Выбраныя артыкулы
з газеты "Наша Ніва"

Архіў "Гістарычная брама" №№ 1(5), 2(6) 1998 г.

В. Спорово, Гродз. губ. Слонім. пав. Тры гады мінуло, як спаравецкіе селяне, жадаючы прыкупіць колькі дзесяцін дворных пожней, каторые заходзілі паміж іх лугоў, - залажылі ў гасударственым банку колькі дзесяцін сваей самай найлепшай зямлі (пазычкі выдалі ім усяго па 50 руб. на дзесяціну) і грошы заплацілі. У першым гаду рату у банк (працэнты і частку доўгу) заплацілі акуратна, але за апошніе два гады плаціць адмовіліся кажучы, што гэта с прадвеку іхняя зямля, дык за што-ж за яе ешчэ плаціць? Што не неўгаварываліся, як не растлумачывалі ім, што трэба-ж доўг банку заплаціць,- нічога не памагло. Вось, цяпер банк забраў іхнюю найлепшую зямлю, разьбіў на хутары і прадаў па 90-100 руб. за дзесяціну! Ці не ўмешаўся сюды які тракцірны "аблакат", каторы, карыстаючы з людзской цемнаты, заліваў вочы і набіваў сваю кішэнь мужыцкімі грашамі.

"Наша Ніва" № 4/70 1910 год

* * *

Адзін з нумароў "Нашай Нівы" за 1910 год.
Адзін з нумароў "Нашай Нівы" за 1910 год.

В. Спорово, Гродз. губ. Слон. пав. Пескоўскай вол. Нашы селяне часта жаляцца на беднату ды на нехват зямлі. Зямлі мала, гэта праўда. Але ў беднаці сваей вінаваты самі селяне, бо блізка палавіна вёскі займаецца прадажай гарэлкі, працуючы такім спосабам на сваю згубу, ды ешчэ гарэлку прадаюць... ну, згадайце хто?.. - дзеўчаты! С кожным годам пашыраецца пьянство і ўсё больш і больш у нас пьяніц. Проці гэтаго што сіл змагаецца сьвяшчэнік Войтовіч, прамаўляюцы да сумленьня селян у цэркві, але што можэ зрабіць адзін чэлавек? Каб у суседняй вёсцы Здзітово зачыніць манапольку, то тады пьянство у Спорове і Здзітове зменшылося бы на палавіну. Адна гэта Здзітоўская манаполька выбірае з двух вёсак у год 22 тысячы рублёў. Сколькі-ж на гэты, тысячы лягло поту, сьлёз і здароўя?

Здзітовіч
"Наша Ніва" № 26/398-399 1910 год

* * *

М. Здзітаво, Гродз. губ. Слонімскаго пав. Паміж селян м. Здзітова, вёскі Хрысь і Спорова шмат хто хварэе на крываўку, а у Спорове і на гарачку (тыфус). Дохтарскай помачы на мейсцы німа; самы бліжэйшы дохтар і сельская бальніца знайходзіцца за 120 вёрст, а вольны дохтар жыве за 29 вёрст. Можна зразумець, што расаднікам пошэстных хвароб служыць студні з загразненай вадой, бо кожны селянін цягае ваду сваім брудным вядром.

Стары дзед
"Наша Ніва" № 34/527 1910 год

* * *

М. Здзітово, Гродз. губ. Двое маладых хлапцоў ноччу, выняўшы акно у свайго суседа, ўлезлі ў хату, каб украсьці там грошы. Разламалі куфэр, у каторым думалі знайсці грошы, але, не знайшоўшы грошэй, забралі вэксэлі і самі выскачлі на вуліцу. У той час вуліцай ішоў другі сусед і дагледзіў злодзеёў. На другі дзень перэтрасьлі іх і знайшлі ў іх будынках многа крадзеных рэчэй: вяровак, калёс, піл, палатна, рыдлёў і др. Усё гэта кралі яны колькі гадоў пад рад. Пры дазнаньні выявілося, што бацька с сынам займаліся зладзействам. Іх арыштавалі і пасадзілі у вастрог.

Стары Дзед
"Наша Ніва" № 35/541 1910 год

* * *

М. Здзітово, Гродз. губ. Слонімск. пав. Жыцелёў мястэчка Здзітова 14 чэрвеня спаткало вялікае нешчасце. Паказалася на небі страшэнная хмара, падняўся вялікі вецер і выпаў град, каторы у поўгадзіны пабіў усё поле, ўсё збожжэ. Гледзючы на гэта, слёзы цякуць з вачэй, жаль агартае. За поўгадзіны прапала людская праца і надзея. Перад градам жыта і ярына былі на дзіва, і ўсе ждалі добраго ураджаю і цешыліся з сваёй працы. Цяпер усё ні адной жмені не збярэ. Заработкоў німа і калі ня будзе са стараны падмогі, то здзітаўцам прыдзецца надта дрэнна.

Стары Дзед
"Наша Ніва" № 25-26/335 1911 год

* * *

М. Здзітово, Гродз. губ. Слонімск. пав. З даўніх часоў у нашым мястэчку хлопцы пяюць песьні, робяць карагоды на вуліцах. Нідаўна йшчэ пеялі свае родные песьні, цяперака пяюць салдацкіе і вельмі брудные, аж сорамна слухаць. Дзеўчаты толькі калі-некалі пяюць беларускіе песьні, бо і яны ужо пачалі переймаць салдацкіе. Мова нашых здзітоўцоў сярэдняя між украінскай і беларускай. Родные песьні нашы надта добрые і харошые. У гэтых песьнях чуваць уся перажытая народам цяжкая доля, благое жыцьцё; і, як запяюць дзеўчаты гэту родную сваю песьню, то яе слухаўбы ўсю ноч, бо яе злажыў народ з гаротнаго жыцьця свайго і пераліў у яе ўсю душу сваю. Пракляты хай будзе той чэлавек, каторы адрэкаецца ад свайго роднаго, ад сваёй бацькаўшчыны. Як маці адна у чэлавека, так і адна у яго бацькаўшчына. Для нас, беларусоў, наша Беларусь святая і дарагая, і мы павінны, як радзіліся, так і памерці беларусамі.

Стары Дзед
"Наша Ніва" №28-29/367 1911 год

* * *

З Слонімскаго павету Гродзенскай губ. У нашым павеці апошнімі часамі стала па валасных праўлэньнях і у вучыцелоў паяўляцца газэта "Белорусская жизнь", але ніхто яе не хацеў выпісываць с першай стацьці можна было пазнаць, што яна надта сварлівая, надобна на Моську, каторы брэхаў на Слана: "ніхай знаюць сабакі, што я магу папасьці ў вялікіе забіякі". Хаця яна называлася "Белорусская жизнь", але у ей нічога не было беларускаго, і яна не паддзержывала беларускую нацыяналнасць; чужая яна для нас, беларусаў, і ніхто з нас яе не шкадаваў, як яна закрылася, або, лепей, перэхрысьцілася у "Северо-Западную Жизнь". З усяго відаць, што яна любіла дзержаць нос па ветру. Праўда, беларусы пачынаюць прасыпацца і ня вераць таму, хто надта крычыць і трасецца. Вядома, пустая бочка па бруку страшэнна бубніць.

Стары Міхась
"Наша Ніва" № 35/445-446 1911 год

* * *

М. Здзітово, Слонімскаго павету Гродз. губ. У нашым мястэчку прылучылася нешчасьце, ад катораго пагібло шэсць душ людзей. 7 сенцябра адна баба наварыла казлякоў і імі накарміла мужыка і чацьвёра сваіх дзяцей і сама наелася. На другі дзень усім сталі балець жываты, стало іх рваць. За дохтарам не пасылалі, бо участковы дохтар жыве за 60 вёрст. Паслалі за фелчерам на пяты дзень, і той нічога не памог небаракам. 10 чысла памерлі чацьвёра дзяцей, муж і баба, 12 памерла апошняя дзяўчына. Усе яны памерлі у страшных муках. Зьехаліся два дахтары і знайшлі, што ўся семья памерла ад грыбоў. Перш думалі, што ад халеры, і баяліся захадзіць да хворых; але дахтары успакоілі людзей.

Праезжы
"Наша Ніва" № 37-38/478 1911 год

* * *

Заснавальнікі "Нашай Нівы" Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў
Заснавальнікі "Нашай Нівы" Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў.

М. Здзітово, Слонімск. пав., Гродзенск. губ., Нашы здзітоўцы з даўніх часоў лічацца горкімі п'яніцамі; на іх нешчасьце у сяле ёсць манаполька, каторая апошніе гады стала таргаваць 12 тысяч рублёў у год. Вясельля спраўляюць тут 5-6 дзён і праз гэты час выпіваюць за 30-40 руб. гарэлкі. Іншы гаспадар у даўгі ўлазіць, а бярэ гарэлку; на хрэзьбіны ідзе так сама вядро-два гарэлкі, а як здарыцца у хаці якая хвароба, то німа за што паслаць па доктара, і завуць знахароў, шэптуноў. Даўней здзітоўцы далей суседняго села нідзе не бывалі, а як даведаліся аб Амэрыцы, маладзеж і хто толькі меў сілу і здароўе пакінулі свой родны кут, жонку, дзяцей, гаспадарку, ды махнулі за морэ. Ведама, без гаспадара гаспадарка, як кажуць плачэ, а жонка, робячы адна, ад цяжкай працы траціць здароўе, сілы і ў свой чарод плачэ. Глядзіш, маладзіца, каторая была, як рыжок, за 3-4 гады саўсім далася: адно косьці і скура. Бедные дзеці марнеюць. Чэкае бедная сям'я гаспадара і недажджэцца; дзеці выглядаюць бацькі у вакно і не дачэкаюцца. Так праходзіць колькі лет. Праўда, Амэрыка дае добрые заработкі, калі хто пападзе на добрую работу, шануе сябе, не п'янствуе; тады толькі можэ ён высылаць грошы да дому. Але бывае і так, што п'яніца прапівае у Амэрыцы грошы, а жонка і дзеці чэзнуць з голаду. Грошы сваіх на дарогу у Амэрыку часьцей за ўсё не маюць і пазычаюць на 36 працэнтоў.

Ні мала і такіх ёсць, што, вярнуўшыся з Амэрыкі, ўсе асьмакі, што цяжкім трудом зарабілі, прапіваюць і ізноў уцекаюць у Амэрыку, а сям'ю пакідаюць на Божую волю; жаль агартае глядзець на гэта. Калі-ж наш беларус прыйдзе да розуму, калі ён пачне жыць, як жывуць разумные людзі?

Стары дзед Міхась
"Наша Ніва" № 8/4, 1912 год

* * *

Здзітава, Слонімск. павету, Гродз. губ. Наш беларус , дзякуючы таму, што ён цёмны, ня можэ сабе памагчы у малой бядзе, адно чэшэ патыліцу і ўздыхае, а як прыйдзе вялікая бяда, то ён на Бога жаліцца, што яго за грахі пакараў. С трох старон нашэ Здзітава акружаюць голые сыпучые пяскі, каторые разносяцца ветрам і засыпаюць сенажаці і агароды. Калісьціка на тых пясках, як кажуць старые людзі, рос лес, але здзітаўцы яго да шчэнту зрубалі, і цяпер на гэтым мейсцы пустыня - Сахара. Як падыймецца вецер, то за пяском сьвету Божаго не відаць, хоць на двор не выхадзі: вочы засыпе. Дзе колькі лет таму назад сеялі жыта, садзілі бульбу, цяпер там голы пясок і нічога не расьце; грудавые сенажаці каля тых пяскоў да шчэнту засыпаны, ано ад пяску бялеюць. Многа раз я ім раіў, каб яны прыгаворам прасілі начальства безплатна выслать ім шэлюгі (такая верба) засадзіць ёй свае пяскі, дык яны, парадзіўшыся , сказалі, што німа дзе ім авечэк выпусьціць і што як убачаць казна, што у іх расьце шэлюга, адбярэ пад лес гэтые пяскі, і яны тады бяз іх прападуць: казана ня пусціць жывёлы на іх жэ зямлю.

Ці ёсць такія цёмные людзі у другіх старонах, як у нас? Гэтай вясной засыпало пяском і сенажацей больш, як 200 дзесяцін. А ўсё гэта ад таго, што наш народ цёмны. Пара нашаму народу прабудзіцца, пара пусьціць розум па галаве. У другіх старонках народ змагаецца с прыродай і з усяго умее карыставаць, а у нас адно стогне, скрабе патыліцу і залівае горэ манаполькай. Гэтак жыць ня можна, не на тое галава на вязох, каб на ей шапку насіць, а каб думаць.

Здзітавец
"Наша Ніва" №21/4, 1912 год

* * *

З нашага жыцьця

Да беларусоў-перакінчыкоў пісьмо у Рэдакцію.

Як можна назваць таго сына, каторы адрэкаецца ад сваей маткі? Мы скажэм: "кепскім сынам". Такога сына чураюцца і ад яго адварачываюцца, бо ён, калі ад сваей маткі адрокся, то ад усяго добраго адрачэцца і да таго прыхіліцца, дзе угледзіць сабе карысць; у яго німа ўжо сумленьня і годнасьці. Такі сын для сваей выгоды гатоў прадаць так сама і чужую бацькаўшчыну.

У адным № "Крестьянина" за гэты год я прачытаў заметку аднаго беларуса з Могілёўскай губ. і дзіву даўся. У гэтай заметцы беларус, трохі навучыўшыся чытаць па расейску і гаварыць папалам з грэхам, сьмяецца над сваей роднай мовай, каторай навучыла яго матка, значыць, сьмяецца і над сваёй маткай. Пісулька яго была напісана нелагічна, відаць, што яму цяжка выкладаць свае думкі і вучыцца па ветру нос держаць. Хто чуў, каб англічанін, паляк, жыд, расеец, немец, француз, турак сьмеяўся над сваей мовай; кожны з іх умее гаварыць сваей роднай мовай; яна напамінае яму яго родны кут, ён гардзіцца сваей бацькаўшчынаю. Мова людзей збліжае, зрадняе, дае яму самапазнаньне. Наша беларуская мова даўняя; на ей пісаліся каралеўскіе граматы, царскіе указы, ў судох рэшэньня. Досыць заглянуць у старые архівы, каб гэтаму даць веры. Можна знаць усе мовы, але у чэлавека толькі адна родная маці і толькі адна родная мова.

Стыдна тым людзям і таму могілеўскаму беларусу, каторы адрэкаецца ад сваей мовы. Яны здрайцы сваей бацькоўшчыны, а здрайца ведама які чэлавек, яму цэна зломаны грош.

Не чурайцеся, беларусы, сваей роднай мовы, не рабіцеся здрайцамі сваей бацькоўшчыны, а заставайцеся яе вернымі сынамі, тады і чужынцы будуць нас шанаваць.

Верны сын Беларусі
дзед Міхась
Гродзеншчына
"Наша Ніва" № 22/4 1912 год

* * *

З Гродзенскай губерні. Цяжкое жыцьцё нашаго беларуса, а цяжкое дзеля таго, што наш народ цёмны, а ад цемнаты усякае нешчасьце здараецца. У яго і зямліца блага блага родзіць, хлеба мала, скацінка нішчэмная і не дае малака, і кабылка благая, дзеці мізэрные і мруць, сам ён скура ды косьці, апратка на ём ў латах - уся дзіравая, хатка яго сырая, халодная у тры маленькія ваконцы як толькі галаву прасунуці; вечна ён посціц, ўсяго баіцца, перад кожным шапку знімае і нізка кланяецца, а калі здарыцца ў яго цяжкае гора, то на Бога нарэкае, і чухае патыліцу і залівае сваю бяду манаполькаю. А манаполька, як пакуса, ў кожнай вёсцы у баб прадаецца. А захварэе, барані Божэ, ў хаці, хто-колечы, то клічуць знахара, шэптуна, бо дохтара ці хвейчара і з лучынаю, як кажуць, не знайдзеш; на дзьве воласці адзін хвейчэр, а ў казённай аптэцы, што стаіць у воласці, усяго знайдзецца на 20 тысяч населеня фунт рыціны, унція хіны, трохі соды і ешчэ чагось. Ня дзіва, што наш цёмны беларус звертаецца да знахароў. Гэтак колькі дзён таму назад ў адной бабы в. Гошэва Кобрынскаго павету захварэло дзіця. Баба, ня доўга думаючы, паехала да знахара ў вёску Жабэр. Знахар быў добры чмут і зумеў бабу адурыць і кажэ: "Зямля, мая ты галубка, трэбуе дані і нічога не парадзіш, трэба ей даці, бо ўжо даўно яна брала тое, што ей прыналежыць". Баба спалохалася і стала прасіць знахара памагчы гору, а знахар сваё кажэ. У беднай бабы душа, як кажуць, ў пяткі улезла, халодны пот закапаў па твары, ў вачу сталі слёзы. "Ратуй, лядзюхна!" - застагнала баба, і тыц яму ў руку тры рублі і пляшку гарэлкі. Знахар памарматаў, пашэптаў і кажэ: "Зрабі набога дамавіну дзіцяці". Ад гэтых слоў баба загаласіла. "Цыт, кажэ знахар. У гэту дамавіну палажы асовага кала і закапай на магіліцах. Прыйшоўшы да хаты, скліч людзей, суседоў і выдай баль, як на вясельлю, нічога не шкадуй і ніхай людзі пьюць і ядуць". Баба гэтак і зрабіла, аддала на гарэлку апошніе грошы, напекла мяса і зрабіла баль. Сабраліся суседзі, папілі і піелі ў ахвоту. Ведама, хто адкажэцца ад дармоваго пачастунку. На другі дзень пастушкі угледзілі сьвежу магілу і адзін з іх прасунуў кіём яе. Кій на дзьве пядзі прасунуўся ў сьвежу зямлю і стукнуў ў века дамавіны. Цікавые пастушкі, нічога не кажучы, рукамі адграблі пясок, дасталі дамовіну, адкрылі яе і за месцэ трупа дасталі з труны асовага калочка.

Вось ў нашых вёсках якая цемната.

Калі ты наша Беларусь ўваскрэсьнеш, калі цябе асвеціць яснае сонейко навукі, калі ты разарвеш тые ланцугі, каторые многа лет дзержаць цябе ў цемнаце. Я хаця стары чэлавек, але не трачу надзеі, што на нашай сьвятой Беларусі загарыць ясным полымем навука, што сьвет ва ўсе цёмные куты загляне і прабудзіць беларусоў ад доўгаго сна. Нам толькі трэба больш школ і навуку на нашай беларускай мове, бо расейская мова, хаця і культурная, але для нас малазразумелая і дзеля гэтаго сельскіе грамацеі не ахвотна чытаюць расейскіе кнігі. Кожная нація любіць сваю мову, свае обычаі і сваю бацькоўшчыну.

Верны сын Беларусі
Стары дзед Міхась
"Наша Ніва" № 27/3-4 1912 год

* * *

З Гродзеншчыны

Многа раз прыходзілося мне бяседаваць з вясковымі людзьмі, селянамі і з адным выборшчыкам, каторы быў выбраны с павету у губэрнскіе выбаршчыкі, чаго яны хацелі-бы ад Думы, штобы паправіць сваё жыцьцё. Мае субясёднікі, паскрэбаўшыся у патыліцы (відаць ім трудна было атказаць мне) не зразу мне вось што сказалі: "Трэба для мужыка пазволіць пасьвіць скаціну на казённых лясох безплатна, без білета збіраць ягады і казлякі (грыбы) і каб зняць з гарэлкі акцыз, а то надта дорага."

- А што-ж трэба для тых людзей, што далёка жывуць ад лесу, не зьбіраюць грыбоў ні ягад і не пасуць у лясох скаціны? - спытаўся я у іх.

- Таго ня ведаемо. - Адказалі яны мне.

Мне паказалося, што са мной гавораць ня ўзрослые людзі, а малые дзеці. Зашчымело маё сэрцо цяжкаю больлю. Ня дзіва, што нашы беларусы і другіе думскіе дэпутаты грошы бралі і нічога не зрабілі. Ня дзіва, што яны будучы у Таўрычэскім палацы перэхадзілі на тую старану, дзе ім карысьней было і куды іх рознымі абецанкамі манілі.

Міхась
"Наша Ніва" № 39/4 1912 год

* * *

З Гродзенскай губерніі

Колькідзесят лет назад, наш беларус, як толькі знялі з яго паншчыну - гваздом засеў у сваім сяле, шчыра прыняўся за сваю гаспадарку і на старану нікуды не адхадзіў, не шукаў сабе заработку. У яго усё было пад рукою: лаза на лапці, дровы дармовые (тады лесу было многа), дзе хацеў, там пасьвіў сваю скаціну, рыбы, усякаго зьвера было пропасць, грыбоў, ягад зьбіраў у лясох колькі хацеў, хлеба у яго было даволі і лішку прадаваў, а зямлі столькі, што і заяц, як кажуць, не абяжыць. Сталі гады ісьці, людзі множыцца, зямлю дзяліць між сынамі. Дзе перш сядзеў на зямлі адзін гаспадар, цяпер там дзесяць, а зямлі не прыбыло. Пяцьдзесят лет прашло сьпячаго жыцьця нашаго беларуса і ён за гэты час нічога яму добраму і карыснаму не навучыўся. Як бацька яго вёў гаспадарку, так і ён цяпер няўмела вядзе і нарэкае на Бога, што ён не дае яму шчасьця. Ад навукі ён уцякаў, як чорт ад крыжа. Бывала прымусам сваіх дзяцей пасылаў у школку; з зямлі выцягіваў апошніе сокі і зноў нарэкаў на Бога, што ён не дае яму ураджаю. Затое наш беларус любіць сьвяты сьвяткаваць; у яго ёсціка сьвят ня столькі цэркоўных, колькі сваіх паганскіх і шмат розных благіх абычаёў і забабоноў, прыдуманных адно на тое, каб выпіць. Радзіны, хрысьціны, пахароны, вясельле спраўляе на колькі дзён; ніводная кабета не абходзіцца без гарэлкі. Купляе што ён, ці прадае, то і тады просіць барыша. А як напьецца, то пачынае сьпеваць, крычаць, лаяцца, біцца, адным словам робіцца шалёным. Траціць грошы, пашану у людзей, здароўе і дарагі рабочы час, каторы, як кажуць англійцы, даражэйшы за грошы. Жыцьцё-ж ідзе сваім чарадом, становіцца мудрэйшым, а нашаму беларусу робіцца усё цяжэй жыць. Пасцьбы і лесу дармо німа, хлеба ніхват, зямля блага родзіць, зарабаткоў німа, сам не прыгатаваўся каб бароцца з жыцьцём, нічому карыснаму не навучыўся. Нешчасьце, беда сталі яго адаўсюль ціснуць. Наслухаўся ён, што у далёкай Амэрыцы зарабляюць людзі грошы і жыцьцё вольнае. Хоць ён прывык да свайго села, але беда яго с села гэтаго гоніць у чужую старану. Ведама, наш беларус грошы, ані якога спосабу не мае, каб паехаць за морэ, хаўрусных банчкоў у нас ешчэ не вткрылі. Як тут рабіць. На яго шчасьце зьявіліся агенты і банкіры, каторые выдаюць яму, за паруку, грошы на трыццаць шосты працэнт. Дзякуючы геткім прыяцелём многа здаровых і маладых беларусоў паехало у Амэрыку. Праўда сказаць, хто шанаваўся у сваім сяле, ня піў, бярог грошы, не гультаіў, той і там зарабляе грошы і высылае жонцы, дзецям, а хто прывык цягнуць гарэлку, то і ў Амэрыцы у таго грошы не трымаюцца; дзеці, жонка і гаспадарка марнеюць, бо за даўгі агентчык прадае апошнюю кароўку. Як наш беларус зьбіраецца у Амэрыку, то ён заклікае да сябе суседзёў на частунак і гэтые пачастункі часамі цягнуцца тры-чатыры дні, і на іх траціцца 10-15 рублёў. Вярнуўшыся з Амэрыкі, калі што прынясе, стараецца паказываць сябе, што ён грашавіты і давай піць і паіць другіх. Паглядзіш, за тры-чатыры месяцы ад паўтысячы не асталося ні шэлега і ізноў пакідае сямью і выежджае у Амэрыку; жонка і дзеці астаюцца галадаць. Вось як наш беларус жыве у сваей нешчаснай долі. Чытач гатоў мяне спытацца, што-ж трэба рабіць каб наш беларус перэмяніў сваё жыцьцё і каб жыў разумна. На гэта ёсць адзін атказ. Трэба даць яму навуку, каб ён ясна пачуваў хто ён такі, каб умеў шанаваць сябе і другіх, каб знаў цэну грашам і часу і умеў с карысьцю пусьціць іх у дзело, а для гэтаго канечна трэба усе сельскіе аднакласные школы перэмяніць у двукласные, у каторых-бы апрача развіцьця, вучылі б сельскай гаспадаркі: палеводзтва, агародніцтва, ветэрынарыі і вучылі-бы разам рэмесла. Каб вучыцелі вучылі дзяцей, развівалі іх розум, а каб яны развівалі і душу, самопазнаньне, добрые жаданьня, любоў да працы і да людзей. Трэба каб дзеўчат вучылі граматы і хатняй жаноцкай гаспадаркі, бо шчасьце у сямьі больш бывае ад разумнай і добрай маткі, як ад бацькі. Маці укладае у душу дзіцяці, а не бацька, яна дае фундамэнт духоўнаго жыцьця дзяцей і спакойнасць бацькаві. Дурная маці да дурнога навучыць дзяцей і навекі іх пагубіць.

Дзед Міхась
"Наша Ніва" № 41/4 1912 год

* * *

З нашага жыцьця

Кажэ наша беларуская прыказка: "Дзяды зажылі ня мала бяды, а ўнукі дачэкалі мукі". Дзяды нашы жылі ў сваіх курных хатах, займаліся гаспадаркай, а аб Амэрыцы не ведалі і ня чулі. Хлеба было шмат, і неяк ім жалося спакойна. С кожным годам стала жыць трудней: хлеба не хапае, людзей пабольшало, грошэй німа дзе зарабіць, - адным словам, даражыня стала вёску ціснуць. Наслухаўся наш беларус аб Амэрыцы, аб вялікіх заробках, ды давай туды ехаць. Цяпер усе маладые і здаровые людзі едуць у Амэрыку, пакідаюць сваіх жонак, дзяцей, гаспадарку.

І так ужо завялося, што калі хто і вернецца з Амэрыкі, то доўга не жыве тут: уцякае назад. Бо, праўду кажучы, хаця ў Амэрыцы страшэнная даражыня і дужа цяжкая праца, але жывецца вольна, кожын сабе пан і роўны другім.

Нам не раз даводзілася вясьці гутарку з "амэрыканцамі" (у нас гэтак называюць тых, што пабываюць у Амэрыцы) і чуць ад іх, што бацькоўшчына для іх - мачыха; як толькі ступяць на родную зямельку, то зразу нешта сціснула жалезным абручом і не дае дыхаць; вось і азіраюцца, каб не прылучылася якая беда... Кожын нечаго баіцца. І з гэтай прычыны, хутка ізноў пакідаюць свой родны край, каторы, апрача гора, нічога ім не дае.

Запраўды, у нас так цяжка жывецца, што страх падумаць, што будзе далей. А ўсё гэта ад таго, што у нас німа навукі; ведама, навука - вялікая сіла, і яна дабывае спосаб да жыцьця, памагае зрабіць добры парадак між людзьмі, прыдумывае добрые законы і т.д. А дзе навукі німа, або мала яе, там бедната, сумнае жыцьцё і людзі жывуць, як зьверы.

Дзед Міхась
"Наша Ніва" № 42/2 1912 год

* * *

З нашага жыцьця

Гродна

З кожным рокам надта нашых беларусоў многа выежджае ў Амэрыку. Туды іх маняць добрые заробкі і вольнае жыцьцё і , праўду сказаць, хто шануецца, той шмат грошы зарабляе. Едуць туды хлопцы і жанатые, самые здаровые людзі, дзякуючы чаму плата рабочаму, парабкові ці наймітцы страшэнна у нас паднялася. Лет таму 15-20 назад наймітка брала ў рок 20-25 руб., парабак 30-35, цяпер наймітцы трэба даць 50-60 руб., парабкаві 80-90 і свае харчы. Найці слугу надта трудна.

За мужыкамі едуць жонкі, дзеўчаты і толькі астаюцца старые, хворые ды у каго зямлі многа. На ўсё жыцьцё ні застаюцца яны у чужой старане, а варочаюцца да сваёй хаты і хто грошы зарабіў, той аддае на палепшэне гаспадаркі, але такіх мала. Дзевяць дзесятых прапіваюць свае грошы і зноў уцякаюць ў Амэрыку. У Амэрыцы яны вольные, ні кога не саромяцца і як хочуць, так і жывуць: адвыкаюць ад гаспадаркі, ад жонак, дзяцей. Грошэй ня даражаць і не знаюць на што іх упатрэбіць. А ўсё гэта ад таго, што яны цёмные, ня ведаюць, якій даць абарот грошам, як з ніх атрымаць карысць. Бывала селянін рубля мае ў кішэні на сваю патрэбу, а цяпер, бывае, прывязе з Амэрыкі тысячу. Куды іх дзець? Ну, давай іх прапіваць. Глядзіш, за поўроку ні аднаго гроша німа. За тые часы, як ён быў ў Амэрыцы, гаспадарка абсунулася і збяднела. Гаспадар-амэрыканец зрабіўся хуліганам, гультаём, лежабокам, пьяніцаю. Недарма гавораць, што з амэрыканца німа гаспадара, семяніна. Цяпер мяне спытаюцца, што трэба зрабіць, каб наш беларус быў чалавекам, каб ён умеў шанаваць сябе, сваё дабро і каб з ўсяго умеў разумна карыставаць. На гэта я скажу вось што: навука. У навуцы ўся сіла. Яна дае багацтва, самопазнаньне. Наш край ні так бедзен, каб мы за морамі, у чужой старане, шукалі шчасьце. Калісьціка тамтэйшые амэрыканцы былі бедные, пакуль не прыехалі да іх вучоные эўрапейцы і не аткрылі багацтва. У нас ёсьці-ка не мала багацтва, але німа навукі, грамадзянскай сьвядомасьці, ініцыятывы, без чаго ўсё сьпіць. Загляніце ў хату, на падвор, хлеў, клуню беларуса, зайдзіце на яго поле, ўсюды вас спаткае некультурнасць, бедната. Хата цёмная, сьмярдзючая, чорная, цесная, гразная, на дварэ гной, балота, нечыстата, скаціна мізерная, дробная і маламалочная, у полі жыта благое, дзеці яго аборваны, блядые, каўтунястые з баязлівым поглядам. Яда яго - чорный хлеб і бульба. Вечны у яго пост і свят многа.

Заканчваючы сваю скромную стацьцю, мы не трацім надзеі, што і у нашае акенцэ зыйдзе сонцэ, як гаворыць пагаворка, што і наш беларус прасвятлее, скіне з сябе аковы цемнаты і скажэ: я челавек - беларус.

Дзед Міхась
"Наша Ніва" № 16-17/4 1913 год

* * *

З нашага жыцьця

Эміграція у Амэрыку

Цяжкая доля і цемната гоніць нашага беларуса ў чужую старонку, гдзе ён стараецца зарабіць грашака на сваю патрэбу, бо ў нашай сторонцы праўду сказаўшы, каб хацеў, нігдзе не заробіш асьмака. Бывала, ў старые гады, лет таму 30-40, калі ў нас усё было танна, ніхто ня рупіўся на чужую старану; жылося ў нас, ні саўсім блага. Цяпер так стала трудна зарабіць грашака, што рад, яы ня рад, кідай гаспадарку, сямью і ўцекай ў Амэрыку. А ў Амэрыцы, як гавораць, чэлавек вольны; ён там роўны са ўсімі, ніхто у яго не пытае пашпарту і з ім абходзяцца, як с чэлавекам роўным сабе. Ось цяперыка нашы беларусы хвалею хлынулі ў Амэрыку. Адзін свяшчэнік мне гаварыў, што з аднаго прыходу, ў которым было парахвіян 8 тысяч, цяпер асталося 6 тысяч трыста душ. Уся маладзеж, нават і дзеўчаты выежджаюць ў заморскую старану - Амэрыку. Цяперыка я раскажу, як яны туды едуць. У кожным мястэчку ёсьціка патэнтаванные і тайные агенты, што атпраўляюць людзей ў Амэрыку. Ось да іх то, хто хочэ ехаць, звертаецца. Патэнтаваны агенты за 200 руб. саглашаецца па загранічнаму пашпарту даставіць чэлавека у Амэрыку, ён ужо і пашпарт выстараецца, а калі німа грошы, то і пажычыць на вэксэль за 36 прац. Прыехаўшы у Амэрыку, канешне трэба мець на першы пачатак 50 руб. і каго небудзь знаёмаго, чы сваяка, штобы заручыўся і прыняў да сябе. Але гэта ешчэ ня ўсё. На прыстані дахтары шчыльна рэвідуюць эмігранта, каб ён быў здаровы і моцны да работы, а то с карабля яго не выпусцяць. Перэпрашаю дарагога чытыча, што я ня ўспомніў ешчэ аднаго важняго варунку. Калі чэлавек задумаў ехаць у Амэрыку, ён яшчэ павінен пайсці да дохтара, чы да хвэйчара, каб яго аглядзеў, чы німа якой цяжкой хваробы - сухот, трахомы. К стыду сказаць у гэтых дахтароў і хвэйчароў кожны чэлавек, што хочэ ехаці у Амэрыку, у іх хворы, хоць ён здоровы, як дуб. У аднаго знаходзяць сухоты, у другога трахому і лечаць іх, за што бяруць ні мала грошы руб. 10-15 за колькі дзён лекоў. Падумайце, чытачу, чы можна за 3-4 дні вылечыць ад сухот, чы ад трахомы? Гэта ешчэ ні ўся беда. Перад морам, як маюць садзіцца на карабель, на прыстані эмігрантоў аглядаюць загранічные дахтары і калі знайдуць у чэлавека якую колечы хваробу, то яго не пускаюць ў Амэрыку і небарака, страціўшы німала пазычэных грошэй, з пустою кішэнёю этапам варочаецца да хаты. Бывае йшчэ, і так, што патэнтаваны агент, даведаўшыся, што эмігранты за валаснымі пашпартамі паехалі ў Амэрыку, дае знаць аб гэтым паліціі і да граніцы ня пусьцяць, вернуць да хаты іх. Ні мала і так здараецца, што тайны агент ўзяўшы грошы за перавоз эмігранта ў Амэрыку, прывёзшы яго за граніцу, сам ад яго уцекае і бедны чэлавек, ні знаючы чужой мовы, праблукаўшы колькі тыднёў на прыстані, прыеджае да дому. Чэшэ сабе патыліцу, што доўга ня можэ атдаць пазычэные грошы на дарогу. Расказваюць, што хто едзе па валасному пашпарту, ні мала нацерпіцца бяды у дарозі. Рускую граніцу ён пераходзіць ноччу балотам, паўзком, перэплывае рэку і прастуджываецца. Страшэньне падумаць, колькі наш беларус перэжыве бяды, пакуль да Амэрыкі даедзе. Ехаць яму з загранічным пашпартам німа вылічэня, бо з яго за кожны рок прасрочэнаго пашпарту, як ён вернецца да хаты, бярэ кожна па 30 руб., бо бачыце выдаецца пашпарты ўсяго на паўгады. "Як ня кінь, - ўсюды клін", - гаворыць пагаворка. Жыць ў дома цяжка і паехаць заграніцу, каб зарабіць грошы, ня можна. Прыходзіцца паміраць доўгаю смерцьцю. Грошы з Амэрыкі да нас шлюць многа і памешчаюць іх у зберэгацельные кассы. Значыць, для нашаго царства эміграція ў Амэрыку карысна. Нам здаецца, што тых эмігрантоў, каторые высылаюць шмат грошы да дому, варта было-бы надгараджываць чым колечы і пазволіць туды ехаць без пашпарту, як ў другіх царствах. Гэтым спосабам, павялічыўся-б прыток грошы у Расею, народ прывучыўся-б к эконамічнаму жыцьцю і ашчаднасьці.

Я думаю, што наўсём сьвеці німа такога народу цярпліваго, як наш беларус, яго круцілі і круцяць на ўсе бакі, але ён застаўся цярплівым беларусам, не гледзя на цяжкія варункі захаваў сваю мову і свае абычаі дагэтуль у цэласьці і любіць сваю бацькаўшчыну.

Стары дзед Міхась
"Наша Ніва" № 21/1-2 1913 год

* * *

З нашага жыцьця

Хатнія парадкі.

Жыцьцё нашэ так ідзе, што яно не дастаўляе нам шчасьця і радасці. Іншы нарэкае на Бога, другі на сваю долю, а трэці сам не знае на што. Адзін вучоны чэлавек казаў, што кожны каваль свайму шчасьцю. Я думаю, што гэта праўда. Нам німа што нарэкаці на Бога а трэба пашукаці прычыну нашай нядолі у чом другом. Перш наперш нашэ нешчасце крыецца у нашай цемнаце і нашай бяспечнасьці; усе жджом ад Бога паправунку нашаго жыцьця. "Калі Бог не дасць шчасьця, то чэлавек нічога не парадзіць", гаворыць наш беларус. Загляніця толькі ў яго хату, ў яго душу, прыглянцеся да яго сямейнаго жыцьця і вы, дарагі чытачу, скажэця, што так жывуць дзікуны. Гаспадыня - цэнтр сямейнаго жыцьця, кіраўнік парадку, строю, ладу, спакойнасьці, любові, пашаны. А ці яна такая? Яна неахайна, ўсё цела яе, асабліва рукі, гразные. У хаці непарадак: лавы, стол, услон, тоўстым слоем гразі пакрыты; хата тры дні часта густа ня мецена, нямытые гаршчкі, міскі, ложкі на лаві цэлы дзень стаяць; адзежа - гандаракі, спадніцы, радюжкі не прыбраны на лавах валяюцца. Дзеці чорные, замурзаные, абарваные. Сама яна цэлы дзень сварыцца з мужыком, дзяцьмі, праклінае іх; мужык не раз яе бье, ды яна не перэстае лаяцца, бо так рабіла яе матка. Ад такой маткі выходзяць сварлівые дзеці і як вырастуць, то робяцца зьвермі, не уважаюць ні бацьку, ні мацеры, ні суседоў, ані старшых бо яны без ўсякаго стыда і павагі. Глядзіш, вышлі сельскіе хуліганы. Што на гэта маці гэтых дзяцей скажэ? Адна ў яе атказка: "Пан Бог пакараў за якіесь грахі". Я не магу здзівавацца, што малые дзеці 7-8 лет заражэны злом зладзейства, ашуканства, лганё, ня ўбойства ўжо увайшло у іх душу і трудна іх перэрабіць г. зн. перэўспітаць. Заложэнные у іх сэрцы благіе прывычкі, наклоннасьці разрастаюцца і выходзіць чэлавек благі. Жыцьцё быстра цячэ і робіцца ўсё трудней і трудней, і каб палепшыць яго, канешне трэба над усім задумывацца, учыцца. Цяпер я скажу пра селякоў, як яны жывуць, каратаюць свой век. Загляніця на яго надворак ў яго клуню і вы, мой дарагі чытачу, не ўбачыця таго, што называецца культурным палепшэнем. Гдзе ня кінь вокам, ўсюду бедната. Сам гаспадар у абарванай сермязі, замурзаны, і яда яго - картоплі с постам і чорны хлеб. На мяса, ён кажэ, ў яго німа грошы, на манапольку-ж ён не шкадуе астатняго рубля. У вольны час, калі ў яго німа работы сядзіць у жыда ў карчме і пляце, сам не знае што, або ў карты грае. Так праводзіць наш селянін сваё жыцьцё. Ён жджэ, штобы Пан Бог яму ўсё даваў. Святкаваць ён любіць, для чаго напрыдумлаў многа сьвят.

Што ж трэба зрабіць, каб наш беларус жыў разумна? На гэта ёсьціка адзін адказ. Яму трэба асьветы, навукі, каб ён знаў, хто ён такі.

Стары дзед Міхась
"Наша Ніва" № 6/2 1914 год

* * *

З Гродзеншчыны

Перад выбарамі у першую Думу кожны цікавіўся, нават і вясковые бабы аб ей гаварылі і ждалі ад яе палепшэньня жыцьця; другой гэтак сама цікавіліся, у трэцюю Думу ужо страцілі веру, а аб чацьвёртай Думе ніхто ужо не цікавіцца і не гаворыць. Усё замёрла і застыгла. Наш гарапашнік мужык ано патыліцу скрабе і ўздыхае. Яму ведама доля першых двох Дум і карысць Трэцяй Думы. Хаця ён не чытае газэт, але ён чуцьцём чуе, дзе карэнь яго нешчасьця. Ён зразумеў, што цемната усяму віной; але як яму ад цемнаты збавіцца, калі школ у нас мала. Аткрыць у вёсцы школу надта цяжка. Перш наперш трэба напісаць грамадзкі прыгавор і каб у ём было напісана, што мужыкі даюць для школы дзесяціну зямлі, стоража, апал, асьвятлене, будуць папраўляць школьны будынак і каб той прыгавор пасьведчыў земскі начальнік і заверыў, што мужыкі не маюць заработкоў, малазямельные, тагды вучэбнае начальства, пасьля вялікай валакіты і перапіскі і калі грамадой сасчасьціцца вывезьці з лесу дрэва, аткрывае школу, а тымчасам грамада на свае грошы наймае хату. Ведама якіе у вёсках хаты: тры чатыры малых вокны, без падлогі, а у кутку стаіць вялізарная печ, каторая занімае поўхаты. Гэта завецца дачасная школа, у каторую сабіраецца 50-60 дзяцей і у ей дзеці ня вучацца, а мучацца, хварэюць ад недастачы воздуха, хварэюць на вочы, а вучыцелі ў пяць-шэсць лет дастаюць сухоты, або на ўсё жыцьцё трацяць здароўе. Вось якая над людзьмі апека. Ня дзіва, што просты чалавек ня верыць цяпер ні вашто і ва ўсім відзіць ашуканства і недбальства аб яго карысьці. Нет ведама як чацьвёртая Дума будзе рупіцца аб жыцьці бедных людзей.

Дзед Міхась
"Наша Ніва" № ??

* * *

З Гродзеншчыны

Палажэньня нашага хлебароба многа залежыць ад прыродных варункоў. Напрыклад леташняе лета у нас было мокрае, часта ў часе сенакоса і жніў падаў дождж, каторы нарабіў многа урону для гаспадароў. У саму касьбу ў чэрвені і ліпню бязмерна падалі дажджы. І з гэтай прычыны ня можна было загатаваць сена, а хто і загатаваў колька вазоў сена, то гнілога. Сенажаці на Палессі і у Кобрінскім, Пружанскім, Брэстскім, Слонімскім паветах, дзе найбольш трымаюць для гною скаціны, ня скошэна, а калі дзе недзе стаяць стажкі, гнілога сена. Гэтым сенам корміцца скаціна. Ад Каляд яна стала ападаць на ногі і падыхаць. Цягнуць бедные людзі сваю скаціну у поле варонам і сабакам. Што далей будзе? Ешчэ далёка да вясны, і без абмылкі можна сказаць, што скаціна ўся выдохне. "Калі німа скаціны, як гаворыць наш хлебароб, то німа і хлеба". Як чэлавеку німа хлеба, то ён сім тым пракорміцца і можэ пайсці на работу, но калі німа скаціне сена, то німа горшай бяды. Кінуліся селяне купляць у жыдоў атрубы і карміць скаціну, але і гэтаго корму трудна дастаць. Згаварываюцца селяне купляць вагонамі отрубы, ды ня ведаюць, дзе іх прадаюць. Добра было-б, каб хто праз газэту "Наша Ніва" напісаў адрэс, дзе можна купіць вотрубоў.

Дзед Міхась
"Наша Ніва" № ??

Напісанне і стыль арыгіналаў захаваныя.


Ад перапісчыка

Хто хаваўся пад пcеўданімам Стары дзед Міхась (дзед Міхась, Верны сын Беларусі)? Прамы адказ на гэтае пытанне даць цяжка, але, па некалькіх ускосных прыкметах, можна паспрабаваць вылічыць згаданую асобу (вядома, разумеючы, што прысутнічае і верагоднасць памылкі). Але, найперш, выкажу свае ўскосныя прыкметы гэтага чалавека:

- першыя артыкулы аўтара са Здзітава былі надрукаваны прыкладна ў сярэдзіне 1910 года;

- гэты чалавек, на маю думку, не з'яўляўся карэнным мясцовым жыхаром;

- гэты чалавек меў адукацыю і лічыў навуку (і адукацыю) асновай развіцця нацыі і людзей (магчыма, ён настаўнік?).

Усё вышэйпералічанае дазваляе сцвярджаць, што за пcеўданімам Стары дзед Міхась хаваўся мясцовы настаўнік Рамановіч. Вось некаторыя звесткі, якія мне ўдалося сабраць пра гэтага даволі цікавага чалавека.

Рамановіч Міхаіл Андрэевіч, (нарадзіўся прыкладна ў 1850 годзе) на службе з 1 верасня 1872 года, з 1 верасня 1887 г. - настаўнік Бездзежскага народнага вучылішча (Кобрынскі павет), з 1 лістапада 1891 - настаўнік Жытлінскага нар. вучылішча (Слонімскі павет), з 1 верасня 1899 г. - настаўнік Парэчскага нар. вучылішча (Слонімскі павет) і з 1912 года (дакладная дата пачатку працы ў Здзітаве невядомая, гэта прыкладна 1910 год) з'яўляецца настаўнікам Здзітаўскага нар. вучылішча (Слонімскі павет). Рэдактар двухтомнага выдання "Материалы по этнографии Гродненской губернии" (вып.1, Вильна - 1911; вып.2, Вильна - 1912). Вядомы даследчык беларускай этнаграфіі Раманаў Еўдакім Раманавіч выказвае "асаблівую падзяку настаўніку Парэчскага і затым Здзітаўскага народнага вучылішча Слонімскага павету М. Рамановічу". З сярэдзіны 1914 года пісьмы ад Старога Міхася перасталі з'ўляцца на старонках "Нашай Нівы". Пачалася Першая сусветная вайна і тэрыторыя Слонімскага павета была акупіравана нямецкімі войскамі. Як далей склаўся лёс нашага дзеда Міхася, я, на жаль, не ведаю.

Сяргей Кнырэвіч