па зброі пан Тадэвуш прысутнічаў на ўрачыстасцях у Нью-Йорку. Пасля палымянай прамовы ўсхваляваны Вашынгтон зышоў з трыбуны, каб вітаць аднадумцаў.
"Сябры мае! Ад усяго сэрца віншую Вас са свабодаю, якую мы здабылі разам...Вас шмат, вельмі шмат. Таму не магу кожнага з Вас заключыць у свае абдымкі. Таму лічыце, што, прыціскаючы да сябе Касцюшку, я прыгарнаю да сэрца свайго кожнага з Вас!" І на вачах генерала выступілі вялікія слёзы радасці. І ўсе выгукнулі: "Віват!" І гарматы рыкнулі з жэрлаў у вечаровае неба грозна-ўрачыстым шматкаляровым салютам.
Мінула пятнаццаць гадоў. Было паўстанне 1794 года на землях Рэчы Паспалітай, узначаленае Касцюшкам. Паражэнне, раны, палон. Адчыніліся вароты пецярбуржскай вязніцы. Вызваленага Касцюшку з трыумфам сустракала Еўропа. Праз Фінляндыю і Швецыю ён дабраўся да Вялікай Брытаніі. Лонданскія лекары агледзелі ягоныя раны. У Брыстолі генерала гасцінна прыняў у сваім доме амерыканскі консул Эліас Вандэрхорст - даўні сябар з Паўднёвай Караліны. Брыстольцы падаравалі госцю цудоўнейшы сталовы сервіз. "Сябры Свабоды з Брыстолю - галантнаму Касцюшку,"- быў надпіс на дарунку. Яшчэ прадстаўнікі партыі вігаў паднеслі герою элегантную шаблю, упрыгожаную камянямі і золатам.
А ўжо праз два месяцы тое ж паўтарылася на другім баку акіяна. Філадэльфійцы лікавалі: славуты Касцюшка назваў Злучаныя Штаты сваёю другой радзімаю! Ён адчувае сябе бязмежна шчаслівым, бо вярнуўся на зямлю, дзе жыве Свабода!
А далей адбылося зусім неверагоднае. Гараджане выпраглі коней з касцюшкавай карэты і самыя павезлі яе! Наступным днём мясцовая газета заўважыла: "Падобнага гонару не было аказана яшчэ ніводнаму прэзідэнту."
 Томас Джэферсан
| Блізкі знаёмец Касцюшкі віцэ-прэзідэнт ЗША Томас Джэферсан адным з першых вітаў вяртанне героя на амерыканскую зямлю.
...Усё гэта пазней саслужыла нядобрую службу.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джон Адамс, наступнік Вашынгтона, поўны пыхі і падазронасці, быў на нажах са сваім віцэ-прэзідэнтам.
Некалі яны былі прыяцелямі. Калі Джэферсан стварыў Дэкларацыю незалежнасці, Адамс бараніў яе перад Кангрэсам. Але потым яны разышліся, бы крыгі, расколатыя вясновым цяплом...Счапіліся ў схватцы за прэзідэнцкае крэсла. Барацьба праходзіла з бруднымі нападкамі з абодвух бакоў. Адныя абзывалі тоўстага Адамса Яго Пухласцю і бэсцілі як манархіста. Другія клікалі Джэферсана французскім шпіёнам і амаральным тыпам.
Перамог Адамс. З перавагаю ў тры галасы! Джордж Вашынгтон спрабаваў дабіцца "замірэння". На інаўгурацыі Адамса старыя дзеячы рэвалюцыі ў апошні раз сядзелі побач: у цэнтры - новы гаспадар яшчэ недабудаванага Белага Дома, апрануты ў мышыны каптан, - прэзідэнт №2. Праваруч ад яго паселі генерал Вашынгтон, прэзідэнт №1, увесь у чорным, і Джэферсан, апрануты ў сіні касцюм (праз чатыры гады яму будзе наканавана змяніць Адамса і стаць трэцім прэзідэнтам Злучаных Штатаў)...Напудраныя парыкі, нацягнутыя ўсмешкі, няшчырыя словы.
Хутка ілюзіі расталі. Чатыры гады прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт не размаўлялі. На дух не цярпелі адзін аднаго! Цяпер стала яшчэ выразней бачна, наколькі розныя гэта людзі: кансерватар і вольнадумец, тоўсты і тонкі, пурытанін Адамс і лавелас Джэферсан. Гэтае ўпартае суперніцтва цягнулася да канца - да апошняй хвіліны.
Паміраючы 4 ліпеня 1826 года, Адамс, уедлівы стары, шкадаваў толькі аб адным: "А Томас Джэферсан яшчэ жывы".
Аднак, памыліўся. У гэты самы дзень (як гуляе з людзьмі лёс!) адышоў у іншы свет і ягоны колішні сябар-супраціўнік. "Сёння чацвёртае?"- ледзь вымавіў Джэферсан і быў шчаслівы, што дачакаўся пяцідзесятых угодкаў Дэкларацыі незалежнасці.1
...Аднак сёння іншы дзень і іншы расклад у палітычным пасьянсе. Сёння 5 мая 1798 года. Знік Касцюшка.
Пад улюлюканне натоўпу і бой барабанаў Адамс рыхтуе абрынуць на галовы сваіх праціўнікаў "Закон аб іншаземцах."
"Краіна ў небяспецы! Паўсюды шпіёны! - б’юць баявыя бубны. - Іншаземцы - прэч! Прэч! Прэч!"
Касцюшка разумее: амністыі не будзе нікому. Праз Джэферсана ён даводзіць да французскага пасла аб сваім жаданні вярнуцца ў Стары Свет. Патаемна рыхтуюцца паперы на ад’езд. Застаецца нявырашанай яшчэ адна справа. Менавіта тады на белай паперы з’яўляюцца чорныя літары. Нараджаецца першы запавет генерала Касцюшкі: "...гэтым сведчу і пастанаўляю: у выпадку, калі потым я не распараджуся ў маім тэстаменце інакш сваёй уласнасцю, што знаходзіцца ў Злучаных Штатах, то даручаю майму сябру Томасу Джэферсану цалкам выкарыстаць гэтую маёмасць на выкуп неграў..., на навучанне іх рамёствам або іншым навукам, на выхаванне ў іх маральных якасцяў, якія дапамогуць ім стаць добрымі суседзямі, добрымі бацькамі і маткамі, мужамі і жонкамі, на выхаванне ў іх сумленнага стаўлення да грамадзянскіх абавязкаў і перад усім - да абароны сваёй свабоды, сваёй краіны і добрага грамадскага парадку, на іх выхаванне ва ўсім, што можа зрабіць іх шчаслівымі і карыснымі".
Гэтыя чорныя літары, складзеныя белым чалавекам, раптам паўсталі ў абарону чорнаскурых амерыканцаў. Неверагодна. Але - факт!
Субмарына і царскі дар
1796 год, Санкт-Пецярбург, расійская сталіца
І перад тварам смерці вялікая Кацярына пагражала магутным сваім кулаком ворагам. Незадаволеная "несправядлівым" падзелам Рэчы Паспалітай, пры якім Расія атрымала частку, але не ўсё, царыца абяцала кузену свайму прускаму каралю "спусціць на яго Касцюшку", каб той ускалыхнуў палякаў на новы гнеўны бунт.
У некаторых зусім адчайных галовах часам нараджаліся самыя фантастычныя "пражэкты" наконт выратавання героя. Нейкі вынаходнік нават пачаў майстраваць падводную лодку, каб тайна на ёй падысці да Касцюшкавай турмы, выкрасці генерала і дараваць яму свабоду.
Аднак нечакана свабода прыйшла з іншага берага. З Зімняга палаца. Наверагодным бывае вецер перамен!
Яшчэ не вычарпаўся да донца год 96-ы, як грозная ўладарыня Кацярына Другая сышла раптоўна ў магілу. І трон вялізнай імперыі атрымаў яе нялюбы сын Павел Пятровіч. А гэты Рускі Гамлет даўно марыў адпомсціць маці за смерць бацькі і сваё ўласнае прыніжэнне.
Касцюшкаў сябар і ад’ютант Юльян Урсын-Нямцэвіч пра пачатак новага царавання хлёстка зазначыў: Павел пачаў кіраваць вялізнаю дзяржаваю, быццам "п’яны фурманшчык сваёю фурманкаю". І "фурманшчык" рэзка пачаў паварочваць і ўздымаць на дыбкі Расію, а любімцаў мінулай эпохі палохаць дыбаю. Ён жадаў нават сам кацярынінскі дух выгнаць з хорамаў. І гнуў, і ганіў усё, чым ганарылася нябожчыца. Вяльможы, набліжаныя да кацярынінскай рукі, цяпер адчувалі "остужу", і новыя царадворцы занімалі цяпер месца ля камінаў. (Вядома, гэтак у палітыцы заўсёды: толькі мяняецца гаспадар на самым высокім крэсле, як ужо і на крэсліцах - новыя гаспадарыкі!).
Князь італійскі - знакаміты Аляксандр Сувораў-Рымнікскі адным з першых "меў гонар адвітацца", хоць і быў гатовы ваяваць нават у "Японі" за вялікадзяржаўную справу2. Аляксандр Васільевіч, які прыдбаў фельдмаршальскую зорку на пагоны за Варшаву, мірна-ціха быў сасланы ў вясковую цьмутаракань, пісаць мемуары ўдалечы ад двара.
А вораг сувораўскі Т.Касцюшка раптам, наадварот, патрапіў пад высокую амністыю.
Толькі дзевяць дзён мінула, як памерла Кацярына Вялікая, а невялічкі яе сын ужо шпацыраваў у Мармуровы палац, каб уласнаручна аддаць пану Тадэвушу афіцэрскую шаблю і абвясціць пра ягоную свабоду. Кажуць, прыхільнасць і сімпатыя цара былі абумоўлены нават нейкім знешнім падабенствам яго з Касцюшкаю. У прысутнасці цэсарэвіча Аляксандра Паўлавіча адбылася доўгая бяседа, якая выявіла блізкасці ў поглядах, якія, аказваецца, былі паміж гэтымі ўнутрана зусім непадобнымі людзьмі.
Цар сапраўды шкадаваў на словах, што Рэч Паспалітую падзялілі, але на просьбу Касцюшкі пасадзейнічаць адраджэнню яго радзімы, філасафічна ўздыхнуў: "што зроблена, тое ўжо не пераробіш". Яшчэ гаспадар расійскі прапаноўваў генералу не ехаць за мяжу, а атрымаць тут, у Расіі, падданства ды самому набыць падданых. Але ж пану Тадэвушу, які паўжыцця ваяваў супраць прыгону, самому зрабіцца прагнятальнікам?.. Такая перспектыва выклікала ў яго і абурэнне, і пратэст.
Тады Павел Першы падпісаў указ: "Замест тысячы душ, падараваных ад нас генерал-паручніку Касцюшку, загадваем, па просьбе яго, адпусціць яму шэсцьдзесят тысяч рублёў". Акрамя таго на волю выходзілі 12 тысяч былых паўстанцаў 1794 года. Усе яны на чале са сваім кіраўніком павінны былі прынесці прысягу расійскаму самадзержцу, нават пані і паненкі станавіліся пры гэтым на калені.
Цяпер задаволены Касцюшка перадаў цару сваё рашэнне ўсё ж ехаць праз акіян. Напярэдадні, апрануты ў мундзір амерыканскага генерала, ён завітаў у Зімні палац, дзе прыняты быў, як сказалі б цяпер, на самым вышэйшым узроўні. Усё ж Павел Пятровіч быў непрадказальнаю асобаю!3 Гэтак бэсціць "французскую заразу" і адначасова працягваць шчодрую далонь зацятаму рэспубліканцу. Імператрыца падаравала герою такарны варштат, а ад яго прыняла табакерку ўласнай работы ды... сялянскую сярмягу, якую Касцюшка часам адзягаў у дні паўстання!4 Царскі сын пацалаваў рэвалюцыянера, а сам Павел І зычыў яму доўгага жыцця і шчасця!!!
Самадзержац сапраўды праявіў шчадроты: перадаў былому вязню карэту, футра, дарожную кухню, цёплыя боты... А яшчэ - 12 тысяч рублёў.
Лаві Касцюшку!
Памежжа 1798 і 1799 гадоў, дзесьці на былым літоўскім памежжы
А вось надалей і быў знакаміты ваяж цераз усю Еўропу і праз Атлантычны акіян. Спачатку - трыумфальнае падарожжа ў ЗША, потым - ціхае вяртанне пад чужым імем у Стары Свет, ахутанае налётам таямнічасці.
Касцюшку зноў з радасцю чакалі ў любой еўрапейскай сталіцы, толькі не на колішнім літоўскім парубежжы. Мясцовы генерал-губернатар разаслаў грозныя папярэджанні: хапаць адразу Касцюшку, калі ён толькі асмеліцца наблізіцца да граніц расійскіх!
Як бачым, за два гады ад Паўлавай гасціннасці не засталося і сляду. Чаму ж самадзержац Усея Вялікае, ды Малае, ды Белае, ды іншае Русі змяніў раптам міласць на гнеў?
А справа вось у чым: ад амерыканскага Кангрэса Касцюшка атрымаў частку грошай - узнагароду за "вайсковыя працы" генерала на карысць незалежнасці Злучаных Штатаў. Нарэшце, здавалася, Касцюшка ўздыхнуў свабодней.
4 жніўня 1798 года ён адаслаў з Парыжа Паўлу Першаму ветлівы, але рашучы ліст, у якім адмаўляўся ад расійскага падданства і вяртаў грошы, атрыманыя ў дар. Усё гэта Т.Касцюшка перадаў у расійскае пасольства ў Берліне. Аднак там сядзеў ніхто іншы як паўлаўскі любімчык Мікіта Панін. Хітрамудры Мікіта Пятровіч, дыпламат з вострым палітычным слыхам. Прабеглы чалавек Мікіта, эх, як тонка ўнюхаў небяспечную сітуацыю ды зразумеў, што адбываецца з ганцом, які прыносіць дрэнныя весткі. Таму граф далікатна адмовіўся паўдзельнічаць у вырашэнні лёсу "царскага дара".
І ўсё ж праз Вену Касцюшка дамогся свайго: з нарачным у Санкт-Пецярбург былі дастаўлены грошы - тыя самыя 12 тысяч рублёў, якія некалі Павел прэзентаваў генералу з уласных сродкаў.5
Цар быў узлаваны. Гэткі ўчынак палічыў за ўласную абразу і грошы назад не прыняў, а загадаў зноў адфутболіць іх у Вену. Менавіта тады ў літоўскім памежжы з’явілася адозва лавіць Касцюшку. І цягам трох тыдняў па царквах ды касцёлах папы розных канфесій чыталі яе, каб кожны ведаў, што з бунтаўшчыком няўдзячным рабіць трэба...
А пан Тадэвуш ужо і не марыў вярнуцца дамоў. Чакалі яго наперадзе яшчэ шматлікія вандроўкі па Еўропе. Ён шчыра верыў, што пазбавіўся цяжару, якім сталі для яго царскія грошы. Генерал і не здагадваўся, што "царскі дар" ціха-мірна асеў на рахунку лонданскага банка "Томсан, Бонар ды Ко" і паціху абрастае працэнтамі...
Пазыка і багаж
1801 год, Філадэльфія
Томасу Джэферсану заўсёды не хапала грошай. Калі ў гэтага надзвычай энергічнага амерыканца і маглі быць нейкія хваробы, дык толькі безграшоўе. І яно станавілася хранічным з набліжэннем бітваў за ўладу.
 Магіла Тадэвуша Касцюшкі на могілках у Салюры, Швейцарыя
| У 1801 годзе Томасу, як паветра, не даставала сродкаў, каб перамагчы Адамса. І тады ён прыслухаўся да парад свайго філадэльфійскага дарадцы і банкіра Барнеса. Той прапаноўваў пазычыць грошы з касцюшкаўскага тэстамента, выканаўцам якога быў прызначаны Джэферсан.
Але што рабіць? Чакаць дазвалення ад гаспадара? Зусім немагчыма! Ліставанне праз акіян зацягнецца самае меншае на паўгода. Гэтак можна будзе застацца на прыступках недабудаванага Белага Дома!
Такім чынам, Тадэвуш Касцюшка міжволі пасадзейнічаў сябру і "спансіраваў" на Джэферсанавы патрэбы 4500 долараў. Па шчырасці трэба заўважыць, што свой доўг новы амерыканскі прэзідэнт забяспечыў шыкоўным маёнткам Монцічэла, кошт якога мо ў 50 разоў пераўзыходзіў тую пазычку. А Касцюшка неўзабаве павіншаваў сябра з перамогаю.
Генерал на доўгі час прыжыўся ў Парыжы і пад Парыжам. Французскі ўрад (Дырэкторыя) паклаў на ўтрыманне свайго ганаровага грамадзяніна 18 тысяч франкаў пенсіі штогод. Але ў хуткасці Банапарт разагнаў дырэктароў па кутах, таму наўрад ці хоць аднойчы Касцюшка пакарыстаўся гэтай французскай пенсіяй.
Затое паспяхова пераадолелі Антлантычны акіян асабістыя рэчы генерала. Філадэльфійская фірма “Ван Стэпхорст і Юбэр" паклапаціліся, каб усё дайшло належным чынам. У “багажы Касцюшкі" ляжалі: варштат ад расійскай імператрыцы, срэбраны сервіз ад брыстольцаў, шабля ад клуба вігаў, больш за 7000 галандскіх гульдэнаў і 1000 амерыканскіх долараў.6
Адзінае, што ніяк нельга было перавезці праз акіян, заставалася зямля, якую атрымаў Тадэвуш Касцюшка, як удзельнік рэвалюцыйнай вайны. Усяго генералу належалі 500 акраў грунтоў паабапал ракі Сціёта ў штаце Огаё. Гэты надзел прыгледзеў для свайго былога кіраўніка палкоўнік Армстронг. У хуткасці Касцюшка прадаў амерыканскую зямлю нейкай парыжскай даме.
Акрамя таго і Т.Джэферсан прапаноўваў сябру пасяліцца па-суседству з Монцічэла. І прыдбаць для гэтага сто акраў. Аднак Касцюшка і на гэта даў адмоўны адказ.
Раней наш герой адмаўляўся ад вяртання ў Беларусь - на сваю першую Радзіму, цяпер і другая радзіма заставалася толькі ва ўспамінах. Але гэта былі грашовыя ўспаміны. Амерыканскі тэстамент шпарка прырастаў звонкімі працэнтамі.
І яшчэ - шматлікімі нашчадкамі. З парасонамі і без...
Працяг будзе.
1 А лёс працягваў сваю гульню! 4 ліпеня 1831 года, на 55-ыя ўгодкі Дэкларацыі, памёр вучань і сябра Джэферсана Джэймс Манро (прэзідэнт №5), той самы Манро, што выгукнуў на ўвесь свет: "Амерыка для амерыканцаў!" Ягонным пераемнікам у Белым Доме стаў Джон Куінсі Адамс-малодшы. Гэтак часткова мара ягонага бацькі пра заснаванне дынастыі амерыканскіх прэзідэнтаў Адамсаў спраўдзілася. (Заўвага аўтара).
2 Кажуць, А. Сувораў меў неасцярожнасць пакрытыкаваць самога імператара. Павел жадаў увесці ў расійскім войску прускія строй ды муштру, а фельдмаршал быццам быў супраціў. Толькі ведаючы, які гэта быў асцярожны царадворац, не верыцца,што пры змене цараванняў Аляксандр Васільевіч мог быць настолькі непрадбачлівым і неасцярожным на язык. Хоць і быў "святлейшы князь" вялікім насмешнікам, але навошта з цара смяяцца!!! Тым больш, што цар якраз узяўся партфелі пераразмяркоўваць... (Заўвага аўтара).
3 Цар паслядоўна крышыў усё, што нарабіла маці. Ён нават загадаў маёру Удому ды капітану Карпаву суправаджаць Касцюшку ў паездку да расійска-шведскай мяжы. Гэта былі іменнатыя афіцэры, што двума гадамі раней канваіравалі пана Тадэвуша ў Петрапаўлаўскую крэпасць! (Заўвага аўтара).
4 У замежнай прэсе 1794 года, асабліва нямецкай, неаднойчы згадвалася гэтая сялянская вопратка. Пісарчукі нават цвердзілі, што генерал увогуле яе ніколі не здымае! Царыца, мабыць, захацела мець гэты рарытэт. (Слова "фанатка" ў тагачасным лексіконе яшчэ не існавала). (Заўвага аўтара).
5 60 000, прыдбаных ад Паўла за 1000 "душ", на думку польскіх гісторыкаў, Т. Касцюшка скарыстаў на дарогу Еўропа-Амерыка-Еўропа. (Заўвага аўтара).
6 Гэтая сума часткова складалася з выплат Кангрэса ЗША і продажы некаторых рэчаў Касцюшкі ў Філадэльфіі. (Заўвага аўтара).
Анатоль Бензярук
|